“Увесь працэс стварэння абразной гравюры на дрэве амаль не змяніўся, ён такі самы, як і тысячу гадоў таму... Асаблівасці абразной гравюры — валадарства чорнай лініі і плямы”, — адзначыў мастак у эксплікацыі да выстаўкі, дадаўшы, што гэтая тэхніка сёння не карыстаецца папулярнасцю і фактычна знаходзіцца на мяжы знікнення. Таму выстаўка ставіць сабе за мэту таксама і прыцягненне ўвагі да дрэварыту.
Прадстаўленыя ў трох выставачных залах паўсотні твораў з’явіліся пераважна ў 1980-х — 90-х, аднак не страцілі сваёй эмацыйнай свежасці. Гэта своеасаблівыя “стоп-кадры” ўнутранага жыцця мастака, канспект убачанага, прачытанага, пераасэнсаванага.
Уладзімір Хін ужо амаль трыццаць гадоў спрабуе паяднаць у сваіх творах выяву і слова, знайсці візуальны адпаведнік тым паэтычным радкам, якія яго ўразілі. Аўтары — самыя розныя: Блэйк, Хлебнікаў, Рыльке... Іх лучыць хіба тая творчая “грунтоўнасць”, што ўласціва і самому мастаку. Абстрактныя або алегарычныя выявы спалучаюцца з літарамі, адмысловая імпульсіўная графічная выява якіх нібыта надае тэкстам новае вымярэнне альбо робіць іх больш даступнымі для ўспрымання.
Натуральна, гравюра не здатная ўражваць з першага погляду: гэта мастацтва камернае, інтэлігентнае, някідкае. І разлічана яно на ўдумлівага гледача. Як адзначыў сам аўтар, у галерэйнай прасторы ўдалося стварыць адпаведную атмасферу сумоўя — у тым ліку і дзякуючы супрацоўнікам галерэі, якія бездакорна зрабілі экспазіцыю.