Тады мастак бярэцца за пэндзаль у памкненні засведчыць адчутае. Гэта вызначальны прынцып яго творчасці. Таму і сваю галоўную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі сёлета ў красавіку, прымеркаваную да 70-гадовага юбілею, Мікола Ісаёнак так і называў: «Зачараваны імгненнем».
На адкрыцці жывапісец звярнуў увагу на шэраг сваіх карцін, прысвечаных памяці паплечнікаў, што заўчасна адышлі ў іншы свет, з якімі ён рабіў першыя крокі ў мастацтве, працаваў калісьці ў дамах творчасці, удзельнічаў яшчэ ва ўсесаюзных выставах, і яны ўжо ў маладосці былі ў фаворы: Алег Белагураў, Віктар Маркавец, Алег Маціевіч...
А пачатак мастакоўскага шляху ў Міколы Ісаёнка быў адметны. Дзясяткі палотнаў жывапісца паказваліся на шматлікіх рэзанансных выставах, блізу трох дзясяткаў з іх былі набытыя музеямі; багата рэпрадукцый карцін друкавалася ў часопісах «ДИ» і «Искусство», у манаграфіях маладзёжнага мастацтва тых часоў. Гартаю адну з іх — «Молодые советские художники» выдавецтва «Изобразительное искусство», 1982. Сярод іншых на ўсю старонку работы Міколы Ісаёнка «Вясна» (1979) і «У азёрным краі» (1979), Уладзіміра Тоўсціка «Суботні вечар. Мікрараён» (1978) і Эдуарда Белагурава «Дзеці вайны» (1979). Так. Гэтае пакаленне творцаў, народжаных у 1940-я, называлі дзецьмі вайны. Давялося зведаць голад, нястачы, сямейныя трагедыі, сіроцтва. Міколу пашанцавала: тата вярнуўся, але скалечаны, і рэшту жыцця правёў у лякарнях. Цяжар пад’ёму паваеннай гаспадаркі лёг на плечы жанчын-мацярок, якім даводзілася і сеяць, і адбудоўваць сямейныя гнёзды. Таму, бадай, у самых пранікнёных работах жывапісец-пачатковец звяртаўся да вобразаў матуль свайго пакалення — «Жанчынам вайны прысвячаецца» і «Салдаткі. Адраджэнне» (1981), дзе жанкі ўвасобленыя ў час сцюдзёнай зімы, але ў стваральным парыве аднаўлення жыцця: такую метафару ўжывае мастак дзеля раскрыцця тэмы. Творы былі адзначаныя дыпломамі Міністэрства культуры і Акадэміі мастацтваў СССР. Карціны гэтай жа серыі «Адна» (1980) і «Жыццё» (1981) Мікола прысвяціў роднай маці. Абедзве працы — знакавыя, пранізлівыя, напісаныя з віртуозным майстэрствам — атрымалі высокія адзнакі прафесіяналаў-мастацтвазнаўцаў і былі набытыя ў музеі. Работы ствараліся на хвалі паноўнага тады «суровага стылю» — экспрэсіўна, у лаканічнай пластыцы, статычнай пастаноўцы сюжэтных кампазіцый і вуглаватай стылістыцы малюнка. Мастак выкарыстоўвае колеравую гаму, пабудаваную на цёплых тонах, нібы агнём душы імкнецца сагрэць вобраз дарагога чалавека. Але, пазбаўленыя халоднай колеравай атмасферы папярэдніх палотнаў, партрэты маці загучалі з яшчэ большым драматызмам сюжэтных ліній: у іх унутраную фабулу дадалася не менш глабальная і актуальная ў пасляваенныя гады тэма заняпаду беларускай вёскі. У карціне «Адна» жанчына, што здранцвела сядзіць за сталом у вясковай хаце, чакае ўжо няздзейснага: а раптам, насуперак усяму, пакой запоўніцца дарагімі, блізкімі людзьмі, загучаць іх галасы...
У наступнай рабоце «Жыццё» выяўлена матуля, якая з шырока расплюшчанымі вачыма сядзіць на лаўцы. Яе погляд, здаецца, скіраваны наўпрост у сябе. Напрацаваныя рукі на каленях — нібы тыя абярэгі жытніх каласкоў, што ляжаць на падоле спадніцы. За плячыма заманліва зіхацяць снапы зжатага жыта, сабранага неймаверным коштам цяжкіх высілкаў апошніх жыхароў напаўпустых беларускіх вёсак, асірацелых праз вайну і пазней пакінутых моладдзю...
