Аляксандр Салаўёў. “Дрэва”.
Салаўёў — легендарная фігура ў гісторыі беларускага мастацтва. Ён — і прызнаны майстар сцэнаграфіі, які аформіў на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа больш за 130 спектакляў, і жывапісец-станкавіст, што стварыў свой экспрэсіўны індывідуальны стыль, і аўтар шматлікіх графічных серый. А сёння, з часавай дыстанцыі, Салаўёў паўстае адным з першых, хто забяспечыў у цяжкіх умовах “застою” савецкай мастацкай сістэмы другое прышэсце абстракцыі ў беларускае мастацтва 1960 — 1970-х, адным з тых, хто запусціў працэс “перазагрузкі” і прыйшоў да перадавой па тых часах мовы выказвання. А таму не будзе перабольшаннем меркаванне, што асоба і творчасць Салаўёва аказалі значны ўплыў на віцебскую мастацкую сітуацыю тых гадоў. Арыентаваны на авангардныя мастацкія тэндэнцыі, Сан Саныч, як яго называюць калегі і сябры, хоць і не выгадаваў вучняў ці паслядоўнікаў, аднак змог акумуляваць у Віцебску ідэі сучаснага мастацкага мыслення як у мастацтве сцэнічнай прасторы, так і ў жывапісе.
Інтуітыўны выбар на карысць абстрактнай выяўленчай мовы быў зроблены Салаўёвым на этапе атрымання мастацкай адукацыі. Пры паступленні ў 1959 годзе ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут будучы мастак аддаў перавагу тэатральна-дэкарацыйнаму жывапісу замест жывапісу станковага. Падзеі мастацкага жыцця ў далейшым, несумненна, умацавалі А. Салаўёва ва ўласным выбары. Бо тэатр даў магчымасць мастаку эксперыментаваць, шукаць новыя формы і рашэнні, даў магчымасць быць самім сабой, не аглядаючыся на ваганні ў мастацкім асяроддзі. Са слоў мастака, “не ён прыйшоў для тэатра, а тэатр для яго”.
Менавіта таму сцэнаграфія і жывапіс — дзве непадзельныя лініі творчасці Аляксандра Салаўёва. Пры аналізе яго работ у тэатры адзначаюць філасафічны характар ягонай сцэнаграфіі, увагу да сімволікі, колеру. Пры інтэрпрэтацыі станковай творчасці падкрэсліваюць умоўнасць, метафарычнасць, тэатралізацыю рэальнасці.
Невыпадкова выстава ў Нацыянальным мастацкім музеі, прымеркаваная да 90-годдзя майстра, атрымала назву “Рэальнасць без падабенства”. Таму што Салаўёву ўласцівае разуменне абстракцыі як мастацтва, звернутага і ў бок рэальнасці, і ў метафізічныя вымярэнні. Маляўнічыя пластычныя метамарфозы — гэта магчымасць выхаду ў іншую рэальнасць, свайго кшталту паэзію рэальнасці, у якой дзейнічаюць усе тыя законы, што і ў жыцці, але толькі выяўленыя мовай першародных форм і фарбаў, фактуры, экспрэсіі і рытмікі.
На першы погляд, працы мастака ўяўляюцца выключна абстрактнымі. Насамрэч у сваіх жывапісных эксперыментах ён ніколі не парывае з канкрэтыкай свету, трансфармуючы яе праз абстрактныя формы, выяўляючы ўтоеную сутнасць рэальных ландшафтаў, ствараючы нейкі знак, ёмісты пластычны матыў.
Убачанае, перажытае, “трафеі” старых успамінаў ператвараюцца ў партрэты-станы, каларыстычныя партытуры, якія ўяўляюць серыю назіранняў за рэальнасцю. Гэта свайго роду дзённікавыя “замалёўкі”, у якіх фіксуюцца праявы мінулага, сучаснага і будучыні. У непранікальнай густаце фарбавага замесу палотнаў усплываюць нібыта рэшткі рэальнасці, практычна цалкам раствораныя ў кангламераце шматразовага паўтарэння мазкоў. Гэта дэфармаваныя практычна да непазнавальнасці чалавечыя твары, жаночыя фігуры, птушкі, дрэвы, таямнічы і маляўнічы падводны свет.
Умоўная сувязь з рэальнасцю назіраецца ў рабоце “Імправізацыя” з цыкла “Фарбы зямлі” (2015), якая паглыбляе гледача ў фантастычны прыродны ландшафт, быццам спрасаваны квітнеючы сусветны сад, які нараджаецца на нашых вачах. “Метамарфозы” (2010) — драматычная і трагічная, з россыпам каліграфічных росчыркаў і таямнічых знакаў, нагадвае ваенныя падзеі, перажытыя мастаком, паказвае агульнае асяроддзе трагедыі.
Можа быць, гэта і ёсць сапраўдная рэальнасць? Рэальнасць, у якой акрамя падабенства ўзнікае яе Нябачнае, але такое жаданае для кожнага — каштоўнасць асабістага, суб’ектыўнага пражывання рэчаіснасці. І невыпадкова Аляксандр Салаўёў не лічыць сваю творчасць выключна абстрактным мастацтвам. Для яго жывапіс — самая сапраўдная рэальнасць, звязаная з унутранымі падзеямі “асабістага свету”.
Магутнае гучанне каляровай музыкі экспазіцыі не толькі адорвае гледачоў бясспрэчнай мастацкай энергіяй, але і апелюе да асацыятыўнай здольнасці чалавека чытаць тэкст “рэальнасці”, разлічваючы на свой інтэлектуальны і маральны вопыт.
На выставе паказана толькі невялікая частка са станковай мастацкай спадчыны Салаўёва, якая ўсё ж дае ўяўленне аб разнастайнасці яго творчасці і той галіне абстрактнага, з якой ён працуе. Гэта яшчэ адна старонка ў гісторыі і сучаснасці беларускага мастацтва.
Кацярына ІЗАФАТАВА, загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі