Анатоль, гэтая выстава, прымеркаваная да 40-годдзя творчай дзейнасці, падсумавала нейкі этап ці, можа, стане пачаткам новага?
— Любая выстава — асобны перыяд у жыцці мастака. Адна справа, калі ты пішаш у майстэрні і кіруешся толькі эмоцыямі, іншая —калі бачыш свае працы збоку. Я амаль заўсёды незадаволены вынікам, хочацца зрабіць нешта па-новаму. На маёй мінулай выставе ў 2012-м паказаў палотны за апошнія 12-15 гадоў і адразу зразумеў, што гэтага рабіць нельга. Карціны спрачаліся паміж сабой па стылі, бо я працаваў у розны час над рознымі тэмамі. Таму цяпер я экспанаваў творы за пяць гадоў, некаторыя — упершыню. І ўжо думаю пра наступную выставу, хачу апрабаваць новую жывапісную мову.
Раскажы, як рыхтавалася «Аб зямлі і небе»?
— Быў цяжкі жыццёвы перыяд, звязаны са здароўем, дакладней — з нездароўем, але ўсё ўдалося пераадолець. Я пачаў адчуваць жыццё па-іншаму, напоўніцу ўспрымаць кожны дзень. У экспазіцыі шмат яркіх і светлых прац. Я не пішу канцэптуальных твораў, калі падыходжу да палатна, яшчэ не ведаю, што на ім будзе. Вобразы ствараюцца ў працэсе імправізацыі, а назва ўвасабляе вынік і ўзнікае на падсвядомым узроўні. Калі дзесьці на нябёсах напісана, што такая выстава павінна адбыцца, то лёс падкідвае шмат падказак. Так мне ўдалося прачытаць «Цытадэль» Сэнт-Экзюперы, аповесць, якую раней не надрукавалі, і старое рэдкае выданне кнігі Канстанціна Цыялкоўскага «Мары пра зямлю і неба». Рознымі формамі быў дасягнуты вынік — развагі пісьменніка і вучонага пра жыццёвыя каштоўнасці. І хоць абедзве гэтыя работы пісаліся стагоддзе назад, яны будуць актуальнымі заўсёды, таму што ў іх гаворыцца пра простыя рэчы: каханне, творчасць, мару, цішыню, пра той свет, які павінен быць у душы кожнага. Я ў сваіх палотнах спрабую выказаць гэтыя ж паняцці. Таму, калі я вырашыў называць выставу «Пра зямлю і неба», — усё сышлося, карціны ў мяне ўжо былі, і нічога не давялося пісаць адмыслова.
Не кожнаму зразумелая мая пластычная мова, але я бяру фарбы ў прыроды, пішу тую музыку, што чую, калі бачу аранжавы заход сонца, фіялетавую роўнядзь вады, павуцінкі ў ранішнім тумане ці бяздоннае чорнае неба з зоркамі.
Для мяне цішыня — гэта раўнавага. Свет — пазнанне і жаданне душы развівацца… І гімн самога жыцця.
Трыпціх «Палёты ў сне» ствараўся, як і ўсе палотны, інтуітыўна, але трапіў у кантэкст думкі, выказанай Цыялкоўскім: «Гэта мова — адна і тая ж усюды, таму што выяўляе сапраўдную прыроду прадметаў і з’яў, складаючы іх пэўнае падабенства…»
Прырода сноў да гэтага часу не спазнаная, гэтак жа як і прырода творчасці. Вучэнне пра космас аперыруе паняццямі прасторы і часу. У кампазіцыях маіх палотнаў — прастора і форма. Але, каб зразумець беспрадметнасць мастацтва, неабходны час. Чалавеку важна праводзіць аналогіі. І гэта можна растлумачыць: каб да нечага дакрануцца і нешта зразумець, неабходна знайсці аналогію, якая дапаможа састыкаваць новае з ужо наяўным вопытам.
