У біенальныя месяцы сучаснае мастацтва распаўсюджваецца па Венецыі бы той спрут, захопліваючы старыя касцёлы (іх колькасць тут на душу насельніцтва проста зашкальвае), рэспектабельныя палацы, а таксама змрочныя складскія закуткі (бары і крамы чамусьці засталіся неахопленымі). У які бок ты б ні пайшоў па вузкіх вулачках, абавязкова набрыдзеш або на чыйсьці нацыянальны павільён, або на адзін з соцень іншых праектаў — паралельных, перпендыкулярных ці тых, якія “проста выпадкова” апынуліся ў Венецыі менавіта ў час біенале.
Здаецца, у Венецыю ў гэты час мкнуць усе! І горад пераўтвараецца ў своеасаблівы кірмаш пыхі для мастакоў, куратараў і інстытуцый з розных куткоў свету. Перавытворчасць даецца ў знакі, і церпяць ад яе многія. Выставы сучаснага мастацтва становяцца добрай магчымасцю схавацца ад сквару і тлуму: там ціха і амаль бязлюдна.
Для турыстаў гэта, зразумела, толькі добра: ёсць магчымасць не толькі “прамацаць парадыгму” мастацкай думкі, але і задарма патрапіць у тыя інтэр’еры, куды звычайна старонніх не пускаюць. Для Венецыі таксама добра — мноства не надта запатрабаваных у будні архітэктурных помнікаў хаця б на час біенале атрымліваюць новую функцыю і фінансавае ўліванне.
А вось для сучаснага мастацтва гэта, як падаецца, не надта спрыяльна. Горад, які — цалкам і ў дэталях — сам па сабе з’яўляецца выкшталцоным творам мастацтва, задае настолькі моцны візуальны і сэнсавы кантэкст, што на яго тле многія экзерсісы глядзяцца зусім не выйгрышна. Як на маю думку, для “арт-Мекі” куды лепей пасуе нейтральны антураж — скажам, як у айчынным Жлобіне. Але многія са мною, вядома, не пагодзяцца.
Уласна, усё гэта я напісаў выключна для таго, каб можна было зразумець, у якую вірлівую куламесу трапляе ў Венецыі айчынны павільён — які, дарэчы, выглядаў на агульным тле вельмі годна. Можна адзначыць і густоўна сфармаваную экспазіцыйную прастору, і сэнсавую насычанасць, і ўзровень вобразных абагульненняў. Відавочна, што для Канстанціна Селіханава гэты маленькі праект стаў вынікам доўгага шляху — як уласна мастацкага, так і мысленчага.
Але чакаць, што які-кольвек айчынны праект будзе здатны “скарыць Венецыю”, як пра гэта любяць пісаць журналісты, было б дужа наіўна. Быць убачаным і ўспрынятым тысячамі гледачоў — мэта дасяжная. Паспрыяць усталяванню новых міжнародных кантактаў — таксама. А вось здзейсніць прарыў… З такім намерам у Венецыю прыязджаюць цэлыя натоўпы ахвотных, не шкадуючы для гэтага грошай на арэнду вялізных палацаў.
Адсюль немінуча ўзнікае пытанне: дык ці трэба тады наогул удзельнічаць у біенале? Вядома, трэба. Вельмі дзіўна, калі ў вялізным спісе краін (сярод іх ёсць нават тыя, якія не адразу знойдзеш на глобусе) наша будзе адсутнічаць. Гэта моцна паспрыяе росту комплексу непаўнавартаснасці.
А вось “згубіцца” ў той пярэстай плыні, стаць яе часткай, на іншых паглядзець ды сябе паказаць… Такая магчымасць, наадварот, самаацэнку нашым творцам падыме. Хай і трошкі, не да завоблачнай вышыні — што, зрэшты, для іх было б нават шкодна.