Дэфармацыя, дэструктыўнасць — чаму too much?
Асноўны куратарскі праект у Арсенале адразу выклікаў неадназначныя ацэнкі крытыкаў — ад поўнага неразумення да частковага прыняцця з агаворкамі: афрыканскі вектар пераважае ў шкоду іншым, шмат механістычных аб’ектаў, забагата аўтараў-жанчын, занадта жаночае асэнсаванне сучаснага свету. Складана сказаць, добра гэта ці дрэнна, але калі прафесійная публіка бачыць дысбаланс, пэўна, не варта яго ігнараваць. Мне ж уяўляецца важным лішак візуальных скажэнняў, дэканструкцыі і наўмыснае паўтаранае драбненне прасторы.
Згода, «жыць у часы пераменаў» — гэта і ёсць кардынальныя разломы і як мінімум трансфармацыі. Але нават прымаючы да ўвагі гэты факт, здзіўляешся жаданню разгарадзіць велізарную, гістарычна актыўную прастору, прыбраць святло, заплесці ў цемры лабірынты са шклом, металам, люстэркамі, дзіўнымі фанернымі загарадкамі. У адным з куратарскіх тэкстаў (Марыся Левандоўска, «Альтэрнатыўнае мінулае») робіцца акцэнт на структуру лабірынта — у гэтым сэнсе «быць чалавекам падчас вайны» больш чым трывожна, што і адноўлена ў экспазіцыйным дызайне. З аднаго боку, асноўны праект біенале — гэта маштаб сусветнай падзеі і відавочная складанасць працы з вялікімі наратывамі. Ключавыя тэмы — міграцыя, ідэнтычнасць, траўма, навакольнае асяроддзе. З другога боку, разрозненасць фармальная, моўная, лакальная. Шматкроць падзеленая прастора — іх увасабленне, трансляцыя хаосу і безнадзейнасці. Як іх пераадолець?
Цікава, што ў выніку і журы, і публіка выбралі зусім розныя падыходы: чымсьці сітуацыя нагадала мне кінастужку Бэнксі «Выхад праз сувенірную краму» (2010). Гэта дакументальная гісторыя пра самога Бэнксі, які ўварваўся, і не важна цяпер куды. Прыкладна такі ж «Баскія: выбух рэальнасці» (2017), што ўвайшоў у мастацтва — зноў жа! — з іншага боку. З выхаду, ды хоць з акна, але не з агульнага, зразумелага і чаканага месца. Праз магчымасць палёту ўвайшла Украіна, і праз оперу на пляжы ўвайшла Літва — пераможца біенале-2019 з фармулёўкай «за эксперыментальны дух і нечаканую трактоўку нацыянальнага прадстаўніцтва».
Бельгію з праектам «Сабачы свет» (мастакі Ёс дэ Груйтэр і Харальд Ціс) таксама адзначылі ўсе: «за альтэрнатыўны погляд на недаацэненыя аспекты сацыяльных сувязяў у Еўропе». Паводле куратара, у бельгійцаў паказана еўрапейская рэальнасць, у якой падзеленыя светы простых людзей і паэтаў, вернікаў, маргіналаў. Падзяляе гэтыя светы, не здольныя злучыцца, металічная рашотка. Асабліва добрыя, вядома, прадстаўнікі традыцыйных прафесій: пекар, ткач, тачыльшчык нажоў, ганчар. У рухах манекенаў і ў сцэнаграфіі ёсць настолькі жывая праўда, што простыя, па сутнасці, дзеянні ані не нагадваюць фальклорны тэатр — батлеечны, кірмашовы. У «Сабачым свеце» ідзе размова пра фэйкавае, прывіднае і сапраўднае. Невыпадкова гэты павільён прыцягнуў усеагульную ўвагу. Толькі пра бельгійцаў Канстанцін Селіханаў сказаў: «Тут, унутры гэтай прасторы, кіпеў запал, тое, за што мы і любім мастацтва».
