На жаль, я свядома пачаў ставіцца да свайго бацькі як да дзеяча культуры і мастацтва ўжо ў той час, калі ён моцна хварэў. Яго выразны бас нават у простай размове гучаў на ўсю кватэру, але ў маленстве я ўспрымаў тое як дадзенасць: маўляў, бацька — ён і па голасе бацька, адразу чуваць. А калі яму пашчасціла ўдзельнічаць у запісе гімна Рэспублікі Беларусь, гэта стала і часткай нашага патрыятычнага выхавання. Як толькі гімн гучаў па тэлевізары, тата адразу, нават за святочным навагоднім сталом, звяртаў увагу: тут ёсць і мой голас — услухайцеся. Гэта заўжды вымаўлялася з такім гонарам і радасцю, што на ўзроўні падсвядомасці фарміравала ў нас, яго сыноў, слушную думку: лёс краіны складаецца з галасоў кожнага.
З дзяцінства я ведаў, што мой тата гастраляваў па ўсёй Еўропе, багата выступаў у Германіі ды Іспаніі. Пабываў ён і ў Бразіліі. І толькі праз шмат гадоў пасля тых лацінаамерыканскіх гастроляў я пачуў пра жахлівую гісторыю, якая там здарылася: з гатэльнага нумару ў яго скралі пашпарт і ўсе грошы. Скончылася ўсё шчасліва, пазней ён і сам узгадваў той выпадак з гумарам. Але можна толькі ўявіць, які шок ён тады перажыў — а трэба ж было выходзіць на сцэну і як ні ў чым не бывала спяваць!
Завяршыўшы вакальную кар’еру, ён, вядома, быў засмучаны. Вельмі перажываў, хваляваўся. Але заставаўся нашым бацькам — і гэтая “пасада” была для яго не менш значнай, чым оперная сцэна. Ён быў таленавітым ва ўсім. І ў справе бацькоўства — таксама.
У малодшых класах я спрабаваў пісаць вершы. У школе ведалі пра маё захапленне і аднойчы папрасілі скласці верш да ўроку рускай літаратуры. А ў мяне штосьці ніяк не атрымлівалася: сачыняць “на заказ” заўжды цяжэй. І я звярнуўся да таты па дапамогу. Ён сеў насупраць, мы пачалі абмяркоўваць верш. Бацька літаральна сыпаў рыфмамі, яны знаходзіліся на кожную выказаную мной думку! Тлумачыў, што і як можна палепшыць, якія мастацкія прыёмы выкарыстаць. І ўсё з такой лёгкасцю, быццам не патрэбна яму ніякае натхненне, быццам ён усё жыццё толькі і рабіў, што размаўляў вершамі.
А яшчэ бацька добра маляваў. На жаль, я не заспеў той перыяд у яго жыцці, калі ён займаўся гэтым больш шчыльна. Але ў нас захоўваюцца даволі сур’ёзныя карціны — алеем на палотнах. Ягоная сястра Зінаіда распавядала, што ў школе ў яе былі праблемы з маляваннем. А Мішка, як яна ласкава яго называла, дапамагаў ёй з хатнімі заданнямі, каб адзнака атрымалася вышэйшай. Дый калі я сам захапіўся графіці, прыходзіў да яго — і ён падтрымліваў мяне ў гэтым.
Са звычайнымі школьнымі праблемамі — таксама: з чым ні звярнуся, заўжды дапамагаў. Не зважаў на тое, колькі часу ў яго гэта зойме, колькі старонак розных даведнікаў або слоўнікаў яму давядзецца прагартаць. Здаралася, я разумеў, што хутка мне дапамагчы ў яго ўжо не атрымаецца (ну не можа гуманітарый ведаць тую ж фізіку-хімію на ўзроўні спецыялістаў), але ўсё роўна да яго звяртаўся. Бо быў на 100, 200 адсоткаў упэўнены, што пасля ягоных тлумачэнняў усё зразумею і зраблю правільна.
