Смак, песні, Пір Асман
Прызнаюся: буду неаб’ектыўным, бо люблю гэтую зямлю, як ніякую іншую замежную. Тут, у царкве Добраславеннага князя Міхаіла Цвярскога, мой будучы дзядуля з маёй будучай бабуляй павянчаліся. Тут, на ганаровым месцы, проста пад мурамі той жа царквы, што на схіле гары Мтацмінда, якая гаспадарыць над Тбілісі, мой дзядуля і будзе пахаваны. Тут, непадалёк, у завулку з былой назвай Тарыэла, які выходзіць на вуліцу Цхінвальская, яны і жылі. Тут нарадзіўся мой тата. У Тбілісі, Батумі, у вёсцы Чыбаці жывуць мае крэўныя па бацьку і па маці з паралельных, ужо цалкам грузінскіх, родаў. Люблю грузінскую паэзію, літаратуру, гумар, музыку, песні, стравы і, канешне ж, грузінскае кіно. Як жа мне быць “аб’ектыўным”, апісваючы ўражанні ад краю, які называюць Сакартвэло, Іверыя, Джорджыя, Грузія.