Сябры зайшлі ў памяшканне і ўбачылі на сценах карціны незвычайнай прыгажосці, якія моцна ўразілі ўяўнай прастатой, арыгінальнасцю і ашаламляльнай пластыкай. Усе творы былі напісаны на чорнай цыраце. Немудрагелістыя сюжэты, знаёмыя кожнаму тыфлісцу: мажны грузін з вачыма, падобнымі на слівы, ветліва ўзняў рог з віном; паляўнічы ў чырвонай кашулі і чорнай чосе са стрэльбай; старэча-пустэльнік укленчыў перад іконай Святога Георгія; пастух у чорнай бурцы з кінжалам за поясам, доўгім кіем у руцэ і люлькай у зубах; шчаслівы ўладальнік карчмы ў вінаграднай альтанцы і ягоны брат з рогам у руках; партрэты царыцы Тамары, Шата Руставелі, Іраклія ІІ...
Хлопцы тут жа пажадалі ўбачыць аўтара гэтых карцін, запыталіся, дзе яго можна знайсці. Як, вы не ведаеце нашага “маляра Ніка”? Дзіўна, яго ўсе ведаюць, а вы — не! Мо нетутэйшыя? Ды вось ён тут, гэты дзівак, бадзяга і няўдачнік, Ніка Пірасмані, зусім блізка, на вуліцы Малаканскай, “робіць картачкі” — распісвае краму...
Адшукалі мастака. Ён якраз заканчваў шыльду “Малочная”. Як узгадвае К.Зданевіч, “ля белай сцяны стаяў мастак у падраным чорным пінжаку і мяккім фетравым капелюшы, высокага росту, спакойны і незалежны, але з нейкай затоенай горыччу...”
Сябры запрасілі Ніка ў карчму, пачаставалі віном і падрабязна распыталі пра тое, адкуль ён родам, як стаў мастаком, як піша свае шэдэўры...
Можна сказаць, што браты Зданевічы (Міхаіл Ле-Данцю, камандуючы палком, неўзабаве загінуў на фронце Першай сусветнай вайны) сталі першаадкрывальнікамі унікальнага таленту Пірасманашвілі і з першага дня знаёмства з мастаком настойліва прапагандавалі па ўсім свеце ягоныя творы. І, магчыма, дзякуючы гэтым энтузіястам, імя Ніка сёння па заслугах займае залатую нішу ў першым шэрагу слынных мастакоў ХХ стагоддзя.
Па ўскоснай аналогіі, яго звычайна параўноўваюць з французскім “мытнікам” Анры Русо. У прынцыпе, гэтае параўнанне заканамернае: абодва былі яркімі прадстаўнікамі прымітыўнага, інсітнага жывапісу, галоўны прынцып якога — шчырасць і абсалютная свабода ад усялякіх догмаў і правілаў прафесійнага мастацтва. Менавіта такія народныя мастакі прымусілі грамадства прызнаць самакаштоўнасць іх погляду на свет як на адну з асноваўтваральных форм нацыянальнай культуры.
Праўда, у сэнсе прыжыццёвай славы і матэрыяльнага дабрабыту французу пашанцавала ў сто разоў больш, чым грузінскаму самародку з Усходняй Кахеціі, які скончыў сваё нядоўгае жыццё ў жабрацтве і бясслаўнасці...
