ПРАЕКТ ЗА ПРАЕКТАМ
Не буду сцвярджаць вядомую ісціну пра тое, што цікавая і адметная дзейнасць, а таксама новыя формы работы — прыярытэт для шматлікіх музейных устаноў краіны. Прывяду толькі факты. Напрыклад, супрацоўнікі Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея шукаюць і знаходзяць падобныя новыя формы работы здаўна. Так, у Мсціслаўлі, што на Магілёўшчыне, як вядома, ёсць Замкавая гара, на якой працуе закансерваваны раскоп старадаўняга гарадзішча, дзе можна пабачыць рэшткі кузні, дома і старажытную драўляную маставую, па якой хадзілі нашы продкі яшчэ ў XII стагоддзі.
А яшчэ летась ва ўстанове культуры прайшла традыцыйная акцыя “Ноч музеяў”. У праграме мерапрыемства, якое называлася “Лаўка знахара”, кожны ахвотны мог паўдзельнічаць у розных віктарынах, пакаштаваць натуральныя чаі з рамонка, ліпы, святаянніка, эхінацэі ды іншых зёлак, а таксама даведацца больш падрабязна пра гісторыю ўзнікнення аптэк на Мсціслаўшчыне.
—Таксама мы супрацоўнічаем з мясцовым Цэнтрам сацыяльнай абароны насельніцтва, ладзім сумесна з ім віртуальныя экскурсіі па горадзе і па Беларусі, — кажа старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Малько. — А яшчэ нядаўна падпісалі дамову аб супрацоўніцтве з гісторыка-літаратурным часопісам “Странник” з расійскага Смаленска, праводзім з імі сумесныя акцыі асветніцкага кірунку.
Натуральна, працуюць тут цягам года і шматлікія камерцыйныя выставы, якія прыцягваюць увагу шматлікіх наведвальнікаў. А яшчэ музейшчыкі актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх акцыях, напрыклад у конкурсе “Пазнай Беларусь”.
Гэтак жа няспынна працуюць і ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі імя П. І. Баграціёна, што на Гродзеншчыне. Як кажа галоўны захавальнік фондаў установы Вольга Суета, летась яны ладзілі і традыцыйныя выставы, і камерцыйныя акцыі, і выставы аднаго дня, і чыталі лекцыі для школьнікаў. Таксама, згодна з планам, адбывалася праца па алічбоўцы і пашпартызацыі музейных прадметаў. А з мясцовым Цэнтрам культуры і народнай творчасці быў зладжаны цікавы этна-праект “Беларуская хата гасцямі багата”, на які завітала шмат гасцей. Тут можна было пабачыць саматканыя паясы Ваўкавышчыны, паўдзельнічаць у беларускіх народных гульнях і майстар-класах па побытавых танцах, паўзірацца ў аўтэнтычныя старадаўнія прылады хатняга побыту ды пабачыць шмат цікавага.
— З гэтай прычыны мы значна перавыканалі план платных паслуг, — кажа Вольга Суета. — Напрыклад, летась мы павінны былі зарабіць паводле плана каля 9 тысяч рублёў, а па факце ў нас атрымалася пакласці ў скарбонку плана платных паслуг 22 тысячы рублёў. Як кажуць, розніца адчувальная. Але ж, натуральна, спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся.
Так, ужо сёлета, як кажа Вольга Суета, яны змаглі прыцягнуць увагу мясцовых школьнікаў да свайго пілотнага праекта, зладжанага ў Год гістарычнай памяці, і падпісалі дзесяць дамоў са школамі. Натуральна, гэта толькі пачатак працы, бо і год толькі распачаўся.
ПЛАН БЕЗ ПРАБЛЕМ
Нягледзячы на неспрыяльнае эпідэміялагічнае становішча, звязанае з распаўсюджаннем Covid-19, літаральна ўсе музейныя ўстановы, куды датэлефанавалася “К”, выканалі і нават перавыканалі план платных паслуг 2021 года.