Мара лунае
Задоўга да адкрыцця біенале было вядома, што стацыянарны ўкраінскі павільён — пад пытаннем, але прысутнасць краіны будзе выключная: палёт самага цяжкага ў свеце (савецкага) самалёта Ан-225 у праекце «Падаючая цень «Мрії» на сады Джардзіні». На борце — інфармацыя аб усіх украінскіх мастаках, без фільтраў, патрэбна толькі рэгістрацыя. Размоў пра падрыхтоўку гэтай акцыі і барацьбу годных канкурэнтаў было больш, чым пра ўсе астатнія праекты, разам узятыя! У выніку самалёт не праляцеў, а павільён, наадварот, адбыўся: пяць медыятараў распавядалі пра шматслойную задуму, сітуацыю ва ўкраінскім мастацтве і г.д. «Адкрытая група» выйграла конкурс з выдатнай, спрэчнай і слаба рэалізуемай ідэяй — скептыкі загадзя казалі, што над Венецыяй, цалкам абароненай ЮНЕСКА, наўрад ці дазволяць ляцець так нізка, каб з’явіўся цень. Цяпер давялося сканцэнтравацца на дакументацыі і дыялогах з гасцямі павільёна. Але сама выява, падаючы цень мары, заваражыла публіку, самалёта чакалі да апошняй секунды — мы глядзелі ў неба, шмат людзей!
І тут трэба разумець, што дэбаты пра перфарматыўнасць сучаснага мастацтва будуць усё больш вострымі.
Месца пад сонцам
• Уваход праз пляж
«Залаты леў» застаўся ў Літве: перамогу ў конкурсе атрымала опера-зноў-перформанс «Сонца & мора (Марына)». У творчай камандзе кампазітарка і мастачка Ліна Лапелітэ, рэжысёрка Ругіле Барзджукайтэ, драматург Вайва Грайнітэ, куратарка Люсія Петраюсці і больш за 20 выканаўцаў. Праект падрыхтаваны ў 2016 годзе арт-калоніяй (рэзідэнцыя і дактарантура) у Нідзе на Куршскай касе і ўжо паказаны ў Штутгарце і ў Нацыянальнай галерэі мастацтваў у Вільні (2017). Я бывала ў гэтай рэзідэнцыі: пачатак ёй быў пакладзены ў маленькім доме на ўзгорку, які пабудаваў захоплены мясцовай прыродай Томас Ман. Некаторы час ён нават правёў тут, і цяпер хата зрабілася мемарыяльным музеем.
Для праекта з Літвы ў Венецыю прывезлі 35 тон сапраўднага балтыйскага пяску, а ўдзельнікі перформансу не толькі спяваюць, але і загараюць пад штучным сонцам, чытаюць, ядуць, балбочуць, гуляюць з дзецьмі ў мяч. Гледачы назіраюць за дзеяй з балконаў па перыметры залы. Як жа ўсё гэта будзе працягвацца да восені? На маё пытанне куратарка адказала, што быў праведзены кастынг, адабраныя выканаўцы, а для іншых жадаючых праходзіць рэгістрацыя. Спевы можна будзе пачуць па суботах, а трапіць на пляж у любы час — мінімум на тры гадзіны, з уласным ручніком і купальнікам.
Куратаркай павільёна прапісаная экалагічная тэма, і яна счытваецца гледачамі. Паколькі ляжыць на паверхні, у прамым сэнсе слова. Але ўяўляецца мне, што іншы пасыл аўтараў — пра стомленасць чалавечага цела і Зямлі — не менш актуальны; і ў канцэпцыі нават ёсць думка пра апатыю і бяссілле перад апакаліпсісам. На мой погляд, усё не так катэгарычна: людзям патрабуюцца паўза і расслабленасць, за якімі рушаць ці не рушаць пэўныя дзеянні. Падыход не стандартны, наадварот, свет жа накіраваны на актыўнасць, на поспех! Перад намі вытанчаны ўваход з іншага боку, праз сувенірную або любую іншую краму, ды хай праз комін у старой літоўскай хаце! Хай гэта будзе ўваход у тую ж павестку, але ідэя куратараў і яе адэкватная ацэнка ў якасці прадстаўлення краіны ад людзей, што прымаюць рашэнні ў культурнай палітыцы Літвы, заслугоўваюць «Залатога льва».
