Аўтар і вядучы тэлеперадач «Фотапанарама» (1972 — 1977). Шмат рабіў дзеля папулярызацыі літоўскай фатаграфіі ў Беларусі. Быў ганаровым сябрам Саюза фотамастакоў Літвы і народнай фатастудыі «Riga». У 1992 годзе Юрыю Васільеву было прысвоена званне Заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь. Кіраваў галерэяй «Свет фота». Даследаваў гісторыю беларускай фатаграфіі. Сваім настаўнікам называў рыжскага майстра Эгона Спурыса, які навучыў «любіць фатаграфію ў сабе». Амаль паўстагоддзя развіццё фатаграфіі разгортвалася на яго вачах і з ягоным непасрэдным удзелам. Юрый Элізаровіч і Віктар Бутра паспрабавалі акрэсліць абсягі дзейнасці Юрыя Васільева.
Віктар Бутра: Калі я ў 1973 годзе з’явіўся ў фатаклубе «Мінск», то Юрый Васільеў — як знаўца фатаграфіі — адразу прыцягнуў да сябе маю ўвагу. Яго аўтарытэт быў бясспрэчным. Разам з Яўгенам Казюлем ён займаўся фармаваннем калекцый для саюзных міжклубаўскіх выстаў. І тут варта прыгадаць, што гэта быў за час: у Беларускай ССР ідэалагічны ціск быў больш жорсткім, параўнальна з Літвой ці Латвіяй. Даводзілася ўлічваць многія моманты, каб не выклікаць непажаданай рэакцыі афіцыйных асоб.
Аднак прытым калекцыі розных аўтараў, падрыхтаваныя да выстаў, выглядалі вельмі цэльнымі і моцнымі, і ў гэтым была непасрэдная заслуга Юрыя Сяргеевіча: адбіраючы здымкі, ён зважаў найперш на іх узровень.
І тое асабліва тычыцца выстаў «Фатаграфікі», якія зазвычай ладзіліся ў Палацы мастацтва. Ідэя была ягонай, але рэалізацыяй займаліся многія людзі — трымаліся падзелу абавязкаў. Арыентаваліся на міжнародныя стандарты: было ўлічана ўсё — запрашальнікі, рэгламенты, каталогі.
Адбор на гэтыя выставы ўладоўвалі вельмі сур’ёзны: праходзіла толькі кожная дзясятая работа, нягледзячы нават на тое, што аўтары былі дастаткова моцныя.
І перад кожным адкрыццём з’яўляліся прыёмныя камісіі з ідэалагічнага аддзелу ЦК. Таму арганізатары сталі свядома вывешваць у экспазіцыях некалькі прац відочна правакацыйных — каб забаранялі менавіта іх. Дзякуючы гэтаму, а таксама добра прадуманым тлумачэнням аўтарскіх намераў, Васільеву ўдавалася захаваць вартасныя творы, у якіх, пры жаданні, можна было ўгледзець «ценявы бок адлюстравання савецкага жыцця».
У гэтым Юрый Сяргеевіч напрацаваў досвед каласальны — як мастак і знаўца фатаграфічных тэхнік. На такіх перадпраглядах ён уратоўваў многія добрыя творы. У выніку госці з іншых рэгіёнаў здзіўляліся смеласці выстаўленых работ. Усё ж уплыў прыбалтыйскіх фатаклубаў быў тут адчувальным, а і Казюля і Васільеў былі ганаровымі сябрамі Саюза фотамастакоў Літвы і фатастудыі «Riga» — за заслугі ў творчасці і вялікую арганізатарскую працу.
На традыцыйную прыбалтыйскую фотавыставу «Бурштынавы край» Васільеў заўсёды вёз калекцыю. А калекцыя збіралася так: пасля квартальных клубных конкурсаў некаторых аўтараў прасілі надрукаваць некалькі асобнікаў сваёй работы для архіву клуба, і з гэтага архіву потым адбіраліся творы для розных экспазіцый. За апошнія пару гадоў свайго жыцця Яўген Казюля разабраў гэты архіў — паводле аўтараў, згодна з выставамі. У ім сёння звыш 5-ці тысяч здымкаў.
Юрый Элізаровіч: У маім фатаграфічным жыцці Васільеў прысутнічаў заўсёды. Ён быў захавальнікам традыцый і экспертам. Як сорак гадоў таму, калі я толькі даведаўся пра фатаклуб «Мінск», так і да апошніх дзён роля ягоная не змянілася. Усё з той жа паставай, сівыя валасы. Катэгарычнасць, прынцыповасць.
Гадоў дваццаць таму я жартам сказаў: пакуль жывыя Яўген Казюля, Юрый Васільеў і Уладзімір Няхайчык, мы будзем лічыцца маладымі фатографамі (мы — гэта пакаленне студыйцаў Валерыя Лабко). Спачатку сышоў Няхайчык, пасля — Казюля, цяпер — Васільеў. Час станавіцца дарослымі.
