— Я афармляю кнігі сыходзячы са сваіх асабістых перакананняў. Для мяне гэта важна. Думаю, што і яшчэ для кагосьці таксама. У той жа Польшчы ці Літве паліцы кнігарняў вельмі моцна адрозніваюцца ад беларускіх, і выданняў на роднай мове там непараўнальна болей. Ад гэтага становіцца вельмі крыўдна. Таму я вырашыла нешта зрабіць для беларускай дзіцячай кнігі.
— Як звычайна адбываецца ў рабоце ілюстратара: спачатку прапанова, а потым малюнкі, ці наадварот - ствараецца ўласны праект, а потым яго прапаноўваюць выдавецтвам?
— Думаю, што другі варыянт больш распаўсюджаны. Пасля заканчэння акадэміі пра ілюстрацыю я ведала ўсё, а вось як звесці ў адзінае цэлае розныя элементы, каб кніжка стала жывым арганізмам, не разумела. Так пачаліся мае пошукі аднадумцаў. Першае выдавецтва, у якое я патрапіла — гэта “Галіяфы”, там зрабіла “Сем ружаў” і “Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса”. Далей пачалося супрацоўніцтва з выдавецтвам “Кнігазбор”. Цяпер у маім актыве сем аформленых кніжак, хутка з’явіцца восьмая. Я аддаю перавагу рабоце з ілюстрацыяй, калі ўжо вызначаны выдавецтва, фармат ды іншыя падрабязнасці.
— Новая кніжка будзе пра Мешу, персанажа беларускай міфалогіі. Як з’явілася гэтая гісторыя?
— Усё пачалося з “Сямі ружаў”, за якую я, дарэчы, атрымала першую Прэмію Цёткі ў намінацыі “Найлепшае мастацкае афармленне”. Для аднаго з малюнкаў прыдумала невялікага персанажыка, які дзецям моцна палюбіўся. Тады Надзя Ясмінская вырашыла напісаць асобную казку пра гэтую колкую пачварку і зрабіла яе героем беларускай міфалогіі Мешам. Ён з’яўляецца дзе заўгодна ў выглядзе чорнага калматага ці то ката, ці то сабакі. Вялікай бяды не прыносіць, але можа крыху нашкодзіць ці напалохаць. Спачатку ён быў белы і пушысты, а потым стаў чорны і калючы. Вось ад гэтага я і адштурхоўвалася, калі яго прыдумляла. Атрымалася гэткая кніжка-малюнак для маленькіх дзяцей пра тое, чаму Меша стаў такім шкадлівым. Усяго 14 разваротаў, намаляваных у маёй звычайнай тэхніцы — я працую тэмперай або тушшу. Ёсць малюнкі на белай паперы, ёсць і на чорнай — так трэба было па сюжэце.
— Ці здольная дзіцячая кніжка ўвабраць у сябе ўсе вашы творчыя пошукі?
— Так. Для мяне гэта вельмі ўрадлівая глеба. Ілюстрацыя з’яўляецца сапраўдным мастацтвам — вядома, калі гутарка не пра нейкія малюнкі, спампаваныя з Інтэрнэту і рандомна ўстаўленыя ў кніжны арганізм.
— Як зразумець, што малюнкі будуць цікавыя дзецям?
— Усе дзеці розныя, і не бывае, каб усім ім было цікава адно і тое ж. Асабіста я арыентуюся на тыя кнігі, якія мне самой падабаліся ў дзяцінстве. Добра памятаю кніжкі з малюнкамі Валерыя Славука, Мікалая Селешчука, “Папялушку”, якую аформіў Эрык Булатаў. Я радавалася ад таго, што яны ў мяне ёсць. Таму я і сабе стаўлю задачу прынесці такую радасць іншым.
— А якім чынам уплывае на вас творчасць любімых мастакоў-ілюстратараў?
— Яна мяне вельмі натхняе. Ёсць дрэнная зайздрасць, а ёсць добрая. Дрэнная — калі ты хочаш, каб таго, што бачыш, не было. А добрая — калі глядзіш і думаеш: як гэта класна, а ты ж нічога такога не зрабіў. Трэба зрабіць!
— А у вас ёсць знаёмыя дзеці, з якімі можна паразмаўляць пра кніжкі?
— Так, пляменніцы мужа. Яны заўсёды чакаюць, калі я прывязу ім сваю новую кніжку. Вось толькі беларускай мовы не ведаюць, бо жывуць у Галандыі. Таму проста разглядаюць малюнкі і задаюць шмат пытанняў. З дзецьмі вельмі цікава размаўляць, яны робяць важныя заўвагі.
— Ці спадабалася ім ваша апошняя кніжка “Пітэр Пэн”, якая выйшла мінулай зімою?
— Вельмі спадабалася. Хаця гэта быў цяжкі досвед для мяне. Толькі на першы позірк здаецца, быццам гісторыю пра Пітэра Пэна ілюстраваць вельмі лёгка, бо ў ёй і піраты, і русалкі, і індзейцы. А пазней усведамляеш, што тэкст не нараджае ніякіх вобразаў. Эскізы я рабіла месяцы два. Гэта быў час поўнай незадаволенасці сабой. Спрабуеш рабіць так, як ужо прызвычаілася, а нічога не атрымліваецца. Часам у тэксце ўвогуле не было за што зачапіцца, тады я сама пачынала прыдумляць. Як, напрыклад, у раздзеле, у якім дзеці ляцяць над морам. Я яго перачытала па радках некалькі разоў, а потым падумала: вось, яны ляцяць над морам, а там рыбакі. Значыць, я пакажу палёт дзяцей іх вачамі. Нібы яны глядзяць і самі ўзгадваюць, як лёталі ў Неверляндыю.
