Муза і творца
— Франсуаза, вашы фатаграфіі не падобныя да тых здымкаў, што мы прызвычаіліся бачыць у глянцавых часопісах, калі акцэнт робіцца на бліскучай знешнасці мадэляў. Вы нібыта наўмысна імкняцеся пазбягаць фіксацыі іх твараў… Чаму?
— Так, гэта не выпадковасць. Вы ведаеце, якія былі мадэлі на тых паказах? (Франсуаза працавала ў фэшн-індустрыі ў 1980 — 1990-я. — Д.А.) Анарэксічныя! Толькі Наомі Кэмпбел — выключэнне. Я застала яшчэ тую эпоху, калі і з савецкай прасторы шмат дзяўчат прыязджалі на захад, каб стаць мадэлямі. І агенты таксама выбіралі з іх вось такіх анарэксічных. Гэта мяне зусім не натхняла. Больш за тое, я працавала ў саміх атэлье і бачыла, як адбываюцца прымеркі. Звычайна куцюр’е прымяраюць сваю калекцыю на дзвюх мадэлях. Аб’ёмы гэтых дзяўчат жорстка кадыфікаваныя: ногі — такой даўжыні, талія — такой і так далей. Усё гэта падавалася мне суцэльным фэйкам, таму я і фатаграфавала іншае — вопратку, уласна майстэрства краўцоў, прыгажосць касцюма. А ў абліччы саміх мадэляў жыцця я не ўбачыла.
— Але ж у вашым праекце “Камуналка”, які мы мелі магчымасць бачыць у 2015 годзе, прысвечаным піцерскім камунальным кватэрам, ёсць і аголеныя паненкі…
— Гэта зусім іншае. Калі я працавала над “Камуналкай”, сустрэлася з Наталляй — яна стала маім правадніком у свет піцерскіх камуналак і своеасаблівай музай. Я ўбачыла яе першы раз, калі Наталля нейкім зусім незвычайным для мяне чынам прала бялізну. “Хачу сфатаграфаваць гэтую жанчыну”, — сказала я свайму перакладчыку Валодзі. Ён адказаў: “Ні ў якім разе”. Але ўсё ж патэлефанаваў ёй з просьбай аб сустрэчы. І што вы думаеце? Калі мы прыйшлі, жанчына адчыніла нам дзверы цалкам аголеная.
— ?!
— Проста ў Санкт-Пецярбургу тады яшчэ панавала традыцыя пазіравання. Маўляў, жанчына — муза, мадэль, а мужчына — мастак, творца, тым больш усе ведаюць пра ўрокі ў акадэміях мастацтваў, калі студэнты вучацца маляваць менавіта з натуры. Дык вось, у вачах маёй гераіні я была тым самым творцам — і таму яна так спакойна перада мной распранулася. Як і іншыя дзяўчаты.
Увогуле ў Францыі і ў вашых краях, магу заўважыць, даволі рознае стаўленне да аголенасці. Скажам, у Санкт-Пецярбургу падчас белых начэй і ў Мінску мне даводзіцца бачыць мужчын, што ў спякоту ходзяць з аголеным торсам. У Францыі гэта проста недапушчальна.
— Ёсць такое. Але, як я вас разумею, вяртаючыся да папярэдняга пытання, у вашых праектах былі розныя задачы?
— Так. Нягледзячы на прысутнасць аголеных жанчын у “Камуналцы”, іх прыгажосць для мяне не была прынцыповай. Я нават вырашыла не фатаграфаваць вельмі прывабных узбекскіх дзяўчат, што жылі са мной па суседстве. А вось даволі мажнога мужчыну зняла і потым уключыла яго гісторыю ў фільм. Я не люблю рабіць тое, чаго ад мяне чакаюць. Да ўсяго, важная частка праекта — сама савецкая эстэтыка камуналак, якую мне хацелася зафіксаваць. Гэтыя рэгламентаваныя колеры сценаў, што “спускаліся” зверху. Эстэтыка разбурэння пакояў… І кожны праект правакуе мяне на рашэнне сваіх задач.
