Ва ўспрыманні мастацтва шмат стэрэатыпаў, агульных момантаў. Мастак — мы верым — падчас свайго развіцця няспынна шукае сябе, выпрацоўвае свой стыль. І так прыемна гледачу, вандруючы па выставе, пазнаваць знаёмых аўтараў паводле характэрных прыкмет. Аднак нашмат больш цікава назіраць мастака ў развіцці, у руху. Графіку, жывапіс і нават мультыплікацыю Дзмітрыя Сурыновіча мы сапраўды бачым адразу, аднак для мяне абсалютна парадаксальным з’яўляецца тое, што гэтыя тры сферы ўвасаблення творчага духу так выразна і так адрозна раскладаюцца па палічках матэрыялаў і тэхнік. Розныя творчыя задачы, любімыя тэмы ў розных матэрыяльных увасабленнях набываюць сваю адметную форму. Але асаблівасць формабудовы, пазнавальны і характэрны сілуэт герояў, улюбёны каларыт «выдаюць» аднаго аўтара з цэласным і багатым светаўспрыманнем.
Лёгкасць, паветранасць акварэлі і насуперак гэтаму — нетаропкая тэхніка жывапісу акрылам з улюбёнай кантраснай каларыстычнай гамай, з кампазіцыяй, правілы якой нібы кожны раз вынаходзяцца ў новым творы, суадносна яго напаўненню. І такая шматслойная, складаная па вобразнасці мультыплікацыя, калі хочацца спыніць кадр і разгледзець яго як сюжэтную карціну з падрабязнымі дэталямі, са стылістыкай, блізкай да гістарычнага сімвалізму. За ўсім гэтым — асоба мастака, што ўражвае эрудыцыяй, інтэлектуальным перфекцыянізмам.
Акварэль займае ў гэтым шэрагу асаблівае месца. Мастацкія дасягненні аўтара відавочныя, тут усё, як мы любім, — вольнасць, празрыстасць, рух, спантаннасць, імправізацыя. Фарба цячэ паводле законаў паглынання і прыцяжэння, а мастак — толькі рэжысёр гэтай імклівай і, здавалася б, лёгкай гульні святла і колеру. Яго любоў да яркіх праяў жыцця ў творчасці выклікае гэтую патрэбу ў імгненнай фіксацыі вобраза, вольны кірунак фарбы абыгрываецца ім з вялікім майстэрствам. Рух рукі — каліграфічны, паветраны, вобразы нараджаюцца без відавочнага напружання. Аднак мастак прызнаецца, што акварэль патрабуе вялікіх высілкаў, і называе яе «мужным жывапісам». І зразумела чаму: памылкі, апіскі, «нязнойдзенасці» выправіць у такой аўтарскай тэхніцы вельмі цяжка.
Матывы і тэмы Дзмітрыя Сурыновіча кранальныя і пазнавальныя: то настальгічныя пейзажы родам з дзяцінства, калі дрэвы былі вялікія (а ўсё таму, што гарызонт такіх краявідаў — нізкі), то вельмі музыкальныя, рытмічныя формы, блізкія да рухаў душы, да пісьма, да іерогліфаў, то нечаканыя і нерэальныя сюжэты, выкліканыя ці то рухам ветру ад адчыненага акна, ці скокам гарэзлівай коткі... Структура твораў таксама бывае вельмі нечаканай, асабліва ў яго акварэлях, што «завісаюць» паміж звыклым нам жывапісам і кітайскай каліграфіяй. Як, напрыклад, у аркушы «Злы японскі пеўнік». Міндалепадобнае вока без зрэнкі пададзена анфас на профільнай выяве, валасы ператвараюцца ў рухомыя лініі, у кропкі і рыскі — у нечытэльнае хуткае пісьмо (зверху ўніз — паводле ўсходняй традыцыі і законаў прыцяжэння зямлі), хвост пеўня таксама закручваецца, пераўтвараецца ў правобраз нейкіх хаатычных знакаў. Дый усё тут — і знак, і сюжэт адначасова — пададзена ў момант пераўтварэння аднаго ў іншае. У іншых акварэльных працах прэвалююць абстракцыя, рытм і чысты рух. Хаос ліній, форм набывае завершанасць, і тады кампазіцыя становіцца гарманічнай. Творца выразна адчувае мяжу паміж закончанасцю «незакончанага» вобраза і эскізам: «Тое, што іншы мастак можа за твор палічыць, для мяне — толькі палітра».