Таксама шукала ў тэксце цікавыя выразы, каб з іх зрабіць усю ілюстрацыю. Так, Пітэр Пэн тлумачыць, адкуль у Неверляндыі з’яўляюцца згубленыя хлопчыкі. Ён кажа, што гэта малечы, якія вываліліся з калясачак, калі іх нянькі глядзелі ў іншы бок. У кніжцы ёсць такая ілюстрацыя. А ёсць і крыху сюррэалістычныя, бо ў кожнага Неверляндыя свая. У старэйшага Джона гэта была сажалка, над якой лёталі фламінга. А ў малодшага — фламінга, над якім ляталі сажалкі.
— У вашым дзяцінстве была кніжка “Пітэр Пэн”?
— Не было. Але я глядзела мульцік і мастацкі фільм.
— Ці складана пазбавіцца ад ужо ўбачаных вобразаў, калі працуеш над вядомай усім казкай, якую неаднойчы афармлялі іншыя знакамітыя мастакі?
— У маёй свядомасці яны і не ўсплываюць. Калі я чытаю тэкст, то канцэнтруюся толькі на ўласных думках, і вобразы з’яўляюцца выключна свае.
— Акрамя выхаду новых кніжак, у вашым творчым жыцці адбыліся іншыя значныя падзеі, а менавіта ўдзел у Міжнароднай біенале ілюстрацыі ў Браціславе і Шанхайскім міжнародным фестывалі дзіцячай кнігі.
— Для ілюстратара ўдзел у такіх конкурсах — адзіны спосаб выйсці з ценю. Важна патрапіць хаця б у каталог, а ў фінал прайсці з сотні тысяч чалавек — неверагодная удача. Таму калі я падаю заяўкі на гэтыя конкурсы, то нічога ад іх і не чакаю. Гэта больш для ачысткі сумлення: маўляў, раблю ўсё, што магу. Але сёлета ў Шанхаі я прайшла ў спіс 50 фіналістаў з ілюстрацыямі для кніжкі “Скрозь люстрэка і што ўбачыла там Аліса”. Гэта быў вялікі прыемны сюрпрыз! Адразу з’явіліся і новыя знаёмствы, і новыя замежныя заказчыкі.
А на Міжнародную біенале дзіцячай кнігі ў Браціславе можна падаваць заяўку толькі з надрукаванай кнігай. Я даслала “Снежнага чалавека ў Мінску” і патрапіла на выставу. Месяц мае работы знаходзіліся ў нацыянальным музеі ў Браціславе. Прыемна было прадставіць там Беларусь. Я ведаю, што Павел Татарнікаў некалі атрымаў у Браціславе “Залаты яблык”, Валерый Славук удзельнічаў у біенале, а вось апошнія некалькі гадоў я не чула пра мастакоў з Беларусі. Да таго ж, у нас вельмі мала цяпер выпускаецца кніжак-малюнкаў, а гэта самы папулярны еўрапейскі фармат дзіцячай кнігі.
— Ці можна казаць пра моду ў адносінах да ілюстрацыі?
— Так, ёсць пэўная стылістыка, вельмі папулярная сёння. Крыху плоскасная, дэкаратыўная і калажная. Ёсць такая львоўская студыя Agrafka, і гэта цяпер мэйнстрым, яе работы бяруць усе прызавыя месцы на конкурсах. Шмат хто нешта робіць у такой самай манеры. Але гэта не тое, што я хацела б, рабіць. Зрэшты, няхай усе будуць рознымі.
— А калі не працаваць у мэйнстрыме, якія шансы апублікаваць свае кнігі?
— Нават калі працаваць у мэйнстрыме шансаў вельмі мала. Нікому ты асабліва і не патрэбны. Ні тут, ні там — гэта натуральна. І не трэба сябе суцяшаць, што некалі прыйдзе натоўп выдаўцоў і будзе прасіць нешта зрабіць. Трэба самому шукаць, дзе сябе прымяніць, і рабіць добрыя ілюстрацыі. Тады яны атрымаюць належную ўвагу, няхай нават і не адразу. Гатовы праект сам на сябе працуе, ён пачынае жыць сваім жыццём. На гэта і варта спадзявацца, але… не чакаць цуда.
— Значыць, трэба проста працаваць?
— Так усе мастакі кажуць. Безумоўна, ёсць магчымасць патрапіць у патрэбнае месца ў патрэбны час, толькі ў мяне ўсё інакш. Я ніколі нікуды не трапляю, мне даводзіцца вельмі шмат працаваць, каб кудысьці ўпіхнуцца.
— Як бы вы параілі выбіраць дзіцячыя кніжкі?
— Людзі розныя, густы таксама. Нельга дыктаваць чалавеку, што яму трэба купляць. Толькі няхай ён купляе розныя кніжкі. Не трэба думаць, нібы ружовы кардонны заяц — гэта мяжа мараў кожнага дзіцяці. У Галандыі малечу пачынаючы з дзіцячага садку водзяць у музей сучаснага мастацтва і імкнуцца на даступнай мове патлумачыць, чаму ўсе гэтыя творы там знаходзяцца. Трэба спрабаваць глядзець на свет крыху шырэй і не адхіляць адразу ўсё, што ўяўляецца незвычайным ці няправільным.