Але вось, нарэшце, і мы далучыліся да гэтага вядомага твора, які можна інтэрпрэтаваць і як сучасную версію “Рамэа і Джульеты”, але хутчэй “Дамы з камеліямі”. Радкі з выдатнай класічнай трагедыі ў спектаклі цытуюцца гераіняй, але сама сюжэтная інтрыга бліжэй да п’есы Дзюма-сына, дзе таксама, як і тут, заможны бацька галоўнага героя адмаўляе сыну ў згодзе на шлюб, а каханая Армана Дзюваля Маргарыта Гацье памірае ад невылечнай хваробы.
У цэнтры падзей спектакля коласаўцаў — кранальнае і трагічнае каханне Олівера Бэрэта і Джэніфер Кавілеры. Ён — паспяховы студэнт з Гарварда, будучы юрыст, імкнецца пазбавіцца ад уплыву бацькі-мільянера і стаць самастойным. Яна — дачка беднага італьянскага эмігранта, таленавітая перспектыўная навучэнка музычнага каледжа, разумная, наравістая. На жаль, на іх шляху ўзнікае шмат перашкод: і нязгода заможнага бацькі Олівера на шлюб закаханых, і далейшыя матэрыяльныя нястачы... Але самае моцнае выпрабаванне лёсу чакала іх наперадзе...
Над сцэнічнай версіяй папулярнага літаратурнага хіта працаваў рэжысёр-пастаноўшчык, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў. Ён жа з’яўляецца аўтарам інсцэніроўкі і музычнага афармлення. Віцебскія гледачы добра ведаюць яго пастаноўкі, ён стала супрацоўнічае з Коласаўскім тэатрам з 1997 года. Вялікай папулярнасцю ў гледача карысталіся яго пастаноўкі “Утаймаванне наравістай” У.Шэкспіра, “Чума на вашы дзве сям’і” і “Памінальная малітва” Р.Горына, “Ён. Яна. Акно. Нябожчык” Р.Куні, “Дарослыя дзеці” Л.Герша, “Яшчэ раз пра каханне” паводле В.Шукшына, “Смешныя людзі” паводле А.Чэхава, “Шлюб па-італьянску” Э.дэ Філіпа і іншыя.
Сцэнограф і аўтар касцюмаў — вядомы тэатральны мастак з Санкт-Пецярбурга Андрэй Пронін. У коласаўцаў ён афармляў спектаклі “Касатка” А.Талстога, “Непаразуменне” А.Камю, “Дзядзя Ваня” і “Вішнёвы сад” А.Чэхава, “І паміраючы дрэвы стаяць” А.Касоны, “О-ля-ля” М.Камалеці.
Праблема пераводу празаічнага твору на мову тэатра заўсёды была складанай, нават пры напружанасці, дынамічнасці сюжэту, пашыранасці дыялогаў. У дадзеным выпадку інсцэніроўка, зробленая Юрыем Пахомавым, больш нагадвае кінасцэнарый, чым паўнавартасную п’есу, бо асноўным яе складнікам з’яўляецца кліпавасць, мазаічнасць эпізодаў. Мабыць, таму вялікую ролю ў структуры спектакля іграе візуальны, музычны рад. Эпізоды змяняюцца даволі павольна, на стыку паміж імі ўзнікаюць пластычныя нумары альбо аўдыязапісы папулярных замежных хітоў таго часу.
Рэжысёр здолеў стварыць дакладную атмасферу спектакля, часам пранікнёна-лірычную, часам трывожную, якая быццам прадказвае, настройвае гледача на будучы трагічны фінал. Гэтаму спрыяе і пластычнае рашэнне спектакля, дамінантай якога з’яўляецца Танцорка ў выкананні Тамары Краснабаевай-Чарняк. Яна нагадвае вялікую чорную птушку, што трывожна кідаецца па сцэне. У іншыя моманты актрыса пластычна ўвасабляе тыя пачуцці, якімі жывуць галоўныя героі.
Разам з тым характары галоўных герояў (а найперш пра іх трэба гаварыць, аналізуючы выканальніцкую партытуру спектакля) практычна не развіваюцца, бо артыстам, якія пакуль не маюць дастатковага вопыту, даволі складана цягам кароткіх эпізодаў паказаць тыя змены, што адбываюцца з персанажамі. Таму ў першай дзеі і варта ўвасобіць эйфарыю кахання, каб магла дакладна выбухнуць тая драма, можа, нават трагедыя, што адбываецца ў фінальнай частцы (па сюжэце гераіня памірае ад невылечнай хваробы). Хоць менавіта там, перад безданню, яны змаглі перадаць тыя эмоцыі і пачуцці, якія авалодваюць іх героямі, больш надрыўна, узрушана выканаўца ролі Олівера Аляксандр Казлоў, знешне стрымана, але з вялікім унутраным, душэўным болем яго партнёрка Дар’я Французава — Джэніфэр. Палкая жарсць, што ўзнікае ў першай палове спектакля, ілюструецца то чырвона-палымнеючым святлом на дальнім плане, куды адыходзяць героі, то пялёсткамі такога ж колеру, што шчодра рассыпаюцца па сцэне ў эпізодзе вяселля. Увогуле, святло як моцны выяўленчы сродак іграе вялікую ролю ў пастановачнай палітры спектакля.
Сцэнічную пляцоўку замыкаюць шкляныя рухомыя дзверы, праз якія выходзяць на гледача героі спектакля. Апрача функцыянальнай зададзенасці, яны выконваюць ролю нейкага ўрбаністычнага сімвала, той механістычнай рацыянальнасці, якой супрацьстаіць маладая пара закаханых з іх чыстым, непадуладным разліку пачуццём.
У спектаклі дастаткова эпізадычных персанажаў. Гэта і сябры Бэрэта па студэнцкаму інтэрнату (артысты Арцём Герак і Антон Бараноўскі ствараюць вобразы сучасных разняволеных юнакоў), і продкі галоўных герояў — Бэрэт-старэйшы (засл.арт.РБ Георгій Лойка), яго жонка Элісан (засл.арт.РБ Галіна Букаціна), Філ — бацька Джэніфер (арт.Юрась Цвірка), і Доктар (арт. Цімур Жусупаў). У цэлым яны змаглі пазначыць асабовыя рысы сваіх герояў. Асабліва хацеў бы адзначыць Юрася Цвірку, які робіць са сваёй ролі зусім непрахадны вобраз. Колькі ў ім шчырасці, непадробнай радасці пры знаёмстве з Оліверам альбо сцэне вяселля, колькі смутку ў фінальнай частцы! Па кантрасце з ім Бэрэт-старэйшы нагадвае чалавека, закутага ў нейкі панцыр, быццам з маскай на твары.
А вось што зазначыў пра сваю апошнюю работу сам рэжысёр: “Твор, напісаны ў 70-я гады XX стагоддзя, гучыць востра і актуальна менавіта сёння, калі ў адносінах людзей стала больш цынізму і разліку. Усе імкнуцца да забяспечанасці, багацця і разам з тым мараць пра тонкія адчуванні. У гэтым і ёсць супярэчлівасць нашага жыцця”.
Юрый ІВАНОЎСКІ
Фота Таццяны ГАРАВОЙ