Таццяна, вы скончылі Мінскае мастацкае вучылішча, аддзяленне жывапісу. Што ж захапіла вас у мазаіцы?
— У нейкі момант я зразумела: не бачу перспектыў для развіцця ў жывапісе. Пачала сябе шукаць. Так склалася, што я стала працаваць у мазаічнай студыі. Чым больш я ўнікала ў работу, тым больш прыходзіла разуменне: гэта менавіта тое, чым хачу займацца. Пазнаёмілася з італьянскімі мастакамі па мазаіцы і пачала ў іх вучыцца — у Італіі і Расіі.
Вы вывучалі мазаіку ў Равене. Можаце вылучыць асноўныя адрозненні школ дзвюх краін?
— Адрозненняў шмат. Радзіма мазаікі — Італія, таму можна зрабіць высновы, што ў Расіі шмат чаго перанялі з Італіі. Адзіны, хто стварыў усё самастойна, — гэта Ламаносаў, ад матэрыялу да самога аб’екта. Адметная рыса школы мазаікі ў Расіі — вобразнае бачанне, а для італьянцаў характэрны абстрактны падыход, падкрэсліванне ўласцівасцей матэрыялу. Што датычыцца тэхнік, то тут усё больш індывідуальна і залежыць ад майстра. Тэхнік шмат: рымскі і антычны наборы (як яго называюць у Італіі), візантыйскі, тэхніка мадэрну. У Расіі часцей сустракаецца візантыйскі і антычныя стылі, мадэрн бывае рэдка, бо не вельмі вывучаны. Майстры ў стылі мадэрн часцяком не маюць спецыяльных ведаў і працуюць інтуітыўна. Гэта звязана з тым, што ў Расіі амаль няма школ, якія навучаюць такой тэхніцы. Усё будуецца на класічных канонах. А ў Італіі інакш, ёсць шмат школ.
Мазаіка сёння не вельмі папулярны напрамак для творчасці. Што вы думаеце пра яе развіццё на постсавецкай прасторы, за мяжой?
— На Захадзе мазаіка больш папулярная — яна дасканаліцца, рыхтуюцца новыя мастакі. Асабліва гэта тычыцца Італіі, Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі. На постсавецкай прасторы мазаіка грунтуецца каля акадэмічных школ. Асноўны напрамак для яе развіцця — рэлігійны. У Беларусі таксама ярка праяўлены менавіта гэты кірунак. Паказальны прыклад — майстэрня па мазаіцы ў Свята-Елісавецінскім манастыры. У Расіі даволі шмат вялікіх майстэрняў каля цэркваў. Свецкая мазаіка не на такім высокім узроўні. Для гэтага шмат прычын. І адна з іх у тым, што для стварэння мазаік патрэбныя значныя сродкі. Акрамя таго, заказчыкі аказваюць вельмі моцны ўплыў. І, на жаль, у іх не заўсёды ёсць разуменне таго, што такое мазаіка і якія ў яе магчымасці.
Як вы лічыце, якая будучыня мазаікі ў Беларусі?
— У Італію прыязджаюць навучацца з Беларусі. Пакуль працэс ідзе вельмі марудна. Аднак па маіх назіраннях усё больш і больш людзей цікавіцца мазаікай, хоць не так шмат, як у Расіі. Але я спадзяюся, што хутка з’явяцца аўтары, якія не тое што адродзяць (гэта не зусім дакладная фармулёўка, бо мазаіка не з’яўляецца спрадвечным відам творчасці ў Беларусі), а хутчэй створаць новыя кірункі ў мазаічным мастацтве.
У Беларусі мазаіцы навучаюцца ў Акадэміі мастацтваў, але гэты працэс не такі актыўны, бо дастаткова дарагі ў тэхналагічным плане. Але я спадзяюся, што ўсё будзе змяняцца да лепшага. У 2015 годзе ў Беларусі прайшла выстава ў Гістарычным музеі «Рэтраспектыва 1965—2014» з Фонду Ісмаіла Ахметава па развіцці адукацыі і падтрымцы культуры. Я лічу гэта сур’ёзнай падзеяй, бо была прывезеная выстава мазаікі знакамітага калекцыянера. Там шмат узораў сучасных італьянскіх мастакоў, з якімі я мела магчымасць працаваць разам.
