Керзін, выхаванец Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, перакананы праціўнік фармалізму, заставаўся на гэтай пазіцыі на працягу ўсяго жыцця. Ён запрасіў на працу ў Віцебск шэраг сваіх калег па сумеснай працы ў Веліжы — Валянціна Волкава, Міхаіла Эндэ, Уладзіміра Хрусталёва. Усе яны былі звязаны з дарэвалюцыйнай акадэмічнай сістэмай навучання. У 1920-я Керзін спрыяў адкрыццю ў Віцебскім тэхнікуме ганчарна-керамічнага аддзялення, выкладаць у якім былі таксама запрошаны мастакі пецярбургскай адукацыі — Марыя Лебедзева і Мікалай Міхалап. Але на працягу ўсяго дзесяцігоддзя, калі скульптар Керзін кіраваў тэхнікумам, адной з галоўных праблем віцебскай навучальнай установы, адзінай мастацкай вучэльні ў Беларусі, заставалася забяспечанасць кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі.
У 1927 годзе кадравая праблема абвастрылася ў сувязі з новымі задачамі Віцебскага мастацкага тэхнікума па падрыхтоўцы выпускнікоў, практычна арыентаваных на патрэбы рэспублікі. Дырэктар тэхнікума Міхаіл Керзін шукаў выкладчыкаў спецыяльных дысцыплін у Маскве і Ленінградзе. Тэхнікум вёў ліставанне з шэрагам мастакоў, рабіў прапановы, галоўным чынам выпускнікам акадэмічнай школы. Некаторыя з іх адмаўляліся ехаць у правінцыю. Некаторыя наадварот — не задавальнялі кіраўніцтва тэхнікума. Так, цікава, што сярод тых, хто прапанаваў свае паслугі віцебскаму тэхнікуму, быў мастак-авангардыст Павел Мансураў, які ўжо ў 1920-я працаваў разам з Казімірам Малевічам у Ленінградскім дзяржаўным інстытуце мастацкай культуры. Пад моцным ідэалагічным уціскам у снежні 1926 года інстытут быў ліквідаваны, а Мансураў (яго творы трапілі пад вострую крытыку партыйных ідэолагаў) застаўся без працы. У 1927—28 гадах ён вырашаў для сябе праблему творчай і жыццёвай будучыні. Але Віцебску — тагачаснаму кіраўніцтву мастацкага тэхнікума і Керзіну як яго кіраўніку — мастакі-фармалісты былі не патрэбныя. У 1928-м Мансураў з’ехаў за мяжу.
У выніку перамоў, якія Міхаіл Керзін праводзіў у адпаведнасці з уласным разуменнем акадэмічных задач выкладання, прапанова была зроблена мастаку Фёдару Фогту — у выніку ён увайшоў у гісторыю мастацкай школы ў Віцебску 1930-х як самая яе прадстаўнічая асоба. Імя Фогта згадваецца даследчыкамі беларускага мастацтва гэтага часу і ва ўспамінах шматлікіх вучняў школы. Рэкамендаваў Фёдара Адольфавіча яго былы настаўнік, акадэмік Дзмітрый Кардоўскі, а таксама былы сябра па Акадэміі Пётр Шухмін, таксама вучань Кардоўскага. Шухмін ведаў пра даволі складанае прафесіянальнае і матэрыяльнае становішча Фогта. У лютым 1928-га Фёдар Фогт быў прызначаны на пасаду кіраўніка 3-га курса Віцебскага тэхнікума і намесніка дырэктара тэхнікума па навучальнай рабоце, на якой заставаўся да 1934 года.
Фёдар Фогт нарадзіўся ў 1889-м у Пецярбургу ў сям’і кіраўніка Страхавога Таварыства «Расія» Адольфа Фогта. Яго маці — дачка англійскага дыпламата, народжаная Артур. Будучы мастак быў малодшым сярод дзяцей і меў чатырох старэйшых сясцёр. У Пецярбургу ён скончыў класічную гімназію, рыхтаваўся да паступлення ў Акадэмію мастацтваў. Першапачатковы мастацкі досвед Фёдар атрымаў у дзвюх сталічных прыватных школах. Абедзве яны былі арганізаваныя паводле прынцыпаў акадэмічнай сістэмы выкладання мастацтва. Школа Якава Гольдблата наогул мела статус падрыхтоўчага класа Акадэміі. Яшчэ адной ступенню падрыхтоўкі было навучанне ў прыватнай майстэрні акадэміка Дзмітрыя Кардоўскага, вучнем якога Фёдар Фогт быў потым у Акадэміі мастацтваў. Праз сваіх настаўнікаў Фогт знаёміўся з сістэмай навучання славутага расійскага педагога і мастака Пятра Чысцякова. Гольдблат і Кардоўскі былі яго непасрэднымі вучнямі. У майстэрні Дзмітрыя Кардоўскага Фёдар Адольфавіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, Нінай Вехтэрштэйн, таксама мастачкай. Творчая манера Кардоўскага ў значнай ступені паўплывала на мастацтва сталага Фогта. Навучанне ў Акадэміі мастацтваў доўжылася з 1911 да 1915 года.
