Пачатак творчай рэалізацыі Анемпадыстава супаў з эпохай сацыяльна-палітычнай лібералізацыі часоў перабудовы, ён належаў да пакалення, што стварала новую культуру Беларусі, дзе важным было густоўнасць увасаблення, вяртанне і пераемнасць традыцыі. У «Народным альбоме», супольным з вядомымі музыкамі, Міхал вярнуў нам вобразы правінцыйнай інтэлігенцыі (настаўнік Рагойша) і такія паўзабытыя словы, як «выкшталцоны» ці «каляжанка»…
Ён адкрыў для нас новы фармат ладавання маштабных творчых праектаў, якія рэалізоўваў на ўсіх этапах праектнага ланцужка: ад правядзення культуралагічнага даследавання, фармулёўкі канцэпцыі, мастацкага ўвасаблення і да грамадскай прэзентацыі і прамоцыі.
Міхал Анемпадыстаў меў здольнасць бачыць глыбокі змест за простымі рэчамі і з’явамі ды імкнуўся перадаць гэты іншасвет у сваіх тэкстах ды выявах. Быў перакананы: штодзённае, прыватнае цалкам вартае ўвасаблення.
Паштоўкі яго аўтарства, якія тыражаваліся дзяржаўным выдавецтвам «Беларусь» на самым пачатку 1990-х, падаваліся ўтульнымі і вельмі асабістымі на тле стандартнай прадукцыі з усёй афіцыйнай наменклатурай святочных атрыбутаў. Мяне найбольш уразіў вобраз Дзеда Мароза — поўная супрацьлегласць пануючай стылістыцы. Цяжка зразумець, чаго болей у пранізлівым позірку галоўнага героя — іроніі ці трансцэндэнтальнага смутку... Але гэты вобраз не пазбаўлены гумару. Аўтар відавочна іранізуе над фармальным абавязкам Дзеда Мароза: яго персанаж не толькі цягне падарункі, але і мае гаманец, прымацаваны да паса. Менавіта такога адчування свята — як чагосьці асабістага — не ставала нам праз дактрыну калектыўнага ў новых, уведзеных за савецкім часам традыцыях.
У згаданай паштоўцы можна разгледзець стылізацыю пад работы польскага графіка літоўскага паходжання Стасіса Эйдрыгявічуса. Міхалу была блізкая эстэтыка польскага мастацтва плаката і графікі. Нашы культурныя ўзаемасувязі мацаваліся праз захапленне польскім кінематографам, папулярнай музыкай, графікай, літаратурай. У Польшчы жылі сваякі Міхала, таму ён лепш за іншых разумеў гэтую краіну. Пазней творца стаў своеасаблівым мастком у беларуска-польскім культурным дыялогу, ачольваў шмат сумесных праектаў. Напрыклад, беларуска-польскі конкурс графічных праектаў «МЫ 2012», зладжаны з мэтай «асэнсаваць і абмеркаваць самыя розныя аспекты разумення саміх сябе і сваіх суседзяў праз візуальныя вобразы і эмацыйнае, пачуццёвае ўспрыняцце саматоеснасці». Цяпер асабліва выразна разумееш, што Міхал быў проста незаменным чалавекам для гэткіх супольных ініцыятыў. Дзякуючы ў тым ліку і Міхалу Анемпадыставу пошук беларускай ідэнтычнасці адбываўся не ў замкнёнай прасторы, а праз параўнанне з іншымі нацыянальнымі традыцыямі (яўрэйскай, татарскай, польскай), якія пакінулі след у беларускай гісторыі і культуры.
Яго праекты шмат у чым былі інтэрдысцыплінарнымі, мабілізацыйнымі для іншых творчых людзей і мастацкай супольнасці ў цэлым. Ён станавіўся аўтарам канцэпту, які мог увасобіцца нават на сцэне, аднак не цураўся і яго графічнага афармлення, ахвотна рабіў плакаты да шматлікіх мерапрыемстваў і імпрэз.
Без вышэйшай мастацкай адукацыі Міхал не змог стаць сябрам Беларускага саюза мастакоў, але яго спроба ўступіць у шэрагі арганізацыі паспрыяла зняццю гэтага фармальнага абмежавання. Унікальнымі рысамі Міхала былі выключная тактоўнасць, уменне пачуць суразмоўцу, што для творчага асяроддзя з дамінаваннем культуры маналогу з’ява надзвычай рэдкая.
