Гаспадары ўрачыстасці дарылі ўсім прысутным сваю творчасць, сатканую з разнастайных песень, што ўваходзяць у сённяшні рэпертуар, а таксама з тых, якія выконваліся першымі ўдзельнікамі ансамбля.
Прыемна, што нягледзячы на сталы ўзрост, некаторыя з самадзейных артыстак фальклорнага ансамбля “Вячоркі” — менавіта з такой назвай першапачаткова выйшлі на сцэну цяпер ужо ў далёкім 1974 годзе — знаходзіліся сярод пачэсных гасцей і актыўна падпявалі знаёмыя песні, якія ліліся з вуснаў цяперашніх спявачак калектыву.
Вядучыя ўспомнілі добрымі словамі першага кіраўніка ансамбля, загадчыцу клуба шклозавода “Кастрычнік” Галіну Заварзіну і баяніста Мікалая Баразну. Роўна 35 гадоў працягвае традыцыі распачатай папярэднікамі песеннай справы і выводзіць калектыў на новы ўзровень цяперашні мастацкі кіраўнік Джэма Рабава, высокі прафесіяналізм якой дазваляе пастаянна дабівацца станоўчых вынікаў у дзейнасці.
Амаль 20 гадоў таму калектыў атрымаў званне “народнага” і новы статус — народны ансамбль народнай песні “Вечарынка”. Пастаянны пошук, рэпетыцыі, выступленні на аглядах-конкурсах, фестывалях сталі для калектыву нормай творчага жыцця. А значыць, песні будуць гучаць і гучаць.
Ніна ВІКТОРЧЫК