Наколькі мне вядома, у Санкт-Пецярбургу мазаіку ведаюць не толькі прафесіяналы. Ці сустракаюцца майстар-класы для ўсіх ахвотных?
— Так, апошнім часам даволі часта праводзяць майстар-класы па мазаіцы. Я таксама калі-нікалі іх праводжу. Удзельнікам вельмі падабаецца. Бывае нават так, што пасля такіх заняткаў людзі пачынаюць займацца ёй самастойна. Аднак ёсць і проста творчыя асобы, якія хочуць адкрыць для сябе нешта новае. Тут расказваюць пра гісторыю мазаікі, пра матэрыялы і асноўныя тэхнікі. Канешне, калі гэта не школа мазаікі, то нельга навучыцца многаму, але гэта цікавы досвед для ўдзельнікаў.
Раскажыце, калі ласка, аб традыцыі мазаікі. Якія класічныя асновы захаваліся і сёння? Якія асаблівасці развіцця былі ў савецкай мазаіцы, што перайшлі ў сучасную?
— Пасля распаду Савецкага Саюза ў мастакоў-манументалістаў перасталі з’яўляцца замовы, і мазаістам даводзілася пераходзіць у іншыя сферы — напрыклад, у насценны жывапіс. Бо раней замаўляла работы ў асноўным дзяржава. Мазаікамі ўпрыгожвалі дамы культуры, заводы, станцыі метро, розныя будынкі. Але такіх замоў больш не было, таму мазаіка стала больш камернай, можна нават сказаць — станковай. Пачала выглядаць як карціна, гэта значыць, яна змянілася ў сваёй падачы. З’явіліся новыя сюжэты. І сучасныя формы.
Можна меркаваць аб тым, што трэба развіваць мазаіку як асобнае паўнавартаснае мастацтва, а не як від дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці?
— Здаецца, пасля з’яўлення мазаічных карцін ёсць неабходнасць у развіцці мазаікі як асобнага віду мастацтва, а не толькі сродку афармлення інтэр’ераў. Аўтар тады атрымлівае больш свабоды ў творчасці.
У якіх кірунках вы працавалі? Якія апошнія праекты?
— Я раблю аб’екты на заказ, а таксама займаюся эксперыментальнай творчасцю, дзе шукаю новыя рашэнні. Апошняя работа з калегамі — пано для сталовай па карціне Клода Мане «Сцяжынка ў садзе Жыверні».
Мае працы ў асноўным абстрактныя. Гэта даволі складана, бо ў галаве заўсёды ўзнікаюць вобразы і мне трэба іх трансфармаваць у канкрэтны матэрыял. Змяняю формы і кампазіцыі, працую з аб’ёмамі. Я заўсёды ў пошуку. Кожны раз ствараю нешта новае, але пасля бачу, што ёсць нешта агульнае з ужо існуючымі работамі. Мне падабаецца даследаваць розныя кірункі і стылі, спазнаваць сябе.
Як называецца апошняя выстава, у якой вы ўдзельнічалі?
— У Равене прайшла «International Prize GAeM — Young Artists and Mosaic 2017». Важны для мяне ўдзел быў у «Musiwa 2016». Выстава праходзіла ў Фларэнцыі, ладзіцца штогод. Яна была створана як альтэрнатыва Міжнароднай выставе мазаікі ў Равене, якая адбываецца кожныя два гады. Трапіць на яе дастаткова складана. Арганізатары самі запрашаюць мастакоў з усяго свету.
Вы ўдзельніца супольнасці «PARAZIT». У чым яе адметнасць?
— Мяне зацікавіў іх поставангардны кірунак, незалежная пратэсная пазіцыя. Удзельнікі ствараюць свае работы літаральна з усяго, імкнуцца выказаць зададзеную тэму выставы па-свойму. Дзякуючы гэтай супольнасці ў мяне з’явілася магчымасць выстаўляцца. Але ж не ўсе мае мазаікі пасуюць, таму да кожнага праекта, кожнай імпрэзы я ствараю новыя работы. У «PARAZIT» шмат маладых мастакоў, шмат знакамітых, якія працуюць у розных тэхніках: жывапіс, графіка, інсталяцыі, відэа...
І якія звычайна даюцца тэмы для творчасці?