Графіка Міхала Анемпадыстава падаецца вельмі атмасфернай, яго творчы метад вызначаецца тонкай метафарычнасцю, цэласнасцю і пераканальнасцю вобразаў. Некаторыя дэталі твораў Міхала Анемпадыстава, як, напрыклад, элементы тарашкевіцы ў надпісах на паштоўках, цяпер можна ўспрымаць іначай. Бо гэта адбывалася не выпадкова, а паводле свядомага выбару аўтара тэкстаў беларускіх музычных хітоў. Для яго слова заўсёды мела асаблівы культуралагічны эфект. Той жа выраз «простыя рэчы», які атаясамляецца са словамі з ягонага найбольш вядомага тэксту, пазней быў прыняты як канцэпт айчыннага дызайну дый побытавай культуры беларусаў увогуле.
Культуралагічныя пошукі Міхала закраналі такія сутнасныя рэчы, як колер у культуры. Даследаванні сталі вынікам уважлівага назірання, заснаванага на палявым метадзе. Матэрыял творца чэрпаў з падарожжаў па Беларусі, сустрэч з людзьмі. Гэтым матэрыялам творца ахвотна дзяліўся не толькі з сябрамі-мастакамі, але і скарыстоўваў яго для ўласных вобразаў. Для культуралагічнага даследавання караняплодаў (праект «Underground»), каб апісаць заняткі беларускіх татараў і іх агародніцкія здольнасці, ён адмыслова выпраўляўся ў Іўе і падглядаў сакрэты «рамяства» самай ранняй агародніны на палетках Беларусі. Не ў кожнага атрымліваецца асэнсаваць развіццё культуры настолькі комплексна і цэласна, з максімальным набліжэннем да першакрыніц.
Адметная, своеасаблівая мастацкая оптыка выявілася ў замілаванасці Міхала мінскім раёнам Асмалоўкай ці такімі на першы погляд трывіяльнымі рэчамі, як цэгла, фактура дранкі на вясковай страсе ці адбітак даматканага палатна на клінковым сыры. Творца імкнуўся падкрэсліць тое, што зазвычай застаецца амаль незаўважаным, недаацэненым класічнай эстэтыкай. У такім стаўленні да матэрыяльнай культуры выяўляецца надзвычайная адчувальнасць і здольнасць прадбачыць тое, што людзі змогуць ацаніць толькі праз пэўны час. Міхал меў гэты асаблівы дар. Цяпер, дзякуючы разнастайнасці яго спадчыны, той дар можа стаць сапраўдным набыткам для наступных пакаленняў даследчыкаў і творцаў.
Спадчына Міхала ўтрымлівае шмат загадак. І невядома, які паварот чакае асэнсаванне мінуўшчыны праз гады і часы. Прыгадалася, як жыхары аднаго дома ў цэнтры Мінска здолелі зберагчы свірны, пабудаваныя яшчэ з дарэвалюцыйнай цэглы. Матывы жыхароў, зразумела, маглі быць даволі празаічнымі, бо дзесьці ж трэба захоўваць непатрэбныя рэчы. Але яны ўчапіліся за тое, што пабудова з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай. І ўжо зусім нечаканае — гэтыя свірны ўпадабала моладзь для шлюбных фотасесій.
Калі здарылася трагедыя, мне выпала перадаць сумную навіну даўняму сябру Міхала — нашчадку шляхетнага роду Завішаў, які жыве ў Францыі. Уразілі словы гэтага сталага чалавека, што менавіта Міхал навучыў яго разумець ды адчуваць Беларусь. Міхал лічыў важным браць на сябе такую істотную місію, каб даводзіць сэнс Беларусі абсалютна розным людзям, успрымаў гэта сваім абавязкам і з годнасцю яго выконваў. Ён быў далікатным і тактоўным місіянерам культуры, якім, спадзяюся, і застанецца ў памяці нашчадкаў на доўгія часы.
Усё так надзейна, усё так грунтоўна.
Што тут дадаць? Хіба што нічога.
Можна жыць далей, дзень прыйдзе новы.
Дабранач, паненкі. Дабранач, панове.
Ягор Сурскі