У далейшым партрэтаў маці Ісаёнак болей не пісаў. Але ў дзясятках кранальных эцюдаў і карцін мастака з розных этапаў творчага шляху дыхаюць праўдзівасцю вобразы роднай вёскі Чарневічы, што ў Барысаўскім раёне, дзе першым плане сціплая хатка — правобраз некалі збудаванай для сям’і татам, а перад ёй, побач з расчыненымі веснічкамі, сілуэт матулі, якая дапытліва ўзіраецца ў далячынь... Быццам кадр старой кінастужкі, гэты вобраз трапляе на палотны Міколы зноў і зноў. І так, мабыць, будзе заўсёды, пакуль жывы сам мастак.
Некалі Міколаў тата пасадзіў побач з хатай вялікі яблыневы сад. Самая прыгожая яблынька ў ім — «белы наліў». З якім нецярпеннем чакалі першага яблыка! І калі яно саспела — вялікае, нібы мёдам налітае і мармурова-празрыстае, — упала і разбілася, кожнаму з хатніх дасталося па кавалачку. Смак самага спелага яблыка, што толькі можа быць у свеце, Мікола Ісаёнак адчувае праз усё жыццё. Калі па смерці бацькі хата згарэла, сын спілаваў тую яблыню, а на яе месцы збудаваў новы дом, які надалей пажыццёва стаў творчай базай для яго і ягонай жонкі, мастачкі Марыі Ісаёнак. А яблыні, увесь сад зрабіліся галоўнымі персанажамі шматлікіх палотнаў. Творцу дзясяткі год натхняе драматургія карчастых дрэваў: «Сад. Старыя яблыні» (1994), «Вечарэе» (2001), захоплівае буйства веснавога цвіцення: «Яблынька. Майскі блакіт» (2004), «Сядзіба мастака ў Чарневічах» (2008), «Блакітная вясна» (2010), «Майскія яблыні» (2013), «Вясна» (2014). Іншым разам мастака вабіць летняя спеласць прыроды: «У садзе» (1998), «Летні сад» (2007). Найвышэйшы эмацыйны напал прасякае мастацкую вобразнасць сілуэты і абрысы дрэваў зімой: «Старая яблыня ўзімку» (1989), «Зімовая квецень» (2000) і «Сум» (2007), дзе відавочна гучыць асаблівая паэтыка, а з ёй і філасофскія развагі пра мудрасць светабудовы.
Іншым разам праз вобразы дрэў Ісаёнка — то гнуткіх і стромкіх, то перакручаных і шурпатых, панурых і нібыта надломленых, праглядаюць характары і постаці людзей, а выява яблыні ў розныя поры года, станы надвор’я, на розных этапах жыцця, свядома ці падсвядома, перарастае ў мастака ў скразны матыў, адзін з дамінуючых. Ён як бы пражывае разам з жывапісцам усе яго бурлівыя і далёка не простыя творчыя пошукі з радасцямі і сумненнямі, горасцямі і расчараваннямі, імгненнямі шчасця і душэўных прасвятленняў у каханні і празе жыцця.
