І гэтая вясна — толькі вонкавы вобраз, сімвал вясны духоўнай, якая прыходзіць разам з Вялікаднем. Бо тое, што адбываецца з прыродай, здзяйсняецца (прынамсі, так мусіць быць!) з бессмяротнай чалавечай душой. Надышоў час абнаўлення, абуджэння, росквіту ўсяго найлепшага і добрага ў чалавеку, бо ён — вяршыня гэтай вонкавай прыроды. І як жа не павіншаваць з такімі самымі важнымі падзеямі, якія вызначаюць сэрцабіццё часу, дораць нам Надзею, Веру, апаноўваюць Любоўю! І як нам, дзеячам культуры і яе прыхільнікам, без такіх каштоўнасцей пражыць? Як, шчыра і адкрыта захапляючыся зеленню травы, кветкамі, папраўдзе райскімі пахамі паветра, не назапасіць гэтага бальзаму для душы на год, на ўсё жыццё наперад?..
А яно ж, жыццё, — бясконцае! Пра гэта і прыгадваюць усе хрысціяне свету ў Вялікдзень. А Мастацтва, на маю думку, і існуе толькі для таго, каб нагадаць чалавеку пра Неба, пра яго бессмяротную душу і пра тое, як пакутуе яна без Стваральніка, без любові і спагады. Неяк адзін расійскі тэатразнаўца зазначыў: “Тэатр не можа навучыць нас, як нам трэба сябе паводзіць у тым ці іншым канкрэтным выпадку, але ён можа навучыць, як нам нельга жыць”. І сапраўды: праз слёзы спачування іншаму мы самі можам шмат чаго зразумець і перайначыць ва ўласным жыцці.
…Яшчэ студэнтам я са сваімі сябрамі ездзіў у Маскву глядзець Фаіну Ранеўскую ў спектаклі “Далей — цішыня” Тэатра Массавета. Ехалі дадому пасля таго спектакля ў Мінск і ўсю дарогу маўчалі. Усю. Бо тая рэчаіснасць, у якую мы ўвайшлі пад час прагляду пастаноўкі, была больш рэчаіснай і значна больш высокай за рэальнасць навакольнай мітусні і дробязнасці...
“На вашых спектаклях гледачы плачуць”, — казалі Ранеўскай. “Няхай плачуць, — адказвала яна. — Можа, у жыцці будуць плакаць менш...”. І калі такая планка ў мастацтва, у тэатра, што ўсё ж насуперак усяму — “кафедра, з якой можна сказаць свету шмат дабра” (паводле Гогаля), то, уявіце, якая адказнасць на тых, хто займаецца мастацтвам — і тэатрам у прыватнасці...
Мне неаднойчы даводзілася бываць з маімі сябрамі — праваслаўнымі святарамі — на святой гары Афон, што ў Грэцыі. Гэта адзіная ў свеце манаская рэспубліка. Пакаленні яе жыхароў захоўваюць у чысціні праваслаўную традыцыю, веру цягам паўтара тысячагоддзя. Шмат размаўлялі мы, прыезджыя, з тамтэйшымі насельнікамі. У душы я адчуваў нават нейкую няёмкасць ад сваёй прафесіі і думаў: хай бы толькі не спыталі, хто я. А калі гаспадары ўсё ж даведаліся, то ставіцца пачалі з добрай усмешкай і крыху са спачуваннем-спагадай: маўляў, небяспечная прафесія! Як той сапёр ці суддзя, бо іхняя праца — на вастрыі нажа, а загубіць сябе, у духоўным сэнсе, вельмі проста… Манахі параілі мне заўсёды цвёрда памятаць словы з Евангелля: “За кожнае слова нам давядзецца даць адказ” і “Спакусы не могуць не прыйсці ў свет, але бяда таму, праз каго яны прыходзяць…” Дай божа нам, артыстам, кіравацца такімі бессмяротнымі парадамі! Мо тады і ў нашых душах будзе больш вясны…
Сапраўды, мы адказныя за тое, што прамаўляем, як жывём… І мастацтва наша мусіць быць адказным ды мець дакладны маральны пасыл. Рэжысёр, артыст, мастак — творца ўвогуле, які натхнёна займаецца творчасцю, абавязаны спыніцца, калі пабачыць за сваім “душэўным парывам” бруд і спакусу ў дачыненні да іншых. Для мяне сапраўднае мастацтва толькі тое, што не разбэшчвае ды не спакушае… Мая мара — каб пасля спектакля, камедыі, трагедыі ці нават меладрамы душа ўскалыхнулася над злом і пакутай не адно ў гледача, але і ў самога артыста, і ў асвятляльніка, і ў рэквізітара, і ў касцюмера… Бо ў найвышэйшай ступені толькі тое творчасць, што распальвае ў душы іскру вечнасці. А дзеля гэтага патрэбна любіць! І душу сваю бессмяротную, і бліжняга свайго, як сябе, — вось яны, умовы творчасці...
Перад кожным спектаклем стараюся згадваць словы Гогаля з ягоных нататнікаў: “Божа, дай палюбіць яшчэ больш людзей! Дай сабраць у памяці сваёй усё лепшае ў іх, узгадаць бліжэй усіх бліжніх і, натхніўшыся сілай любові, быць у сілах выявіць! Няхай жа сама любоў будзе мне натхненнем!..”
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