Гэта не інтэрнацыянальна-мэйнстрымна-галерэйная Прага, а мастацтва нават не лакалізаванае ў межах краіны, але такое чэшскае-чэшскае. І не толькі па паходжанні мастакоў. Мінскі НЦСМ зноў ладзіць добрую справу-выставу, сумесна з Амбасадай Чэшскай Рэспублікі і кіеўскім Чэшскім цэнтрам дэманструючы беларускаму гледачу зрэз арт-сучаснасці асобнай еўрапейскай краіны.
Праект мае падвоенае беларуска-чэшскае куратарства. Цікавасць нашай Дзіны Даніловіч да дыскурсу цялеснасці відавочна паўплывала на адбор удзельнікаў. Але скульптурны бэкграўнд куратаркі з чэшскага боку Веранікі Псоткавай стаўся вызначальным для экспазіцыі. Гэта сапраўдны бенефіс Веранікі — яе фігуратыўныя скульптуры прысутнічаюць амаль ва ўсіх памяшканнях другога паверху былых акадэмічных майстэрняў на Някрасава, дзе месціцца выстава, нават на лесвіцы і ў калідорах.
Адзінае выключэнне — пакойчык, заняты творамі яе калегі-скульптара Душана Вані. Тут шмат скульптурных цікавостак, якія правакуюць саўдзел. Найперш — класічна-белы бюст, што пільна сочыць за нашымі перасоўваннямі па зале. Пустыя белыя зенкі рухаюцца — умантаваны ў скульптуру дэтэктар і паваротныя механізмы вымушаюць іх накіроўвацца на кожнага, хто ўваходзіць у пакой. Душан першапачаткова планаваў выкарыстаць каляровыя імітацыі вачэй, але высветлілася, што манахромнымі, нібыта каменнымі, яны выглядаюць больш сюррэалістычна. Побач ягоныя ж крыху палохаючыя сіліконавыя аб’екты, якія вельмі хочацца памацаць, — гіпернатуралістычная садавіна-гародніна... са скурай і валасамі, што падазрона нагадваюць чалавечыя. Асобна мастак дэманструе твор са сваёй паралельнай альтэр-стратэгіі — геаметрычна абстрактнай. Гарызантальны паралелепіпед — стос звычайных саломак для напояў, акуратна складзеных адна да адной на вышыню, большую за чалавечы рост. Калі глядзець скрозь безліч пластыкавых трубачак — незвычайна скажаецца наваколле, а асабліва абліччы наведвальнікаў выставы, што аказваюцца побач.
Выставу варта было ўбачыць аматарам скульптуры, бо яе чэшская куратарка плённа працуе са скульптурнымі стэрэатыпамі. З папраўкай на тутэйшы постсацрэалістычны дыскурс, статуі Веранікі Псоткавай выкрываюць сам міф акадэмізму. Аголеныя, выкананыя ў дасканалай натуралістычнай манеры, яны нібыта здзекваюцца з базавых акадэмічных прынцыпаў — у першую чаргу з «прыгажосці» і «гармоніі». Не, названыя якасці, безумоўна, прысутнічаюць у працах мастачкі, але чамусьці здаюцца смешнымі, няважнымі. Жаночыя «грацыі», што адцягваюць уласныя складкі тлушчу, — іранічная рэпліка папулярнага матыву кабінетнай бронзы. Жанчынападобная мужчынская постаць перад люстэркам — акадэмічна-класіцыстычная маскуліннасць навыварат. Нават «пранікальнасць» паверхняў яе пухкіх кабет у бікіні — перабольшана манументальных постацей, скручаных са звычайнага дроту, — увогуле ставіць пад сумнеў неабходнасць дэталізаванага цяжару аб’ёмаў.
«Скульптурны рэалізм» патрэбны Вераніцы, каб пераканаўча-іранічна візуалізаваць папулярныя жаданні і ўяўленні сучаснасці, паказваючы іх абсурд. Напрыклад — прагу да ідэальнага цела. Яе цялеснага колеру «Адам і Ева» літаральна намагаюцца «здзьмуць» залішнія і «надзьмуць» патрэбныя фрагменты сваіх целаў. Прынамсі, скульптурная метафара — таксама вельмі традыцыйная зброя мастака — у гэтым выпадку падаецца дарэчнай, хоць і гуляе супраць традыцыяналізму.
Нарэшце, сам матэрыял — пластык, які скульптарка выкарыстоўвае ў большасці прадстаўленых твораў, — падаецца, з асобным задавальненнем і падкавыркаю мімікруе пад метал. Усё на выставе не тое, чым здаецца. Нават класічныя медыя. Фатаграфія прыкідваецца жывапісам у творах Ірэны Армутыдысавай, і наадварот — жывапіс Здэнека Данека капіруе стратэгіі і метады фотарэпрэзентацыі.
Нібыта нармальнае відэа — дзіцячы мультфільм пра парсючка аўтарства Рамана Кудлачэка — суседнічае з ягонымі ж плакатнымі здзекамі з каміксаваных супергерояў. Разумееш: мульцяшны парсючок Лойзік — з'яўляецца героем найлепшым, бо мілы і сімпатычны. Не маючы звышздольнасцяў, ён воляю свайго стваральніка дзейнічае не ў самых звычайных абставінах, пры гэтым захоўваючы найлепшыя чалавечыя (не парасячыя!) якасці.
На хісткай глебе няўпэўненасці і высокамастацкага падману найбольш зразумелай айчыннаму гледачу выглядае Барбара Лунгава, якая працуе ў галіне рэалістычнага жывапісу. Творы Барбары падаюцца амаль стоадсоткава постсацрэалістычнымі — прытым што не маюць ніякага дачынення да нашага балючага савецкага мінулага. Цікава, ад якой печы танчыць мастачка з яе філасофска-філалагічнымі радкамі ў сіві?
Яркі акцэнт экспазіцыі — зала выдатнай Тэрэзы Рулеравай, дзе мастачка з непарушным тварам пантамімай жывапісуе вартасці працагульні (play + labour = playbour — «што люблю, тое і раблю») пад забойнае тэхна прафесійнага відэакліпа. А яшчэ «нацягвае» сваё характэрнае прывабнае аблічча юнай дызайнеркі на геаметрычныя формаўтварэнні ці пускаецца ў прыгоды ў выглядзе персанажа камп’ютарнай гульні ў іншых відэатворах. На тле ўласных дзігітальных аўтапартрэтаў, раздрукаваных на сценах ад падлогі да столі, выглядае годна. Але зноў жа — усё не так проста, як здаецца. Тэарэтызуючы сваё творчае крэда, Тэрэза пратэстуе супраць дызайну як паверхне-арыентаванай практыкі — спосабу вытворчасці «мільёнаў паверхняў». Мастачка практыкуе перфарматыўны дызайн — з дамінуючай роляй перформансу. Паводле яе перакананняў, перфарматыўнае ўздзеянне на паверхню ці, у мінскім выпадку, на паверхні светлавых праекцый і постараў спрыяе іх разбурэнню і ўцягнутасці гледача ў мастацкае дзеянне.
Апошні павінен атрымаць ад выставы выдатную дозу антыдоту да адназначнасці і непахіснасці сучасных карцін свету, што ствараюцца медыя і супольнасцямі — у тым ліку й нашай, мастацкай.