У сакавіку 2017 года мне трапіўся здымак начнога Мінска, зроблены з космасу беларускім касманаўтам Алегам Навіцкім. Спачатку я падумаў, што гэта фрагмент маёй працы «Экспансія чорнага», напісанай у 2016-м. Але потым быў здзіўлены такому супадзенню: быццам мне хтосьці паказаў фатаграфію задоўга да таго, як яна была зроблена. Гэта кажа яшчэ пра тое, што час і прастора — велічыні адносныя.
Колер і форма. Як прыходзіла разуменне гэтых рэчаў, як змянялася стаўленне да іх на працягу творчага шляху? Як нараджалася ўсведамленне свайго стылю?
— Мастак — гэта не прафесія, а стан душы. Цягам усяго майго жыцця ў мяне былі любімыя мастакі, пісьменнікі, музыканты, у якіх я вучыўся, яны натхнялі і падказвалі кірунак. З часам у маіх працах пластычнае мастацтва стала пераважваць выяўленчае. Я ствараў каляровыя плямы, асяроддзе, стан. Гэта і ёсць тыя пластычныя хады, што прывялі мяне да непрадметнага жывапісу. У мяне быў перыяд, калі я быў захоплены мудрасцю ўсходняй філасофіі. Чытаючы Лаа-цзы, адкрыў для сябе нязведанае. Ён дапамог мне сфармавацца як мастаку. Кнігу Лаа-цзы «Даа Дэ Цзін» («Шлях і дасканаласць») можна разгарнуць на любой старонцы, прачытаць тры радкі, замаўчаць і падумаць. Шлях — гэта кропка, куды я павінен імкнуцца, а дасканаласць — якім я павінен прыйсці да гэтай кропкі, яна ёсць і пачатак, і канец светабудовы.
Менавіта так нараджаецца ў мастака і колер, і форма, і свой аўтарскі стыль.
Ці ёсць сёння ў цябе аднадумцы ў беларускім мастацтве, якія былі, напрыклад, у перыяд станаўлення групы «Няміга-17»?
— «Няміга-17» стваралася ў 1988 годзе — у час пераменаў. У адзіночку было цяжка выжыць, цяжка выставіцца. Мы, маладыя тады мастакі, часта збіраліся, спрачаліся, чаго цяпер ужо ні з кім не адбываецца. Такім чынам утвараліся групы аднадумцаў. У «Нямігу-17» увайшлі, акрамя мяне, Альгерд Малішэўскі, Мікола Бушчык, Леанід Хобатаў, Сяргей Кірушчанка, Тамара Сакалова, Галіна Гаравая, Зоя Літвінава. На нашых выставах заўсёды было шмат гледачоў, асабліва студэнтаў. Яны бачылі, што можна працаваць па-іншаму і трэба шукаць сябе.
Першай паездкай была ў 1991-м вандроўка ў Францыю, у Парыж, дзе мы мелі вялікі поспех. У тым жа годзе адбылася паездка ў Італію ў гарадок Рыпа-Сан-Жэнезіа, выставіліся разам з італьянскімі мастакамі. Крытыкі паставіліся да нас паблажліва. Яны сцвярджалі, што мы адсталі ад сучасных плыняў на пяцьдзясят гадоў. Майстры з Рыма паказалі тады інсталяцыі. Пасля вяртання з Італіі кожны задумаўся: як далей працаваць, каб лічыцца сучасным аўтарам?
Цяпер час іншы. Кожны з мастакоў, асабліва малады, мае свой почырк, сваю індывідуальнасць. І ў гэтым мы ўсе аднадумцы.
…Гэтая выстава паказала мне, што ёсць куды імкнуцца, ёсць што мяняць. І калі там, у небе, ужо напісана, што я яшчэ павінен зрабіць на зямлі, то праз пяць гадоў, спадзяюся, гледачы ўбачаць ужо іншага Кузняцова.
Ірына Мядзведзева