Эксперты адзначаюць: відовішчнасць у такога кшталту акцый ёсць толькі ў момант самога перформансу, і гэта іх мінус: пры перанасычанай праграме біенале ніхто не будзе чакаць тых самых актыўных гадзін спеваў, пантамімы, чытання вершаў і г.д. Тым не менш, калі гэтыя праекты перамагаюць ці трапляюць у рэйтынгі, чарга да іх выбудоўваецца кіламетровая, і непрафесійная (!) аўдыторыя з усяго свету сапраўды хоча ўсё гэта бачыць. Роўна тое ж самае адбылося ў 2017 годзе з пяцігадзінным нямецкім перформансам «Фаўст» мастачкі Анны Імхоф і куратаркі Сюзан Пфефер. Дарэчы, акрамя людзей, у ім удзельнічалі даберманы.
• І Хілары таксама
Сказаць, што ў спадарыні Клінтан непрыкметнае месца пад сонцам, было б няпраўдай. Але мастачка Кенэт Голдсміт і куратарка Франчэска Урбан Рагасі ў праекце «Хілары: Хілары Клінтан emails» пастараліся ператварыць каляпалітычны скандал 2015 года ў гумар ці нават у трук. Тая самая службовая перапіска, якую дзяржсакратарка часам вяла з персанальнага, а не з афіцыйнага паштовага адрасу, прадстаўлена ў супермаркеце сеткі Despar. Гэтая ідэя асобна падкрэслена куратаркай: сучаснае мастацтва не эксклюзіўнае, яно павінна быць адкрытым, даступным, яно тычыцца ўсіх — як у публічных, так і ў прыватных аспектах. Despar ёсць па ўсёй Венецыі, але ў нашым выпадку гаворка ідзе пра лакацыю ў Канарэджа, у былым Teatro Italia, дзе балкон з раскошнай барочнай агароджай прыняў у сябе гэтую амерыканскую гісторыю пра бяспеку. Як заўсёды, гэта відэа, але што нечакана — сотні кілаграмаў раздрукаваных электронных лістоў (60 000 у дзвюх копіях). Чытайце на здароўе, спраўджвайце тэмы, даты, адрасатаў! Усе ж так хваляваліся за чысціню амерыканскага палітычнага працэсу, вось і спадар Асанж пацярпеў за праўду! Насамрэч сур’ёзная тэма ўразлівасці, фэйкавых навін і неабароненасці перад маніпуляцыямі актуальная, як ніколі. Для ўсіх нас, уключаючы наведвальнікаў супермаркета. Але форма прадстаўлення гэтай праблемы — зіхоткая. Так, яшчэ там былі дзве рэплікі фундаментальных пісьмовых сталоў спадарыні Клінтан — драўляныя, з вытанчанай разьбой. Пад столь на іх узвышаліся горы тых самых лістоў, ці другіх, ці трэціх — усё для грамадскага кантролю, атрымаеце асалоду ад вашай улады, спадарства! А вось што разумець пад праўдай, уладай і кантролем, застанецца за кадрам.
Палёты і дэканструкцыі
У асноўным праекце іх не пералічыць. Але і ў астатніх — невыносная колькасць.
Польскі павільён заўсёды цікавы тонкімі гранямі метафар і сацыяльных уключэнняў, вобразамі, счытанымі ў дакументальнай хроніцы, але выведзенымі зусім у іншую плоскасць. У «Flight» Рамана Станчака адбылося агаленне сутнасці рэчаў праз дэканструкцыю: візуальна гэта абломкі ў маштабе, металалом — накшталт нейкага судна. Магчыма, паветранага, але не факт. Сярод значэнняў слова flight ёсць і «звяно», і «ўцёкі», і «шэраг прыступак» — усё гэта можна знайсці ў ліку інтэрпрэтацый аб’екта Станчака. Але публіка абмяркоўвала, вядома, крушэнне (2010) у Смаленску самалёта Ту-154 польскага прэзідэнта Леха Качыньскага — з аналогіямі і пераасэнсаваннем гэтай трагедыі ў мастацтве.
