Магчыма, паўплывала служба ў марскім флоце, дзе сярод неабсяжнага акіяна ўсе разам шчыруюць дзеля агульнай справы. Кіраваць філармоніяй — значыць не толькі клапаціцца пра «высокае», але і думаць пра матэрыяльна-тэхнічныя моманты, ствараць умовы для камфортнай працы і адказваць за ўсё, што адбываецца ў будынку, дзе не перастае гучаць музыка. Беларуская дзяржаўная філармонія сёння — Вялікая канцэртная зала і Малая зала імя Рыгора Шырмы. А самае важнае — вялікі калектыў прафесійных артыстаў.
Маладосць — гэта заўжды пошук. У якіх сферах Вы шукалі сябе?
— З ранніх гадоў быў звязаны з культурай. Жыў у вёсцы ў сям’і, дзе часта чуліся спевы. У дзяцінстве самастойна асвоіў ігру на баяне. Не дзіўна, што зрабіўся загадчыкам Дома культуры. На пасадзе пабыў нядоўга, бо мяне накіравалі служыць у флот. Туды не так проста патрапіць. Напэўна, паглядзелі, што абодва дзядзькі ў мяне былі маракамі, жыву каля Прыпяці, значыць, вады не баюся. На службе правёў больш за тры гады. Давялося пабываць у многіх гарадах і краінах, хадзіць па шасці марах, акіяне, у залівах Дарданелы, Басфор, Гібралтар, Ла-Манш. Прысягу прымаў у Севастопалі. Збольшага служыў у Міжземным моры. Пасля хацеў падаць дакументы ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт культуры. Але ў адной з газет убачыў інфармацыю, што і ў Мінску адкрываецца Інстытут культуры. Без сумненняў падаў дакументы ў гэтую ўстанову і паступіў.
Дзе давялося назапашваць вопыт перад тым, як стаць генеральным дырэктарам філармоніі?
— Працаваў у цэнтры міжнародных сувязей і турызму ў Міністэрстве адукацыі. Потым запрасілі ў «Белканцэрт» намеснікам гендырэктара. Арганізацыя знаходзілася ў будынку Белдзяржфілармоніі. Праз нейкі час узначаліў «Белканцэрт». Пасля прапанавалі такую ж пасаду ў філармоніі. Тут якраз адбываўся капітальны рамонт і трэба было прыняць адноўлены будынак.
Рашэнне ўзначаліць філармонію было нялёгкім, бо ведаў, у якім становішчы яна тады знаходзілася. Падчас рамонту ўсе творчыя калектывы працавалі па розных адрасах і ў памяшканнях розных устаноў. Калі ён завяршыўся, неабходна было вызначыць канцэпцыю далейшага развіцця. «Белканцэрт» зрабіў мяне дастаткова вопытным чалавекам. Я ведаў фінансава-гаспадарчую частку, з творчасцю таксама быў звязаны. У той час мне трэба было не спяшацца, а спакойна разгледзець усе прапановы наконт размяшчэння калектываў у абноўленым будынку. Запрасіў кіраўнікоў музычных калектываў, каб параіцца наконт гатоўнасці канцэртнай залы прымаць публіку. Было неабходна ведаць, ці хапае ў нас тэхнічных магчымасцей. Ад прафесіяналаў я атрымаў станоўчы адказ.
На чым засяродзіліся, калі прыйшлі працаваць у філармонію?
— Лічыцца, што новы кіраўнік заўсёды пачынае перастаноўкі і рэарганізацыю. Я прыгледзеўся і зразумеў: рэвалюцыйныя змены не патрэбныя, трэба ўдасканальваць тое, што ёсць. З першага дня агульнай справай было стварыць брэнд, палепшыць імідж філармоніі, бо ў гэтай установе працуе безліч віртуозаў. Да нас пачалі прыязджаць замежныя выканаўцы. Выступіць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі зрабілася прэстыжным. Памятаю выпадак, калі дырыжор з ЗША прыязджаў за ўласныя сродкі, каб зладзіць канцэрт разам з нашым сімфанічным аркестрам. Пра тое, што імідж філармоніі палепшыўся, сведчаць і гастролі нашых калектываў за мяжой і іх аншлагавыя выступленні там.
