Галоўным рэвалюцыянерам у гісторыі флейты стаў стваральнік яе сучаснага аблічча — вынаходнік і майстар Тэабальд Бём. Сёлетні фэст і быў прысвечаны 225-му юбілею гэтай выдатнай асобы. Эпоха флейты Тэабальда Бёма, яе гісторыя і яе будучыня сталі скразной тэмай форуму. З гэтай нагоды ў Мінск быў запрошаны прамы нашчадак знакамітага майстра — яго прапраўнук Людвіг Бём, лінгвіст з адукацыі, які некалькі дзесяцігоддзяў займаецца папулярызацыяй спадчыны свайго продка.
Мяне ўразіла выключная музыкальнасць усёй кампазіцыі фестывалю. Канцэпцыя фэсту ў канцэнтраваным выглядзе была прадстаўлена яшчэ ў яго экспазіцыі — канцэрце «Гісторыя флейты», што ўспрымаўся як паказальны не толькі праграмай, але і складам выканаўцаў. Ён з усёй паўнатой прадэманстраваў лепшых чальцоў беларускай флейтавай супольнасці. Як і належыць разгорнутаму музычнаму цыклу, форум быў насычаны скразнымі лініямі — майстар-класамі, лекцыямі і выставамі інструментаў.
Паставіўшы сабе за мэту прадставіць асобу і здабыткі Бёма ў гістарычнай і культурнай прасторы, аўтары ідэі скампанавалі ўсе імпрэзы такім чынам, каб цэнтральная падзея — лекцыя Людвіга Бёма — аказалася акурат у «кропцы залатога сячэння», а па абодва бакі ад яе — рэтраспектыва і перспектыва флейты.
Кульмінацыя была задумана «ціхай» — у прыглушаным святле Малой залы імя Шырмы Белдзяржфілармоніі Людвіг Бём, уладальнік унікальных звестак і фотаздымкаў, прапанаваў слухачам змястоўную прэзентацыю пра жыццё і шматбаковую дзейнасць свайго знакамітага прадзеда. Лекцыі папярэднічаў музычны эпіграф, а завяршала яе бліскучая кода — невялікі манаграфічны канцэрт, усе матэрыялы для яго, дарэчы, былі прадастаўленыя Людвігам Бёмам.
Абедзве фестывальныя фазы былі прэзентаваныя імёнамі, ад якіх у прыхільнікаў інструмента калі ад захаплення не спыніцца дыханне, то абавязкова загарацца вочы.
Рэтраспектыву, «дабёмаўскую» версію флейты прадстаўляў маэстра Бенедэк Чалаг (Венгрыя), адзін з самых аўтарытэтных еўрапейскіх аўтэнтыстаў, знакаміты музыкант і знаўца мастацтва барока. Менавіта яго лекцыя «50 твораў флейтавага барока», што адбылася ў Музычнай гасцёўні Беларускай акадэміі музыкі, адкрыла форум. Барочная лінія фестывалю і арганізавана была адпаведна барочнай музычнай логіцы: насычаная фактамі, надзвычай ёмістая двухгадзінная лекцыя — накшталт інтанацыйнага «ядра», якое атрымала працяг у наступным трохдзённым «разгортванні»: майстар-класах маэстра Чалага і канцэрце «Зачараванне недасканаласці» (Бенедэк Чалаг, Галіна Мацюкова / флейта-траверса, Дзмітрый Зубаў / клавесін).
«Па іншы бок» вынаходкі Бёма — перспектыва, найноўшая гісторыя інструмента. І ў гэтай частцы праграмы выступіла знакамітая расійская флейтыстка Вольга Івушэйкава, вытанчаны музыкант і ўніверсальны выканаўца, якая дасканала валодае гістарычнымі разнавіднасцямі флейты. У сольным канцэрце «Скрозь прастору і час», што закрываў фэст, у ансамблі з Ганнай Грышынай (фартэпіяна, Масква) яна прадставіла шырокую панараму мастацтва ХХ і пачатку XXI стагоддзяў, выканаўшы ўсю «новую музыку» на інструменце найноўшага пакалення — чвэрцьтонавай флейце сістэмы Евы Кінгма.
Такая відавочна музычная структура, бадай, і не магла б выглядаць іначай — увесь фестываль «ад» і «да» быў створаны выключна музыкантамі. Яго аўтаркамі сталі дзве надзвычайныя асобы — Святлана Піліпенка, флейтавы майстар, педагог і выканаўца, і Дыяна Гантарэнка, салістка аркестра Вялікага тэатра Беларусі, удзельніца самых разнастайных і неардынарных музычных праектаў. Размова з імі дапамагла мне зразумець, як ствараўся гэты фэст.
