«NEFT_Ь» — праект, які быў рэалізаваны ў Віцебску ў Арт-цэнтры Марка Шагала ў красавіку 2016 года і пераўвасоблены, пераінсталяваны ў залах НЦСМ. Экспазіцыя Алены Толабавай падзялілася згодна з канструкцыяй выставачных памяшканняў (былыя творчыя майстэрні — гэта шэраг рознага памеру пакояў) на некалькі асобных прэзентацый, набыўшы неабходную для аб’ектаў прастору для агляду і магчымасць змяняць ракурсы.
«Нафта — не паліва, паліць можна і асігнацыямі», — аўтарка згадвае ў прэс-рэлізе словы Дзмітрыя Мендзялеева. Цэлюлоза грошай насамрэч больш танная. Алена Толабава сцвярджае, што сацыяльныя і палітычныя канатацыі, звязаныя з нафтай, ніяк не ўплываюць на змест праекта, ён — чыстая гульня: «Я не ўкладала ў гэтыя працы ніякай экалагічнай падаплёкі. Я не хвалююся за захаванне нафты, зусім не. Справа ў тым, што мастак, як і філосаф, надзелены правам выяўляць думку пазакантэкстна, ператвараючы нафту і яе вытворнае — бітум — у інструмент мастацкага выказвання». Аднак пры гэтым нешта яна з гэтага дыскурсу выцягвае. «Нафта змяняе свет» — гэты пасыл натхняе аўтарку на назіранні за метамарфозамі ў вытворчасці ўласных прац. «Мы прывыклі жыць у раскошы, але забываем, што першапачатковы колер — чорны», — гэтае яе сцверджанне ілюструецца амаль поўным манахромам экспазіцыі. Такім чынам, абраны Аленай Толабавай матэрыял — бітум — аказваецца ўсё ж больш шматпластовым, чым, напрыклад, алейны жывапіс. З яго магчымасцямі пераходу ад адной субстанцыі да іншай, бітум дазваляе стварыць багатыя і складаныя паверхні без уліку колераў — паглынаннем і адбіццём святла, а яго паводзіны на шкле абумоўліваюцца тэмпературным рэжымам. Паступова, адкідваючы ўсе звязаныя з нафтай сэнсы, мастачка цалкам пагружаецца ў эксперымент, выпрабоўваючы рэакцыі, гуляючы з рознымі ўласцівасцямі матэрыялаў — прычым як бітуму, так і акрылу, — шчыльнасцю, празрыстасцю, перарывістасцю, з плямай і формай, з паверхняй і глыбінёй.
Белая зала з чорнымі пункцірамі — малюнак бітумам на шкле, расплывістая пляма, рваная лінія — люструе выпадковасці і заканамернасці тварэння, пераадольваючы матэрыяльнасць вольнасцю аўтарскага жэсту. Тут перамігваецца намер і выпадак, абрыўкі і разрывы форм выяўляюць працу мастакоўскай падсвядомасці і логікі тварэння настолькі пераканальна, настолькі ж эфемерна.
Ці бачыць Алена Толабава агульнасць у праектах, ці зразумела выбар іспанскай мастачкі сябе ў якасці кампаньёна? «Мне спадабалася першая зала Аіксы, дзе падвешаныя кнігі губляюць літары. Ясна, дакладна, не патрабуецца ніякіх каментароў для прачытання думкі. Мая белая зала з чорнымі шклянымі пункцірамі мае такія ж уласцівасці. Праўда, у Аіксы ў той працы закладзены сацыяльны кантэкст, у мяне кантэкст адсутнічае цалкам — непрактычная прыгажосць».
Творчасць Аіксы Партэра грунтуецца на міфалогіі, у каранях яе, як і ў каранях на выставе, — сюжэт пра перараджэнне, прарастанне. У сваіх творах Партэра звяртаецца да тэрміна «паэзіс», які ў Платона пазначае пераход ад небыцця да быцця, а Хайдэгер меў на ўвазе азарэнне.
Ідэя трансфармацыі, вядучая ў яе праекце, выяўлена на выставе ў розных іпастасях. Чорна-белыя фотаздымкі, надрукаваныя на японскай паперы, невялікія боксы з пяшчотнымі вясельнымі карункамі, што ўзнаўляюць тонкі рух крылаў, шрыфты, заблытаныя карані і лёгкія пёры, ніткі, відэа і кнігі з вершамі. Сапраўднае карэнне ў яе зале прарастае лёгкімі пёркамі, быццам кукалкі, здзяйсняе свой жыццесцвярджальны палёт са свету падземнага і зямнога ў боскі. Пераканальны сімвал трансфармацыі — матылёк. Метамарфоза матылька перадае ідэю ўнутранага перараджэння чалавека. У жыцці, лічыць мастачка, часта з’яўляюцца рознага кшталту перашкоды. Калі кукалка разбураецца, матылёк выходзіць з таго, з чым быў моцна звязаны, і выпроствае свае крылы.
Мастачка прасочвае сувязь паміж працэсамі метамарфозу і пераасэнсавання, яны абодва дапамагаюць адаптавацца да новых абставін. Здольнасць пераасэнсавання набываецца, калі чалавек дасягае больш высокага стану самасвядомасці, творчасці і ўнутранага кантролю. Часта прыняцце рашэнняў залежыць ад здольнасці змяняць сябе, бывае, здараюцца абставіны, калі трэба замкнуцца, інкапсулявацца ў кокане.
У аснове праекта Аіксы — верш і гісторыя пра старажытнагрэчаскую гераіню міфа Гіпсіпілу, што выратавала свайго бацьку ад смерці, калі жанчыны Лемнаса вырашылі забіць усіх мужчын, абвінаваціўшы іх у здрадзе. Гіпсіпіла ў вершы Рубена Дарыа з’яўляецца сімвалам душы, якая вызвалілася, выратоўваючыся ад неспрыяльнай рэальнасці, — пакінула кукалку.
Што лучыць аўтарак? Самазаглыбленасць, прыслухоўванне да сябе, карпатлівая праца, калі кожны яе фрагмент вельмі дакладна вывучаецца і аналізуецца, кожны матэрыял асэнсоўваецца, а ідэі даводзяцца да пераканальнай формы — і выпадак тут такі ж каштоўны як падрабязная аналітыка.
Мастачкі час ад часу перарываюць свой аповед: ці непасрэдна, як рух бітуму на шкле Алены Толабавай, ці метафарычна — рэзкім жэстам высыпання літар з кніг, каб глядач змог разгледзець гэтую тонкую працу вечнага ператварэння, якая ляжыць у аснове любога сур’ёзнага творчага працэсу і, па вялікім рахунку, вядзе нас у жыцці.