Францыі, дзе Лаура Пруво і яе юныя памочнікі-акцёры захапляльна паэтызавалі і містыфікавалі сваю вандроўку на біенале. Швейцарыі, дзе намаганнямі Паўліна Будры і Рэнаце Ларэнц перамяшаліся гледачы і перформеры. Плюс дзіўны аўтаматызаваны павільён — тэатр Бельгіі, дзе створаныя Ёсам дэ Груйтэрам і Харальдам Цісам гратэскныя марыянеткі ў натуральную чалавечую велічыню смешаць і палохаюць механічнымі дрыготкімі рухамі. Але цяпер гэтага тэатралізаванага хараства ўжо не дастаткова для галоўнага прыза, якім — цалкам заслужана — была адзначана самая сапраўдная опера літоўцаў. Ім вельмі пашанцавала з павільёнам, былым двух’ярусным ангарам для рамонту катараў, ідэальна падзеленым на залітую яркім святлом штучную прастору ідылічнага пляжа з сапраўдным пяском унізе і зацененую назіральную пляцоўку з парапетам для гледачоў наверсе. З камфортам там размясціўшыся, наведвальнікі Літоўскага павільёна могуць з абсалютна чыстым сумленнем аддацца пляжнаму вуаерызму, легалізаванаму «выставачнай» сітуацыяй, адначасна далучаючыся да высокага мастацтва сучаснай оперы, чароўнай «Сонца і мора (Марына)», створанай Лінай Лапелітэ на лібрэта Вайва Грайнітэ і выкананай тузінам прафесійных оперных спявачак/спевакоў у купальных касцюмах, што нязмушана разваліліся на ручніках сярод звычайнага пляжнага антуражу ў выглядзе кінутых шлёпанцаў, надзіманых мячоў, складных парасонаў, чыйгосьці назойлівага і гучнага сабакі і дзяцей, якія граюць у пяску. Зрэшты, жадаючыя могуць маўкліва далучыцца да спевакоў-«адпачывальнікаў» — пры наяўнасці купальніка і ручніка, папярэдне запоўніўшы форму заяўкі на сайце праекта. Ругіле Барзджукайце, пастаноўшчыцы оперы-перформансу, удалося па-майстэрску змяшаць расслабляльную штодзённасць і візуальна багатую штучнасць відовішча з адчуваннем няўлоўнай трывогі, што павінна з’яўляцца паблізу літаральна адсутнага, але атручанага паводле тэксту п’есы мора.
Аднак самай яркай і відовішчнай падзеяй цяперашняга біенале, як гэта ні парадаксальна, сталася мерапрыемства па-за афіцыйнай праграмай — трохдзённае жывое шоу, зладжанае групай Alterazioni Video з нагоды 100-годдзя нацыяналізацыі расійскага цырка і да адкрыцця выставы «Час, наперад!», арганізаванай расійскім фондам V-A-C. Набярэжную Дзатэрэ перад палаца, што належыць фонду, акупавала нястрымнае і вясёлае шоу, якое захапіла без разбору турыстаў, біеналістаў і мясцовых жыхароў — з шумам, музыкай і пачастункам, экстрэмальнымі трукамі і жанчынай-бодзібілдарам, абсалютна дурной бутафорыяй і фрык-шоу а-ля-рус. На прышвартаванай платформе — экскаватар, што палівае сябе вадой, зачэрпанай з канала, і побач тузаны танец тыповага гопніка ў трэніках — вось дзе матэрыялізаваўся венецыянска-карнавальны дух у процівагу (тэатральнай, так) прытхласці і рэмбрантаўска-эрмітажнай змрочнасці цяперашняга афіцыйнага павільёна Расіі.
Цалкам актуальным дадаткам да бягучага біенале выглядае «зорная» праграма перформансаў на яго адкрыцці/закрыцці. Апафеозам тэатральнасці сталася пагрозлівая актыўнасць гіганцкіх рабатызаваных інсталяцый Пэн Юйя і Сунь Юаня ў Асноўным праекце, сярод якіх гвалтоўная механічная «рука», што пад акампанемент пнеўматычных цяг бясконца расцірае па белай падлозе крывава-цёмную вадкасць.