У чым вы бачыце моц і асаблівасць філармоніі?
— Музычная індустрыя сёння неабсяжная. У свеце існуе аўдыязапісаў на 20 мільёнаў гадзін гучання. Сярод іх толькі сем працэнтаў займае класіка. Яна і з’яўляецца асновай дзейнасці філармоніі. Але права гучання маюць і іншыя жанры і стылі: джаз, фолк, песеннае мастацтва. Найважнейшае патрабаванне: незалежна ад напрамку музыка павінна выконвацца прафесійна.
Няпроста працаваць, калі ў краіне існуе ажно 65 канцэртных арганізацый. Канкурэнцыя вялікая! Але ў нас свой рэпертуар і свая аўдыторыя. Па статыстыцы ў філармонію прыходзяць слухачы, якія маюць музычную адукацыю. Сёння ў Беларусі звыш пяцісот дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, каледжаў, ёсць ВНУ, што рыхтуюць для нас кадры і публіку. Да нас прыходзяць слухачы рознага ўзросту, розных густаў і сацыяльнага статусу.
А якія жанры і стылі больш блізкія вам?
— Калі кіраваў «Белканцэртам», дык у яго структуру ўваходзіла каля 250 артыстаў. Усе мелі добрую падрыхтоўку, грунтоўную адукацыю. У той час мне падабалася эстрадная музыка, бо трэба было весці дыялог з артыстамі і арыентавацца ў іх творчасці. Народная музыка таксама заўсёды захапляла мяне, яна дае жыццё многім іншым напрамкам. Да таго моманту, як прыйшоў у філармонію, не часта слухаў класіку. Цяпер, калі хоць раз на месяц не траплю на сімфанічны канцэрт, адчуваю ў гэтым вострую патрэбу.
Падчас юбілейнага сезона вы плануеце напісаць і выдаць кнігу пра філармонію. Чаму ўзнікла такая неабходнасць?
— У нас працуе 19 калектываў, і ў кожнага з іх багатая гісторыя. Калі я зрабіўся кіраўніком арганізацыі, дык стаў вывучаць яе мінулае па кнізе колішняга дырэктара Рыгора Загародняга. Ён напісаў пра філармонію, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны да 1981 года. А далей інфармацыя раскіданая — яна ў артыкулах і інтэрв’ю, матэрыялах СМІ, аўдыязапісах, тэлеперадачах. Лічу, трэба абагуліць усе аналітычна-інфармацыйныя матэрыялы пра філармонію за апошнія шаснаццаць год. Усе звесткі ёсць, і цяпер думаем, у якім выглядзе іх прадставіць. Хацелася б напісаць пра народных артыстаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. У кнізе мусіць быць раздзел, што пакажа дзейнасць філармоніі праз публікацыі ў СМІ. Варта адлюстраваць рэпертуарную палітыку, афішы, музыкантаў, паказаць міжнародную актыўнасць. Думаю, у выніку атрымаецца грунтоўнае выданне. Цяпер важна адшукаць фінансавую падтрымку.
Якія мастацкімі падзеямі будзе адзначацца юбілей філармоніі?
— Адбудуцца форумы «Беларуская музычная восень», фестывалі Юрыя Башмета і Уладзіміра Співакова. На пачатку верасня прайшоў форум «Беларусы — музыканты свету». У скверы за філармоніяй усталяваны помнік Уладзіміру Мулявіну. Побач ёсць Алея гонару — блакітныя елкі, што ў мінулым сезоне пасадзілі народныя артысты Беларусі. Але хацелася б неяк ушанаваць тых асоб, якія пакінулі нам музычную спадчыну. Трэба раіцца з гарадскімі ўладамі, архітэктарамі, каб дамовіцца, як аформіць і дзе размясціць Алею зорак з імёнамі выдатных музыкантаў. У скверы побач з помнікам Мулявіну мы плануем зрабіць канцэртную пляцоўку пад адкрытым небам.