Зазірнуць у заўтра…

Мая асабістая мара — каб у 2016 годзе ў Мінску на дзяржаўным узроўні быў нарэшце распрацаваны праект доўгачаканага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе былі б прадстаўлены лепшыя работы мастакоў-авангардыстаў XX — пачатку XXI стст., якія працавалі на нашай зямлі, — ад Малевіча, Лісіцкага, Ермалаевай, Суэціна, Чашніка, Фалька, Стржэмінскага ды іншых іх сучаснікаў і да сённяшніх творцаў “новага мастацтва”. Разумею, што з арыгіналамі работ нашых класікаў — мякка кажучы, “напружанасць”, таму ў такім музеі можна цудоўна выкарыстаць постары (залы постараў), а ў астатніх залах размясціць лепшыя творы нашых мастакоў 1970 — 2000-х гадоў, якія мы бачылі на розных “нефармальных” маладзёжных выстаўках у Мінску і рэгіёнах, на міжнародных аглядах у Венецыі ды іншых краінах. Не сакрэт, што сённяшняе разуменне такога кірунку знаходзіцца, у сілу розных прычын, у стане пачатковым, зародкавым. І прыйшоў час разабрацца, што ёсць ісціна, бо мастацтва авангарда ў яго разнастайнасці ў нашым стагоддзі новых тэхналогій і касмічных метамарфоз ужо не спыніць, а яго трэба зразумець, “увайсці ў яго” ды аб’ектыўна знайсці яму дастойнае месца ў нацыянальнай “палітры” іншых “-ізмаў”, побач, скажам, з тым жа прывычным для нашага вуха і вока рэалізмам.
А яшчэ было б мэтазгодна стварыць спецыяльны сайт па правядзенні Года культуры, дзе прапановы ўсіх грамадзян краіны, неабыякавых да надзённых, пільных праблем духоўнага адраджэння, можна было б фіксаваць і кантраляваць, а ўвесь ход рэалізацыі Года культуры трансляваць і на цэнтральных тэлеканалах. І тады мы хаця б у нейкай ступені зразумелі, што канкрэтна хоча народ ад сённяшняй культуры ды, у прыватнасці, ад выяўленчага мастацтва…
Мы навучымся…
Калі па мне, дык я не вельмі ўспрымаю ненавязліва абавязковыя праявы гуманнага высакародства, строга абмежаваныя часавымі прасторамі. Скажам, жанчыны атрымліваюць кветкі ды кампліменты толькі 8 Сакавіка. Можна запярэчыць: то ж гаворка пра “дацкі” дзень, а мы — пра цэлы Год культуры...
Але ж яна, гэтая самая культура, як капрызлівая расліна, квітнее толькі тады, калі яе шчодра ды рэгулярна паліваюць. Так што гіпатэтычна будзем лічыць, што з Года культуры распачынаецца новы (абноўлены) этап сістэмнай дзяржаўнай падтрымкі стратэгічнай галіны, ад паспяховасці якой залежыць і нацыянальная бяспека Беларусі. Сапраўды, калі ў нас няма адметнага традыцыйнага мастацтва і выбітнай мовы, дык якая мы нацыя?
Якім я бачу старт сістэмнай палітыкі ў дычыненні да нашай культуры?.. Любое сур’ёзнае будаўніцтва пачынаецца з нулявога цыкла. Без падмурка будынак вытрымае нядоўга. Разумею і тое, што пра павышэнне заробкаў для работнікаў культуры ў сённяшніх няпростых эканамічных умовах і гаворкі няма. Але аксіёмай застаецца і тое, што без пэўных падатковых рэформ прэстыж прафесіі не ўзняць. Чаму хаця б 70-80 працэнтаў пазабюджэту не пакідаць таму, хто іх зарабіў? Краіна не надта ўзбагаціцца ад гэтых працэнтаў, выражаных не вельмі важкімі сумамі, што застануцца ў дзяржаўным бюджэце. А вось духоўныя перавагі пры пэўнай эканамічнай самастойнасці ўстаноў культуры — відавочныя. Я разумею, мы проста не навучыліся яшчэ вымяраць уплыў духоўнасці ў такіх абстрактных, але абавязковых адзінках, як “годнасць” і “сумленне”. Не навучыліся, але — навучымся.
Другі крок, на мой погляд, трэба сумясціць нейкім чынам з крокам першым. Гэты другі крок звязаны з ліквідацыяй недабудаў і даўгабудаў, а таксама — аварыйнага стану шэрагу раённых РДК. Людзі адразу ўбачаць, што пра іх думаюць.
І толькі тады можна зазначыць: з гэтага года распачалася эра ўважлівага стаўлення да нашай будучыні (чытай: культуры).
Яўген РАГІН