Фота: lialka.by
Гісторыя шчасця на дзве дзеі заклікала гасцей у блізкую, але мала знаёмую віцяблянам Эстонію. Сюжэт казкі пісьменніцы Айно Первік — лёгкая, але глыбокая гісторыя на тэму штодзённага пошуку сябе і свайго месца ў свеце. Акцёры ў стылёвых нацыянальных строях прайшлі на сцэну праз глядзельную залу з лірычнай песняй Яўгена Плавінскага на эстонскай мове. Тут іх чакаў амаль сапраўдны маленькі востраў, надзейна схаваны ад сучаснага свету ў халодных хвалях Балтыйскага мора.
Карабельныя сосны падшытыя ветрам хістаюцца на беразе. А за фарбаванымі каменнымі схавалася ўтульная маленькая хаціна Чарамары з зёлкамі і магічнымі прыладамі. Сцэнаграфію, лялькі і касцюмы для спектакля распрацаваў мастак тэатра Дзмітрый Гаралевіч. Для пастаноўкі ён абраў ляльку-марыянетку. І гэта цалкам адпавядае агульнай лёгка-паветранай тэме.
Чарамара, Капітан Трум і Марак па ходзе дзеяння лунаюць над сцэнай. Вакол іх лятаюць птушкі. І ўвогуле ў пастаноўцы шмат што лятае. Як і вялікія вочы на выразных тварах галоўных герояў. Маленькая, хударлявая Чарамара з прычоскай вожыкам і вялізнымі блакітнымі вачамі ў руках Дар’і Зімніцкай захапляе залу сваёй глыбінёй і шчырасцю. Пры гэтым створаны вобраз дастаткова камічны і вясёлы.
Міхась Клімчук распавёў, што казка “Чарамара” Айно Первік патрапіла яму на вочы даўно. Сюжэт захапіў рэжысёра сваёй лёгкасцю і жыццёвай мудрасцю: “Жыць у гармоніі са сваёй душой і рабіць тое, пра што марыш, — няпроста. Але ж толькі такі выбар дае чалавеку магчымасць стаць шчаслівым. Гэтая тэма і мая асабістая. Я задаволены, што ў мяне атрымалася паставіць гэтую казку. На мой погляд, гэта гісторыя і для дзяцей, і для дарослых”.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №14 за 2 красавіка.