А на пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя Сафійскі сабор паўстаў перад намі яшчэ ў адной сваёй іпастасі: з 1983 года ён функцыянуе як канцэртная зала. Дзівосная прыцягальнасць гэтага месца не толькі ў прыгажосці ўнутранага ладу інтэр’ера ў стылі віленскага барока і ракако, але і ва ўнікальных акустычных уласцівасцях памяшкання. Гук, што завісае пад нябесна-блакітным зводам сабора на чатыры з паловай секунды, набывае аб’ём і неверагодны абертонавы шлейф, і тое робіць акустыку залы практычна ідэальнай для выканання харавой і вакальнай музыкі.
Інструменталістаў гэтыя сцены сустракаюць больш насцярожана: ім даводзіцца шукаць не толькі сваё месца на сцэне, але і асаблівы штрых, тушэ, тэмп ігры, для якой сабор адкрые свае абдымкі. Канцэртная зала невялікая — усяго 305 месцаў. Але магія акустыкі сабора, гістарычная і культурная значнасць духоўных каштоўнасцей, створаных на полацкіх землях, прыцягвалі да ўдзелу ў музычных фестывалях выдатных выканаўцаў: Уладзіміра Співакова і аркестр «Віртуозы Масквы», Маскоўскі камерны хор пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мініна, Дзяржаўную акадэмічную капэлу Санкт-Пецярбурга і яе дырыжора Уладзіслава Чарнушэнку, народную артыстку СССР Ірыну Архіпаву і Ліну Мкртчан, Карыну і Рузану Лісіцыян, трыа «Рэлікт», салістаў «Гелікон-оперы» і многіх іншых.
У 1985-м у саборы знайшоў пастаянную прапіску арган чэшскай фірмы «Rieger-Kloss». Своеасаблівае блаславенне інструмент атрымаў ад выдатнага музыканта Алега Янчанкі, ён даў дэбютны арганны канцэрт 2 мая таго ж года. Першай гаспадыняй аргана стала адна з самых яскравых прадстаўніц маскоўскай арганнай і клавесіннай школы Вівіяна Сафраніцкая. З 1989-га ўсё арганнае канцэртнае жыццё выбудоўваецца дзякуючы выканальніцкаму майстэрству, асабістаму энтузіязму і бесперапыннаму творчаму пошуку Ксеніі Пагарэлай, таксама выпускніцы Маскоўскай кансерваторыі. Ксенія Максімаўна зрабілася натхняльніцай і арганізатаркай восеньскага фестывалю «Званы Сафii», на які спецыяльна з’язджаюцца меламаны і майстры арганнай ігры з усяго свету, а «Красавік» становіцца паролем для заўсёднікаў Фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, гучанне якога ў 2017 годзе напоўніла Сафійскі сабор ужо ў трыццаты раз.
Як заўжды, выдатныя ідэі нараджаюцца і ажыццяўляюцца там, дзе адбываецца сустрэча таленавітых і неабыякавых людзей. Ля вытокаў полацкага фэсту стаялі выбітны хормайстар Валерый Палянскі, што кіраваў у тыя гады Дзяржаўным камерным хорам Міністэрства культуры СССР, і Таццяна Рудава, дырэктарка музея-запаведніка. Дзякуючы Валерыю Палянскаму форум атрымаў статус Усесаюзнага і вядомасць у сталічных музычных колах.
Афішы першых гадоў дзівяць сузор’ем імёнаў: Генадзь Раждзественскі і Ансамбль салістаў Вялікага тэатра СССР, Таццяна Грындзенка і «Акадэмія старадаўняй музыкі», Алег Янчанка і ансамбль «Мадрыгал», Леў Маркіз і «Амстэрдамская сімфаніета», піяніст Аляксей Любімаў, фагатыст Валерый Папоў, лютніст Эдуард Шафранскі. І гэта задоўга да з’яўлення практыкі стварэння фестываляў у такіх жа невялікіх, як Полацк, еўрапейскіх гарадах Верб’е або Кальмар, ды і да таго, як стаў агульнапрызнаным фактам, што Полацк — геаграфічны цэнтр Еўропы.