Зусім вар’яцкія вобразы — у тайваньскіх мастакоў з «3 х 3 х 6». Гэта відэапраект з фантастычнымі персанажамі, якія ці то пажыраюць адно аднаго, ці то імітуюць іншыя формы жыцця. У павільёне Азербайджана героі нагадваюць персанажаў братоў Чэпмен, яны будуюць цалкам віртуальныя адносіны, фізічна знаходзячыся побач. Выдуманы лічбавы аўтар сустракае вас у румынскім павільёне: ён нават спрабуе весці гутарку, але далей глядач павінен прытрымлівацца пральных машын. У асноўным праекце кітайская механічная пачвара з грукатам беспаспяхова выцірае лужыну крыві — карцінка з гэтай канструкцыяй абышла ўсе сацсеткі свету. Але ці стала яна ад гэтага фактам мастацтва? Ці гэта ўжо нешта іншае?
Тры зоркі — гэта must see
У вялікіх праектах апошніх гадоў рэдка ўбачыш сапраўдных зорак: стала добрым тонам паказваць маладых мастакоў, яшчэ не вядомых, часта ананімных, з лічбамі або абрэвіятурамі замест імёнаў. Такая ідэалогія працэсу, завешчаная Бойсам. Але ў паралельных праграмах гіганты з’яўляюцца, і гэта важна: побач з іх асобамі становіцца ясна, як нараджаецца сучаснае мастацтва, адкуль паходзяць многія трэнды-брэнды і чаго яны насамрэч вартыя. І хоць пра іерархію ў мастацтве гаворка не ідзе, пункты адліку ўсё ж дапамагаюць. Увогуле must see.
У Венецыі зоркі, дакладней, іх прадстаўнікі Fondazione Prada, Pinault Collection у поўнай меры выкарыстоўваюць велічныя, не ў прыклад простым смяротным, прасторы — галерэю dell’Academia, палаца Grassi. Гэта Яніс Кунэліс, Георг Базеліц, Люк Цюйманс, і прымыкае да іх Гелій Коржаў, якога Траццякоўская галерэя прадстаўляе ў Ca’Foscari Esposizione. Напэўна, я нічым больш не хачу іх аб’ядноўваць, акрамя таго, што ўсе яны — еўрапейцы, што працавалі ў XX стагоддзі.
Рэтраспектыва (1958—2016) Яніса Кунэліса адносіцца да тых выстаў, пра якія людзям мастацтва можна сказаць: калі да канца лістапада вы будзеце ў Еўропе, трэба прыехаць у Венецыю і яе паглядзець. Гэта маштабная, энергетычная, складаная па арганізацыі інсталяцыя на трох паверхах фонду Prada, яе рэдка збіраюць ва ўсім аб’ёме і ў належнай экспазіцыйнай тапаграфіі. Пра Кунэліса напісана, на шчасце, шмат, і хачу толькі сказаць, што калі прыжывецца тэрмін «метарэалізм», то гэта пра яго: яго радыкальныя стратэгіі, яго фантастычнае ўменне ўвасобіць іх у аб’ектах з вугалю, кавы, металу, палатна, пластыка, абломкаў музычных інструментаў і фрагментаў тэкстылю, яго, напэўна, першае «поле» з мноства пакінутых паліто і туфляў не ўпісваюцца ў іншыя вызначэння. Так, ён заснаваў «arte povera» — але гэта толькі аб аскетычнай форме; і ён часта не даваў назваў сваім працам, падпісваючы іх літарамі S.T. (Senza Titolo — без назвы). Таму што Яніс Кунэліс — гэта шырэй, чым словы. Мова? Так, але гэта метамова.
Люк Цюйманс — бельгійскі мастак, які працуе з жывапісам і ўзрушальна яго рэфармуе. Яшчэ не класік, але ўжо амаль: фігуратыўны жывапіс у яго выкананні заўсёды напоўнены ідэямі, зыходзіць з рэальнасці, але ён перапрацоўвае яе ў рэжысёрскім ключы на фрагменты, з дыстанцыяй кадравання. Бляклыя колеры, пэўная індыферэнтнасць дзіўным чынам узмацняюць успрыманне трагічных тэм Цюйманса: банальнасць зла, нечалавечнасць, блытаніна штодзённасці, сапраўднае і падробленае. Ёсць у Цюйманса і палітычныя кантэксты, шмат матываў Другой сусветнай вайны, з ідэяй пра тое, што людзей падманвае іх памяць... Выстава называецца «La Pelle» (скура, шкура), са спасылкай да італьянскага рамана (1949) Курцыа Малапартэ пра Неапаль у канцы вайны — на адкрыцці Цюйманс звязаў адчуванне разбурэння таго часу з сучасным. Нельга не паглядзець Цюйманса, і выстава, дарэчы, адкрытая да 6 студзеня 2020 года.
