УЖО ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ МІНЧАНІН УЛАДЗІМІР КАЗЛОЎ ЖЫВЕ Ў ФРАНЦЫІ, ПАД ТУЛУЗАЙ, У ГОРАДЗЕ МАНТАБАН, ДЗЕ НЕКАЛІ НАРАДЗІЎСЯ ВЯЛІКІ ЭНГР. УСЁ ЖЫЦЦЁ УЛАДЗІМІРА ЗВЯЗАНА З МАСТАЦТВАМ КІНО. НАВАТ КАЛІ ЛЁС ПРЫМУШАЎ ЯГО РАБІЦЬ НЕВЯЛІКІЯ ПЕРАПЫНКІ АД КІНО, ЯНО ЗАЎСЁДЫ БЫЛО ПОБАЧ. ІГРАВОЕ, ДАКУМЕНТАЛЬНАЕ, САВЕЦКАЕ, БЕЛАРУСКАЕ, ФРАНЦУЗСКАЕ. УЛАДЗІМІР КАЗЛОЎ — ЧАЛАВЕК КІНО АМАЛЬ АД САМАГА ПАЧАТКУ. І, ВІДАВОЧНА, ДА САМАГА КАНЦА...
Першае жыццё нашага героя прайшло ў Мінску. Ён адразу зразумеў: будзе працаваць толькі ў кіно. І быў настолькі апантаны апошнім, што кінуў факультэт журналістыкі БДУ, аб чым потым, па яго словах, вельмі пашкадаваў. Чатыры разы спрабаваў паступіць на рэжысуру ў ВГІК, у тым ліку ў майстэрню Марлена Хуцыева, потым — у ленінградскі ЛГІТМІК, але перад самымі экзаменамі нервы ўсё-такі не вытрывалі напружання і ён забраў дакументы. Калі ўжо працаваў на «Беларусьфільме», скончыў завочна гістарычны фа-
культэт БДУ. Значна пазней прайшоў у ВГІКу курсы перападрыхтоўкі і з 1978 года працаваў асістэнтам, памочнікам рэжысёра, а затым і непасрэдна другім рэжысёрам. З часоў мараў пра ВГІК у яго засталася вялікая перапіска з адным з пачынальнікаў сусветнага кіно Сяргеем Юткевічам — класік з нечаканай цікавасцю адказваў на лісты апантанага кінамастацтвам юнака і нават даслаў сваю кнігу з аўтографам.
Уладзімір Казлоў ганарыцца тым, што яго імя — у цітрах «Ідзі і глядзі» Элема Клімава (ён працаваў асістэнтам рэжысёра на другой частцы карціны), апошніх стужак Уладзіміра Бычкова, «Раскіданага гнязда» Барыса Луцэнкі. Менавіта Казлова пару гадоў таму паклікалі расказаць пра працу з Клімавым для праекта французскага тэлебачання аб вялікіх стужках ХХ стагоддзя.
Аднак пакуль наш сённяшні герой стаў у Францыі сваім чалавекам, прайшло шмат часу. У знакамітыя дзевяностыя цікавай працы на «Беларусьфільме» амаль не засталося. Васьмідзясятыя былі, без перабольшання, пікам існавання нашай студыі. Прафесійны, творчы ўзровень супрацоўнікаў «Беларусь-
фільма» быў вельмі высокі, на іншых студыях СССР да беларусаў ставіліся з вялікай павагай: усюды, куды яны прыязджалі, іх сустракалі з нязменнымі прапановамі прадаставіць кінематаграфістам з Мінска ўсё неабходнае для правядзення здымак. На жаль, хутка ўсё змянілася, і на пачатку дзевяностых студыя пачала літаральна на вачах развальвацца. Уладзімір Казлоў вырашыў змяніць месца жыхарства на Францыю. Але ў выніку пасля шэрагу падзей апынуўся ў літаральным сэнсе на вуліцы невялікага горада Мантабан з адной валізай і роварам, падораным былой французскай жонкай, пад праліўным, падкрэслівае ён заўсёды ў размове, дажджом. І тут пачалося яго другое жыццё — жыццё артыста вандроўнага тэатра.
Год таму на французскія тэлеэкраны выйшла чарговая стужка французскага дакументаліста Vladimir Kozlov — «Не кідай ніколі балаган!». Яна распавядае пра ўнікальную французскую традыцыю перасоўных тэатраў. Традыцыя гэтая вельмі хутка перарвалася напрыканцы пяцідзясятых, часоў імклівага росквіту тэлебачання. Аднак менавіта ў Мантабане ў пачатку шасцідзясятых была створана новая трупа вандроўных акцёраў. Яе лідар Жан Дэразье сам нарадзіўся ў вагончыку на колах. Ён сабраў лепшых артыстаў і разам з імі пачаў паказваць спектаклі на плошчах невялікіх мястэчак па ўсёй Францыі. Жак Дэразье выратаваў мігранта з Мінска — даў яму прытулак і працу. Спачатку Уладзімір дапамагаў трупе з рэквізітам, быў асвятляльнікам, гукарэжысёрам. Паступова вучыў французскую і выйшаў на сцэну ў невялічкай ролі.