Вернемся да «Фатаграфікі». Гэта была выдатная ідэя, бо ў тых умовах яна дазваляла рэалізавацца мастакам — мастакам не з адукацыі, а па стане душы. Публіцыстычны, рэпартажны фармат быў абмежаваны строгімі ідэалагічнымі догмамі, таму асабліва істотнымі падаваліся выяўленчыя магчымасці гэтага віду мастацтва. Своечасова сфармуляваная, угаданая Юрыем Сяргеевічам ідэя зрабіла Мінск адной са сталіц мастацкай, а пасля й андэграўндавай фатаграфіі.
Гэта як паглядзець замежнае фестывальнае кіно: зусім іншыя выявы, якіх не было ў часопісах, газетах. І галоўнае — сапраўдныя! Не слабыя паліграфічныя рэпрадукцыі з каталогаў, а якасныя арыгіналы — жывыя фатаграфіі. Уплыў выстаў на стаўленне да фатаграфічнай справы ў Мінску быў велізарным. Яны прываблівалі новых, патэнцыйна адораных аўтараў.
З гэтай цікавасці да фатаграфіі незвычайнай, нестандартнай выраслі навучальныя студыі фатаклуба «Мінск» (пад кіраўніцтвам Валерыя Лабко) і сфармавалася такая з’ява, як школа Мінскай фатаграфіі, што выразна заявіла пра сябе прыканцы 1980-х — пачатку 1990-х.
Віктар Бутра: Юрый Васільеў прэзентаваў беларускую фатаграфію ва ўсім СССР. Яго запрашалі як сябра журы і як аўтара. І ён заўсёды браў з сабой калекцыю з архіву фатаклуба. Архіў жа выкарыстоўвалі год-два, максімум — тры гады. Бо ўвесь час з’яўляліся новыя працы. І тут уменне адабраць работы для паказаў стварала вельмі добры імідж і Беларусі і фатаклубу «Мінск».
Юрый Элізаровіч: Увесь вольны ад асноўнай працы час Юрый Васільеў прысвячаў фатаграфіі — выставы, паездкі, грамадская дзейнасць... Гэта мог быць спрактыкаваны музейны супрацоўнік, знаны галерэйшчык, таленавіты аўтар тэкстаў. Але не было патрэбы ў такіх прафесіях, і таму не адбылося адпаведнай рэалізацыі...
Калі разваліўся Савецкі Саюз і сталася незалежная дзяржава, былі парушаны многія структуры, але захаваўся фатаклуб «Мінск», яго касцяк, які пасля наноў «аброс» аўтарамі. І сёння сітуацыя ў фатаграфіі наогул куды багацейшая, чым раней: шмат змястоўных твораў, больш удзельнікаў. Аднойчы мы з Васільевым былі на нейкай выставе, і я не змог пазнаць аднаго фатографа. Васільеў супакоіў: «Юра, у нашым узросце важна, каб не мы іх ведалі, а яны нас». І ў Юрыя Сяргеевіча гэта выдатна выходзіла: яго не толькі ведалі — ён не страчваў свайго ўплыву. Працягваў выкладаць, удзельнічаць у выставах, пісаць артыкулы. І мне вельмі шкада, што яго пісьмовая творчасць не выкшталцавалася ў кнігу.
Перыяд, калі ён змог дастаткова поўна рэалізавацца, пачаўся тады, калі ў фатографа і калекцыянера Віктара Суглоба з’явіліся галерэя і музей. Там Васільеў займаўся любімай справай — тым, пра што марыў і што ў яго заўжды добра атрымоўвалася.
Віктар Бутра: У галерэі «Свет фота» Юрый Васільеў падрыхтаваў пад пяцьдзясят выстаў, многія з іх — рэзанансныя. Спрацоўвалі мінулыя кантакты — беларускія і замежныя.
Юрый Элізаровіч: Дзякуючы Юрыю Васільеву, беларуская фатаграфія стала вядомая за мяжой. Ды й замежныя аўтары былі тут частымі гасцямі.
Але сапраўднае міжнароднае прызнанне ў беларускай фатаграфіі атрымала Мінская школа.
Віктар Бутра: А Мінская школа склалася і набыла паважны статус у тым ліку й за конт надзвычай сур’ёзных патрабаванняў да аўтараў. У гэтым была й заслуга Васільева. Ад самага пачатку працы ў клубе і да апошняга часу: не зніжаць планкі! Якія б аргументы ні выстаўляліся — папулярызацыя новых імён, падтрымка моладзі... Асноўны крытэрый удзелу ў выставе — высокі ўзровень. Нездарма за савецкім часам казалі: у фатаклуб «Мінск» уступіць складаней, чым у партыю.
***
У 2009-м, у юбілейны для фатаграфіі год, Юрый Васільеў напісаў так: «Самае блізкае слова, што найбольш дакладна адлюстроўвае маё стаўленне да фатаграфіі, — работнік. Гэта тое, што запісана ў маім ганаровым званні. Больш за ўсё мне хацелася ўвесці культуру фатаграфіі ў сучаснае жыццё беларускага грамадства. На гэта мяне натхнялі гісторыя і дасягненні маіх калег з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі...
На гэта сыходзіла больш за ўсё маёй энергіі і часу. Не ўсё ўдалося зрабіць. Не ўсё зроблена, як хацелася б. Але я ўсё яшчэ не губляю надзеі».