Працягвае прыходзіць карэспандэнцыя, прысвечаная 30-годдзю Чарнобыльскай трагедыі. Пра чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Сямейны савет“ у Ашмянскай гарадской бібліятэцы № 1 паведамляе яе загадчык Людміла Зарэцкая. “На сустрэчу былі запрошаны сем’і, якія ў 1990-я перасяліліся з забруджаных тэрыторый Брагінскага і Веткаўскага раёнаў. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні старэйшых класаў“. Загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦРБ Тамара Круталевіч піша пра шэраг акцый, прысвечаных перасяленцам. “У вёсках Багушэвічы, Галоўныя Ляды, Матылянка пражывае 29 сем’яў з Брагіншчыны, Краснапольшчыны і Чэрыкаўшчыны“. У ліку мерапрыемстваў — выстава рэчаў “Чамадан перасяленца, або 5 хвілін на зборы“. У Магілёўскім бібліятэчным каледжы прайшоў тэматычны вечар “Чарнобыль — чорны боль“. “Навучэнцы чыталі вершы, — распавядаюць выкладчыкі Вольга Бахова і Наталля Захарэнка, — згадвалі змест кнігі Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва“, аналізавалі карціны Міхаіла Савіцкага, прысвечаныя катастрофе“. Ва Уздзенскай ЦРБ імя Паўлюка Труса прайшла гадзіна чарнобыльскіх успамінаў з удзелам пісьменніка Дзмітрыя Вінаградава — аўтара кнігі “Хойнікшчына. Легенды. Падзеі. Людзі“. Пра гэта паведамляе бібліятэкар Ліана Тападзе. А Карэліцкі маладзёжны цэнтр культуры наладзіў вечар “Чарнобыльскі набат“.
Шэраг лістоў распавядае пра акцыю “Чытаем разам“, што адбываецца на Гродзеншчыне. І ўвогуле, гэтая вобласць — рэкардсмен па колькасці дасланай у рэдакцыю пошты. Метадыст Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталля Казарэз падкрэслівае, што “гэтым разам акцыя была прымеркавана да 120-годдзя Кандрата Крапівы“. Праект рэалізоўваўся ў 12 бібліятэках раёна. Для таго, каб папулярызаваць кнігі і беларускіх аўтараў, актывізаваць чытанне, бібліятэкары Свіслацкага раёна правялі агляд выданняў, літаратурныя вечары, віктарыны. “Да прыкладу, у Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады і сельскагаспадарчай арганізацыі,“ — піша метадыст раённай бібліятэкі Алена Рабчанка. Акцыя “Чытаем разам“, паведамляе бібліятэкар Ганна Керэль, не абмінула і Астравецкую раённую бібліятэку.
Суполка аматараў аўтарскай песні “Акорд“ правяла ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры вечар, прысвечаны бардаўскай творчасці. З Усялюбскага дзіцячага садка — сярэдняй школы (Навагрудчына) прыйшло паведамленне пра адборачны этап раённага конкурсу “Гучанне слоў жывых“. Пераможцы прынялі ўдзел у раённым этапе, які адбыўся ў Навагрудскай райбібліятэцы. “У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, — паведамляе метадыст Тэрэза Чайко, — ладзілася навукова-практычная канферэнцыя з нагоды стагоддзя афіцыйнай беларускай школы на Лідчыне“. Развіццю беларускай адукацыі паспрыяла дзейнасць Алаізы Пашкевіч, Каруся Каганца, іншых таленавітых выхадцаў з Лідскага павета. Па выніках мерапрыемства будзе выдадзены зборнік дакладаў. Загадчык аддзела народнай творчасці Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу Лілія Кішкель спыняецца на тым, што Геранёнскі край — багаты на гістарычныя падзеі і знакамітыя асобы. Згадваецца род Корвін-Мілеўскіх. Ігнацій, напрыклад, быў аматарам мастацтваў, мецэнатам, публіцыстам, падарожнікам. У аграгарадку “Геранёны“ рэалізоўваецца праект “Ігнацій Корвін-Мілеўскі — калекцыянер, падарожнік, патрыёт. 