Характэрная для зборных калекцый — у нашым выпадку сабранай паводле тэхналогіі — адметнасць: цяжка ацаніць працу з прасторай і часам. Але візуальны матэрыял быў падтрыманы тэкстамі. І выглядаў пераканальна. Выстава «Асаблівая фатаграфія» ўключала не толькі самі адбіткі розных гадоў і розных аўтараў, але й іх «гісторыі», што аднаўлялі кантэкст стварэння працы.
Куратары Сяргей Міхаленка і Віктар Сянькоў гэтым падкрэслілі «асаблівасць» плёнкавай фатаграфіі, за якой стаіць як мінімум працяглы выбар сюжэту, настрою, кампазіцыі і г.д.
Такім чынам, перад намі — не столькі куратарскае ці сінтэзаванае выказванне дваццаці аўтараў, колькі прыклад інтэгральнага падыходу. Адрозна ад сістэмнага, ён дапускае адсутнасць прыярытэтнага «меркавання», іерархіі ці проста канструкцыі, у якой асобныя элементы знаходзяцца ў сувязі між сабой і ўплываюць на агульны вынік. Калі іерархія й прысутнічае, то хіба ў імёнах вядомых фатографаў, якія вырашылі паказаць знакавыя канцэптуальныя працы. Сяргей Кажамякін, напрыклад, выбраў фатаграфіі, у розны час размешчаныя на вокладках кніг, каталогаў і афіш: кнігі «Manifest» (Х’юстан, ЗША), «Рэквіем для бензапілы» Уладзіміра Арлова дызайну Міхала Анемпадыстава і выстава «Прыватны сектар», выстава «Новая хваля ў фотамастацтве» ў Расіі, «Past. Future. Point of transmission» у Hasselblad Сеntre (Швецыя), каталог выставы «Вehind the Wall» на фестывалі ў Галандыі. Вадзім Качан, Віктар Бутра і іншыя паказалі малавядомыя працы мінулых гадоў, асаблівыя для іх з нейкіх істотных прычын. Такім чынам, спрацоўвае камунікацыйны фармат, калі важнай паўстае кааперацыя, але не канкурэнцыя сэнсавых акцэнтаў. Вось якраз пра кааперацыю, пра спосаб існавання ішла размова на прэзентацыі новай Секцыі аналагавай фатаграфіі.
Сяргей Міхаленка расказвае: «Калі я рэарганізоўваў Саюз фатографаў, хацелася бачыць гэту творчую супольнасць як нейкую структуру. Пры тым, што пры ўступленні ў Саюз мы не вызначалі ні кірунку, у якім працуе аўтар, ні яго асаблівых заслуг. Але затое сам фатограф цяпер можа выбраць секцыю. Travel-вектар азначыў сябе адразу. Аналагавая фатаграфія таксама: з ёй працавалі многія фатографы. Некаторыя аўтары працягваюць здымаць на плёнку, і даволі паспяхова. Уладзімір Суцягін у гэтай справе — прызнаны лідар. Усе гады татальнага захаплення новымі тэхналогіямі Уладзімір не толькі здымаў, але й сам друкаваў, вучыў, дапамагаў друкаваць іншым — ручным спосабам, у хатняй лабараторыі... Саюз можа стаць рабочай структурай, цікавай розным аўтарам, у тым ліку, з экспертнымі кампетэнцыямі».
Аналагавая фатаграфія пры стварэнні калекцыі цікавая тым, што гэта пераважна бромсрэбраны друк — трывалы, без патрабаванняў рэзервовага захоўвання на ўсё новых носьбітах. Адбіткі могуць быць гістарычнымі, адзінкавымі ці тыражнымi, але галоўнае — складанасць змянення выявы арыгінальнага негатыву падвышае іх дакументальную каштоўнасць. Базавае разуменне, патрэбнае ў гэтым пытанні, дае эсэ Вальтэра Беньяміна «Твор мастацтва ў эпоху яго тэхнічнай узнаўляльнасці».
Альтэрнатыўныя метады здымкі і друку — пінхол (камера-абскура), манокль, гумойль, цыянатыпія, плацiнатыпiя, гуміарабік і іншыя ўнікаты — адносяцца да гэтай жа катэгорыі. Усё памянёнае робіць аналагавую чорна-белую фатаграфію прывабнай для фармавання калекцый твораў мастацтва ў інвестыцыйных мэтах. У такіх зборах арт-аб’екты разглядаюцца як інвестыцыйныя актывы.
Не ўсе, але многiя адбіткі, што можна бачыць у экспазіцыі, з’яўляюцца каштоўнымi. Па-першае, частка аўтараў — прадстаўнікі Новай хвалі, атрымалай міжнароднае прызнанне. Па-другое, многія здымкі зроблены ў васьмідзясятыя, дзевяностыя, нулявыя гады, і належаць больш шырокаму колу аўтараў Мінскай школы фатаграфіі. Частку арыгіналаў не паказвалі ўвогуле ніколі, частка была паказана дзесяцігоддзі таму. Ёсць і новае пакаленне — Максім Карасцялёў, Андрэй Дубінін, Яўген Гараўскі. Насамрэч гэта не поўная, але ўжо, несумнеўна, пэўная частка беларускага арт-кантэксту, упісанага ў постсавецкі. А калі з гэтым полем належным чынам папрацаваць, то яно можа быць уключана i ў сусветны мастацкі працэс.
Любоў Гаўрылюк