Як гэта атрымалася? Шляхі тут былі розныя — дзесьці ладзілі больш камерцыйных выстаў, а ў іншых установах зрабілі акцэнт на прыцягненне ўвагі школьнікаў праз выязныя мерапрыемствы і дэманстрацыю сваіх магчымасцей навучэнцам школ і каледжаў. А, напрыклад, на Міншчыне, ва Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі, як адзначыла дырэктар установы Тамара Лухверчык, шмат грошай прынесла правядзенне разавых тэматычных мерапрыемстваў — напрыклад, Гуканне вясны ці правядзенне Калядаў. Справа ў тым, што квіток на падобныя акцыі каштуе даражэй, чым пры звычайным наведванні музея. Таму, хоць з наведваннем музея ёсць пэўныя цяжкасці — колькасць гасцей крыху зменшылася, — музейшчыкі змаглі выканаць план платных паслуг на 120 працэнтаў.
— Таксама мы досыць актыўна прысутнічаем у сацыяльных сетках і на відэахостынгу YouTube, — кажа Тамара Лухверчык. — Да таго ж, каб прывабіць да сябе гасцей, мы таксама зрабілі віртуальны 3D-тур па музеі ў Інтэрнэце, які можа паглядзець любы ахвотны ў Сеціве.
Да слова, нядаўна, у лютым, у Уздзенскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла сумесная часовая экспазіцыя Мінскага абласнога краязнаўчага музея і дзяржаўных музеяў Мінскай вобласці “Ты з Заходняй, я з Усходняй”, прымеркаваная да Дня народнага адзінства. На выставе праз фатаграфіі і дакументы дэманстраваліся палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя працэсы, якія адбываліся ў Заходняй Беларусі пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе, а таксама падзеі 1939 года.
А ў Драгічынскім ваенна-гістарычным музеі імя Д. К. Удовіка, што знаходзіцца ў Брэсцкай вобласці, летась, як кажа галоўны захавальнік фондаў установы Ларыса Гайчук, хоць і знізілася колькасць груп наведвальнікаў, людзі ішлі бесперапынна.
— Групы ідуць малалікія, па пяць-дзесяць чалавек, але гэта адбываецца пастаянна, бо дзверы сваёй установы мы не зачынялі і рабілі ўсё, каб да нас не перапынялася плынь людзей, — кажа Ларыса Гайчук. — Таму, натуральна, змаглі і перавыканаць план платных паслуг, а таксама, спадзяюся, зацікавіць нашымі акцыямі новых сяброў і аматараў гісторыі. Дадам, што сёлета наш музей быў прызнаны лепшым сярод устаноў культуры раёна ў 2021 годзе.
Зразумела, што ва ўстанове не перапынялася і непасрэдная музейная праца. Напрыклад, былі алічбаваныя 10 працэнтаў музейнага фонду, а яшчэ сюды актыўна прыносілі розныя цікавыя артэфакты, якія потым станавіліся цікавымі прадметамі ў некаторых экспазіцыйных залах.
Напрыклад, летась неабыякавыя жыхары Драгічына перадалі ў музей падсумак салдата часоў яшчэ Першай сусветнай вайны. А яшчэ фонды музея папоўніліся вельмі каштоўным з гістарычнага пункту гледжання артэфактам — старажытным каменным рубілам. Гэты прадмет прынёс жыхар вёскі Ліпнікі Васіль Ківель. Па яго словах, гэтае каменнае рубіла (старажытную каменную сякеру) ён выпадкова знайшоў на беразе меліярацыйнага канала ў грунце, калі назіраў за працай экскаватара, які чысціў рэчышча. Так што, як бачна, артэфакты сёння можна знайсці і выпадкова, і кожнаму аматару сівой даўніны, а не толькі прафесійнаму археолагу.