Георг Базеліц — «новы дзікі» (таксама заснавальнік плыні), нямецкі постмадэрніст, жывапісец, графік і скульптар, экспрэсіўны настолькі, што зрабіў сваім прыёмам зрынутыя сюжэты. Дакладней, перавернутыя — партрэты, пейзажы, сцэны з сямейнага жыцця. Для мяне Базеліц стаіць у шэрагу мастакоў, якія пасля вайны сталі адкрывальнікамі чагосьці зусім новага: такі лёс у зусім не гуманітарыяў Бойса, у Стрэмінскага. Базеліц заспеў вайну ў дзяцінстве, аднак такія траўмы не праходзяць: мастаку Базеліцу стала важным даведацца, што зрабіла Германію нямецкай, а немцаў — немцамі (інтэрв’ю The Guardian 2014 года). Увесь гэты пласт культуры перакулены і пагнуты, але ў абстракцыях Базеліца больш калізій, чым у фігуратыўных жывапісцаў. А яшчэ ён дадае ў свае гісторыі адбіткі пальцаў. З катэгарычнага мастака, аўтара маніфестаў і ініцыятара скандалаў, Базеліц ператварыўся ў аднаго з самых шанаваных цяпер у свеце. Ва ўсякім выпадку, Венецыянская акадэмія ўпершыню ў сваёй гісторыі прадстаўляе мастака пры яго жыцці.
Гелій Коржаў лепш знаёмы нам па расійскім мастацтве і наратыве, трывала звязаным з савецкім перыядам гісторыі. Зараз усё гэта праходзіць праз новыя фільтры, але моц мастацкага прад’яўлення відавочная. Можна толькі выказаць здагадку, як цяпер успрымаецца гэтае мастацтва ў міжнародным кантэксце, калі малады глядач павінен правесці траекторыю ад «імперыі зла» з мінулага стагоддзя да падзей цяперашняга. Клішэ ў ідэалогіі былі характэрныя як для класікаў сацрэалізму, так і для масавай культуры ў цэлым, але і цяпер мы іх бачым: нават назва «Назад у Венецыю» («Back to Venice») нясе ў сабе заклік — экспрэсію савецкага дыскурсу. І куратары, мабыць, наўмысна пакідаюць гэты канон «наперад-назад», у адрозненне ад, напрыклад, «вяртання ў Венецыю», што адпавядала б рэчаіснасці. Гелій Коржаў удзельнічаў у 31-м Венецыянскім біенале ў 1962 годзе: тады разам з Віктарам Папковым і Аляксандрам Дайнэкам яны паказалі свету яшчэ адну гістарычную і сацыякультурную загадку — «адлігу». Некалькі тэм выдзеліла Траццякоўская галерэя ў спадчыне класіка, аднак хрэстаматыйны «Падымаючы сцяг», як і раней, велічны. Цікава, што Коржаў бачыў і пісаў у шэрагу пераможцаў вобразы і п’яніц, і шчырых маргіналаў. З часам да іх дадалася тэма зомбі з новай сацыяльнай фармацыі — зноў жа ў сённяшнім міжнародным кантэксце гэта ўспрымаецца як адкрыццё традыцыйнай мастацкай школы.
Самы лепшы дзень прыходзіў
Люблю маленькія венецыянскія галерэі, якія ўпарта вядуць сваю стратэгію побач з монстрамі біенале, прычым робяць гэта па-майстэрску. Такіх галерэй у маёй калекцыі некалькі. Напрыклад, ICI заўсёды радуе: на гэты раз у абсалютна нечаканай выставе Эліс Гуітард «Шукаю Марка Пола» аб’ядналіся фатаграфіі, археалагічныя вынаходствы, відэа. І гэта вельмі сучаснае мастацтва! Праект «У бацькоўскай спальні» паказалі Элізабэт ван Самсонаў (перформанс) і Юрген Тэлер — выдатны фатограф, знаёмы мне па альбоме аб Барысе Міхайлаве з яго «Парламентам» на мінулым біенале. Усё, што ёсць у Юргена ў кадры, заўжды вынаходліва, на межах інтымнасці і па сутнасці!
