Рэчаіснасць пераўзышла чаканні. Нават не ведаеш, чаму здзіўляцца болей. Ці таму, што «Крышталь», першая поўнаметражная стужка беларускі Дар’і Жук, ужо вандруе па кінафорумах, дзе атрымлівае ўвагу аўдыторыі і прызы ўзроўню, даўно недасяжнага для астатніх беларускіх кінатворцаў, а Hollywood Reporter ды Screen International прысвячаюць фільму і рэжысёрцы адмысловыя артыкулы. Або таму, што раптоўна адноўлены Беларускі Оскараўскі камітэт лічыць карціну найбольш верагодным кандыдатам на атрыманне прэміі Амерыканскай кінаакадэміі ў намінацыі «Лепшая іншамоўная стужка». Або таму, што напрыканцы жніўня фільм выходзіць на экраны адразу ў шэрагу айчынных кінатэатраў. Пагадзіцеся, апошні факт уражвае нават больш за Гран-пры Адэскага кінафэсту і вылучэнне на «Оскар»: шчырая зацікаўленасць беларускім кіно з боку прыватных пракатчыкаў — лепшы сімвал поспеху для сціплай па бюджэце фестывальнай гісторыі.
Між тым «Крышталь» сапраўды можа зацікавіць аўдыторыю, больш шырокую за купку высокаінтэлектуальных наведвальнікаў фэставых паказаў. Нездарма стужка атрымала Гран-пры Адэскага кінафестывалю, якое, як раней на «Лістападзе», уручаецца менавіта па выніках глядацкага галасавання. Фільм Дар’і Жук распавядае ўніверсальную гісторыю чалавека, што патрапіў у пастку абставін. Канфлікт маладой дзяўчыны Велі з рэчаіснасцю адбываецца на фоне ўжо прызабытых дэкарацый пачатку-сярэдзіны 1990-х. І цяперашняму гледачу ва ўзросце блізу 40 год вельмі лёгка ўявіць у дадзеных варунках сябе.
Сама рэжысёрка актыўна адпрэчвае ідэю аўтабіяграфічнасці свайго твора. Хоць сюжэт «Крышталя», нягледзячы на пакручастасць, мог разгарнуцца і ў сапраўдным жыцці. Чалавек, які трапляе ў своеасаблівыя закладнікі да людзей іншай сацыяльнай страты, — добры герой для драмы. Зрэшты, Ларс фон Трыер у свой час выбітна скарыстаўся гэтай сюжэтнай схемай для знакамітага фільма «Догвіль». Але сэнс паказанай у «Крышталі» гісторыі не толькі ў сацыяльным, гендарным канфлікце ці ў канфлікце паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў. Хоць і той, і другі, і трэці яскрава прадстаўлены ў карціне. Фільм цікавы спробай адлюстраваць той дзіўны прамежкавы стан, у якім апынулася наша грамадства і яго асобныя члены чвэрць стагоддзя таму.
Што за злая муха ўвесь час кусае гераіню расійскай актрысы Аліны Насібулінай, якая вельмі экспрэсіўна выконвае сваю мінчанку Велю? Або чаго няймецца нядаўняму дэмбелю і цяперашняму жаніху Сцяпану з умоўнага прамысловага пасёлка Крыштальны (выдатная роля яшчэ аднаго расійскага выканаўца Івана Муліна), дзе адбываецца асноўная частка падзей?
У якасці гістарычнага кіно стужка Дар’і Жук зусім не ўспрымаецца. Станоўчы бок «Крышталя» менавіта ў актуальнасці аўтарскага погляду. «Крышталь» мог быць зняты як 25, так і 10 год таму. Але з’явіўся цяпер, калі ў паветры ізноў разлітае цьмянае адчуванне нейкай няўпэўненасці — сацыяльнай, эканамічнай, гендарнай. Менавіта гэтыя пытанні ставяць аўтары стужкі, і духам гэтай няўпэўненасці прасякнуты ўсе персанажы карціны. Ад маці галоўнай гераіні (вельмі цікавая роля купалаўкі Святланы Анікей) да міліцыянера (цудоўны вобраз мінскага акцёра Анатоля Голуба) у пастарунку, куды заводзіць герояў пакручастая сцежка сюжэта.