Ён нарадзіўся ў вёсцы Мірзаані. Кажуць, што гэта адбылося 5 мая 1862 года. Чаму — “кажуць”? Ды таму, што ніякіх дакументаў на гэты конт (пасведчання аб нараджэнні, запісу ў царкоўнай кнізе) не захавалася. Гэтая дата — з не вельмі ўцямных слоў самога Ніка і некаторых яго сучаснікаў. Фігуруюць і іншыя гады нараджэння — ад 1851 да 1867! Ды і разнабой у напісанні прозвішча часта выклікае неўразуменне. Па-рознаму яго называлі: то Пірасманашвілі, то Пірасманішвілі, то Пірасмані ці Пірасмана, то проста Пірасман. Ды і карціны ён падпісваў па-рознаму. Часцей за ўсё ўжываў грузінска- ці рускамоўную форму — Пірасманашвілі; “швілі” падобнае на рускія “-ов”, “-ский”, “-ин” (“швілі” па-грузінску — “дзіця”), інакш кажучы — сын бацькі Пірасмані.Н.Пірасманашвілі. “Жанчына з куфлем піва”. |
... Бацька будучага мастака, вінаградар Аслан, хутка разарыўся, пакінуў родную вёску і з сям’ёй пераехаў у сяло Шулаверы, за 50 км ад Тыфліса, дзе наняўся даглядчыкам вінаграднікаў у багаты маёнтак Калантаравых. Усё ішло добра, пакуль не здарылася няшчасце: адзін за адным паміраюць 15-гадовы брат Ніка — Георгій, бацька Аслан, маці Тэкле. Ніка і дзве ягоныя старэйшыя сястры засталіся сіротамі. Неўзабаве абедзве сястры вярнуліся на радзіму, а Ніка запрасіла да сябе добрая сям’я Калантаравых. Зрэшты, шмат версій таксама існуе і наконт сямейнай драмы Пірасманашвілі.
Карацей кажучы, гадоў у 12 Ніка з Калантаравымі трапіў у Тыфліс, які і стаў другой радзімай мастака да канца ягонага жыцця. Тут яму было добра. Тут ён пачаў маляваць, навучыўся чытаць і пісаць, засвоіў русскую мову — і так да 20 гадоў. Магчыма, яму надакучыла быць “нахлебнікам” у сям’і Калантаравых, і ён, наіўны, бездапаможны, даверлівы, чысты душой, але ганарлівы, вырашыў вырвацца на “волю”, каб самастойна зарабляць на хлеб. І разам з таварышам адкрыў жывапісную майстэрню па вырабе маляўнічых шыльдаў. Арандавалі сціплае памяшканне, прымацавалі рэкламу. Але, на жаль, заказаў не было, і прадпрыемства таксама хутка не стала.
Што было рабіць? Куды ісці? І вясной 1890 года “Нікалай Пірасманашвілі” (так пазначана ў фірменным бланку Упраўлення таварыства Закаўказскай чыгункі) уладкаваўся на пасаду тармазнога кандуктара таварных вагонаў за 15 рублёў у месяц. Працаваў абы-як, пастаянна хварэў, штрафаваўся за “спазненні”, “нез’яўленне да цягніка”, “непаслушэнства начальству” і г. д. Словам, праз тры гады звольніўся і зноў стаў беспрацоўным — без дому, без сям’і, без становішча ў грамадстве. А яму ўжо ішоў 32-гі год.
“Мо гандлем заняцца?” — вырашыў ён і, выкарыстоўваючы выхадную дапамогу, зняў сціплае памяшканне, упрыгожыў яго шыльдай з адлюстраваннем кароў і стаў гандляваць малаком, мацоні, сырам і маслам. І, дзякаваць Богу, справа закруцілася, ды так паспяхова, што Ніка ўзяў сабе ў памочнікі кампаньёна і прыказчыка.
Але — зноў няўдача: праз некалькі гадоў ён разарыўся, і ніколі ўжо не станавіўся на ногі. Што адбылося дакладна — невядома. Аднак у памяці нашчадкаў на гэты конт захавалася рамантычная легенда.
