Мірскі майстар-клас: P.S.

№ 52 (1492) 25.12.2020 - 31.12.2020 г


/i/content/pi/cult/830/17715/4.jpgМесцам правядзення апошняй калегіі 2020 года Міністэрства культуры краіны нездарма абрала адну з самых вядомых нашых музейных перлін — Мірскі замак, то-бок замкава-паркавы комплекс «Мір». Выбар быў вызначаны не толькі наяўнасцю ў замку цудоўнай канферэнц-залы з дадаткам памяшканняў для зручнасці працы і камфорту ўдзельнікаў — тут можна ладзіць мерапрыемствы дзяржаўнага і міжнароднага ўзроўняў. Галоўнае: напрацаваны калектывам гэтага музея досвед варта па магчымасці распаўсюдзіць на ўсю сферу захавання гістарычнай памяці і культурніцкай спадчыны. Зразумела, далёка не кожны музей можа прэтэндаваць на такі ўзровень дзяржаўнага фінансавання, але говорка пра іншае, ад грошай, у прынцыпе, незалежнае — пра канцэптуальны падыход пры фарміраванні ментальнай прасторы праз візуальны вобраз. У Мірскім замку ўсё навідавоку, і для спецыяліста-музейшчыка ўсё зразумела — і тое, як з пэўнай колькасці аўтэнтычных каштоўнасцяў збудаваць велічны вобраз беларускага Сярэднявечча, як далікатна ўключыць сучасныя артэфакты ў гістарычны кантэкст, і як зменнымі выставамі вобразна дапаўняць пастаянную экспазіцыю, як дбаць пра свой высокі статус.

Па справах журналісцкіх я ў Міры бываў неаднойчы, але звычайна вандроўка абмяжоўвалася замкам. А гэтым разам была магчымасць і само мястэчка агледзець. Прыемна адзначыць, што Мір увогуле, ягоная гарадская гаспадарка, так бы мовіць, падцягваюцца пад замак. Нават гаспадары прыватнай забудовы разумеюць, што побач са славутым замкам, якім ганарыцца краіна, і твой уласны падворак мусіць быць дагледжаным, а твой дамок акуратна пафарбаваным. Добра і тое, што побач з замкам няма сучаснай агрэсіўнай забудовы. Фактычна ў Міры, які доўгі час быў перыферыяй нават для райцэнтра Карэлічы, захаваўся гістарычны ландшафт. Сціплы ландшафт, але ён цудоўна стасуецца з велічным замкам…

Між тым, удзельнікам калегіі было што абмеркаваць. Разглядаўся ўвесь спектр праблем музейнай сферы. А іх, на жаль, нямала. Не заўсёды хапае плошчаў для захавання музейных фондаў. У існуючых памяшканнях сховішчаў цяжка падтрымліваць адпаведны тэмпературны рэжым, у шэрагу выпадкаў не стае ўпаковачнага матэрыялу. Дзе-нідзе ёсць і кадравыя пытанні, звязаныя з прыцягненнем моладзі да працы ў музеях, з матэрыяльным заахвочваннем і стымуляваннем маладых спецыялістаў.

У сувязі з пандэміяй, наведванне музеяў сёлета скарацілася. Выправіць гэты паказчык рэнтабельнасці музейнай справы можна было б праз пашырэнне аўдыторыі вучнямі школ і сярэдніх навучальных устаноў. Тыя ж лекцыі па гісторыі ўвогуле і гісторыі культуры ў прыватнасці можна было б вельмі эфектыўна ладзіць у музейных залах. Для гэтага трэба зацікавіць такімі праектамі выкладчыкаў.

Новыя інфармацыйныя камунікацыі дазваляюць ладзіць віртуальныя экскурсіі па музеях, пашыраючы такім чынам і глядацкую аўдыторыю, і культурную прастору ў грамадстве. Але ў адрозненне ад наведвальніка, які прыйшоў у музей і набыў квіток, рэальнага прыбытку музею няма. А фінансавы план застаецца… Як суаднесці культурніцкую асвету з экамічнай рэнтабельнасцю?

З іншага боку, сёння пэўную канкурэнцыю музейным работнікам ствараюць турфірмы і асобныя прадпрымальнікі, што бяруць на сябе клопат азнаёміць гасцей з культурна-гістарычнымі цікавосткамі. Яны могуць спакойна ладзіць экскурсіі па тэрыторыі, скажам, Брэсцкай крэпасці ці іншых ландшафтных комплексаў, не заходзячы ў будынак музеяў. Мала таго, што грошы губляюцца, дык яшчэ і якасць экскурсіі можа быць спрэчнай, і трактоўка гісторыі ў самадзейнага гіда можа моцна розніцца ад “нарматыўнай”, афіцыйна прынятай у Беларусі версіі.

Пра гэта і яшчэ шмат пра што ішла гаворка на калегіі (глядзіце ў “К” наш пашыраны матэрыял). Пасля завяршэння пасяджэння ўдзельнікі на чале з міністрам культуры Анатолем Маркевічам прайшліся па цэнтру Міра да помніка палеглым за Радзіму ў Вялікай Айчыннай вайне і ўсклалі да яго вянок і кветкі.

На развітанне спадар міністр падзякаваў удзельнікам калегіі, а ў іх асобе ўсім работнікам культуры за вернасць прафесіі і плённую працу на карысць Бацькаўшчыны, і нагадаў, што і ў надыходзячым годзе “нас чакаюць вялікія справы”…

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"