Фэст літары

№ 4 (349) 01.04.2012 - 01.01.2005 г

Шрыфт і каліграфія на «Літарце-2012»

/i/content/pi/mast/55/921/2.jpg 

Валянціна Шоба. Усё як паэзія. Прысвячэнне Эдварду Стахуру. Фрагмент пентаптыха. Змешаная тэхніка. 2010.

У мінскім Палацы мастацтва пад дэвізам «Фэст літары» працавала выстава шрыфту і каліграфіі «Літарт-2012». Сімптаматычна, што яна заняла самую вялікую верхнюю залу, а маладзёжная экспазіцыя, сабраная з прац апошніх гадоў, сціпла, але заслужана размясцілася ў невялікіх памяшканнях, прызначаных для графікі і ДПМ.

Патэнцыял згуртавання «Літарт», якое існуе з 1994-га, з кожным годам узрастае, а творчы дыяпазон яго паказаў пашыраецца. Нават падчас праходу паўз маладзёжную выставу ўзнікала адчуванне, што некаторыя работы маглі б перамясціцца на паверх вышэй: настолькі натуральна ўводзяцца абрысы літар у структуру жывапісных ці графічных твораў. У «Літарта» апантаныя заснавальнікі — Алесь Разанаў і Павел Семчанка. Паэт прыдумаў назву і ідэю: аб’яднаць слова прамоўленае і выяўленае, увасобленае. Павел Апанасавіч — неардынарны мастак, настаўнік, аўтар трох спецыяльных кніг «Асновы шрыфтавой графікі», «Мелодыі каліграфа» і «Мелодыёграфія» — сёння з’яўляецца кіраўніком згуртавання і нястомным ініцыятарам выстаў. Колькасць удзельнікаў з часу дэбютнай экспазіцыі павялічылася ў некалькі разоў за кошт наступных чыннікаў: па-першае, адбыліся выпускі кафедры графічнага дызайну Беларускай акадэміі мастацтваў — галоўнага «пастаўшчыка» шрыфтавікоў і каліграфаў, па-другое, мастакі пастаянна знаходзяць у сваіх творчых архівах эксперыменты з літарамі і тэкстамі.

Адны з арганізатараў выставы — Саюзы мастакоў і дызайнераў і Акадэмія мастацтваў. У выніку экспазіцыя падзялілася па двух цэхавых раздзелах, дадаліся студэнцкія графічныя эксперыменты і нават відэа, якое экспанавалася на адкрыцці. Сэнсавае ядро «Літарта» склалі работы прафесійных «шрыфтавікоў» — кампазіцыі сапраўдных майстроў мануальнай, паліграфічнай і камп’ютарнай графікі.

Сярод удзельнікаў выставы — Павел Семчанка, Генадзь Мацур, Уладзімір Васюк, Юрый Тарэеў, Сяргей Саркісаў, Усевалад Свентахоўскі, Аляксандр Кулажэнка, Раман Сустаў, Вячаслаў Паўлавец, Уладзімір Цэслер, Павел Татарнікаў, Юрый Якавенка, Сяргей Цімохаў, дызайнеры, якія прадставілі шырокі дыяпазон графічных знакаў, ініцыялаў і лагатыпаў, студэнты кафедраў графічнага дызайну і станковай графікі.

Пры ўваходзе ў залу наведвальнікаў сустракалі «Літарасек» з кніг (ілюстрацыя прымаўкі «Што напісана пяром...») аўтарства Дзмітрыя Сурскага і Дзяніса Трапашкі і манументальная інсталяцыя з офіса Канстанціна Вашчанкі, у якой можна было ўгадаць абрысы слова. Але сэнсавым цэнтрам экспазіцыі стаў звычайны станок — стол каліграфа Паўла Семчанкі. Гэта сапраўды было рабочае месца (з распачатым скруткам, гатовым да пісьма), а не арт-аб’ект, хоць тут і не абышлося без метафары: завостраная пад шырокае пяро рыдлёўка ўвасабляла цяжкую фізічную працу. Метафара зразумелая: каб дасягнуць дасканаласці, працаваць каліграфу даводзіцца шмат. Але ў момант напісання рысы найперш важныя паветранасць, дакладнасць, нязмушанасць і лёгкасць, каліграфія — асаблівы стан чалавека, філасофія яе сфарміравалася пад уплывам традыцый даасізму: злавіць сутнасць нябесных пісьмёнаў і быць здольным перанесці іх на паперу.

