Не так даўно заязджала да бацькоў у вёску на Мядзельшчыне. Ля крамы на драўлянай афішы матляўся адарваным вуглом на ветры белы аркуш. І фарбай — сіняй ды чырвонай — старанна выведзена: “Запрашаем на канцэрт. Пачатак у 14.00. СДК”. Сэрца адгукнулася цяплом: быццам вярнулася на 15 гадоў таму, калі такія аб’явы былі звычайнай, але важнай падзеяй, і кожны жыхар мястэчка рыхтаваўся да яе загадзя...
Людзі ў вёсках жывуць інакш, чым гарадскія. Для іх забавай будзе пагутарыць з суседам на лаве, якая стаіць ля кожнага падворка; сустрэць знаёмую ў краме і счапіцца языкамі; наведаць бацькоўскі сход у школе, каб паслухаць пра сваіх ды чужых дзяцей... Адным словам, у вёсцы тое называецца — “выйсці ў людзі”.
Але ёсць падзеі, якія ўся вёска чакае, як свята. Гэта сельскія канцэрты! Дом культуры ажывае і становіцца асноўным цэнтрам падзей ды размоў.
Напярэдадні, памятаю, у школу прыходзіла цётка Наташа, загадчыца клуба, і запрашала нас, дзяцей, выступаць. Прыйдзеш пасля ўрокаў дадому, кінеш ранец, схопіш хлеба з цукрам і — бягом на рэпетыцыю. У кабінеціку загадчыцы мы атрымлівалі аркушыкі ў клетачку са старанна выпісанымі (каб малыя зразумелі) тэкстамі песень. І пад баян дзядзькі Сашы або настаўніцы музыкі Марыі Аляксееўны спявалі. Потым развучвалі народныя танцы з квяцістымі хусткамі (як зараз перад вачыма...). Шукалі іх па вёсцы самі, у родзічаў, каб выступаць у аднолькавых. У нашым Доме культуры была нават “касцюмерная” (народныя ўборы на некалькі памераў большыя, але ніткамі ды шпількамі да канцэрта ўсё падганялася)...
Пад вечар на рэпетыцыі прыходзілі дарослыя. Дзеці ціхенька назіралі з вуліцы праз вокны. У бацькоў была свая праграмма, часам з чаркай для голасу. Ведаю, пілі і перад тым, як выйсці на сцэну, — для смеласці. І тады румяныя мужчыны і жанчыны весела падтанцоўвалі ў такт песень пад гучную мелодыю баяна...
Артыстам запрашалі быць не кожнага — гэта былі, як правіла, вельмі паважаныя людзі. Дзяцей бралі артыстычных і смелых. Потым прыходзіла слава: самыя адданыя гледачы, бабулі, у краме або на вуліцы заўсёды сустракалі добрым словам і пахвалой.
Дзень канцэртаў — звычайна нядзеля. Людзі, стомленыя ад працоўных будняў на птушкафабрыцы, адчувалі прысмак хуткага свята. Адшуквалася самая лепшая вопратка “на выхад”. Звычайна ішлі не сем’ямі, а суседзямі. Так і ў клубе рассаджваліся: жанчыны — асобна, а мужчыны — ля выхаду, каб выбегчы перакурыць-перагаварыць. Моладзь — на апошніх радах, ім больш было не да канцэрта, а — да саміх сябе. Дзеці — на першым радзе, той, хто спазніўся — ля сцен. Туды ж прыбягалі пастаяць і паглядзець на сцэну самі артысты, што не ўдзельнічалі ў нумары.
У вёсцы быў закон: на канцэрт ходзяць усе. Не прыйсці — сорамна. Нават мясцовыя п’яніцы прыходзілі, і тут з імі лічыліся: на свяце — усе роўныя.
Пачатак звычайна зацягваўся хвілін на сорак ад абазначанага часу: так прынята, каб усе паспелі прыйсці. Бабулі абмяркоўвалі нас, дзяцей: “А чыя ж гэта такая дзевачка? Ясюкевічаў? Гэта старшая? Ай-яй, меншая ўжо так вырасла?” Жаночая палова ўглядалася ў кожнага, хто прыходзіў. Дарэчы, калі была зіма, ніхто з жанчын не здымаў шапкі. Верхнюю вопратку трымалі на каленях, а вось шапкі заставаліся на галовах.
Затым на сцэну выходзіла цёця Наташа і ўсе замаўкалі. Цёплае слова да гасцей клуба і — музычны нумар. Баючыся, пад шамаценне народных строяў, выходзіў хор. Баяніст перабіраў лады — і лілася песня, простая, ціхая, крыху трывожная, бо першая. А затым цеплыня вечару ахоплівала ўсіх: на сцэну адно за адным выходзілі артысты: хто з музыкай, хто з вершамі.
Асабліва любяць на вёсцы байкі. Пляскаюць, не шкадуючы далоняў! А паспрабуй знайсці такога чалавека, каб гумар чытаць умеў... Былі і такія ў нашым клубе.
З цягам часу баян замянілі на шыкоўную апаратуру: з мікрафонам, з электрычнымі музычнымі інструментамі, з мінусоўкамі. “Ну зусім як у горадзе!” — было чуваць у зале. А аднойчы на 8 Сакавіка канцэрт быў толькі мужчынскі. Такога радаснага шуму ў вёсцы дагэтуль не было: “Звычайна, мужыкоў не загнаць на сцэну, а тут самі падрыхтавалі ўсю праграму!”
…Цяпер у маёй вёсцы ўсё інакш. Закрылі школу, пошту, птушкафабрыку. Не будуюць больш дамы і вуліцы. Але лісток на афішы з запрашэннем даў надзею. Мы з сястрой ды пляменнікамі зайшлі на канцэрт. Пастарэлы дзядзька Саша спяваў, з дзясятак гледачоў уважліва слухалі. Мае бацькі былі дома, суседзі таксама, дзесьці на вуліцы хадзілі аднавяскоўцы, а я з лёгкім сумам і цеплынёй думала, што шчасце калісьці было заўсёды побач, нават у дробязях…
Каментарыі:
Дзякую, Алена, за прыемныя успаміны!)))