«Артэрыя» паказала арт-трэнды, «Веха» — паглыбленне ў сацыякультурную праблематыку, а «Лёд» пакуль свайго не паказаў, але збірае праекты для праглядаў на экране і нефармальнага абмеркавання. З задавальненнем адзначаю Аляксея Талстога, Паўла Грабчыкава, Вольгу Савіч. Дзіна Жук і Мiкола Спясіўцаў зазіраюць за фасад смарт-горада і бачаць, што ж там, наперадзе, — іх фатаграфія і відэа фіксуюць гэтую амплітуду. Вольга Сасноўская аб’яднала фатаграфію з перформансам і лакальным даследаваннем прасторы, А.Р.Ч. збянтэжыў жывапісам, графікай і маніфестам у абарону брутальнай экспрэсіі.
Сярод праектаў года застануцца Аляксандр Васюковіч з «Фота на памяць» і «Сляпая зона» Максіма Сарычава. Максім вельмі прадумана ўступае ў поле сучаснага мастацтва (і фільм «Вячэра» — бліскучае таму пацверджанне), а Аляксандр, не турбуючыся метафарамi, пласт за пластам нарошчвае поліфанію драматычнай штодзённасцi.
Ва ўмоўнай групе «спадчына» — вядома, Аляксандр Угляніца. І намаганні Нацыянальнага гістарычнага музея, які гераічна выцірае з фатаграфіі архіўны пыл і надае ёй акадэмічны выгляд.
У гэтай частцы пазначаем на будучыню: хацелася б прааналізаваць увесь комплекс «Blow Up» (НЦСМ) як рэсурс публічнай, дэмакратычнай рэфлексii наконт таго, што адбываецца ў мастацтве «тут і цяпер» і «там і тады». Нарэшце Мiнск нарасціў канкурэнтную культурную афішу, і адукацыйныя праграмы занялі ў ёй не апошняе месца. Самы час праверыць арсенал ідэй.
А цяпер план Б: вельмі хочацца спадзявацца на «Восеньскі салон». Выхад галерэй у карпаратыўную банкаўскую гісторыю — крок, напэўна, нечаканы, але саспелы. Калі б Фотасаюз падтрымаў салон сваiм удзелам, як гэта здарылася з МФМ, калі б неіснуючыя фотагалерэi, але існуючыя фотасуполкі і працуючыя куратары (ад курсаў, клуба «Мінск», НЦСМ, «ПраФота» і г.д) неяк падцягнулiся, фатаграфію можна было б убачыць у «Салоне» ў значна больш выразнай колькасці і якасці. Фотаздымкi лёгка могуць быць у ліку прадаваных, але трэба падумаць, як гэта зрабіць разумна.
Любоў ГАЎРЫЛЮК