У летнія месяцы 1910 і 1913 гадоў мастак ездзіў за мяжу, наведаў Лондан, Парыж, Жэневу, Вену, Мюнхен, вандраваў па Італіі. У Жэневе ён браў урокі ў майстэрні Франсуа дэ Нерэ.
Аднак завяршыць адукацыю ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў Фёдару Фогту не давялося. Пачалася першая сусветная вайна, і зімой 1915 года Фогт быў прызваны на вайсковую службу. У складзе групы Ваенна-гістарычнай камісіі па даследаванні і скарыстанні вопыту ваенных дзеянняў ён быў накіраваны на Каўказскі фронт, у раён Курдзістана, Эрзэрума і возера Ван. Жонка ў той час ужо выхоўвала сына і працягвала навучанне ў Акадэміі, у майстэрні Кардоўскага. Але рэвалюцыйныя падзеі і ёй не дазволілі завершыць вучобу. Увесну 1918 года Ніна Вехтэрштэйн скончыла поўны акадэмічны курс і была дапушчана да конкурснай праграмы, але паўдзельнічаць у конкурсе на вышэйшую адзнаку Акадэміі, залаты медаль, ужо не змагла, таму што ў красавіку навучальная ўстанова была ліквідавана бальшавіцкай уладай.
Рэвалюцыя і грамадзянская вайна карэнным чынам змянілі жыццё мастака і яго сям’і. Да 1921 года Фогт праходзіў службу ў Чырвонай Арміі, займаўся перадусім тэатральна-афарміцельскай справай у ваенным клубным тэатры. Пасля вайны яму было вельмі складана знайсці працу — ва ўмовах новага савецкага жыцця. Спачатку Фёдар Адольфавіч разам з жонкай наогул вымушаны быў працаваць на канцылярскай пасадзе. Пра тое, каб працягваць навучанне пасля вялікага перарыву, не магло быць гаворкі. Мастакоўская дзейнасць была звязана з даволі нерэгулярнымі заказамі. З 1924 года Фогт займаў пасаду мастака-дэкаратара Ленінградскага тэатра оперы і балета, акрамя таго ілюстраваў кнігі па дамовах для ленінградскіх выдавецтваў, у прыватнасці Лендзяржвыдавецтва і выдавецтва «Радуга», для якога стала працавала і жонка мастака.
Запрашэнне ў Віцебск на выкладчыцкую работу адкрывала перад Фёдарам Адольфавічам зусім новыя перспектывы. Яны былі звязаны з выкладаннем, хоць стала гэтай дзейнасцю Фогту займацца не даводзілася. Ягоны вопыт у гэтым кірунку быў выпадковым — клубная праца ў гуртках, педагагічным тэхнікуме і тэхнікуме прыкладнога мастацтва. Тым не менш яго разуменне задач рэалістычнай школы мастацкай адукацыі адпавядала традыцыі сістэмы Чысцякова і было неабходным для выкладання акадэмічнага малюнка і жывапісу ў кірунку, вызначаным у віцебскай вучэльні.
Таленавіты педагог і мастак, усебакова развіты чалавек, Фогт пакінуў незабыўны след у памяці многіх, каму пашчасціла з ім сустрэцца. Узгадваецца ён ва ўспамінах аднаго з вучняў, вядомага беларускага мастака Яўгена Ціхановіча: «У яго перспектыва з сухой навукі ператваралася ў цікавейшы і неабходны закон, без якога немагчымы ні жывапіс, ні графіка, не кажучы ўжо аб архітэктуры. Кожны ўрок Фёдара Адольфавіча не быў падобны да папярэдняга».
Значная заслуга Фогта ў арганізацыі паліграфічнага аддзялення мастацкага тэхнікума. У 1929—1930 навучальным годзе яно пачало сваю работу, але дзеля гэтага трэба было стварыць матэрыяльную базу. Гэтым клопатам і заняўся майстар. Фёдар Фогт — нязменны педагог аддзялення, разам з ім працавалі Міхаіл Эндэ і Яўхім Мінін. Аддзяленне падрыхтавала 4 выпускі — у 1932, 1933, 1934 і 1936 гадах. Сярод яго выпускнікоў шэраг таленавітых мастакоў, у ліку якіх Беньямін Басаў, Анатоль Волкаў, Лазар Ран, Валянцін Ціхановіч. Вучнямі Фёдара Фогта былі і вядомыя беларускія жывапісцы Натан Воранаў, Павел Гаўрыленка, Яўген Красоўскі, Уладзімір Кухараў, Мікалай Тарасікаў, Віталь Цвірка, Пётр Явіч, скульптар Сяргей Селіханаў, які ў перыяд навучання ў Віцебскім тэхнікуме займаўся пераважна жывапісам і графікай.