Хоць каліграфія стала паўнапраўнай сферай сучаснага мастацтва, не маляванне, а менавіта пісьмо з’яўляецца яе асновай. Павел Семчанка сцвярджае, што пісаць — гэта значыць выконваць лінейна-графічную форму ў адзін прыём, без паправак (пры маляванні ж дапускаюцца нарошчванне, штрыхоўка, сціранне). Таму і стан пры працы патрабуецца асаблівы: душэўная раўнавага, чаканне імпульсу, які, выходзячы з глыбіні, перацякае на паперу і дае форму бясформеннаму.

«Музыка Паганіні» Паўла Семчанкі народжана асаблівым рытмам рукі аўтара, а «Гукі нябёсаў» — непасрэдная спасылка на крыніцу натхнення. Творца паказаў на выставе і свае шрыфтавыя кампазіцыі, выкананыя ў тэхніцы металаграфіі. Нягледзячы на перавод слова ў матэрыял, які вызначаецца вялікай доляй супраціўлення, перад намі шрыфтавая кампазіцыя, што ўвабрала рух і моц рукі, а праз пераадоленне гэтага матэрыялу набыла максімальную выразнасць.

Асаблівай глыбіні вобраза дасягаюць творы, у якіх слова набывае адметны абрыс, росчырк — дэкаратыўную самастойнасць, а вобразнае ўздзеянне графікі ўзмацняецца за кошт прачытання, усведамлення сэнсу слоў.

На выставе прыцягвалі ўвагу сур’ёзныя праектныя работы — распрацоўкі шрыфтоў. Павел Семчанка экспанаваў варыянт грамадзянскага шрыфту паводле Статута ВКЛ і разам з Усеваладам Свентахоўскім і Дзянісам Серабраковым стаў суаўтарам яшчэ аднаго — «Skaryna Nova» (па матывах шрыфтоў Скарыны), прызначанага для энцыклапедычнага выдання пра Полацк. Відавочна, аднак, што сфера яго ўжытку можа быць пашырана. Акрамя такіх вядомых дызайнераў, як Сяргей Саркісаў, што прадставіў дасканалыя ўзоры праектнай графікі, на «Літарце» прысутнічалі і нядаўнія дыпломнікі, напрыклад, Кацярына Бушук прапанавала шрыфт «К_BOOM» (кіраўнік Уладзімір Даўгяла). Стварэнне новых шрыфтоў заўсёды патрабавала вялікіх высілкаў, выдатна, што мы ўбачылі тут цудоўны вынік.

На франтальнай сцяне акрэсліўся шырокі творчы дыяпазон «Літарта»: знакі і лагатыпы розных аўтараў, раздрукаваныя ў фармаце квадратных плакатаў, былі развешаны ў некалькі шэрагаў. Хоць сярод іх прысутнічалі нават аб’ёмныя і люстэркавыя знакі, такая форма прэзентацыі падалася занадта стандартнай, уніфікаванай. Прынамсі, экспанаванне элементаў фірмовага стылю ці прадукцыі з выкарыстаннем лагатыпаў разнастаілі б экспазіцыю. Знакі вар’іраваліся ад цалкам намаляваных да выкананых наборным шрыфтам, ад надпісу ў адзін радок да складанай арыгінальнай тыпаграмы. На гэтай жа сцяне — у супрацьвагу вольнаму, але ўсё ж абмежаванаму рамкамі ўтылітарных задач пошуку дызайнераў — размясцілася серыя Андрэя Савіча. У аснове яго кампазіцый — літара, шляхам яе трансфармацый дасягаецца вобразная выразнасць, канструктыўнасць і адначасова — экспрэсіўнасць выяў.