Н. Пірасманашвілі. “Асліны мост”. |
Цягам часу гэтая гісторыя набыла папулярнасць і стала асновай верша Андрэя Вазнясенскага, пакладзенага на музыку Раймандам Паўлсам. І вось ужо больш за 20 гадоў гучыць легенда ў песні Алы Пугачовай “Миллион алых роз”. Аднак вядома, што сам Ніка колерам кахання называў белы. І створаны ім у сваёй праўдзівай прастаце, напісаны алеем на цыраце партрэт Маргарыты — гэта дыялог белага з колерамі надзеі і жыцця. Актрыса — уся ў белым, плечы яе — снежна-белыя, кветкі ў руках — таксама белыя. І стаіць яна, раскінуўшы рукі, у гэтых паласатых панчохах і з дзіўным падолам да каленяў, з брыжамі вакол грудзей, — чакае вянчання? І ўсё гэта — на фоне густа ультрамарынавага неба і цёмнай зеляніны зямлі. І бязгрэшная дзяўчына такая пранізліва чыстая і прыгожая, што нават птушкі не баяцца кранаць яе сваімі крыламі.
Гэтай карціны няма на выстаўцы жывапісу Ніка Пірасманашвілі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Але аблічча Марго (тып твару ж грузінскі!) угадваецца ў жаночых вобразах іншых карцін мастака, прадстаўленых у цудоўнай экспазіцыі.
Праўда, пісьменнік Канстанцін Паустоўскі, які шмат пісаў пра жывапісца, лічыў гэтую спявачку нікчэмнай актрысай, “рыжай, грубай і сквапнай жанчынай, што здзеквалася з Пірасмані. Яна зневажала яго і лічыла ідыётам”. Але тут, як кажуць, колькі людзей, столькі і меркаванняў...
У нарысе “Святло ў лесе” (1934) пісьменнік Віктар Шклоўскі распавядаў, як Ніка прадаў краму і на гэтыя грошы скупіў усе кветкі ў Тыфлісе і пад Тыфлісам і заваліў імі ўсю вуліцу перад гасцініцай, дзе спынілася Маргарыта, а сам накіраваўся з сябрамі-сабутэльнікамі баляваць. У разгар балявання атрымаў ад яе запіску: “Прыходзьце сёння ўвечары”. Але куды там: мастаку ўжо было, мякка кажучы, не да яе...
Што ж было на самой справе — невядома. Сапраўдных фактаў на гэты конт — аніякіх, хоць Маргарыта насамрэч існавала, і мастак у 1909 годзе напісаў карціну “Актрыса Маргарыта”— адзін з лепшых сваіх твораў.
Але пакінем убаку гэтыя былі-небыліцы і працягнем расповед пра далейшы горкі лёс Ніка. Думаю, што ў любым выпадку Пірасманашвілі доўга не пратрымаўся б у гандлёвым бізнесе. Па ўспамінах, ён быў “пабіты градам”, з “мазгамі набакір” і “сямю пятніцамі на тыдні”, а ягоных малюнкаў нават “дзеці палохаліся”. Характар у яго быў супярэчлівы і неўраўнаважаны.
Адны памяталі яго гаваркім дабраком, другія — замкнёным, маўклівым, асабліва пасля загулаў; трэція — даверлівым, як дзіця; чацвёртыя — падазроным і злым. Відаць, усё гэта ў ім арганічна спалучалася.
Піць ён пачаў, калі працаваў у краме. Раніцай забіраў грошы з касы і знікаў да ночы ці да наступнай раніцы. Тады ў Тыфлісе было дзе разгарнуцца: больш за 150 шынкоў, 200 вінных скляпоў, 200 духанаў, процьма так званых садоў (паміж дамамі — столікі пад акацыямі, на століках — таннае віно, прапахлае дзёгцем ад бурдзюка, простая закуска — лобіа, а наўкола — гукі зурны ці катрынкі). Ніякай жыццёвай ітусні — адно толькі радасць ад чалавечых зносін, вясялосць, тосты, шматгалосыя спевы. Але было шмат “садоў” і багацейшых — вось якраз іх і любіў адлюстроўваць Ніка, бо яны давалі волю ягонай неўтаймоўнай фантазіі.
Так альбо інакш, але Ніка неўзабаве стаў проста бадзягам з пэндзлямі і фарбамі ў руках.
Барыс КРЭПАК