— Самыя розныя, можна нават сказаць — надзённыя. Але не палітычныя ці сацыяльныя, хутчэй, звязаныя з мастацтвам. Напрыклад, апошнія — «Партрэт усяго», «Антывыстава», «Адваротны рух». Супольнасць імкнецца не абмяжоўваць волю мастака, а наадварот — не ставіць граніц.
Як вы працуеце над тэмай? Ці шмат часу ідзе на адну работу?
— Залежыць ад задумы. Калі тэма дастаткова складаная, то на адну працу можа спатрэбіцца больш за год. Памер мазаікі таксама адыгрывае важную ролю: неабходна падабраць матэрыял, рэалізаваць праект.
Якія ўласныя працы для вас асаблівыя?
— Найбольш запамінальныя для многіх мае мазаічныя эцюды. Гэта зробленыя ў графічнай форме абстракцыі, што нечакана для мазаікі, але я выкарыстоўваю звыклыя матэрыялы: камень, гальку. Хутчэй структуры, дзе глядач сам дадумвае вобразы.
Вы і мастак, і выканаўца. Але ж раней мастакі не займаліся наборам, а толькі стваралі эскізы.
— Так, раней у майстэрнях быў падзел працы: выканаўцы выкладвалі мазаіку. Былі таксама людзі, што спецыялізаваліся на стварэнні дэталяў. У Рымскай імперыі, напрыклад, наборам мазаікі займаліся рабы: выкладвалі патрэбныя часткі мазаікі ў строга вызначанай паслядоўнасці. Сёння мастакі па мазаіцы часцей самастойна ствараюць малюнкі і самі выконваюць працу. Гэта з’явілася толькі ў ХХ стагоддзі.
Вам бы хацелася, каб хто іншы займаўся наборам?
— Думаю, не, бо тады траціцца мастацкая вартасць, не бачны твой асабісты почырк. Магу працаваць і без эскізаў. У такой сітуацыі цяжка растлумачыць каму-небудзь, што менавіта я хачу зрабіць. А бывае, я адразу працую без эскізаў, бо ў галаве ўжо ёсць вынік.
У Эрмітажы я заўважыла незвычайныя карціны. Здавалася, што на іх вельмі вялікія расколіны фарбы. Але ніжэй прачытала надпіс — «мікрамазаіка». Што гэта за кірунак і ці развіты ён у Расіі, Беларусі?
— Мікрамазаіка з’явілася ў Італіі, і да гэтага часу існуюць майстэрні, дзе можна ёй навучыцца. У Расіі яна не такая папулярная, работы ствараюцца толькі пад заказ, і знайсці мастакоў, якія працуюць у гэтым кірунку, складана. Калі рабіць усё як трэба, як вучаць у Італіі, то належыць самастойна рабіць матэрыял для элементаў з асаблівага віду смальты — філата.
Якія ёсць магчымасці для мастака па мазаіцы ў Санкт-Пецярбургу?
— Пецярбург — мегаполіс, там усяго шмат, у тым ліку і культурных падзей. Я заўсёды ўдзельнічаю ў калектыўных выставах, а таксама арганізую персанальныя. Адна з іх прайшла ў Дзяржаўным музеі «Царскасельская калекцыя» ў горадзе Пушкін. У калекцыі гэтага музея зараз ёсць адна з маіх работ. Мастацкае аб’яднанне «PARAZIT» актыўна ўдзельнічае ў арт-жыцці Санкт-Пецярбурга, і я таксама. Мы прымаем удзел у розных паралельных праграмах буйнейшых выстаў, фестываляў, такіх як «Маніфеста» — еўрапейскае біенале сучаснага мастацтва. Галоўнай пляцоўкай «Маніфеста» быў Эрмітаж, дзе сучаснае мастацтва ўступае ў дыялог з класічным. Але нам далі іншую прастору.
У Еўропе я ўдзельнічаю ў выставах, якія праходзяць у Фларэнцыі, і ў такіх гарадах, як Прага, Спілімберга, Равена, Парыж. Я з’яўляюся членам AIMC, таму ўжо два гады далучаюся да міжнароднай выставы пад назвай «Opere dal Mondo» ў межах фестывалю Ravenna Mosaico.
Дзякуй вам, Таццяна. Спадзяюся, што хутка і ў Беларусі атрымаецца магчымасць пабываць на вашай персанальнай выставе.
Анастасія Міхлюк