Здымкі праходзілі зімой 2014—2015 гадоў, а прэм’ера адбылася толькі ў снежні 2017-га ў адной з паралельных праграм прэстыжнага маскоўскага фестывалю «Артдокфэст». Асноўным гераіням стужкі было далёка за восемдзесят-дзевяноста, і яны ў любым выпадку не здолелі б наведаць глядзельную залу ў адным з цэнтральных кінатэатраў расійскай сталіцы.
«Перазімаваць» расказвае аб некалькіх месяцах з жыцця адмысловай сацыяльнай установы, у якой старыя могуць прабавіць самыя цяжкія зімовыя месяцы. Вясковае жыццё няпростае, і калі ў пажылога чалавека няма каму пакалоць дровы або прынесці вады, правесці зіму аднаму на сваёй сядзібе становіцца вялікай праблемай. Сацыяльныя службы забіраюць такіх людзей у своеасаблівы інтэрнат, вясковую хату, якая належыць дзяржаве. Там старыя жывуць сваім звыклым ладам пад наглядам сацыяльнага работніка, ён штодня гатуе ім ежу ды ўлагоджвае іншыя бытавыя патрэбы. За гэтыя паслугі кожны месяц старыя плацяць пэўную суму.
Такая сацыяльная ўстанова ў меншай ступені нагадвае інтэрнат для састарэлых або нейкі прытулак. Рэжым існавання яе насельнікаў знешне не асабліва адрозніваецца ад іх звычайнага жыцця. Адзінае, але вельмі істотнае адрозненне — амаль поўная адсутнасць самастойнай працы, да якой старыя прызвычаіліся за сваё доўгае жыццё. І абед з вячэрай для іх прыгатуюць, і печку натопяць. Доўгімі зімовымі вечарамі застаецца толькі сядзець ды глядзець тэлевізар, усіх гэтых «малахавых» ды «давай пажэнімся»...
Развітанне з традыцыйнай вёскай адбываецца апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. У аб’ектыве беларускіх дакументалістаў гэтая бязмежная і цяжкая тэма трапляе штогод з пачатку двухтысячных з «Мы жывем у краі» і «Кола» Віктара Аслюка. Амаль адразу сыходзячая вясковая натура стала адным з асноўных кірункаў нашага дакументальнага кінамастацтва, улюбёнай тэмай аўтараў, чый светапогляд і мастацкія густы былі сфарміраваныя ў васьмідзясятыя — дзевяностыя. Вірлівая эпоха перамен з яе публіцыстычнай дакументалістыкай і грамадзянскім пафасам у беларускім неігравым кіно мінула якраз на мяжы стагоддзяў. Айчынныя дакументалісты паступова пазбаўляліся знешніх атракцыёнаў і знаходзілі сэнс творчасці ў вясковым эскапізме.
Беглі нават не ад горада, а беглі ў вёску, каб паспець зафіксаваць сыходзячую натуру. А галоўнае — паспрабаваць знайсці па-сапраўднаму шчырых і не сапсаваных імклівай гарадской рэчаіснасцю герояў. Назіраецца гэтая тэндэнцыя і дасюль. Вясковая тэма з’яўляецца цяпер сапраўднай экзотыкай для ўрбанізаванай свядомасці гарадскога гледача. Прыкладаў шмат — ад адзначанай на шэрагу фестываляў «Днюкі» Андрэя Куцілы да поўнаметражнай стужкі «Яна сюды больш не вернецца» Дзмітрыя Махамета і нядаўняй карціны студыі «Летапіс» «Агмень» Юрыя Цімафеева.
Інтанацыя тут таксама мае вялікае значэнне. Так павялося, што беларуская дакументалістыка распавядае пра вёску (і гэтым адрозніваецца ад калег, напрыклад, з Расіі) у куды больш інтымным і спавядальным стылі. У «Перазімаваць» гэты стыль дасягае апагею. Стужка Евы-Кацярыны Махавай відавочна патрабуе для прагляду вялікага экрана, але рэжысёрка, як і большасць яе калег па «вясковай дакументалістыцы», пазбягае буйных форм. І маштаб, і колькасць дзейных асоб у «Перазімаваць» вельмі абмежаваныя.
Ева-Кацярына Махава пазбягае таксама нейкіх ацэнак, стужка складаецца са сцэн з пераважна доўгімі, статычнымі планамі. Ярка падкрэсленых падзей у кадры адбываецца не так шмат, збольшага звычайныя пабытовыя эпізоды. Драматызм сітуацыі якраз у адсутнасці дзеі, у штохвілінным чаканні — ці то заканчэння надакучлівай зімы, ці то непазбежнага заканчэння знаходжання на гэтай планеце наогул.