Эмацыянальны тонус мерапрыемстваў пакінуў уражанне, быццам увесь фестываль быў задуманы і праведзены выключна на вашым энтузіязме. А арганізацыя такой вялікай колькасці мерапрыемстваў, наадварот, што працавала зладжаная каманда спецыялістаў на чале з «эфектыўным менеджарам». Як вам гэта ўдалося?
Дыяна Гантарэнка: Сакрэт, напэўна, у тым, што ты павінен любіць сваю справу, думаць пра яе ў рэжыме нон-стоп, ну, і ў цябе павінны быць аднадумцы — у адзіноце гэта здзейсніць немагчыма.
Рэальнай дапамогай стала спрыянне Беларускай акадэміі музыкі, за што мы неверагодна ўдзячныя. Такія сур’ёзныя арганізацыі бюджэт разлічваюць загадзя, за год, і проста так не могуць яго ў апошні момант змяніць, аднак рэктарка Акадэміі знайшла магчымасць пайсці нам насустрач.
А мы звярнуліся ўсяго за месяц да фестывалю! Нас вельмі ўважліва выслухалі, ацанілі падрыхтоўку і тое, што мы зрабілі на леташнім форуме, і адказалі: «Выдатна, мы вам дапаможам!» Акадэмія музыкі аказала матэрыяльную падтрымку, якой мы пакуль ні ад каго не сустракалі: нам далі залу для дзённых мерапрыемстваў і ўзялі на сябе аплату ганарараў за абедзве лекцыі нашых гасцей — Бенедэка Чалага і Вольгі Івушэйкавай — і за іх майстар-класы ў Акадэміі. У выніку студэнты атрымалі магчымасць у іх удзельнічаць бясплатна.
Але ж і флейтавая суполка Беларусі кансалідавалася, па меншай меры для ўдзелу ў канцэрце-адкрыцці. Ды і ў арганізацыі мерапрыемстваў былі занятыя выключна флейтысты — пераклад, фотаздымка, гукавая апаратура.
Святлана Піліпенка: Так, да каго з нашых флейтыстаў ні звярталіся б, ніхто не адмовіў, ніхто не казаў: «Мы нічога не будзем рабіць бясплатна!» Больш за тое: артысты адмовіліся ад ганарараў на карысць фестывалю. Усе нашы сябры адгукнуліся, а ў кожнага ёсць праца, спектаклі, сем’і. Узяць і сабрацца ў адзін дзень, знайсці магчымасць выступіць — гэта зусім не проста. Вельмі дапамог Саша Хаскін (наш суайчыннік, саліст Катарскага філарманічнага аркестра, артыст фірмы Burkart) — і з перакладам, і з уласным выступленнем, пра якое мы загадзя не дамаўляліся, і з арганізацыйнымі пытаннямі. Артыст сусветнага ўзроўню і прытым чалавек без снабізму, добразычлівы і гатовы дапамагчы. Для нас было вельмі важна не толькі прывезці вядомых людзей, але і паказаць, што і ў нас ёсць свае зоркі, зусім не горшыя, якіх нямала і якім таксама ёсць што паказаць публіцы.
Такі фестывальны дзень сапраўды абудзіў надзею, што нашу музычную супольнасць можна аб’яднаць і нават разварушыць.
Святлана Піліпенка: Думаю, з такой камандай можна рабіць які заўгодна форум.
У праграме сёлетняга фэсту мяне асабліва ўзрадавала вялікая колькасць твораў эпохі барока, бо мінская публіка зусім не распешчаная гістарычна-арыентаваным выкананнем, думаю, нават не ўсе прафесіяналы добра з ім знаёмыя.
Дыяна Гантарэнка: Я сама была рада! Слухала і думала: як выдатна, што маю магчымасць яшчэ раз пачуць і пра санаты Баха, і пра тое, якія мелізмы ў іх выкарыстоўваліся, і як іх трэба іграць...
Хоць, здавалася б, цяпер столькі адкрытай інфармацыі, толькі зазірні ў інтэрнэт...
Дыяна Гантарэнка: Не! Так проста не знойдзеш. Гэта каласальная праца — знайсці і сабраць падобную інфармацыю. Былі звесткі, з якімі Бенедэк сам пазнаёміўся, толькі рыхтуючыся да лекцыі. Магу сказаць дакладна, што адсоткаў 70 гэтых звестак не было ў інтэрнэце, пакуль Бенедэк сам не раскапаў іх і не зрабiў даступнымі. Ён распавядаў пра ўсё досыць сцісла, але я разумею: для таго каб сказаць гэтыя некалькі сказаў, трэба пасядзець у бібліятэцы, пачытаць трактаты, супаставіць факты, высветліць падрабязнасці біяграфій...