Усё пачалося з выхавання
— Магу зрабіць выснову, што і ў “Камуналцы”, і ў модных Sublimes вы раскрываецеся як мастачка, якой цікава штосьці невідавочнае…
— Менавіта. Але мяне выгадавалі такой — той, якая мусіць мысліць самастойна. Усё мае жыццё — вельмі незвычайнае, але ўсё пачалося менавіта з незвычайнага выхавання. Я выхоўвалася ў каталіцкіх манашак, што мелі даволі прагрэсіўныя погляды на навучанне — выкарыстоўвалі метад Мантэсоры. Паводле яго ты сам вольны абіраць вучэбныя прадметы і выкладчыкаў па ўласным жаданні. Так, ёсць пэўныя абавязковыя заданні, але калі ты іх выканаў, калі ласка — вывучай тое, што табе даспадобы. Пагадзіцеся, гэта зусім іншая сітуацыя, чым калі ў цябе адзін выкладчык на 25 вучняў. У нас працавалі выдатныя педагогі. Напрыклад, мой выкладчык французскай мовы і літаратуры быў святаром, што адмовіўся ад сану. Гэта па духу быў абсалютны рок-н-рольшчык, які распавядаў нам пра літаратуру ў правакатыўным ключы. Як бачыце, ужо з маленства мяне заахвочвалі да таго, каб мысліць і дзейнічаць самастойна.
— Па вашых працах гэта заўважна, як і тое, што вам блізкая тэма жаночай эмансіпацыі…
— Я сама — з тых жанчын, то эмансіпіравалі французскае грамадства ў 1980-я. Мы змагаліся за свае правы, дамагаліся зменаў у заканадаўстве — напрыклад, скасавання закона аб забароне абортаў.
Да ўсяго, мая прафесія. Жанчын-фатографаў прыкладна майго пакалення ў Францыі практычна няма. І тое вельмі проста патлумачыць. Уявіце сабе такую сітуацыю: маці дваіх дзяцей раптам кажа мужу, што хоча паехаць паздымаць у Сібір на шэсць месяцаў? Мяркую, што для большасці мужчын падобны расклад будзе непрымальным. І не толькі ў Францыі. Такім чынам, жанчыны губляюць магчымасці сваёй прафесійнай рэалізацыі. Акрамя таго, з недаверам да іх як да спецыялістаў яны сутыкаюцца і на працы. “А ты ўпэўненая, што справішся?” — вы не ўяўляецца колькі разоў мне даводзілася чуць гэты выраз, калі атрымлівала творчыя заданні.
Міфы пра беларусаў
— Магчыма, на пачатку кар’еры вас яшчэ папікалі за падабенства вашых работ да фота, скажам, Карцье-Брэсона?
— Не. Прызнацца, я ніколі прафесійна не вучылася фатаграфіі. Ды напачатку кар’еры нават і не ведала, хто такі Карцье-Брэсон. Калі казаць пра ўплывы, маім “настаўнікам” больш было кіно, чым фатаграфія. Я шмат часу бавіла ў французскай сінематэцы. Дарэчы, мае фатаграфіі з Сібіры ў пэўным ключы падобныя да кадраў з фільмаў Таркоўскага.
— Урэшце, што для вас добрая фатаграфія?
— Дзякуй, што вы спыталі пра добрую фатаграфію, а не прыгожую. Добрую фатаграфію для мяне вызначаюць некалькі рэчаў: уменне фатографа выбудаваць кадр, убачыць святло. І безумоўная ўмова — адчуваць сябе абсалютна вольным. Калі пачынаеш сумнявацца — усё, фатаграфія не атрымаецца.