Серыя палотнаў з выявамі яблыневага саду, ашчадна ўвасобленая Ісаёнкам, была адметна запачаткаваная ў адным з яго лепшых ранніх твораў «Яблынька майго дзяцінства» (1982). У гармоніі вобразаў вялікай тэматычнай карціны з яе шматпланавасцю сюжэтаў і даляглядаў, на першым плане вымалёўваюцца абрысы бялявага хлапчука. Гэта нібы правобраз мастака, для якога яблынька бацькі, як і рэчка за жытнім полем, як і любоўна прапісаныя алейнымі фарбамі прасторы беларускай зямлі, паўстаюць сутнасцю, неад’емнай часткай усяе натуры Міколы, плацдармам душэўнай і выяўленчай свядомасці маладога мастака. У рамантызаванай сюжэтнасці карціны можна адчуць экскурс у маленства аўтара: сваё захапленне, любоў да бацькаўшчыны ад першых крокаў у мастацтве і па сёння ён пераўтварыў у галоўную, пажыццёвую ідэю творчасці. Таму натуральна, што ў шэрагу ўлюбёных сюжэтаў жывапісца — хаткі і вясковыя панарамы, адкуль пачынаюцца і дзе фармуюцца галоўныя паняцці: сям’я, род, народ. Дыяпазон гэтай вобразнасці дастаткова шырокі — ад вялікіх карцін з перспектывамі цэлых рэгіёнаў Беларусі («Зіма на возеры Вяржынскім. Віцебшчына», 1975, «Прадвесне», 1976, «Халодная вясна», 1976, «На прадвесні», 1980, «Браслаў. Месяцовая саната», 1982, «Браслаўе», 1982, «Сакавік у Калюжцы», 1985, «Маладзік. Вечаровая мелодыя», 1990, «Поле», 1997, «Прастора», 2004, «Калядны марозны ранак», 2010) да камерных сюжэтаў і панарам роднай вёскі Чарневічы («Ружовая вясна», 1976, «На прадвесні», 1994, «Вішня зацвіла», 1999, «Пачатак восені», 2000, «Блакітная вясна», 2005, «Каліна», 2005, «Зямля вясновая», 2010, «Беларускі прастор. Чарневічы», 2013, «Перад дажджом», 2014) і шматлікіх інтэр’ераў роднай хаты, сярод якіх узнятыя да ўзроўню поўнафарматнай карціны палотны «Святочны інтэр’ер» (1976), «Бацькоўская хата» (1985) і «Вясковы інтэр’ер» (1990), дзе праз побыт сялянскай хаты — хаты дзяцінства — міфалагізуецца сум пра тое, што незваротна адышло ў нябыт. У «Бацькоўскай хаце» праз успаміны пра дарагія вобразы інтэр’ера дома, у якім гадаваўся і вырас хлапчук з неймаверным пачуццём любові да сваёй сям’і і ўсяго бацькоўскага, бачныя далейшыя пошукі мастака. З адметнай культурай увасаблення паўстаюць вясковыя нацюрморты і матывы, што на пэўных этапах творчасці Міколы Ісаёнка набывалі статус іміджавай тэмы. Пачынаючы ад шчымлівага вобраза валошак на падваконніку ў пакоі, дзе пад маляваным дыванком раскінуўся на ложку ў салодкіх снах і мроях будучы мастак («Бацькоўская хата»), шэрагу ранніх вясковых нацюрмортаў да наступных: «Рамонкі і ракі» (1975), «Бэз» (1975), «Сінія кветкі» (1976), «Памяці бацькі» (1978), «Сланечнікі» (1978), «Зімовае сонца» (1979), «Сухія кветкі» (1980), «Веснавое акно. Спадзяванні» (1980), «Незабудкі» (1998), «Бэз і грушы» (2007), «Сланечнікі і каліна» (2007), «Бэз у гладышы» (2008). І далей — у россыпах кветак прыроднага ландшафту — «Балотца» (1996), «Зацвілі пралескі» (2015) і феерычных эстэцкім хараством і глыбінёй шчырага захаплення колеравымі мелодыя-
мі насаджанага Марыяй «кветкавага рая» ў адроджанай сядзібе Ісаёнкаў у Чарневічах («Макі» (2000), «Раніца. Блакітныя кветкі» (2003), «Клемацісы» (2005), «Асцібела квітнее» (2008), «Касачы» (2008), «Цыніі» (2007), «Дэльфініумы. Урачыстасць» (2008), «Ірысы» (2008), «Хрызантэмы» (2010)), «Белыя флоксы» (2010) і дзясяткі іншых палотнаў з вобразамі станаў жыцця куточкаў кветкавага саду, за якімі — багаты пачуццёвы свет гаспадароў усяго хараства. Маштабнасць маляўнічага ўвасаблення культуры садовай расліннасці ў атачэнні жытла, гэтакі спосаб медытатыўнай рэлаксацыі, — беспрэцэдэнтная. Творца імкнецца ўзвысіць паняцце «чароўнасць садовых формаў як частка духоўнай культуры сучасніка» да з’явы філасофскага фармату.