170 гадоў з дня нараджэння“. Ужо адбыліся пленэр і выстава юных мастакоў, краязнаўчая канферэнцыя “Іўеўшчына: знакамітыя землякі“. “У аграгарадку Вялікія Азёркі, што на Мастоўшчыне, было арганізавана свята “Па сцежках спадчыны“, — распавядае Ганна Макар. — Брэнд дадзенай мясцовасці — Котчынская кадрыля. Вакол яе усё і закруцілася“. У чарговы раз Лідчына сустрэла ўдзельнікаў Адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу дзіцячай вакальна-эстраднай творчасці “Зорны дождж“. Ён “праліваецца“ вось ужо ў сямнаццаты раз і існуе больш за 25 гадоў. Сёлета ў мерапрыемстве ўдзельнічала 179 канкурсантаў ад 6 да 18 гадоў. Дзятлаўская дзіцячая бібліятэка правяла акцыю “На хвалі паэзіі“. Работнікі ўстановы сустрэліся з маленькімі чытачамі дашкольнага ўзросту. А ў Вялікай Бераставіцы, па словах Святланы Ганчаровай, была наладжана сустрэча з гродзенскімі паэтамі.
Прэс-служба Полацкага райвыканкама паведамляе, што ў горадзе адкрыўся “аксамітавы сезон“ для вулічных музыкантаў. На гарадскіх вуліцах выступілі навучэнцы ДШМ і медыцынскага каледжа. Тэматычны канцэрт складаўся з песень ваенных гадоў. Рэй вёў узорны ансамбль народнай музыкі “Таўкачыкі“.
Маргарыта Мартос піша пра Крысціну Вавілонскую з Наваполацкай ДШМ № 1. Юная піяністка выступіла на XVI Міжнародным конкурсе імя Аляксандра Скрабіна ў Парыжы і заваявала першую прэмію.
У старым горадзе Барысава, як сцвярджае Вольга Жарнасек, на базе Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі дзейнічае музейная экспазіцыя “Мой любімы мішка“. Яна вырасла з прыватнай калекцыі мяккіх цацак Людмілы Маскалёвай. Цяпер імправізаваны музей налічвае 568 жывёлінак, у тым ліку — ручной работы. Самаму старэйшаму экспанату — пастагоддзя.
Людміла Мельнікава паведамляе пра Юраўскі карагод, што адбыўся ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Абрад выканаў народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Міжрэчча“ Пагосцкага клуба-бібліятэкі з дапамогай мясцовых жыхароў. Юр’е адзначылі і ў Беліцкім ДК, што на Лідчыне. Мерапрыемству папярэднічала экспедыцыя ў вёску Збляны да Глафіры Лазарчук, якая памятае паслядоўнасць і змест абраду.
Сустрэча з пісьменнікам Расціславам Бензеруком адбылася ў Жабінкаўскай ЦРБ, паведамляе бібліятэкар Валянціна Славуціч.
Метадыст Палаца мастацтваў Бабруйска Ірына Аўсяннікава распавядае: “Узорная харэаграфічная студыя “Бабраня“ адсвяткавала 25-годдзе. Кіраўнік студыі — Сяргей Лукашэвіч. У ёй — 139 чалавек ад 6 да 16 гадоў“.
“І чытай, і гуляй“ — так называўся тыдзень кнігі ў дзіцячай бібліятэцы № 8 Мінска. Марына Петрашкевіч піша, што “ва ўстанове вырашылі сумясціць дзве, быццам, несумяшчальныя рэчы — гульню і чытанне“. У прыватнасці, была арганізавана выстава больш як сарака незвычайных кніг. Адна з іх — 60 сантыметраў у вышыню, некалькі — пяцісантыметровых. Яшчэ тут сабраны кнігі-пазлы; выданні, што гучаць; рарытэты з гумавымі старонкамі для чытання ў ваннай; ЗD-кнігі… Адзін ы мінус выставы — амаль поўная адсутнасць арыгінальных беларускамоўных кніг у такіх кірунках.