Увогуле, да кніг, прычым самых розных, ад навуковых да мастацкіх — у яго была асаблівая цяга. У свой час многія куплялі розныя выданні “для інтэр’еру”. Падбіралі іх па колеры і памеры — для прыгажосці і “статусу”. А ён збіраў бібліятэку таму, што ўсім гэтым цікавіўся, чытаў і перачытваў. З веласіпедных вандровак па горадзе часам вяртаўся з цэлымі стосамі кніг — новых і пашарпаных. Маці нават злавалася: няма ўжо куды іх падзець, уся кватэра застаўленая, а цэлы свет між тым пераходзіць на “лічбу” і інтэрнэт. Але ён больш давяраў традыцыйным папяровым носьбітам, якія можна памацаць, патрымаць у руках. І калі мы з братамі заседжваліся ўвечары за камп’ютарам, палохаў нас, каб хутчэй адправіць у ложкі, запалкавай скрыначкай, у якой быццам сядзіць вялізны страшэнны павук. Павука мы, зразумела, так ніколі і не ўбачылі, а вось да дысцыпліны — прывучыліся.
Дарэчы, у бібліятэцы бацькі былі не толькі кнігі, але і газетна-часопісныя публікацыі — сапраўдны архіў. Прычым не толькі пра музыку — пра ўсё, што магло яго зацікавіць. А цікавіла яго многае — ад медыцыны і літаратуры да нашых школьных грамат і дзіцячых малюнкаў.
Без справы ён сядзець не мог. Па завяршэнні спеўнай кар’еры браўся за любую работу. Памятаю, працаваў у Лядовым палацы, і мы з братам прыязджалі да яго пакатацца на каньках. Неяк уладкаваўся ахоўнікам на складзе за горадам, і мы ўдваіх праводзілі там выхадныя. Акрамя нас, больш нікога няма — адчуванне, быццам мы адны ва ўсім свеце, у цэлым космасе. Смажылі сасіскі на вогнішчы, размаўлялі, а ўвечары мама забірала мяне дадому.
Увогуле, ён заўсёды браў нас з сабою. У яго было асаблівае імкненне навучыць нас усяму таму, што ўмее сам. Паказваў — а потым мы працягвалі рабіць самі. Так я штогод пад яго пільным кантролем наладжваў веласіпед. Сваякам, сябрам, суседзям — бацька дапамагаў усім. Калі ж раптам даведваўся, што на дапамогу яго чамусьці не паклікалі, мог і пакрыўдзіцца, разнервавацца.
Няма чаго здзіўляцца, што менавіта ён узваліў на сябе грамадскія абавязкі “старэйшага па пад’ездзе”. З разнастайнымі просьбамі, за парадамі да яго працягвалі прыходзіць нават тады, калі ён ужо цяжка хварэў.
Усе пусткі вакол нашай шматпавярхоўкі ён засадзіў дрэўцамі і кустоўем. Бэз, глог, жасмін, абляпіха, вішня, сліва, акацыя, яблынькі-ранеткі, мальвы — ну проста батанічны сад! Літаральна да апошніх дзён, пакуль канчаткова не злёг, высаджваў штосьці новае і рупліва даглядаў: паліваў, падразаў, ваяваў з дворнікамі, якія часцяком імкнуліся скасіць-спілаваць або засыпаць саджанцы соллю ды пяском па самыя вярхі.
Характар у яго быў, як кажуць у такіх выпадках, яшчэ той — дастаткова складаны. Нікому асабліва не давяраў — заўжды правяраў. Ніколі не баяўся сказаць, што думае. І казаў гэта без аніякіх “рэверансаў”, абмовак — наўпрост “у лоб”. Каму ж гэта спадабаецца? Часам і мы на яго дзьмуліся — не без гэтага.
Аднойчы на пытанне, што галоўнае ў жыцці, адзін мудры чалавек адказаў: само жыццё. Напоўніцу сэнс гэтых словаў я ўцяміў тым страшным ранкам, калі пачуў голас маці: “Здаецца, тата памёр”. Брат імгненна ўскочыў з ложка, я ж застаўся ляжаць бы паралізаваны. Бо зразумеў, што ўжо ніяк не змагу дапамагчы. Не змагу запытацца пра нешта самае-самае важнае — а не пра хатнія заданні ў школе. І не змагу сказаць яму, як мы ўсе яго любім…
Аляксандр КАЧАНОЎСКІ,
вучань 11 “В” класа
сярэдняй школы
№ 24 г. Мінска