Двухмерныя і трохмерныя аб’екты аўтараў выстаўкі, улюбёных у тэкстыль, уражваюць крэатыўнасцю вобразных і пластычных рашэнняў, канцэптуальным ці філасофскім падтэкстам, выразнай эмацыйнасцю і пачуццёвасцю.
Гледачы маюць магчымасць убачыць і параўнаць почыркі аўтараў у розных фарматах, наведаўшы адначасова і выстаўку эксперыментальнага тэкстылю латвійскіх мастакоў. Назвай “Вібрацыі матэрыялаў” арганізатары даюць нам своеасаблівы ключ да разумення розных канцэпцый, мадыфікацый матэрыялаў і тэхнік.
Па словах куратара выставак з беларускага боку — дацэнта кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, кандыдата мастацтвазнаўства Міхася Цыбульскага, — сёння ў тэкстылі Латвіі традыцыйныя тэхнікі і тэхналогіі саступілі месца змяшаным і аўтарскім, пазбаўленым усялякіх абмежаванняў. У кампазіцыях адчуваецца адмаўленне ад спрошчанай выяўленчасці і імкненне да дэкаратыўнасці і філасофскіх тэм.
Знаёмства з экспазіцыямі паказвае, што сучасны тэкстыль Латвіі развіваецца на мяжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сучаснага тэкстыльнага дызайну. Шырокай выглядае і палітра мастацкіх сродкаў, спрыяючы пошуку рашэнняў. Мастакі вынаходзяць аўтарскія тэхнікі і ужываюць часам зусім нетэкстыльныя матэрыялы. Акрамя воўны, шоўку, лёну, бавоўны, яны экперыментуюць з нейлонам, паліэстрам, віскозай, металам, палоскамі тканіны, скурай, трыкатажам. У экспазіцыі ёсць творы, у якіх ткацтва ўдала спалучаецца з аплікацыяй ці калажам, размалёўкай ці фотадрукам, вышыўкай, макрамэ, іншымі відамі пляцення. Для дэкаравання фактуры паверхні латвійскія мастакі ўжываюць элементы камп’ютарнага і тэрмадруку.
Фёдар ШКІРАНДА
Віцебск