• Жыва Краус: «Канцэпцыя забівае мастацтва»
Мая радыкальна настроеная каляжанка, куратарка і кіраўніца галерэі IKONA VENEZIA Жыва Краус паказвае ў месяцы біенале фотавыставу «Віла Дуброўнік» Даміра Фабіяніча. Яна перакананая, што сённяшняя сітуацыя ў мастацтве, з яго рынкам, фальшам і сацыяльнай позвай, пагібельная для мастака. І ў прыклад прыводзіць леташняга Дэніэла Хёрста са «Скарбамі патанулага «Неверагоднага»»: «Гэта вайна! Такія, як ён, лічаць сябе першымі!»
Для мяне Жыва Краус — маркер сучаснасці ў мастацтве: у яе бездакорны густ і яна паказвае вельмі якасную фатаграфію. Мы пазнаёміліся, калі Жыва ўкладала альбом «Пэгі Гугенхайм у фотаздымках», частку гэтых адбіткаў у сваёй галерэі і паказала. «Жыццё і дакумент, нічога лішняга, — зразумела я тады, але з часам дадала: — І выявы». Жыва родам з Харватыі, і балканскія аўтары ёй асабліва блізкія.
«Віла Дуброўнік» Даміра Фабіяніча — безумоўная і бясстрашная антытэза біенальнаму мэйнстрыму. Архітэктура эпохі Рэнесансу, аналагавая чорна-белая фатаграфія (1994—1995), паэзія прыватнага дома, сад з цытрынамі, апельсінамі, алівамі. Не патанулы, а вечна жывы скарб «неверагоднага».
Жыва дапаўняе экспазіцыю малюнкамі Люба Іванчыча з серыі «Аголены» — гэта сцэны з акрываўленымі целамі з рымскіх гісторый. Кантраст такі відавочны, што дыялог графікі з фатаграфіяй прадставіць цяжка: крытык Андэлка Міханавіч прапануе версію даследавання розных граняў сапраўднага, фактычнага ў мастацтве. Увесь цыкл праектаў называецца «Памяць для будучыні»: збольшага гэта пралівае святло на задуму.
• Летыцыя Баталья: «Фатаграфія як выбар жыцця»
Галерэя «Tre OCI» — маё сапраўднае адкрыццё сёлетняй Венецыі. Па-першае, гэта тры прасторныя паверхі ў гістарычным будынку на востраве Джудэка. Ці варта казаць пра «гістарычнае» ў Венецыі? Калі гаворка ідзе пра сучаснае абсталяванне, прапрацаваны інтэр’ер, тэхналагічнае святло, магчымасць свабодна размясціць вялікія фарматы — так. Сама Джудэка — у вышэйшай ступені перспектыўны кірунак, адкрыты Ральфам Ругофам для біенале ў гэтым годзе. Новая лакацыя, дзе ўпершыню размясціліся 13 экспазіцый, у тым ліку два нацыянальныя павільёны, атрымала ўласную назву — Giudecca Art District (GAD). А Летыцыя Баталья тут — раскошны бонус класічнай фатаграфіі. Класічнай яе можна назваць з пэўнай нацяжкай: фота італьянскага жыцця другой паловы XX стагоддзя толькі цяпер атрымалі магчымасць быць шырока прадстаўленымі дзякуючы аб’яднанай спонсарскай падтрымцы. Некалькі сакавітых вулічных і партрэтных серый, цыкл пра дзяцей, пра цыганскую суполку, пра жыццё ў Сіцыліі. Але «Архіў крыві» пра мафію — адзін з самых вядомых. Рэпартажная здымка ўрываецца ў сцэны з крымінальнай хронікі, у судовыя сюжэты. Усё ў кадрах Летыцыі так насычана запалам, як быццам бы лёс герояў вырашаецца прама тут і цяпер.