Насамрэч некаторыя моманты, якія ён закранаў не ў лекцыі, а падчас майстар-класаў, хацелася б развіць і далей. Было б цудоўна, калі б Бенедэк змог прыехаць і працягнуць тэму барочнага інтанавання. Гэта было б дарэчна зрабіць у Акадэміі музыкі, а ў дадатак карысна і цікава не толькі флейтыстам.
Святлана Піліпенка: Лічу, нядрэнна было б увесці для флейтыстаў абавязковы кароткі курс па выканальніцтве на флейце-траверса, бо палова флейтавага рэпертуару напісаная для гэтага інструмента. Ведаю па ўласным вопыце: пасля знаёмства з флейтай-траверса на сучасным інструменце пачынаеш іграць зусім іначай.
Вас можна павіншаваць не толькі з фестывальным поспехам, але і з яшчэ адным шматабяцальным пачынаннем: адкрыццём «Беларускага флейтавага цэнтра», задачай якога стане не толькі арганізацыя канцэртаў, але і іншых напрамкаў, напрыклад, рамонту інструментаў. Пра гэта хацела б спытаць падрабязней, бо згаданая галіна ў нас слаба развітая. Майстроў, тым больш сертыфікаваных, — адзінкі на ўсю краіну. Святлана, цяпер ты жывеш і працуеш фактычна на два гарады — Мінск і Маскву, у абедзвюх сталіцах да цябе звяртаюцца вядомыя музыканты. Як атрымалася, што ты стала майстрам?
Святлана Піліпенка: А я амаль усё жыццё гэтым займалася. Першы раз разабрала флейту, калі вучылася ў першым класе. Флейты тады меліся толькі ленінградскія ці кіеўскія (але гэта наогул ілюстрацыя да верша Маякоўскага пра «флейту водосточных труб»). Акрамя таго, што былі дрэнныя, яны з’яўляліся і дэфіцытнымі. Калі нарэшце праз паўгода заняткаў я атрымала ў асабістае карыстанне ленінградскую флейту, прынесла яе дадому і... разабрала. Памыла, але сабраць не змагла. Дзякуючы таму выпадку мне і майму педагогу ў школе давялося асвоіць зборку інструмента. Потым, вядома, без патрэбы я не лазіла ў яе, але паправіць што-небудзь магла. І ў сакурснікаў, а потым і ў маіх вучняў узнікалі праблемы — я ім дапамагала, так і з’явіўся досвед. Пасля ўжо магла паправіць не толькі флейты, але і іншыя духавыя, а тры дэкрэтныя адпачынкі запар прымусілі ставіцца да справы прафесійна. Цяпер гэта мая асноўная праца і прафесія. Па запрашэнні Маскоўскага флейтавага цэнтра два гады там працавала, атрымала сертыфікат — гэта як магістратура для музыканта.
Дарэчы, а ці ёсць у нас падобныя навучальныя ўстановы, нейкія курсы для майстроў?
Святлана Піліпенка: Не. На Захадзе існуе цэлая сістэма: установы, у якіх атрымліваеш адукацыю як тэхнік па рабоце з духавымі інструментамі. Можна, напрыклад, паехаць на фірму Yamaha, яны таксама рыхтуюць тэхнікаў. У нас такой навучальнай структуры наогул няма.
А ці можа яна з’явіцца?
Святлана Піліпенка: Зразумела, можа. І ў мяне ёсць ідэі для таго, каб гэта стала магчымым. Для пачатку — рэгулярны штотыднёвы курс па доглядзе і дробным рамонце. Ён запатрабаваны, многія пытаюцца, ці можна пры мне разабраць-сабраць інструмент, каб зрабіць самому, але пад наглядам майстра. Хачу даць гэтую магчымасць і базавыя веды пра тое, як зроблены інструмент. Гэта дапамагае пры выкананні: калі ведаеш, як інструмент працуе, іначай яго асэнсоўваеш.
Калі акрэсліць у двух словах, чаго вы чакаеце ад «Беларускага флейтавага цэнтра»?
Святлана Піліпенка: Хочам стварыць прастору, дзе музыкантам будзе цікава. У Мінску працуе шмат выдатных маладых ініцыятыўных людзей, хочацца зрабіць так, каб у іх была прычына тут застацца. Не магу сказаць, што наш флейтавы цэнтр зробіцца выратаваннем, але, спадзяюся, стане істотнай дапамогай.
Вольга Ягорава