Графікі і жывапісцы ўжо не першы год прымаюць удзел у выставах «Літарта». Гэта і ілюстрацыі да літаратурных твораў — з віртуозна ўвасобленымі літарамі і буквіцамі, з далікатна стылізаванай і ўведзенай у шрыфтавыя кампазіцыі выявай (як у творах Сяргея Пісарэнкі, Веры Ягоўдзік, Міколы Купавы, Паўла Татарнікава, Мікалая Казлова)... І аркушы, інспіраваныя словам, — вытанчаныя інтэлектуальныя графічныя кампазіцыі Юрыя Якавенкі, Рамана Сустава. Валянціна Шоба нават абрысы тэксту пераўвасабляе ў вельмі выразную форму, што акцэнтуе і падтрымлівае агульную кампазіцыю кожнага аркуша і ўсёй серыі ў цэлым. Уладзімір Васюк стварае з літар сімвалы, дасягаючы моцнага эмацыйнага напружання. Дзмітрый Сурыновіч ідзе супрацьлеглым шляхам: рэальныя формы і сілуэты сублімуе да знака.

Знайшлі сваю нішу на выставе і язычніцкая сімволіка (знакі-паняцці) Сяргея Цімохава, шрыфтавыя каларыстычныя «накцюрны» Сяргея Сялецкага.

Вядомы кніжны дызайнер і каліграф Генадзь Мацур ператварыў слова ў сапраўднае відовішча, выразную метафару. Парадаксальныя плоскасці перасячэння слова і вобраза знаходзіць дызайнер Юрый Тарэеў. Майстэрствам выканання і трапнасцю ўвасобленай метафары ўражвалі працы вядомага майстра Уладзіміра Лукашыка. Дэкаратыўныя інтэрпрэтацыі Усевалада Свентахоўскага заварожвалі тонкасцю выканання. Высокай графічнай культурай і адметным жывапісным пачуццём вылучаліся шрыфтавыя кампазіцыі Настассі Кулажэнка. Антон Баранаў шукае кропкі перасячэння знакавых помнікаў беларускай архітэктуры і абрысаў літар.

Аб’ёмнасці экспазіцыі надалі кавальскія аб’екты Алеся Міхалевіча. Металічныя выразныя і стромкія знакі-літары ўтварылі своеасаблівую прасторавую дамінанту ў цэнтры залы.

Экзатычную (ці ўсё ж класічную?) нотку прыўнеслі творы выбітнага кітайскага каліграфа Лі Цзо, адзначанага пяццю залатымі і сярэбранымі медалямі на конкурсах у КНР.

У цэлым экспазіцыя атрымалася надзвычай відовішчнай (сапраўдны фэст літары!) і адначасова — традыцыйнай. Амаль феерычнае шоу на адкрыцці з музыкай і перформансамі (запланаванымі і незапланаванымі) — і стандартныя формы прэзентацыі. Станковая графіка можа вісець у рамах на сценах, але знак можна на іх намаляваць, а лагатып размясціць на вялізным кубку ці валізцы. Кнігу можна гартаць, а плакаты развесіць інакш, чым станковыя аркушы — яны прыносяць з сабой паветра вуліцы... Аднак гэтае меркаванне тычыцца выключна прэзентацыі... Галоўнае ж, што выстава цалкам сцвердзіла словы Паўла Семчанкі: школа беларускай каліграфіі актыўна развіваецца, становіцца вядомай і за межамі краіны. Верагодна, гэтаму спрыяе і фармат выстаў «Літарта» — з іх надзвычай дэмакратычным адборам твораў, шырокім стылістычным і тэхнічным дыяпазонам, высокай графічнай культурай і майстэрствам удзельнікаў.

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва