Міжнародная выстава сучаснага мастацкага тэкстылю і мікс-медыя Here, There and Everywhere, што адкрылася ў Мінску ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Д. Шчамялёва, у шэрагу шматлікіх падобных мерапрыемстваў мае свае адметнасці, дзеля якіх на яе варта звярнуць больш пільную ўвагу. Па-першае, немагчыма не ацаніць, што ў цяперашніх складаных умовах выстава міжнародная і на ёй сабраныя творы вядомых аўтараў з розных краін. Па-другое, яна дэманструе актуальны дзень мастацтва тэкстылю, а куратар выставы Хрысціна Высоцкая нават асмельваецца называць яе ў нейкім сэнсе і гістарычнай для Беларусі — бо, напрыклад, упершыню ў нашай краіне прадстаўляюцца некаторыя новыя сусветныя трэнды.
Як заяўлена, экспазіцыя дае магчымасць па-новаму зірнуць на старадаўнія традыцыі мастацтва тэкстылю і пабачыць, як у нашы дні яно пераасэнсоўваецца ў іншых напрамках мастацтва і ў мікс-медыя (змяшаных тэхніках). Бо з другой паловы мінулага стагоддзя ва ўсім свеце назіраецца “ўсё большы адыход ад прыкладнога значэння тэкстылю ў прастору самастойнага канцэптуальнага мастацтва. Тэкстыльныя творы становяцца мастацкімі выставачнымі аб’ектамі глыбокага інтэлектуальнага і эмацыйнага зместу”. І на выставе ў галерэі Шчамялёва, такім чынам, прадстаўлена больш за сто арт-аб’ектаў, аб’яднаных словам “тэкстыль”, але ж надзвычай розных — тут і больш-менш традыцыйныя “тканыя карціны”, і тэкстыльныя скульптуры, і тэкстыльныя фота і тэкстыльныя інсталяцыі… Менавіта што — межаў у сучасным тэкстыльным мастацтве ўжо няма. Як вобразна на адкрыцці выставы пра свае даўнія памкненні да больш актуальных форм сказала мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн: “Даўно хацелася адарваць тэкстыль ад сцяны, да якой ён габеленамі прыляпіўся”. Дык выстава Here, There and Everywhere, можна сказаць, і дэманструе, як далёка ад сцяны можа адысці тэкстыль.
Хрысціна Высоцкая, “Into the blue”.
Тут прадстаўлены работы пяці мастакоў: Судэ Дадрас (Іран/ЗША), Мануэля Вандла (Аўстрыя), Стэфана «Secretspaces» (Германія), Рахула Шарма (Індыя/ Нідэрланды) і Хрысціны Высоцкай (Беларусь). Менавіта апошняя — Хрысціна Высоцкая — куратар і арганізатар выставы. Акрамя ўсяго Хрысціна — выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і адданы справе чалавек. На гэта асобна ўвагу прысутных на адкрыцці звярнула мастацтвазнаўца і першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч: “Я бачу, як гараць вочы ў мастачкі, бачу яе жаданне паказаць, што тэкстыль на сёння — дастаткова сучаснае мастацтва. Гэтая экспазіцыя разбівае наша традыцыйнае уяўленне пра тэкстыль як пра нешта дэкаратыўнае”.
Зараз Хрысціна Высоцкая заканчвае аспірантуру — у сувязі з гэтым тры апошнія гады яна шчыльна вывучала стан мастацкага тэкстылю ў свеце. Яе моцна зацікавіла ідэя тэкстыльнай філасофіі і захацелася прынесці гэтыя актуальныя павевы і ў Беларусь. У якасці куратара выстаў Хрысціна выступае ўжо не першы год, але Here, There and Everywhere для яе адметна тым, што гэты першы сур’ёзны міжнародны праект. Для яго яна сабрала аўтараў, з якімі атрымалася пазнаёміцца ці ў рэальным жыцці (з Рахулам Шарма з Індыі, напрыклад, яны разам праходзілі стажыроўку ў Вене), ці пры дапамозе інтэрнэту ў суполках гэткіх жа захопленых творцаў. І выстава змагла адбыцца дзякуючы ўласнай зацікаўленасці і нават уласным сродкам саміх удзельнікаў. Судэ Дадрас з Ірана, якая пэўны час ужо жыве ў ЗША, сярод усіх, мабыць, найбольш вядомая. Яна многа выстаўляецца ў свеце, супрацоўнічае са знакамітым музеем тэкстылю ў японскім Кіёта, выкладае, а яшчэ — арганізуе міжнародныя праекты, у якіх мэтанакіравана задзейнічае творцаў з розных куткоў свету. Хрысціна Высоцкая зацікавіла Судэ і Беларуссю, і нядаўна іранская мастачка ўжо прыязджала ў Мінск, паказвала свае работы і нават выступіла куратарам выставы. У межах праекта Here, There and Everywhere таксама ёсць намеры правесці творчую сустрэчу з Судэ Дадрас. Працуе яна ў тэхніцы так званага шматслойнага шыняля, ствараючы дзівосныя “карціны”. На адкрыццё выставы ў Мінск са сваімі работамі здолеў прыехаць Мануэль Вандл з Аўстрыі, майстар габеленаў. Ён таксама нямала робіць для развіцця і папулярызацыі гэтай справы — выкладае, курыруе праекты, даследуе гістарычны тэкстыль Аўстрыі, асобна займаецца адраджэннем тэкстыльных рамёстваў у краінах Заходняй Афрыкі.
Хрысціна Высоцкая, “Эдэм”.
А вось тое, што для Беларусі пакуль у навінку — паводле слоў Хрысціны, “у нас пра гэта яшчэ нават гаварыць не пачалі, і нашая выстава — кропка адліку для развіцця падобнага напрамку ў Беларусі” — гэта так званыя тэкстыльныя фатаграфіі і злучэнне тэкстыльнай візуальнай мовы і прасторы віртуальнай рэальнасці. Рахул Шарма працуе ў дакументальнай мастацкай фатаграфіі і дэталі на яго фотаздымках прыроды і ўрбаністычнай штодзённасці Нью-Дэлі і Амстэрдама напоўнены “застылай прыгажосцю пераплеценых тэкстур «дывановых» ландшафтаў і шматслойных драпіровак”. Нямецкі мастак Стэфан “Secretspaces” працуе ў напрамку трохмернага лічбавага мастацтва: стварае малюнкі і відэа-арты, напоўненыя складанымі дэталямі перапляценняў валокнаў, каляровых і тэкстурных пераходаў. На выставе ў галерэі Шчамялёва можна ўбачыць вялікую колькасць арт-аб’ектаў індыйскага і нямецкага аўтараў. І значная колькасць твораў тут самой Хрысціны Высоцкай: тэкстыльныя скульптуры і крэатыўныя інсталяцыі. Агульная канцэпцыя выставы, такім чынам, з беларускага боку падтрымана годна.
Мануэль Вандл, “Хто тут злыдзень”.
Выстава Here, There and Everywhere прадоўжыцца да 28 лістапада, і відавочна, што абазнаным у тэкстыльным мастацтве людзям яна будзе найперш цікавая гэтым імкненнем паказаць новае, паказаць актуальнае. Недарма адкрыццё сабрала немалую колькасць студэнтаў і тых, хто толькі пачынае свой шлях у мастацтве.