З тэатрам Дэразье Уладімір Казлоў аб’ехаў ці не трэцюю частку Францыі. Гэта было яго другое і вельмі шчаслівае жыццё. Аднак на пачатку двухтысячных прынялі новыя законы, па якіх Дэразье не мог утрымліваць у штаце трупы лішняга работніка, і Уладзімір ізноў апынуўся на скрыжаванні. Але тое быў ужо іншы чалавек, не той засмучаны небарака пад дажджом. Некалі Валодзя паказаў мне кардонку са сваімі фота пашпартнага фармату — амаль кожны год ён паслядоўна ўклейваў выявы: можна назіраць, як чалавек з тыпова славянскім тварам паступова ператвараецца ў тыповага заходнееўрапейца.
Француз Казлоў нарэшце стаў кінарэжысёрам. Пачалося яго трэцяе, апошняе на дадзены момант жыццё.
Галоўная рыса стужак Уладзіміра Казлова — іх асабістая, інтымная нота.
Большасць тэм, сюжэтаў, герояў рэжысёр бярэ са свайго жыцця і распавядае гледачу ў вельмі адкрытай, даверлівай манеры.
З Валодзем мы пазнаёміліся ў 2011 годзе, у аўтобусе, які вёз у Глыбокае гасцей чарговага (і, здаецца, заўчасна зніклага) фестывалю Magnificat. Стужка Казлова была самай кароткай з усёй праграмы, дзевяць хвілін. Галоўную ролю ў кароткаметражцы «З Раством, Уладзімір!» (2010) сыграў сам рэжысёр.
У цяжкія часы беспрацоўя ён зарабляў тым, што выконваў ролю французскага Санты, П’ера Наэля, у вялікім гіпермаркеце Тулузы. І зняў адзін свой працоўны дзень — з чаргой жадаючых сфатаграфавацца дзетак раніцай і адзінотай цёмнай кватэры ўвечары.
Яшчэ адзін вельмі асабісты фільм — «Волга-Гарона» (2013). Валодзя з васьмі гадоў фіксаваў сваё жыццё, спачатку на кінастужкі, потым на «лічбу». У гэтай працы ён абсалютна нечакана змантаваў відэадзённікі свайго перасялення і ўладкавання на чужой зямлі з аповедам пра жанчыну сталага веку, якая вярнулася са шматгадовай міграцыі ў свой родны горад на Волзе.
У свой прыезд у Ленінград для паступлення ў інстытут Уладзімір пазнаёміўся з выбітным музыкантам Юрыем Марозавым, адным з культавых фігур савецкага рок-андэграўнду васьмідзясятых, з якім сябраваў да самай яго смерці. Аб ім ён зняў стужку «Юрый Марозаў. Рок-маналог», а музыку Юрыя выкарыстоўвае ў сваіх работах.
Рэжысёр і яго фільмы нездарма апынуліся на фестывалі хрысціянскага кіно. Валодзя — праваслаўны вернік, гэта знаходзіць адбітак у яго творчасці. Стужкі, прысвечаныя дзеячам рускай царквы ў міграцыі «Музыка і фарбы айца Леаніда» (2002), «Руская сястрычка з абацтва Кальванэс» (2004), «Мікалай Грэшны» (2013), ён здымае шчыра, без аніякіх намёкаў на кан’юнктуру.
Яшчэ адна незямная тэма Валодзі, як ні дзіўна, касмічная. З космасам непасрэдна звязаны самы вялікі на гэты дзень рэжысёрскі поспех Уладзіміра — поўнаметражная дакументальная карціна «Гагарынлэнд». У 2011 годзе гэтая поўная абсурду ды гратэску стужка стала лепшай на маскоўскім «Артдакфэсце», а яе рэжысёр атрымаў прыз з рук старшыні журы Андрэя Звягінцава.
З даследавання жыцця малой радзімы Юрыя Гагарына фільм ператварыўся ў выбітную сатыру на постсавецкую правінцыю і новыя капіталістычныя парадкі. Паралельна з гэтым фільмам Уладзімір Казлоў зняў вялікі кінапартрэт Аляксея Лявонава — касманаўта, які першым выйшаў у адкрытую касмічную прастору. Мэр горада Гагарына пазнаёміў іх, і Аляксей Архіпавіч нават запрасіў дакументаліста ў свой дом, чаго раней ніколі не здаралася. Французская здымачная група стварыла карціну з унікальнымі кадрамі касманаўта Лявонава ў ягоным асабняку ў Зорным гарадку, у офісе вядомага банка, віцэ-прэзідэнтам якога ён тады з’яўляўся, на малой радзіме, якую ён наведвае. Асабліва цікавыя і каштоўныя кадры сустрэчы Лявонава з Томасам Стафардам — яго амерыканскім калегам па знакамітым палёце «Саюз — Апалон». Уладзімір з гонарам кажа, што бліжэй да Лявонава ніхто з дакументалістаў не падбіраўся.
Зараз Уладзімір Казлоў працуе над вялікай карцінай пра Курыльскія выспы па замове французскіх тэлеканалаў. Ён заўсёды напаўжартам шкадуе, што за чвэрць стагоддзя так і не стаў сапраўдным французам. У планах — мантажная стужка з кадраў старога кінаальманаха «Піянер Беларусі» і поўнаметражная ігравая карціна. Ізноў пра мігрантаў, але на гэты раз — пра каханне.
Шчыра зычу табе поспехаў, Валодзя. Жыццё працягваецца.