Жыццё і дзейнасць віцебскіх авангардыстаў даволі падрабязна задакументаваныя, а іх творы прадстаўленыя ў знакамітых музеях. Сёння мы ганарымся тым, што горад над Дзвіной стаў калыскай мастацтва, якое і цяпер у значнай ступені ўплывае на нашу рэчаіснасць. Прычым, у сусветным маштабе. Але быў час, калі шанаваныя за мяжой творцы ва ўласнай краіне былі вядомыя хіба што шчыльнаму колу гісторыкаў мастацтва. Газета “Культура” напачатку 90-х спрычынілася да вяртання славутых імёнаў з нябыту. І далейшы цыкл публікацый таго ж Барыса Крэпака, але ўжо ў 2010-х, прысвечаны перыяду калі Віцебск, як цяпер зразумела, быў фактычна мастацкай сталіцай свету, так і называўся “Вяртанне імёнаў”. Казімір Малевіч, Вера Ермалаева, Марк Шагал, Лазар Лісіцкі… Пра іх і іншых дзеячаў УНОВИСа распавядае сёння адкрыты два гады таму музей. Дарэчы, наша газета асвятляла і працэс стварэння гэтага асяродка культуры: ад канцэптуальных пошукаў да матэрыялізацыі праекта.
У часе згаданай экскурсіі можна было пабачыць некаторыя будынкі, наўпрост ці ўскосна звязаныя з гісторыяй УНОВИСа. Глядзіш і разумееш, што вялікае мастацтва далёка не заўжды нараджаецца ў спрыяльных для творчасці ўмовах. А праз гэта паўстае пытанне і пра саму прыроду творчасці. Вось і Віцебск тае пары — горад, які не абмінулі наступствы Грамадзянскай вайны, не быў для маладых талентаў цяпліцай…
Кажуць, што Шагал, ужо сусветна вядомы мастак, маючы магчымасць наведаць Віцебск, так і не выправіўся на радзіму, бо баяўся сустрэчы з новай рэчаіснасцю. Баяўся, што не пазнае горада свайго юнацтва. Але да гонару віцебчукоў варта адзначыць, што кавалак роднай Марку Захаравічу вуліцы Пакроўскай захавалі амаль такім, якой яе памятаў Шагал. Ды і ў доме-музеі славутага мастака адноўлена атмасфера тае пары, калі Марк, малады хлопец, назапашваў уражанні, якімі сілкаваўся ўсё сваё творчае жыццё.
Музей звонку.
Шкада, што не захавалася старая сінагога, якую Шагал безумоўна наведваў. Сёння гэта руіны. Прычым, руіны, якія не маюць статусу помніка. А значыць рэшткі гістарычнага будынка можна пры нагодзе прыбраць з вуліцы як смецце і скарыстаць ызваленую пляцоўку пад будаўніцтва якога-небудзь рэнтабельнага аб’екта.
Усведамляючы такую небяспеку, мясцовыя культурніцкія актывісты і сярод іх Андрэй Духоўнікаў дбаюць пра наданне руінам ахоўчага статусу. У перспектыве ім хацелася б пабачыць рэшткі сінагогі накрытымі шкляным каўпаком. Гэта быў бы высокага эмацыйнага напалу помнік беларускім яўрэям — ахвярам Халакосту. І далёкі не лішні для горада турыстычны аб’ект.
Я памятаю будынак колішняй Народнай школы, калі пра музей у яе сценах нават гаворкі не было. Ды і не кожны віцебчук ведаў тады, чым гэты дом адметны ў гісторыі. Прыемна думаць, што станоўчая ідэя, дасланая ў грамаду, аднойчы мусіць матэрыялізавацца. Гэта я зноў пра нашы публікацыі 90-х гадоў. Пра “Вяртанне імёнаў”.
Электронная энцыклапедыя УНОВИСа.
Доўгачаканы Музей гісторыі Віцебскай народнай мастацкай вучэльні паўстаў вельмі дарэчна як наш аргумент у спрэчцы пра родавыя карані мастацкага авангарда. На жаль, замежныя даследчыкі не заўсёды зважаюць на беларускі чыннік у фармаванні супрэматызму як культурніцкай з’явы. Праўда, Шагалу, які давёў сваёй творчасцю, што “айчыны розныя — неба адзінае, небам адзіным жывы чалавек”, і Малевічу, для якога ўся зямная куля была толькі “малой радзімай”, ды і іншым дзеячам рэвалюцыйнага авангарда гэтыя спрэчкі пра “нацыянальнасць” падаліся б недарэчнымі.
Музей мяне вельмі ўразіў тым, што перадае дух эпохі не праз музейныя артэфакты — арыгіналы твораў знакамітых мастакоў, іх асабістыя рэчы і іншыя каштоўныя матэрыяльныя аб’екты, але праз фармальную, вобразную арганізацыю прасторы і скарыстанне інтэрактыўных сродкаў інфармацыі. Вельмі сучасны падыход. Да таго ж ён пасуе нашай краіне, чые культурніцкія скарбы раскіданыя па свеце, а грошай, каб вярнуць іх на радзіму, хранічна не стае. Галоўным жа экспанатам музея, калі так можна сказаць, з’яўляецца… сам музей. Дакладней, будынак, дзе ён размешчаны. Як сведка і чыннік гістарычных падзей.
На экскурсіі па музеі.
Віцебск — горад сучасны. Аб’ектаў пары УНОВИСа ў горадзе няшмат. Як і тых, у якіх увасоблены Шагалаўскі “ідышлэнд”. У музеі напачатку экспазіцыі змешчаны сэнсарны манітор, на якім у форме “ўспаміну пра будучыню” распавядаецца пра страчаныя віцебскія помнікі дойлідства розных эпох, і пра тое, як яны будуць выглядаць у кантэксце гарадской забудовы, калі дойдуць рукі да іх аднаўлення. Такім чынам, музей, які сам паўстаў найперш праз грамадскую ініцыятыву, запускае ў грамадскую свядомасць ідэю на дзесяцігоддзі наперад.
Рэшткі старой сінагогі.
Дарэчы, так рабілі і сябры УНОВИСа, упэўненыя, што іх ідэі, якія зыходна падаваліся грамадзе ўтапічнымі, праз час абавязкова будуць запатрабаванымі. Так, урэшце, і адбылося.
Фота аўтара