Яна нават не лічыць сябе фатографам, яна бачыць сябе чалавекам, які абраў фатаграфію. Жанчына яна не маладая, а дакладны выбар, памножаны на мудрасць, дае бліскучыя вынікі. З майго досведу магу сказаць, што яе рэтраспектыву вельмі хутка можна будзе ўбачыць не толькі ў Італіі — сачыце за афішай, яно таго варта.
Рамантыка без сантыментаў
Брытанскі праект — персанальная выстава Кэці Вілкс з куратаркай Зоі Утлі з лонданскай Тэйт — таксама выклікаў рознагалоссі: хтосьці назваў яго сумнаватым, але, на мой погляд, стрыманая форма цалкам адлюстроўвае ідэі, разгорнутыя мастачкай. У 2005 годзе Кэці Вілкс ужо ўдзельнічала ў біенале, і куратары не выпадкова цяпер далі ёй права выказацца персанальна. Яе інсталяцыя прысвечана жаночым паўсядзённым гісторыям — пра тое, як жанчынам даецца іх поспех і што лічыць поспехам. Пра тое, з чаго пачынаецца так званая рамантыка, або жаночая творчасць, або мацярынства — з мала прыкметных фрагментаў, памятных дэталяў. У выбеленых прасторах маленечкія падрабязнасці, вядома, выглядаюць далікатнымі, манекены — уразлівымі і разгубленымі. Кожны вольны трактаваць аб’екты па-свойму, але вось адзіную фатаграфію, дзе галоднае дзіця есць ледзь не ў пасляваеннай дабрачыннай сталовай, мяркую, усе трактуюць аднолькава. Вельмі сціплымі сродкамі, без кроплі самалюбавання, у поўнай цішыні расказана аб унутраным стрыжні чалавека. Погляд яго звернуты ў глыбіню сябе. Але ці кожны здольны на такі погляд? Ці кожны мужчына — раз ужо выказванні адрозніваюць па гендарным крытэрыі — здольны на гэтую цеплыню, на такую адказнасць?
Атабонг Нканга з Нігерыі таксама адзначана спецыяльным згадваннем журы. Яе інсталяцыя «Выроўніванне вен» у асноўным куратарскім праекце — 26-метровай даўжыні «вена» з мармуру і муранскага шкла. Зноў унутраная гісторыя, дакладнае патраплянне ў вобраз, цалкам брутальная форма і… не ўпэўненая, што жаночае адчуванне.
Рэната Бертльман (Аўстрыя) пайшла зусім іншым шляхам. Аўстрыя заўсёды звяртаецца да сацыяльных тэм і робіць гэта дакументальна, без градацый, аглядкі ў бок art і г.д. «Я кахаю, значыць я існую» — парафраза, якую мастачка высмейвае, робіць парадыйнай, часам злоснай. Горкімі і смешнымі — прыкладна так бачыць Бертльман сацыяльныя сімвалы, ролевыя мадэлі, і яе сацыяльная крытыка дасягае мэты. А формы ўсе знаёмыя: графіка, скетчынг, коміксы, фатаграфія, відэа. Самы эфектны аб’ект — поле пунсовых цюльпанаў, якія больш за ўсё падобныя да аголеных штыкоў, — абышоў усе афішы.
Беларускі павільён з выявамі «Выйсця»
Мой суразмоўца — мастак Канстанцін Селіханаў, чый персанальны (цалкам у трэндзе сола-выстаў у якасці нацыянальнага прадстаўніцтва) праект «Выхад» прадстаўляў на біенале Беларусь.
— Маё асабістае перажыванне не супала з ніводным біенальным праектам. Сярод трэндаў я адчуваю сябе нават злёгку разгубленым, я ўласна іх мала ведаю. Мне не блізкая перфарматыўнасць практыкі з удзелам жывых людзей — я адчуваю пры выглядзе іх пэўную няёмкасць. Адзінае выключэнне — «Каёт» Бойса («Я люблю Амерыку, і Амерыка любіць мяне» — самая яркая акцыя Ёзэфа Бойса з дзікай жывёлінай, паказаная ў Нью-Ёрку ў 1974 годзе. — Заўв. аўт.), але ўсё гэта немагчыма параўноўваць.