І вядома, была непараўнальная ні з чым асалода — кожны год чуць эталоннае гучанне хору Валерыя Палянскага, паглыбляцца ў яго выключны і складаны рэпертуар. Валерый Кузьміч і цяпер успамінае фестываль з трапяткімі пачуццямі. У эксклюзіўнай акустыцы Сафійскага сабора яго калектыў, сумесна з фірмай «Мелодыя», зрабіў запісы ўсіх харавых канцэртаў Дзмітрыя Бартнянскага, вярнуўшы гэтыя сачыненні з нябыту. З’яўленне ў фестывальнай афішы духоўных твораў розных аўтараў было безумоўным адкрыццём.
Дарэчы, выдатныя артысты, якія прыязджалі на фестываль, ніколі не апускаліся ў сваіх праграмах да «папулярнай класікі», як гэта робяць цяпер некаторыя сталічныя выканаўцы, выступаючы ў глыбінцы. Праграмы ўключалі сачыненні Альфрэда Шнітке, Антона Брукнера, Бенджаміна Брытэна, Уладзіміра Дзешавова, Яфрэма Падгайца, старадаўнія барочныя і сярэднявечныя творы (пра два стылявыя полюсы сведчыць і назва — Фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі). Цудоўна адпавядаюць палітры форуму і беларускія артысты: Сімфанічны аркестр Белтэлерадыё, мужчынскі хор «Унія», Ігар і Алег Алоўнікавы, ансамблі «Кантабіле» і асабліва «Класік-Авангард», чыя назва неверагодна пасуе гэтаму фэсту.
Распад Савецкага Саюза і многіх канцэртных устаноў не мог не адбіцца на лёсе такога складанага творчага праекта. Тым не менш паўзаў у гісторыі фестывалю не было.
Мікалай Ільніцкі, які ўзначальваў Полацкі гісторыка-культурны запаведнік да лістапада 2006 года, асабістымі перакананнямі, захопленымі аповедамі пра ўнікальную канцэртную прастору Сафіі Полацкай нават у самыя цяжкія гады здолеў кожную вясну збіраць «зорныя» склады. Публіка, што сфармавалася за 30 гадоў, — таксама асаблівая з’ява. А гэта, між іншым, некалькі пакаленняў вопытных знаўцаў, бязмежна адданых фестывалю, якія ведаюць цану сапраўднаму майстэрству і ўмеюць выказаць падзяку таленавітым артыстам. Культурныя памкненні і запыты гараджан вельмі высокія. Зусім не выпадкова Полацк быў абраны Культурнай сталіцай Беларусі ў 2010 годзе, а Наваполацк прэтэндуе на гэтае званне ў 2018-м.
Фэст перажывае няпростыя часы. Яго арганізацыяй у апошнія гады займаўся невялікі калектыў супрацоўніц сабора: Лілія Емяльянава, Алена Мартынава, Марына Чарнышова, Ксенія Пагарэлая. І яны зрабілі ўсё, каб ХХХ фестываль, юбілейны, зрабіўся такой жа значнай падзеяй для Беларусі, як і на пачатку 1990-х.
Сем дзён сёлетняга форуму прапаноўвалі праграму, здольную скарыць кожнага музычнага гурмана: канцэрты выбітнага віяланчэліста Марка Драбінскага і піяніста Аляксея Пятрова, міжнародны Auner — Quartett, нямецкі ансамбль старадаўняй музыкі Theplayfords, арганіст Эўджэніа Марыя Фаджыані і аркестр «Еўропа-цэнтр», арганісткі Таццяна Рэмез і Ксенія Пагарэлая, піяністка Герліндэ Ота. Пралогам да фэсту стаў II Конкурс юных піяністаў «І.-С. Бах і XXI стагоддзе», журы якога ўзначальвае прафесар Веймарскай акадэміі музыкі спадарыня Ота.
Гонар адкрыцця юбілейнага форуму быў прадастаўлены беларускаму піяністу Арсенію Садыкаву, лаўрэату міжнароднага конкурсу імя Феранца Ліста. Музыкант бліскуча выканаў Трэці канцэрт Сяргея Рахманінава. Хоць ён асабліва хваляваўся: занадта адказна выступаць перад землякамі (Арсеній — выпускнік Наваполацкага музычнага каледжа, клас Наталлі Кушнаровай) і ў суправаджэнні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава.
Поспех ХХХ, юбілейнага фэсту сведчыў: першапачаткова для фестывалю быў абраны вельмі дакладны вектар развіцця. Паядноўваць лепшае ў класічнай і сучаснай музычнай культуры — задача, скіраваная ў вечнасць. А значыць, белая ладдзя Сафійскага сабора будзе зноў і зноў плысці па гукавых хвалях новых музычных форумаў.
Алена Васільева