І тут узнікае прэтэнзія да пануючай у мастацтвазнаўстве характарыстыкі Міколы Ісаёнка толькі як майстра камернага краявіду і нацюрморта. Уся гісторыя яго творчасці — ад паспяховых прэм’ер на першых выставах да вернісажаў апошніх гадоў — пераконвае, што жывапісец таленавіта піша і маштабныя палотны, якія дзясяткамі налічваюцца ў дзяржаўных калекцыях. І адначасова ён аўтар малафарматных прац з моцнай канцэнтрацыяй эмацыйна-пачуццёвага ладу. Часам здараюцца прыемныя і нечаканыя сустрэчы з наробкам Ісаёнка ў розных арт-установах, дзе яго карціны — на пачэсных месцах. У Нацыянальным мастацкім музеі Малдовы ў сталай экспазіцыі прадстаўлены шырокафарматны панарамны краявід з даляглядамі «Браслаўшчына» (1982), тэматычная кампазіцыя «Салдаткі. Адраджэнне» (1981) размешчана па цэнтры галоўнай выставачнай залы Сімферопальскага мастацкага музея, у нядаўна выдадзеным рэпрэзентатыўным каталогу калекцыйных збораў Траццякоўскай галерэі знаходзім рэпрадукцыю бадай самай адметнай карціны «Лён Беларусі» (1981), набытай з усесаюзнай выставы, дзе экспанаваліся яшчэ тры работы жывапісца.
На мой погляд, кожны мастак, які па-сапраўднаму здзейсніўся як творца, павінен напісаць галоўную карціну свайго жыцця — тую, што напоўніцу ўвасобіць яго непаўторнае бачанне адметнасці айчыны, яе людзей і іх лёсы ў перыпетыях гісторыі. Такіх можа быць і некалькі, але галоўная — адна. Як «Ноч на Івана Купалу» Міхася Філіповіча, «Жніво» Міхася Сеўрука, «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» Івана Ахрэмчыка, «Партызанская мадонна» Міхаіла Савіцкага, «Партрэт Якуба Коласа» Уладзіміра Стальмашонка, «Ганча — зямля партызанская» Кастуся Цвіркі, «Мой дом» Васіля Сумарава, «Партрэт Міколы Шчакаціхіна» Леаніда Шчамялёва, «Рагнеда» Алеся Марачкіна, «Маці» Віктара Шматава, «Мастак у вёсцы» Уладзіміра Сулкоўскага, «Свята ў Докшыцах» Віктара Маркаўца, «Вяселле ў Міры» Пётры Свентахоўскага, «Зямля» Аляксандра Грышкевіча... Для Міколы Ісаёнка такой сталася работа «Лён Беларусі». Чатыры самастойныя варыянты карціны. Першы ў Траццякоўскай галерэі, яшчэ адзін у калекцыі Дырэкцыі выстаў Беларусі, два ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны. Сімвалічна, што менавіта на фоне гэтай працы на выставе да 70-годдзя Ісаёнка ў галоўным музеі краі-
ны гучалі віншаванні ад Міністэрства культуры, Беларускага саюза мастакоў, дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея.
Тым не менш не толькі беларуская вёска і яе далягляды, нацюрморты і этнаінтэр’еры сталі тварам жывапісу Міколы Ісаёнка. Аўтар напісаў вялікі цыкл карцін «Мая майстэрня». Гэта быў час, калі ў мінулым вясковы хлапчук, а надалей таленавіты выхаванец беларускай школы жывапісу, вучань Альгерда Малішэўскага, Леа-
ніда Шчамялёва, Міхася Лісоўскага і Трафіма Ігнаценкі засвойваў урбаністычныя прасторы сталіцы Беларусі. Тады Ісаёнак стварыў бліскучую серыю інтэр’ераў і нацюрмортаў: «Стол мастака» (1974), «Фарбы» (1974), «Чырвонае і чорнае» (1974), «Нацюрморт з лістом манстэры» (1975), «Нацюрморт з лаўровай галінкай» (1976), «Нацюрморт з рыбкай, бульбай і газетай» (1977), «Майстэрня» (1977), «Нацюрморт са шклом» (1978), «Нацюрморт з альбомам Пікаса» (1979), дзе ўвасобіў выяўленчыя прыярытэты «суровага стылю», але найперш — энергетыку ўласнага імпульсіўнага, выбухнога характару. І адначасна — апантанай натуры і да абсалютнай ахвярнасці працавітага майстра. Мікола Ісаёнак мае вялікія планы дзейнасці на будучыню: напісаць цыкл краявідаў старога Мінска, якому прысвячаў ужо некалькі жывапісных палотнаў. А яшчэ — пашырыць распачатую серыю партрэтаў вясковых дзетак. Няхай жа мары здзяйсняюцца.
Таццяна Маркавец-Гаранская