Спачатку было слова. І я нават не пра Максіма Багдановіча, з якога ўвосень 1991-га пачынаўся «Вянок» Уладзіміра Мулявіна. Я — пра ліст, які атрымала ў студзені 2017 года ад маскоўскага прыхільніка «Песняроў» Яўгена Саламаціна: «Воля, калі сцісла, то ёсць магчымасць легальна выдаць праграму «Вянок» на CD! Калі атрымаецца гэта зрабіць, я лічыў бы, што мвае намаганні недарэмныя».
Далей Жэня распавёў: старшыня маскоўскага фан-клуба «Песняроў» Уладзімір Пазняк, добра вядомы ў песняроўскім асяроддзі пад мянушкай «Барада», аддаў яму пры сустрэчы запіс з рэпетыцыйнага прагону праграмы «Вянок». Высветлілася, што восенню 1991 года Уладзімір знаходзіўся ў Мінску і прысутнічаў на рэпетыцыі «Вянка», падчас якой вёўся пробны запіс цалкам новай тады праграмы з пульта на касетны магнітафон. Пасля рэпетыцыі гітарыст ансамбля Аляксандр Растопчын перадаў Пазняку на памяць гэтую касету, якая праляжала ў ягоным архіве ажно 26 гадоў.
Калі я змагла праслухаць дасланы Яўгенам матэрыял «Вянка», мне стала цалкам зразумела яго гарачае жаданне выдаць дыск. Крыху пазней сам Яўген у тэксце 28-старонкавага (!) буклета дыска патлумачыў гэта так: «Нягледзячы на вялізную колькасць кампакт-дыскаў з запісамі «Песняроў», з дванаццаці створаных ансамблем праграм толькі дзве былі выдадзены ў поўным варыянце. На жаль. Чамусьці найбольш мне было крыўдна за праграму «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча. Магчыма, таму, што, калі б яна ў свой час была запісана на пласцінку, размоў пра тое, што «"Песняры"» ў 90-х «былі ўжо не тыя», аказалася б значна менш.
Як трапна заўважана! Бо й сапраўды, у «Вянку» Мулявін зноў бліснуў лепшымі гранямі свайго высокага дару, дзякуючы чаму ў гэтым цыкле нібыта зліліся разам вобразнае слова Багдановіча і шчодры беларускі мелас у самым шырокім яго спектры. Мулявін тут зноў вяртаецца да вытокаў. Але цяпер гэта ўжо не беларуская народная песня, а яе майстэрскае ўвасабленне праз кампазітарскую вартасць. Кожная з песень «Вянка» прасякнута водарам нашай зямлі, які тутэйшы слухач падсвядома пазнае і прымае з першых жа хвілін.
Такім чынам, Яўген Саламацін загарэўся ідэяй выдання кампакт-дыска. Калі ж мы сталі абмяркоўваць дэталі будучага праекта, то ў мяне, Яўгена і Марыны, дачкі Мулявіна, узнік сапраўды напалеонаўскі план: падтрымаць выпуск дыска аднаўленнем праграмы «Вянок». Прычым намаганнямі Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Жыновіча на чале з Міхаілам Казінцом. І праўда, хто ж яшчэ здолеў бы ўзняць такую моцную «глыбу» ў выглядзе 15-ці паўнавартасных разгорнутых песенных кампазіцый, якія трэба пакласці на ноты і аранжыраваць для аркестра? Пры гэтым нотныя першакрыніцы ўвогуле адсутнічаюць. Але для падобных сітуацый у знакамітым калектыве ёсць «спецыяльна навучаны чалавек», для якога такая праца — звычайная справа. Бо Аляксандр Крамко, аранжыроўшчык і дырыжор, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, за некалькі апошніх гадоў вось так, на слых, ужо аднавіў для аркестра не толькі дзясяткі песняроўскіх песень, але й такія творы, як паэма-легенда «Гусляр» і рок-опера «Песня пра долю» — значныя сачыненні буйных формаў у спадчыне Уладзіміра Мулявіна і ансамбля «Песняры». Так што рэканструкцыя і аднаўленне песень з цыкла «Вянок», пры наяўнасці гукавых арыгіналаў, для музыканта такога ўзроўню, як Крамко, — справа тэхнікі.
Напэўна, нейкія вышэйшыя сілы дапамаглі нам увасобіць на практыцы гэты праект. Імёны Багдановіча і Мулявіна аказаліся тым чароўным «залатым ключыкам» і спрыялі вырашэнню самых складаных пытанняў. Галоўным з іх была фінансавая падтрымка працы аранжыроўшчыка. Але й гэтая праблема была развязаная дзякуючы першаму намесніку міністра культуры Беларусі Ірыне Дрыга.
Вырашана было паказаць прэм’еру «Вянка» двойчы: першы раз — 9 верасня 2017 года, у Дзень горада, на плошчы ля мінскай Ратушы, а другі — 9 снежня, у дзень нараджэння Максіма Багдановіча, у Белдзяржфілармоніі (праўда, канцэртная зала філармоніі аказалася ўжо занятая іншым праектам, і таму мы пасунулі дату на дзень пазней). У выніку «Вянок» быў паказаны нават не двойчы, а тройчы! Апошні раз — 12 студзеня 2018 года, на традыцыйным канцэрце ў дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна. І тое, што новая праграма аркестра Жыновіча ажно тры разы запар дэманстравалася публіцы, пацвярджае: над стваральнікамі праекта луналі нейкія добрыя духі. Магчыма, гэта былі духі Мулявіна і Багдановіча?..