Яшчэ ўсё мусіць супасці ў нейкім пэўным моманце. І дзеля гэтага трэба быць уключаным у тое, што адбываецца. Напрыклад, вось гэты кадр — амаль што цуд для мяне (паказвае на адну з фатаграфій на выставе — Д.А.). Гэта быў паказ Цьеры Мюглер, вядомага куцюр’е — рэклама яго вядомай парфумы “Анёл”. Можна ўбачыць на падлозе эмблему гэтых духоў — блакітную зорку. Мадэль выйшла, павярнулася — і святло схапіла край яе ружовай сукенкі. І вось тут усё супала — блакітнае святло ад променя зоркі на падлозе і ружовая сукенка. Дадам, што лічбавая фотакамера не дазволіла б схапіць гэты момант. З-за таго, што мы ўвесь час правяраем, якія ў нас атрымаліся здымкі, глядзім на маленькі манітор, часта губляем каштоўныя моманты, якія варта было б проста здымаць. Дарэчы, вось тут я здымала на стужку — таму і паспела схапіць гэтае імгненне, што доўжылася літаральна секунду.
— Сёння вы ўжо фатаграфуеце на лічбу?
— Карыстаюся і лічбай таксама. Але заўжды раздрукоўваю так званыя “кантролькі” і абіраю сярод іх лепшыя.
— Ведзяце запісы падчас працы над праектамі?
— Абавязкова. Вось акурат зараз я працую над праектам у Мінску. Пакуль не магу сказаць, што атрымаецца, знаходжуся ў працэсе, аднак адкрываю для сябе шмат цікавага.
— Пра што будзе ваш праект?
— Мне хацелася б паказаць тое, як жывуць людзі ў вашай краіне. Для большасці французаў Беларусь, Мінск — гэта цалкам невядомая постсавецкая тэрыторыя, пра якую існуе шмат міфаў. Мне карціць іх развянчаць. Я ў Мінску ўжо ў трэці раз і даўно марыла патрапіць у дамы беларусаў. І вось я ўбачыла ўжо некалькі кватэр. Так, сярод іх былі такія, у якіх абстаноўка яшчэ захоўвае сляды савецкага часу. Але была і ў доме, што выглядае абсалютна як карцінка ў сучасным архітэктурным часопісе. Плошча — 100 метраў квадратных, дзіцячы пакой — крама цацак, неверагодная кухня, нібы з рэкламы… Гэта ўсё надзвычай цікава! Я як дзіця адкрываю для сябе свет. Яшчэ мяне ўразіла, што ўлетку вашы жанчыны любяць апранацца ў адзенне з кветкамі. Спыняю і фатаграфую амаль кожную. Такога ў Парыжы не ўбачыш.
— Дзякуй за шчырасць. Франсуаза, напрыканцы мне хочацца задаць вам такое пытанне. Вы аб’ездзілі амаль увесь свет. Усё ж такі ў якім месцы пачуваліся найбольш камфортна, амаль як дома? Падкрэслю, што не напрошваюся на камплімент.
— Я вас зразумела. Хочацца працягнуць вашу думку нават так — дзе я хацела б пайсці з жыцця? (Усміхаецца.) Ведаеце, аднойчы мне ўдалося пабываць на могілках інуітаў (этнічная група карэнных народаў Поўначы. — Д.А.). Гэта незвычайнае месца — навокал знаходзяцца рэшткі кітоў. У полі сярод кітовых хрыбтоў я пачувалася проста неверагодна і падумала пра тое, што, напэўна, вось тут і хацела б застацца ці нават сысці ў іншы свет. У маіх вушах гучала малійская музыка, плюс да ўсяго, калі мы там былі, пайшоў снег. Але маю ідылію перарваў вядомы ўжо вам перакладчык Валодзя. “Франсуаза, трэба заканчваць. Давай вяртацца!” — перспектыва застацца на могілках інуітаў яго зусім не прываблівала. І нам
прыйшлося вярнуцца. Ды, напэўна, варта ўзгадаць Малі, дзе я жыла ў доме на беразе рэчкі Нігер. Мне падавалася, што духі той рэчкі размаўляюць са мной. У рэлігійным плане я чалавек блізкі да паганцаў, анімістаў, таму мне з тымі духамі было вельмі камфортна.
Аўтар выказвае падзяку ў падрыхтоўцы матэрыялу каардынатару культурных мерапрыемстваў Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Іне Мацыенка.