А яшчэ музейшчыкі ладзілі цягам года і шмат разнастайных экскурсій. Так, адным з самых папулярных турыстычных маршрутаў, які распрацаваны Драгічынскім ваенна-гістарычным музеем, з’яўляецца гісторыка-экалагічнае падарожжа па паўднёвай частцы Драгічынскага раёна. Турысты наведваюць старыя гарадскія могілкі, потым едуць у вёску Брашэвічы, дзе месціцца дэндрапарк і ёсць вальеры з дзікімі жывёламі, а таксама наведваюць вёску Заказель са знакамітай капліцай-пахавальняй роду Ажэшкаў ды іншыя цікавыя мясціны. Так што і спешчанаму турысту на Драгічыншчыне ёсць на што паглядзець, не кажучы ўжо пра знакаміты Музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, у якім “К” бывала не раз і куды яшчэ неаднойчы завітае...
ШКОЛЫ Ў ДАПАМОГУ
Натуральна, не ўсюды музейная праца адбываецца так лёгка, як гэтага хацелася б. Часам гэтаму перашкаджаюць і аб’ектыўныя прычыны, напрыклад рамонтныя работы. Так, Музей баявой садружнасці ў Расонах, што на Віцебшчыне, пакуль знаходзіцца на мадэрнізацыі, і яго дзверы зачынены для наведвальнікаў. Але музейшчыкі актыўна працуюць на выязных мерапрыемствах, калі завітваюць у школьныя ўстановы гарадскога пасёлка і сельскія школы.
— Таксама мы ладзім тэматычныя выставы, напрыклад да Тыдня памяці Пятра Міронавіча Машэрава, да Года гістарычнай памяці, — адзначыла дырэктар установы Наталля Максіменка. — Да таго ж нашы супрацоўнікі ладзяць для ўсіх ахвотных квэсты, а таксама тэматычныя аглядныя экскурсіі па Расонах.
Дарэчы, яшчэ летась у гарадскім пасёлку адбылася прэзентацыя выставачнага праекта, прысвечанага Яну Баршчэўскаму, які, як вядома, нарадзіўся ў вёсцы Мурагі Расонскага раёна. На гістарычную радзіму даставілі артэфакт — надмагільную пліту з месца пахавання вядомага паэта і пісьменніка. Унікальная магчымасць убачыць надмагільную пліту Яна Баршчэўскага з’явілася ў жыхароў Расоншчыны дзякуючы супрацоўніцтву кіраўніцтва раёна з фондам імя Марыі Магдалены Радзівіл і пасольствам Украіны ў Рэспубліцы Беларусь.
І напаследак яшчэ некалькі слоў пра Брагінскі гістарычны музей з карціннай галерэяй, што на Гомельшчыне. Як запэўнілі мяне супрацоўнікі, сёння тут актыўна праводзіцца праца са школьнікамі, для якіх ладзяцца шматлікія экскурсіі па экспазіцыйных залах. Да таго ж, як кажа галоўны захавальнік фондаў установы Алена Балобан, яны знаходзяць новыя формы работы з наведвальнікамі і ладзяць цікавыя тэматычныя акцыі. Так, у студзені для зацікаўленых у сценах музея паставілі батлеечны спектакль, а да 8 сакавіка тут была адкрыта выстава “Вобраз жанчыны”. А яшчэ ў музеі праводзяць шматлікія выставы, напрыклад прысвечаныя ваеннай тэматыцы ці Дню народнага адзінства.
Як бачна, у музеях Беларусі сёння ёсць шмат цікавага і адметнага. А іначай проста і не можа быць. Бо нават у неспрыяльных эпідэміялагічных умовах музейшчыкі краіны не спыняюцца ў сваім крэатыўным памкненні прыдумаць нешта новае, адметнае, унікальнае, каб прыцягнуць увагу наведвальнікаў, каб зацікавіць сваёй працай і дзейнасцю. І гэта, натуральна, не можа не радаваць.