Жывапіс нібы рабіў іншы чалавек — стомлены і абазнаны ва ўсіх стылях мінулых эпох. Іранічны. Яго вандроўка па розных мастацкіх плынях занадта лёгкая і нязмушаная, каб быць падобнай да наўмыснага прыёму, бо аўтар так шмат ведае, аналізуе і перастварае, з усімі гэтымі алюзіямі, эківокамі, пашанотай і адначасова іроніяй — да старых аўтараў і да мастацтва Усходу і да літаратуры, да вядомых вобразаў сусветнага мастацтва і знакамітых майстроў. Так жа лёгка Дзмітрый Сурыновіч абыходзіцца з колерам і формай.
Матывы жывапісных твораў крыху іншыя, а вядучая тэма — прынамсі на гэтай выставе — па форме набывае гагенаўскае ўвасабленне, па-сутнасці — ёй супрацьстаіць. Жанчына, яе існасць і прырода, пошук суладдзя, гармоніі... Аднак у Сурыновіча не рай і адхланне ад цывілізацыі, а прыродная сіла і моц, увасобленая ў стылізаваных жаночых постацях. А яшчэ гэтыя рыбы, каты, нажы — сімволіка іх чытэльная і невідавочная адначасова, на мяжы паміж побытам і сімвалізмам. Але сімвалізм тут з разуменнем таго, што важныя рэчы сёння непрыстойна прамаўляць з пафасам. Гэта жаночы архетып, больш сучасны, больш іранічны, чым у Гагена. Жанчыны займаюцца будзённымі рэчамі, іх асяроддзе разбаўлена жывёламі і прадметамі, гэта свой аўтаномны свет, закрыты для старонніх, выпадковых позіркаў. Адзіных правіл пабудовы карціны таксама не існуе, даволі вольна абыходзіцца аўтар з часам і прасторай. У нейкіх палотнах іграюць ролю святлацень і перспектыва, у іншых — постаці жанчын становяцца ўтрыраванымі, нібы яны гераіні коміксу ці мультфільма. У экспазіцыі нібы знарок усё перамешана і зміксавана. Ніякага стылёвага адзінства, незалежнасць ад любога канону, нават ад свайго ўласнага. Дазволіць сабе быць розным у кожнай рабоце лёгка, калі кіравацца аўтарскім прынцыпам: «Я малюю толькі тое, што мне цікава».
Захапляюць яго і такія яркія асобы, як Ван Гог, Рэмбрант, Жорж Санд, Параджанаў. Выбар тлумачыцца проста: «Больш за ўсё я не люблю сумную літаратуру і сумнае выяўленчае мастацтва». Тут для яго важна стварыць вобраз такім чынам, каб пазнавальнасць твару была зусім не галоўнай, нават забыўшы рысы, можна счытваць пазначанае праз нейкія характэрныя дэталі, што забяспечваюць унікальную атмасферу. Як у партрэце Ван Гога: кампазіцыя даволі ўмоўная, калажная, характэрныя дэталі — вуха, крэсла, рудыя валасы, усяму тут цесна, усё развальваецца ў гэтай дысгарманічнай алагічнай кампазіцыі. Таму яна і кранае, разбіваючы ходкія штампы, пераствараючы і сцвярджаючы новую адметную прастору жывапіснага палатна.
Як мультыплікатар Дзмітрый Сурыновіч быў паказаны асабліва шматгранна. Арганізатары выставы далі магчымасць наведнікам разгледзець звычайна прыхаваную кухню анімацыі. Сурыновіч — мастак-пастаноўшчык анімацыйных фільмаў, прадстаўленых у экспазіцыі эскізамі і калажамі, — «Легенда пра лэдзі Гадзіву», «Шапэн», «Салавей», «Старажытная аповесць», «Залатыя падковы» рэжысёркі Ірыны Кадзюковай, «Меч» Віктара Доўнара і Наталлі Лось, «Чароўная жалейка» Міхаіла Тумелі і іншыя. Можна таксама было ўбачыць персанажаў гэтых мультфільмаў «ужывую» — у якасці лялек, аб’ёмных на шарнірах і плоскіх марыянетак, убачыць зблізку кожную дэталь. Адна з выставачных залаў Цэнтра сучасных мастацтваў была адведзены спецыяльна пад дэманстрацыю мультыплікацыйных фільмаў, над якімі ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка працаваў Дзмітрый Сурыновіч. Іх паказвалі ў рэжыме non-stop.
Варта адзначыць адметнасць гэтага аўтара, бо найперш размова ідзе пра працу рукой, пра ўнікальныя тэхнікі, часам настолькі самадастатковыя, што графіка, якую ён рабіў для мультыплікацыйнай карціны, раптам аказваецца мацнейшай за гатовы прадукт. Такім чынам адкрыцці ў анімацыі часта з’яўляюцца квінтэсэнцыяй графічных пошукаў Дзмітрыя Сурыновіча.
Алеся Белявец