— Аркестр павінен адчуваць, што жыве ў ХХІ стагоддзі, — упэўнены яго мастацкі кіраўнік Рыгор Сарока. — Таму мы з радасцю адгукаемся на выкананне найсучаснейшых твораў маладых кампазітараў розных краін. Наш калектыў стаў базавым пры правядзенні Міжнароднага сімфанічнага семінара-форума кампазітараў краін СНД імя Міхала Клеафаса Агінскага. Многія выканаўцы не спяшаюцца брацца за авангардную музыку, нават крыху пабойваюцца яе: штосьці незнаёмае, эксперыментальнае. Ці зразумеюць нас слухачы? Але калі такія творы не выконваць, дык як з імі ўвогуле публіка зможа пазнаёміцца? Мы такіх форумаў правялі ўжо цэлых пяць (гэта музыка 30 кампазітараў!), 19 красавіка адбудзецца шосты. І ўсё пад знакам нашага славутага земляка, імя якога носіць і наш каледж.
На пятым форуме ўпершыню быў аб’яўлены яшчэ і конкурс на лепшыя творы. Прычым у незвычайным фармаце, які чымсьці нагадвае працу былых Дамоў творчасці: кампазітары да нас прыязджаюць, дзесяць дзён тут жывуць, пішуць музыку — і потым мы яе іграем, абмяркоўваем, крытыкуем. Выдатная школа прафесіяналізму — для ўсіх. Таксама мы прапанавалі выдаць лепшыя партытуры. Разумееце, які стымул для аўтараў? І адначасова папулярызацыя сучасных твораў. А пакуль мы выдалі ўжо другую кнігу пра наш аркестр — і гэта таксама папулярызацыя не адно нашага калектыву, а ўсёй сімфанічнай музыкі.
Высокая ўзнагарода нашаму калектыву — таксама адзін з тых рычагоў, што павінны садзейнічаць шырокаму грамадскаму прызнанню сімфанічных жанраў і, шырэй, усіх музыкантаў акадэмічнага кірунку. Асабіста я не памятаю, каб такую прэмію атрымліваў менавіта сімфанічны аркестр. Наш — першы. Значыць, трэба рухацца далей. Як і ў кожным вучэбным калектыве, выпускнікі сыходзяць, на іх месцы прыходзяць усё новыя выхаванцы. Але нягледзячы на пастаянныя змены ў складзе, калектыў укамплектаваны, прычым добрымі музыкантамі, якіх мы вырошчваем, забяспечаны інструментарыем. Я нікога не запрашаю для ўзмацнення нашага аркестра, нават на самых адказных выступленнях іграюць менавіта нашы навучэнцы — трайны склад, больш за 70 чалавек. А гэта і оперныя пастаноўкі (а сярод іх ёсць і опера беларускага кампазітара Алега Залётнева “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”), і правядзенне “Мастоў дружбы: Расія — Беларусь”. Летась у рамках такога канцэрта на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі гучала музыка пецярбургскага кампазітара, ураджэнца нашай краіны Леаніда Левашкевіча — пры падтрымцы яшчэ аднаго нашага земляка Вячаслава Заранкова, старшыні фонда “Созидающий мир”. Выступалі мы і ў Санкт-Пецярбургу, у Літве, іншых краінах. Правялі грандыёзны “Губернатарскі баль”.
А ў маі выступім з лепшымі еўрапейскімі салістамі — у завяршэнне майстар-класаў. Але пра гэта трэба расказваць асобна, бо планаў насамрэч — безліч…