Поўнаметражная стужка — зусім не рэдкі выпадак для сучаснай дакументалістыкі. Не рэдкі і павольны, медытатыўны рытм, у якім разгортваюцца падзеі карціны. Але беларуская рэжысёрка відавочна абрала апошні не дзеля фестывальнай кан’юнктуры. Менавіта ў такім рытме існуюць яе гераіні — некалькі нямоглых старых, звезеных на зіму са сваіх вясковых сядзіб у адмысловы прытулак. Знятая метадам назірання стужка пазбаўлена нейкіх ацэнак або акцэнтаў. Аб’ектыў сочыць за вельмі простым побытам пажылых вяскоўцаў з Вілейшчыны з надзвычай маленькай дыстанцыі. Апошняй паміж камерай і героямі ў «Перазімаваць» практычна не існуе — відавочнае дасягненне Кацярыны Махавай і яе аператара Яўгена Цітко. А таксама гукааператара Дзяніса Пуцікава і гукарэжысёра Аляксандра Круцеля. У «Перазімаваць», як у сапраўдным мастацкім творы, самае галоўнае не ў словах, а паміж імі. Рэжысёрка прадказальна не ўводзіла ў кадр закадравых тэкстаў, ды і маналогаў герояў у стужцы няма, толькі асобныя скупыя фразы. Героі ў асноўным маўчаць, толькі раз-пораз перакідваюцца слоўцамі. Справа, відаць, не толькі ў прысутнасці здымачнай групы. Гэта і ёсць сапраўдны беларускі вясковы тэмперамент.
Тым больш важкае месца ў карціне займае гук. Ён запаўняе сабой прастору гэтай апрыёры ціхай стужкі. Трэба адзначыць і надзвычай удалы мантаж. Фільм нездарма быў так доўга ў мантажным перыядзе. Дзевяноста хвілін карціны, дзея большай часткі якой разгортваецца ў двух-трох невялічкіх пакоях, практычна не правісае. «Перазімаваць» выглядае па-сапраўднаму мастацкай работай, якая дасць фору нават пэўным ігравым стужкам.
Зрэшты, вельмі важнай і вялікай работай была і папярэдняя карціна рэжысёркі «Няхай жыве маленькі прынц». «Перазімаваць» у сэнсе формы куды прасцей. Стужка дэманструе сённяшні дзень тых, хто застаецца сам-насам з узростам і адзінотай. Наша грамадства складана абвінаваціць у татальнай непавазе да старых. Восень жыцця сама па сабе непераадольны бар’ер, што аддзяляе людзей ад акаляючага асяроддзя. Цялесная слабасць і часы, якія далёка сышлі наперад, — самыя важкія ўмовы ўзроставай адзіноты. Ева-Кацярына Махава зрабіла шчырую і вельмі пранікнёную работу пра цёплае жытло, добрую ежу, доктара і тэлевізар — здаецца, фізічныя патрэбы цалкам задаволены. І сапраўды, мясцовыя сацслужбы зрабілі ўсё, што ў іх сілах. Аднак «Перазімаваць» мае выразна адчувальны прысмак трагедыі. Высокай і горкай, якая толькі можа быць напрыканцы жыцця чалавека.
Пры ўсёй сур’ёзнасці, безумоўна, трагічнасці тэмы «Перазімаваць» не выклікае адмоўных эмоцый. Гэта надзвычай станоўчая, нават дзесьці светлая карціна аб апошнім абароце кола жыцця, які выглядае непазбежным, але цалкам натуральным. Як натуральнай выглядае сцэна на канапе — нязмушаная копія звычайнага вечара на сялянскай лаўцы.
Цікава, што Ева-Кацярына Махава не так даўно здымала стужку пра юнацтва, тое непаўторнае імгненне, якое аддзяляе ўчарашняе дзіця ад дарослага чалавека. Карціна «Напярэдадні» таксама расказвала аб вяскоўцах, толькі вельмі маладых, школьных выпускніках, у якіх усё пакуль толькі наперадзе. «Перазімаваць» рэжысёрка і яе нязменны партнёр Дзяніс Пуцікаў здымалі са сваёй ініцыятывы па-за межамі нейкіх студый, як і фільм «Няхай жыве маленькі прынц».
«Перазімаваць» — гэта не толькі фіксацыя сыходзячай натуры, але і драма чалавечай адзіноты. Так, у стужцы ёсць эпізод наведвання, калі да адной з бабулек прыязджаюць родныя. Ёсць сцэна святкавання Вялікадня, калі да старых, яўна па падказцы дарослых, прыходзяць з віншавальнымі прыказкамі мясцовыя дзеці. Трагедыя паступовага згасання чалавека і яго сыходу з жыцця яшчэ і ў літаральнай фізічнай ізаляцыі ад соцыуму ды адсутнасці камунікацыі. Стужка Евы-Кацярыны Махавай якраз вельмі добра паказвае, што трагедыя старасці менавіта ў адзіноце. Адзін з самых кранальных эпізодаў карціны — развітанне жыхарак зімовага прытулку перад вяртаннем у родныя вёскі. Увесь час вельмі стрыманыя кабеты раптам надзвычай эмацыйна развітваюцца адна з адной. І яны, і глядач разумеюць, што верагоднасць іх сустрэчы бліжэйшай восенню не вельмі вялікая. Перазімаваць можна, а вось ад старасці збегчы немагчыма.