Строга кажучы, і літоўскі павільён я бачу ў гэтым жа ключы, хоць ён, вядома, выглядае лепш за іншых. З аднаго боку, як праца мастакоў, а з другога — як праца блізкай нам краіны: там таксама ўсё не ідэальна, але яны рухаюцца, і ў іх атрымліваецца. Мы ж удзельнічаем у біенале як энтузіясты-адзіночкі, наша сістэма працуе недастаткова: яна не скіраваная на якасць, на вынік. Спадзяюся, у нас яшчэ будзе магчымасць гэта абмеркаваць.
А што тычыцца мастацтва, магчыма, маладыя мастакі вырашаюць іншыя праблемы, не тыя, што важныя мне, або форму мы абралі кансерватыўную. Іншая справа, як адчувае сябе глядач, наколькі ён атаясамлівае сябе з маімі тэмамі, героямі, рашэннямі. Часам людзі казалі нам зусім простымі словамі аб тым жа, напрыклад пра малако ў дзяцінстве... Пра гэты ж вобраз спыталі члены журы, для іх ён таксама малазнаёмы і здаўся цікавым.
Пасля майго ўдзелу ў праекце 2015 года засталося пачуццё недамоўленасці, і цяпер я пастараўся яго папоўніць. З’явілася перш за ўсё велізарная адказнасць і вялікая яснасць у саміх ідэях.
Пачатак «Выхаду» адбыўся ў праекце «Рэканструкцыя героя» (2016), які быў паказаны ў музеі Азгура. Цяпер у нас пяць аб’ектаў, з’явіўся іншы кантэкст — «Выхад» атрымаў развіццё ў вялікай ступені дзякуючы куратарцы Вользе Рыбчынскай (асобны дзякуй сукуратару Уладзіміру Парфянку і працаўніку Славу Сяменчыку, якія дапамаглі рэалізаваць ідэю).
У праекце ёсць неонавы нечытэльны лозунг, відэа, упаковачныя скрыні, якія маюць назву «Пасылка». Фраза ўзятая наўздагад з «Капіталу» Маркса — адкінуты часам варыянт, або стратэгія «выхаду». Паднос і шклянкі з малаком — таксама знак, напамін пра вучобу ў школе Ахрэмчыка, пра савецкія рытуалы, у якія былі ўцягнутыя і дзеці. Да шчылін у задняй браме мы дадалі яшчэ прарэзы: прасветы, погляд звонку невялікай прасторы вельмі характэрны для ўсведамлення неабходнасці выхаду. Разам з відэа «Лес» і «Пасылкай» — а гэта для мяне сітуацыя трансфармацыі якасці і нават літаральнага пераходу ў новую прастору — яны ўтвараюць адзіны тэкст. Мы падкрэслілі яго святлом і гукам, мяркую, цяпер праект атрымаў завершанасць, выразнасць.
Выклік атрымлівае і выклік кідае мастак. Не хачу параўноўваць мастака з куратарам, але сіла мастака — у яго рэакцыі, у яго мэтах. Куратар дапамагае сфармуляваць, чым, з яго пункту гледжання, мастак займаецца. Аднак часта вы не можаце звязаць твор з назвай, з прапанаванай ідэяй. Пра сябе магу толькі сказаць, што я раблю сумленны праект: пра тое, што я ведаю і адчуваю. Не прагназую і не спрабую зазірнуць наперад, я толькі абапіраюся на сваю практыку і досвед. Так, гэта не счытваецца ў адзін момант: у кожнага аб’екта ёсць самадастатковасць, кропкавыя значэнні, але ёсць і логіка, паводле якой іх сэнсы ўзаемазвязаны.
***
Не без пафасу задаю сабе пытанне: па якім жа шляху пойдзе сучаснае мастацтва? Няўжо гэта будзе максімальна цёмная дэканструкцыя або сухая дакументацыя, ці ўсё ж жывое мастацтва, з мастаком-інтэлектуалам і майстрам? Хутчэй за ўсё, яно пойдзе рознымі шляхамі. І сакрэт Венецыі ў тым, што яна прапануе шмат выхадаў, празмернасць, багацце, якое не ахапіць.