Нягледзячы на ўжо шаблоннае меркаванне пра «застылы ў часе Мінск», у кадр трапляе не так шмат знакавых месцаў беларускай сталіцы. Сцэнарый нью-ёркскай рускамоўнай паэткі Хэльгі Ландаўэр быў напісаны яўна ў разліку на колішнія расійскія рэаліі. У выніку беларуская лакалізацыя «Крышталя» адбілася адно ў характэрным акцэнце выканаўцаў ды геаграфічных прыкметах. Сюжэт пра дзяўчыну, што намагаецца атрымаць візу на ад’езд у ЗША, успрымаецца як нейкая ўмоўнасць, магчымасць пагуляць з персанажамі.
Дык які ж ён, сакрэт поспеху дэбютнай працы Дар’і Жук? Што такое «Крышталь» для нацыянальнага кінамастацтва — выпадковасць або заканамернасць?
Фестывальная кан’юнктура не менш зменлівая за высокую моду. За апошнія дзесяцігоддзі фокус цікаўнасці адпаведнай аўдыторыі пасунуўся з Еўропы і ЗША спачатку да краін Паўднёва-Усходняй Азіі, потым да кінематаграфій Лацінскай Амерыкі. Свайго кіно фэставага кірунку не атрымалі ў апошнія гады толькі краіны, якія стаяць далёка ўнізе рэйтынгу развіцця. Годнага фільма з Беларусі ў свеце фестывальнага кіно чакалі з непрыхаваным нецярпеннем. Маўляў, як так, у краіне з такім высокім узроўнем іншых відаў мастацтва не могуць зняць хоць адну вартую міжнароднага ўзроўню стужку? Тое, што гэтай карцінай стаў «Крышталь», цалкам заканамерна.
Адным з галоўных хібаў беларускай кінасферы часта называюць недасканалую сістэму кінаадукацыі. Дар’я Жук — беларуска, якая атрымала замежную (амерыканскую) адукацыю і замежны вопыт працы ў кінаіндустрыі. Як асоба і творца яна інтэграваная ў глабальную кінасістэму — зняла свой кароткаметражны дэбют «Сапраўдная амерыканка» ў якасці дыпломнай працы аднаго з універсітэтаў Злучаных Штатаў, мае амерыканскага прадзюсара. Не дзіўна, што яшчэ на стадыі, якая папярэднічае здымкам, праект «Крышталь» паўдзельнічаў у адмысловых праграмах на трох фестывалях, дзе атрымаў станоўчыя водгукі і пэўную фінансавую падтрымку.
Станоўчая важкасць «Крышталя» не толькі ў тым, што на беларускім кінанебасхіле з’явіўся нарэшце годны фільм для розных катэгорый гледачоў. Але і ў тым, што праз праект Дар’і Жук ды саму асобу рэжысёркі, якая працягвае жыць у Нью-Ёрку, але здымаць кіно на беларускія сюжэты, наша кіно цяпер стала ісці не паралельна, а разам з сусветным кінамастацтвам.
«Крышталь» быццам бы падсумоўвае тыя паўтара дзесяцігоддзі, што прайшлі пасля прэм’еры стужкі Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», першай беларускай поўнаметражнай карціны, знятай на лічбавы носьбіт, і да фільма Дар’і Жук, апошняй, якая патрапіла ў конкурсную праграму значнага сусветнага кінафоруму. Спадарыня Жук кідае трапны погляд назад, у наша зусім нядаўняе «ўчора», што практычна не знаходзіла да гэтага ўвасаблення ў нашым ігравым мастацкім кіно.
Але калі ўсё ж наступіць наша кінематаграфічнае «заўтра»? Відаць, тады, калі наша кіно адступіць ад звыклай постсавецкай парадыгмы. Калі больш не давядзецца збіраць кавалкі і аскепкі крышталёвай ды так і не здзейсненай мары вельмі хутка выйсці на сусветны ўзровень.
Летась на прадстаўнічым фестывалі ў Вісбадэне дэманстравалі нашумелага «Беларускага псіхапата» Мікіты Лаўрэцкага. Літаральна месяц таму сенсацыя Мінскага міжнароднага фестывалю «Лістапад-2017» — экзістэнцыйная драма пра характар і прыроду беларусаў «Заўтра» Юліі Шатун — атрымала ажно чатыры ўзнагароды на кінафестывалі ў Марсэлі, адным з галоўных па важкасці з кінафестываляў Францыі. Падзеі ў абедзвюх стужках адбываюцца ў наш час, іх аўтары спрабуюць зафіксаваць стан нашых сучаснікаў, якія ўжо не маюць сіл кудысьці ехаць і нешта мяняць. Ці вечны гэты стан? Відавочна не — у беларускім кіно назіраюцца значныя змены. Пры ўсёй сваёй крохкасці «Крышталь» аказаўся менавіта тым фільмам, што стаў знакам перамен.