Гродзеншчына / Напружаны тыдзень, або Калі чытачам не спіцца…
Сапоцкінская гарпасялковая біблітэка — цэнтр краязнаўства і турызму. Разам з актыўнымі чытачамі яна падрыхтавала і правяла бібліяноч.
Называлася мерапрыемства “Кніжная бяссонніца ў Сапоцкіне”. Гасцей запрасілі ў госці на блінцы да бабулі Леакадушкі, а таксама — у гасцёўню да Бульбашыхі, у Дзядулін пакой, паэтычны салон “Мадам Ганны”, куток “Чытаю пад коўдрай доўгім вечарам”.
Прысутныя змаглі пакаштаваць смачных блінцоў і дранікаў, адгадаць загадкі, паўдзельнічаць у літаратурных конкурсах. У кніжным лабірынце абанемента ўдзельнікі Бібліяночы сустрэліся з добрым прывідам, з цыганкай Вільмай, якая пагадала ўсім не на картах, а на кнігах.
У канцы мерапрыемства быў запушчаны папяровы фанарык, як сімвал любові да кнігі і бібліятэкі. Словам, бібліятэка ў гарадскім пасёлку Сапоцкін — тая ўстанова, дзе варта правесці выхадны дзень.
Святлана РОБАК, начальнік інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра
З 14 па 20 верасня ў Гродзенскім раёне праходзіў Тыдзень культуры “Суквецце талентаў”. Ён стартаваў у Верцялішкаўскім цэнтры культуры: тут прайшоў канцэрт мастацкай самадзейнасці раёна.
Потым распачаўся музычны круіз “Мы разам!”, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пасля свята перамясцілася ў Квасоўку, дзе чарговы Дзень бібліятэк адзначылі феі Кніжнага царства.
І гэта быў толькі пачатак. Жыхароў і гасцей раёна чакаў цэлы букет мерапрыемстваў. Да прыкладу, кожны мог паўдзельнічаць у зборы сродкаў для будаўніцтва Беларускага дзіцячага хоспіса: дабрачынныя канцэрты прайшлі ў Раціцкім цэнтры культуры і Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры. Адбыліся Дні адкрытых дзвярэй ва ўстановах культуры, былі наладжаны семінары, “круглыя сталы” і выязныя пасяджэнні для маладых і дасведчаных работнікаў культуры, майстроў народнай творчасці, ветэранаў працы.
Завяршыў шэраг культурных мерапрыемстваў двухдзённы фестываль фальклору “Вяртанне да вытокаў” у аграгарадку “Квасоўка”. У першы дзень на конкурсе рэгіянальнай кухні і рамёстваў “Чароўная скарбніца” ўстановамі культуры былі арганізаваны беларускія традыцыйныя падворкі з візітнай карткай, прэзентацыяй народнага рамяства і рэгіянальнай кухні. Ладзіліся майстар-класы народных майстроў і дэманстраваліся пэўныя этапы падрыхтоўкі мясцовых страў. У другі фестывальны дзень прайшоў этнаграфічны і фальклорны конкурс “Адвечная спадчына”. Установы культуры прэзентавалі праграмы, заснаваныя на мясцовай традыцыі абрадавай або пазаабрадавй творчасці.
Ганна СІМАНЕНКА, намеснік дырэктара Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра
Ганцавіччына / Пра адну кнігу
Семінар-практыкум “Адна кніга — цэлы свет: ствараем выстаўку адной кнігі” адбыўся на базе Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Васіля Праскурава. Удзел у ім прынялі работнікі сельскіх і гарадскіх бібліятэк. Кожны арганізаваў выстаўку адной кнігі і прэзентаваў сваімі калегамі.
Тактыка выставак была разнапланавай. І гэта натуральна: кожнаму хацелася паказаць, на што ён здатны, здзівіць нечым незвычайным. І тое атрымалася.
Раздзялавіцкая сельская бібліятэка прадставіла кнігу “Повязь часоў — беларускі ручнік”, якая суправаджалася цудоўнымі вышыванымі работамі бібліятэкара Алены Шэмет. Агарэвіцкая сельская бібліятэка дэманстравала кнігу “Афган. Полымя войны”, дапаўненнем да якой было тэматычнае дасье земляка, воіна-афганца Мікалая Крысюка, яго пасмяротныя ўзнагароды.
Арыгінальна прэзентавала выстаўку бібліятэкар Ганцавіцкай сельскай бібліятэкі Веры Кладзько. Частка экспазіцый прысвечалася нашым землякам — заслужанаму трэнеру СССР і БССР Івану Лагвіновічу, літаратарам-землякам — Віктару Гардзею, Івану Лагвіновічу, Вячаславу Несцеруку.
Прафесійна былі прадстаўлены выстаўкі Кукаўскай, Востраўскай, Нацкай, Люсінскай, Хатыніцкай, Будчанскай сельскіх і перасоўнай бібліятэк.
Наведвальнікі цэнтральнай раённай пазнаёмяцца на выстаўцы з кнігай “Ураджайны агарод: парады практыкаў”. Яна будзе дзейнічаць цягам кастрычніка і пазнаёміць з разнастайнымі рэцэптамі кансервавання гародніны і садавіны.
Таццяна МАЛЯЎКА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ганцавіцкай ЦРБ імя Васіля Праскурава