Для нас з Марынай Мулявінай — распрацоўшчыкаў праекта па аднаўленні «Вянка» з беларускага боку — самым галоўным быў падбор салістаў. Праспяваць на ўзроўні Уладзіміра Мулявіна, Валерыя Дайнекі і Ігара Пені — асноўных салістаў «Вянка» — пагадзіцеся, вельмі складана! Тым больш калі трэба яшчэ дасягнуць песняроўскага саўнда ў вакальных фрагментах. Наш выбар прыпаў на вядомага рок-спевака Яна Жанчака і колішняга саліста «Песняроў» Вячаслава Ісачанку. Жанчак, з яго экспрэсіўным голасам, саліраваў у песнях Мулявіна. Ісачанка, які валодае высокім і тэхнічна рухомым тэнарам, «замяшчаў» адначасова Дайнеку і Пеню, выконваючы іх кампазіцыі. Спрактыкаваныя бэк-вакалісты Наталля Шэсцярэнь, Таццяна Лаўрэнцьева і Уладзіслаў Даніловіч падпявалі ў харавых фрагментах.
Праца над «Вянком» пачалася ў ліпені 2017 года. Перад выканаўцамі стаяла задача не толькі развучыць, але й асэнсаваць музыку гэтага песеннага цыкла. «Вянок» — своеасаблівае падсумаванне творчай працы Мулявіна. Паэзія Багдановіча стала моцным стымулам для стварэння выдатных песенных кампазіцый, у якіх адлюстраваўся музычны сусвет кампазітара. Сярод іх — спавядальныя «Ой, чаму я стаў паэтам» і «Максім і Магдалена», настальгічная «На чужыне», пяшчотная «Слуцкія ткачыхі», баладны, у фальклорных традыцыях, «Вянок», гарэзлівая «Лявоніха», сонечна-светлыя «Прывет табе, жыццё на волі», «Эмігранцкая», «Па-над белым пухам вішняў»...
Сапраўдным адкрыццём, нават сенсацыяй «Вянка» аказалася абсалютна невядомая жартоўная песня «Па ляду, у глухім бары», якая захавалася на чарнавым аўдыязапісе. Мулявін праспяваў яе на рэпетыцыі, але чамусьці выключыў з канчатковага варыянта праграмы. Песня ўвайшла і ў дыск, і ў праграму аркестра імя Жыновіча. Бясспрэчна, самая моцная кампазіцыя цыкла — «Пагоня», адна з вяршынь кампазітарскай творчасці Уладзіміра Мулявіна. Ён уклаў у гэты твор усю душу, увесь боль за шматпакутны лёс Беларусі. Гэтая выдатная музыка праймае да слёз і застаецца ў сэрцах.
У песенным цыкле «Вянок» ёсць дзве ўстаўныя кампазіцыі на вершы Максіма Багдановіча, якія не належаць аўтарству Уладзіміра Мулявіна. Гэта «Зорка Венера» Сымона Рак-Міхайлоўскага і «Вераніка» Ігара Лучанка. Мулявін свядома ўключыў іх у праграму, аддаючы належнае іх папулярнасці і цалкам справядліва не жадаючы ўступаць у творчае спаборніцтва з іх аўтарамі.
Ад паказу да паказу наш «Вянок» набіраў моц. Раз за разам паляпшалася якасць выканання, што ў значнай ступені было абумоўлена ўсеагульнай закаханасцю ў гэтую музыку ўсіх выканаўцаў — ад вядучых салістаў і да аркестрантаў на чале з дырыжорам Аляксандрам Крамко. Здзейсніў сваю мару і Яўген Саламацін: мінская фірма падрыхтавала, дзякуючы яго актыўнаму ўдзелу, шыкоўны кампакт-дыск «Вянок», мастэрынг якога зрабіў колішні «пясняр» Мікалай Няронскі. Гэты дыск, выдадзены тыражом 600 экзэмпляраў, разышоўся імгненна і стаў ужо ледзь не калекцыйнай рэдкасцю.
Кульмінацыяй у падрыхтоўцы і выкананні песеннага цыкла «Вянок», бясспрэчна, стаў дзень апошняга і самага адказнага выступлення — канцэрта ў дзень нараджэння Уладзіміра Мулявіна. Канцэртная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі 12 студзеня 2018 года была перапоўнена. Сярод гледачоў прысутнічалі «песняры» Уладзіслаў Місевіч, Валерый Дайнека, Аляксандр Віслаўскі, Аляксандр Кацікаў, Алег Молчан, гукарэжысёр Аляксандр Папроцкі, якія ўдзельнічалі ў працы над «Вянком» разам з Уладзімірам Мулявіным. Пры такіх ганаровых гасцях усе артысты адчувалі асаблівую адказнасць. І тым не менш «Вянок» зноў прагучаў магутным жыццесцвярджальным акордам. Кожная песня сустракалася гарачымі апладысментамі. Гэта былі незабыўныя імгненні сапраўднага трыумфу беларускай нацыянальнай ідэі, калі кожны з прысутных пачуваўся часткай вялікага беларускага народа і адчуваў гонар за сваю вялікую краіну, імя якой — Беларусь!
Вольга Брылон