Фогт шмат творча працаваў у Віцебску: ствараў жывапісныя палотны, акварэлі, паслядоўна займаўся станковай і друкарскай графікай. Віцебскія гады — час змены ўласнай мастакоўскай манеры пісьма. Калі ў ранніх яго жывапісных і графічных працах пераважаюць дэкаратыўныя якасці, у сталы перыяд выразнасць яго жывапісу і графікі змяняецца ў бок большай экспрэсіі. Графічныя работы Фёдара Фогта вызначаныя арыгінальнымі ракурсамі ў пабудове кампазіцыі, але нідзе ён не адыходзіць ад рэалістычнага разумення творчай задачы. Гэта тычыцца ў першую чаргу станковых прац актуальнай тэматыкі. Да іх можна аднесці сангіну «Далорэс Ібаруры», малюнкі «Пакаранне венгерскага рэвалюцыянера Каламана Валіша», «Пакаранне Сака і Ванцэці» (абодва 1934) і «Галодны паход» (1937).
Работа «Карнавал» (1935) са збору Нацыянальнага мастацкага музея выканана ў складанай тэхніцы: аўтар скарыстаў прыёмы акварэльнага і гуашавага жывапісу ў спалучэнні з пастэллю. Гэта практычна адзіны станковы твор Фогта, які захоўваецца ў зборах беларускіх музеяў да сённяшняга часу. «Карнавал» вылучаецца яркімі дэкаратыўнымі рысамі. Яны адчуваюцца і ў іншых станковых і кніжных працах мастака. На вялікі жаль, да нашага часу не захавалася серыя акварэляў архітэктурных матываў Віцебска.
У 1930-я Фогт працуе над складанымі па кампазіцыі жывапіснымі работамі, якія адпавядалі тагачасным ідэалагічным запатрабаванням. Гэтага вымагалі праграмы дзяржаўнага заказу і экспазіцыйнай дзейнасці. Фёдар Фогт прымаў актыўны ўдзел у выставах, якія праводзіліся ў Віцебску, Мінску, Маскве. Сярод іх рэспубліканская выстава, прысвечаная 17-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі (1934), экспазіцыя эскізных работ да 6-й Усебеларускай выставы (1935). Важкую ролю адыграла першая выстава віцебскай філіі Саюза савецкіх мастакоў БССР (1935). У рэцэнзіі да яе мастацтвазнаўца Пётр Даркевіч адзначаў тонкія каларыстычныя якасці акварэляў Фогта. Майстар дэманстраваў свае працы і на вялікай выставе беларускага мастацтва, якая была прадстаўлена ў 1935 годзе ў Маскве. У 1937-м творы Фёдара Фогта змяшчаліся ў рэспубліканскай экспазіцыі «БССР за 20 год».
На працягу многіх гадоў творчая актыўнасць Фогта скоўвалася невылечнай хваробай, нягледзячы на якую мастак да апошняга часу жыцця не перапыняў працы. 5 лістапада 1939 Фёдар Фогт памёр ад сухотаў. Пахаваны ў Віцебску на Стара-Сямёнаўскіх могілках. Яго магілу адшукалі пасля вайны былыя вучні, імкнуліся ўласнымі намаганнямі яе захоўваць. Сёння на ёй сціплы каменьчык з медальёнам, выкананым віцебскім скульптарам Аляксандрам Гвоздзікавым.
Імя Фёдара Фогта трывала ўвайшло ў гісторыю беларускага мастацтва 1930-х, але зазначу: гэтую гісторыю сёння трэба аналізаваць ужо з іншых пазіцый. Шкада, што перыяд бедна прадстаўлены мастацкімі творамі, значная частка якіх загінула падчас вайны і ў выніку рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэта тычыцца і спадчыны Фогта — менавіта ў віцебскай, беларускай яе частцы. Аднак не падлягае перагляду тое, што Фёдар Фогт адыграў вялікую ролю ў гісторыі віцебскай мастацкай школы 1930-х, у падрыхтоўцы мастакоў беларускай кнігі гэтага часу, у стварэнні віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў.
Аляксандр Лісаў