Бурны паток біенальных падзей не абмяжоўваецца афіцыйнай праграмай. Так, напрыклад, панаракаўшы ў «Інстаграме», што яго не запрасілі да ўдзелу, Бэнксі адзначыўся вулічнай экспазіцыяй «Венецыя ў нафце (або алеі)», дзе некалькі невялікіх карцін (верагодна, алеем) склаліся ў малюнак акіянскага лайнера, які праплывае паміж былой набярэжнай Невылечных і востравам Джудэка — уражальная карціна, чаго не скажаш пра творы знакамітага графіціста, выкананыя на палатне і зняволеныя ў рамах. Нашмат круцей — ананімна створаная ім жа на аблупленай сцяне дома, што сыходзіць у ваду, дзяўчынка з факелам, якая зрабіла гэты фрагмент і так нятаннай венецыянскай нерухомасці на некалькі сотняў тысяч еўра даражэйшым. Сувязь тонучых караблёў з бежанцамі і горадам, што таксама патанае, больш чым відавочная, аднак значна мацней працуе адна з інсталяцый Асноўнага праекта — «Barca Nostra» Крыстафа Бюхеля, фрагмент рыбацкага судна, які пацярпеў крушэнне ў Міжземнамор’і, з амаль тысячы нелегальных мігрантаў выратаваліся толькі 28. Каркас злашчаснай шхуны арганічна ўпісаўся ў антураж былых карабельных верфяў Арсенала і стаў выдатным фонам для сэлфі і месцам сустрэч заўсёднікаў біенале — ды гэта й не што іншае, як калектыўны саркафаг большасці яе пасажыраў, замкнёных у труме на момант катастрофы. Хоць аўтар інсталяцыі і куратар экспазіцыі свядома пазіцыянуюць трагічны аб’ект як арт-інтэрвенцыю, ён ужо выклікаў шэраг папрокаў, у тым ліку і пра дарэчнасць увасаблення рэальных пакут на свяце мастацтва, а таксама амаральнасьці эксплуатацыі мастацтвам сапраўднай жорсткай трагедыі.
У гэтай сувязі ўзнікаюць пытанні: а ці маральна наогул публічнае расчэсванне нацыянальных ран? Так, напрыклад, Канада прысвячае свой павільён праблемам інуітаў — «першай нацыі», што засяляла паўночныя тэрыторыі, папуляцыі, якая гіне, бязлітасна адарваная прагрэсам і федэральным урадам ад традыцыйнага ладу жыцця ў гармоніі з суровай палярнай прыродай. Рэспубліка Косава дэманструе відэаінтэрв’ю ўжо дарослых юных ахвяр косаўскай вайны 1998-99 гадоў, якія распавядаюць аб прыніжэннях і прыгнёце албанскага насельніцтва югаслаўскімі ўладамі. У Цэнтральным павільёне мексіканка Тэрэза Марголес падзяляе гледачоў бетоннай сцяной з калючым дротам і кулявымі шчарбінкамі, якія сведчаць аб разгуле злачыннасці ў яе родным памежным Сьюдад-Хуарэсе (і атрымлівае за гэта спецыяльнае згадванне журы). У вельмі многіх лакацыях на, здавалася б, абстрактнай і пазапалітычнай тэрыторыі мастацтва ўзнікаюць надзённыя тэмы страху, гневу, гвалту і болю. Ды і замок, што вісіць на дзвярах пустога нацыянальнага павільёна Венесуэлы, — пераканальнае паведамленне аб немагчымасці мастацтва па-за палітыкай.
Мабыць, усё правільна: сучаснае мастацтва не дэкаратыўная забаўка, а на вайне як на вайне. І паказальны тут павільён Ірака, дзе курд Серван Баран, што за дзесяць гадоў ваеннай службы прайшоў усе колы салдацкага пекла, стаў тым самым мастаком, якога краіна дэлегавала на Венецыянскае біенале. Верашчагінскі размах і антываенны пафас вялізнага мурала ў двух’ярусным венецыянскім інтэр’еры, дзе адна са сцен цалкам закрыта маляўнічай мешанінай мёртвых салдацкіх целаў ва ўніформе, насупраць — стол з кнігамі, мяккія крэслы і цёплае святло настольнай лямпы. Толькі зазірнуўшы ў вочы аўтара, які з паклонам паціскае руку ў адказ на кампліменты яго экспазіцыі, можна адчуць усю глыбіню гэтага кантрасту...
Няважна, як гэта назваць, — актуальным мастацкім выказваннем або візіянерскім прадчуваннем катастрофы, эмацыйнай асобаснай рэакцыяй на сацыяльныя выклікі ці нават арт-паразітаваннем на болевых кропках грамадства, — мастацтва «эпохі пераменаў» умела акцэнтуе трагічныя гісторыі сучаснасці. І робіць гэта вельмі відовішчна.