Нататкі вандроўніка
— Першы мой візіт у Беларусь адбыўся ў 2001 годзе. На той момант амаль немагчыма было знайсці інфармацыю пра вашу краіну, ні ў друкаваных выданнях, ні ў інтэрнэт-крыніцах. Пасля трох-чатырох наведванняў зразумеў: буду прыязджаць у Беларусь часта. І нават усвядоміў жаданне напісаць кнігу пра вашу краіну. Брытанскае выдавецтва “Bradt” заключыла са мною кантракт, палегчыўшы задачу: “накідала” план у шасці старонках. За час працы я наведаў усе абласныя гарады (усяго прыязджаў дзесьці трыццаць разоў у краіну), займеў багата сяброў і знаёмых, якія дапамагалі з інфармацыяй. Канешне, карыстаўся і інтэрнэтам — шукаў кантакты, іншыя даныя. Наогул, перад тым, як я прыязджаю ў краіну, заўжды пытаюся ў сваіх знаёмых, ці з’явіліся новыя музеі, рэстараны, іншыя новыя месцы. Нарэшце, ёсць жа і спіс культурных устаноў, якія павінен наведаць турыст.
Першая кніга была выпушчана ў 2008 годзе, і на яе напісанне спатрэбілася два гады, другое выданне — у 2011. І ўсе даведнікі прададзены: 12 тысяч чалавек зацікаўлены Беларуссю. Не ставіў перад сабою мэту апісаць убачанае цалкам, бо мне спатрэбілася б каля 20 гадоў. Многія пісалі, што пасля таго, як набылі даведнік, наведалі Беларусь і хочуць сюды вярнуцца. Тым не менш, мая надзея на прыцягненне турыстаў у вашу краіну яшчэ актуальная.
Прыхаваныя механізмы
— Прыязджаў дадому ў час працы над кнігай я дзесьці а 19-й, да 21-й праводзіў час з дзецьмі, а потым садзіўся і пісаў да глыбокай ночы, а 7-й раніцы ўставаў і збіраўся на працу — такі вось працэс. Я ўпэўнены: калі чалавек знайшоў штосьці вельмі блізкае сэрцу, заўсёды на гэта будзе знаходзіцца час і сілы. Мае дзеці таксама падзяляюць са мной любоў да вашай краіны. Дачцэ зараз 24 гады, а ў 19 гадоў яна прыехала самастойна ў Беларусь на 6 тыдняў. Сын, якому дваццаць, яшчэ не прыязджаў, але зараз ён спрабуе стварыць праект, які змог бы ўсталяваць сувязі паміж універсітэтам, у якім ён вучыцца, і беларускімі ВНУ.
Веткаўскія сустрэчы
— Пазнаёміўся з дырэктарам Веткаўскага музея стараверства і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава Галінай Нячаевай, якая хацела мне падараваць Біблію. Аднойчы яна папрасіла заплюшчыць вочы і адпаведным чынам скласці далоні. Затым я адчуў у сваіх руках Біблію. “Гэта — для цябе”, — сказала мне спадарыня Галіна…
— Ведаеце, Ветка — мой дом. І кожны раз, калі прыязджаю туды, заходжу ў краму і бачу Валерыя — гаспадара. Ён заўсёды мне ўсміхаецца і абдымае, як мішка Тэдзі. Потым кліча сваіх сяброў, каб усе мяне сустрэлі. Затым разам п’ем піва і ядзім сушаную рыбу. Праўда, за ўвесь час зносін я разумею толькі 5 % гутаркі, але калі побач сапраўдны сябра, гэта ўжо не важна.
Прабелы і праблемы
— Чаму Беларусі цяжка прыцягваць турыстаў? Мне здаецца, галоўная праблема заключаецца ў тым, што прадстаўнікі заходніх СМІ нярэдка негатыўна ставяцца да краіны. Мая задача заключаецца ў тым, каб змяніць іх меркаванне, іншымі словамі, змяніць прадстаўленне пра Беларусь. Але гэта вельмі складаная задача для аднаго чалавека. Другая праблема тычыцца атрымання віз. І добра, што з’явілася магчымасць прыязджаць без іх на некалькі дзён. Трэцяя праблема — недаступнасць танных пералётаў. Напрыклад, ёсць бюджэтны спосаб прыляцець з Лондана ў Вільнюс, а потым даехаць поездам у Мінск. Добра, каб з’явіліся рэйсы бюджэтных авіякампаній наўпрост у Мінск (напрыклад, з таго ж Лондана).
Краіна ў адным сімвале
— На працягу некалькіх гадоў супрацоўнічаю з Міністэрствам спорту і турызму, а таксама з Нацыянальным агенцтвам па турызме. Мы спрабуем пабудаваць “мост” паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, у якім бы з’явілася цікавасць, скажам, да яўрэйскай гісторыі вашай краіны, што, думаю, можа быць адным з перспектыўных напрамкаў у развіцці турызму. Трэба знайсці і распрацаваць пэўную стратэгію. На маю думку, варта стварыць лагатып, які падсумуе ўсё тое, што мае ваша краіна. Будзе памылкай узяць за аснову толькі савецкае і ваенную тэму. Да ўсяго, прыдумаць запамінальны слоган, пэўны “мэсідж”, які будзе “працаваць” на імідж Беларусі. Увогуле варта распаўсюджваць за мяжой (у розных месцах) брашуры, улёткі са славутасцямі.
Свабода і адкрытасць
— Што можна паглядзець турысту, які прыехаў на пяць дзён? У Мінску, мяркую, абавязкова трэба пабываць у Касцёле святых Сымона і Алены, Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведаць мой любімы парк Перамогі. Нядаўна завітаў у новы Музей мініяцюр “Краіна міні”, дзе ўбачыў маленькія макеты палацаў Міра, Нясвіжа, Румянцавых-Паскевічаў. Варта з’ездзіць у Хатынь. Людзі ў Амерыцы расказваюць, як ім было цяжка падчас Другой сусветнай вайны, але ў нікога няма ўсведамлення таго, наколькі гэта цяжка. Упэўнены, вы гэта лепш разумееце.
Думаю, варта прыязджаць у той час, калі можна пагуляць па горадзе, бо большасць славутасцяў знаходзяцца блізка адзін ад аднаго. У Вялікабрытаніі ёсць такое адчуванне, быццам бы будынкі “давяць” на мяне. Не вельмі камфортна. А ў Мінску адчуваецца свабода і адкрытасць.