Назва серыі абавязвала яе стваральнікаў адлюстраваць на адмысловых плацежных сродках вобразы гарадоў, якія адыгралі значную ролю ў жыцці асветніка, дакладней, у яго дзейнасці, звязанай з выхадам у свет Бібліі, ім перакладзенай на народную мову і надрукаванай у перыяд з 1517 па 1519 год. Апроч таго, юбілейная дата падказала прадставіць на манетах саму Кнігу кніг, прычым у мастацкай і тэкставай інтэрпрэтацыі Скарыны — прыгажосць і эрганамічнасць яго шрыфтоў, разнастайнасць гравюр, вытанчанасць дэкору, — а таксама данесці пасыл тэкставага зместу, адрасаванага патэнцыйнаму чытачу. Вырашэнне гэтых задач прыводзіла да выразнага асветніцкага напаўнення кожнай манеты гэтай серыі, што адпавядала характару дзейнасці і творчаму духу Францыска Скарыны. Акрэслілася яшчэ адна праблема: выявіць не толькі гарады ў пазнавальных відарысах, але дакладна знайсці сімвалы альбо знакі, якія б увасобілі сутнасць іх повязі з першадрукаром. Шэсць гарадоў — Полацк, Кракаў, Падуя, Вільня, Венецыя, Прага — былі вылучаны для прадстаўлення на памятных манетах «Шлях Скарыны». У гэтым матэрыяле мы падрабязна распавядаем пра першыя тры.
«Шлях Скарыны. Полацк»
Ад старажытных часоў Полацк вызначаўся сваімі незалежніцкімі настроямі, што засведчыў факт узвядзення Сафійскага сабора ў сярэдзіне ХІ стагоддзя пры княжанні Усяслава Чарадзея. У далейшым сабор стараннямі Еўфрасінні Полацкай набыў славу цэнтра кніжнай культуры, а яго бібліятэка ад канца XV стагоддзя гэтую славу значна пашырыла. Каля ажыўленай воднай артэрыі горад развіўся ў моцны гандлёвы цэнтр. Купецтва, з асяроддзя якога выйшаў Скарына, было самым дынамічным, арганізаваным і дастаткова адукаваным сегментам у паспалітым соцыуме ВКЛ XV—XVI стагоддзяў. Купцы, як мала хто, за выключэннем нобіляў, мелі кантакты з жыхарамі еўрапейскіх гарадоў і былі ў курсе навін прагрэсу. У 1498 годзе, набыўшы статус вольнага горада з Магдэбургскім правам, Полацк атрымаў герб з выявай трохмачтавага карабля з разгорнутымі ветразямі на хвалях. Юны Скарына, адчуўшы ў родным горадзе смак кніжнай культуры, атрымаўшы першыя крэатыўныя практыкі жыцця, быў гатовы да інтэлектуальных падарожжаў у шырокі свет. Горад даў будучаму вучонаму і асветніку адчуванне свабоды, абудзіў прагу ведаў, зрабіў яго патрыётам.
Тэкст на аверсе манеты — хрэстаматыйная цытата з прадмовы Скарыны да Кнігі Юдзіф, яго прызнанне ў любові да Айчыны. Тэкст на манеце, што адкрывае серыю, выступае прадстаўніком галоўнага плёну дзейнасці асветніка — яго перакладу і выдання Кнігі кніг. Кніга ж — гэта найперш слова. Тэкставы фрагмент набраны дасканалым скарынаўскім шрыфтам, які з’яўляецца выдатным узорам дэкаратыўна-ўжыткоўнага мастацтва і адным з найважнейшых эстэтычных складнікаў кніжнай графікі Скарыны. Хоць у арыгінале гэтыя словы ў складзе ўсёй прадмовы ідуць звычайнымі радкамі, на манеце ім нададзена форма келіха, свайго роду «святога грааля». Калафоны ў форме разнастайных фігур — сярод рысаў, характэрных скарынаўскім выданням. Тэкст скампанаваны згодна з рытмам гучання мовы і сэнсавымі акцэнтамі. Для афармлення пачатку цытаты з сямі варыянтаў прапісаных літар «П» абраны ініцыял з кветкай канюшыны. Абавязковыя рэквізіты нацыянальнага плацежнага сродку (дзяржаўны герб, назва дзяржавы, год выпуску, проба сплаву, намінал) арганічна ўпісаны ў фрагменты скарынаўскага дэкору і тэкставую цытату. Шрыфт сучасных рэквізітаў мае форму арыгінальных шрыфтавых знакаў, створаных першадрукаром, за выключэннем літары «ў», якая сканструявана дызайнерам.
На рэверсе манеты праз арачны праём венецыянскага акна, дэкараванага элементамі расліннага арнаменту і знакамі з гравюр Скарыны, адкрываецца від на старажытны Полацк. Па хвалях ракі, над якой стаіць горад, плыве трохмачтавы карабель; у ім прачытваецца прывязка да гарадскога герба. Карабель, пазбаўлены рамак геральдычнага шчыта, плыве вольна: «...І карабель плыве», пачатак шляху. На стылізаваным падваконні — раскрытая кніга, абрыс яе старонак упісваецца ў хвалі ракі. Кніга ў кантэксце гэтай манетнай серыі — вобраз шматзначны: яна можа быць алюзіяй на бібліятэку полацкай Сафіі; змешчаная ў абрысах венецыянскага акна, яна можа ўвасабляць друкарскі твор аднаго з еўрапейскіх друкарскіх цэнтраў, прадукцыя каторых моцна паўплывала на выдавецкую дзейнасць Скарыны; вобраз кнігі можа быць і сімвалам прызначанай яму асветнай місіі ў культурным развіцці нацыі... Матыў акна фантазійны: нябачны Скарына нібыта глядзіць на свой горад праз «акно часу», са сваёй будучыні, куды плыве карабель, у сваё мінулае... Уверсе, у арачнай канструкцыі паўцыркульны надпіс: «ШЛЯХ СКАРЫНЫ»; унізе, пад кнігай лінейны надпіс: «ПОЛАЦК».
У відарыснай кампазіцыі рэверса выкарыстаны фрагмент рэпрадукцыі гравюры Джавані Баціста Кавальеры (1580, Рым) з арыгінальнага малюнка Станіслава Пахалавецкага (Пахалавіцкага), зробленага ім у Полацку ў 1579 г. Полацкі Сафійскі сабор, зафіксаваны на гравюры, — самая даўняя з яго выяваў. У часы Скарыны ён выглядаў крыху іначай, але і на гравюры захоўвае пазнавальныя рысы візантыйскага дойлідства ХІ стагоддзя. Пры фармаванні вобраза акна часткова «працытаваны» фрагмент гравюры «ВЗОРЪ РИЗЪ ЖРЕЧЕСКИХ ЕЖЕ БЫША НААРОНЕ» з пражскага выдання Кнігі Выйсця (без даты выпуску).
Такім чынам, манета закальцавала два матывы — пачатак і апагей: пачатак жыццёвага шляху Скарыны і вышэйшае дасягненне яго творчага духа — роднае Слова, прамоўленае да суайчыннікаў праз кнігадрукаванне.
Лірычнае адступленне. Дыялог кампазіцый аверса і рэверса манеты не толькі рэальнасць, якая існуе перад вачыма таго, хто манету разглядае. У ім прысутнічае і метафізічны сэнс: алюзія на пачуцці Скарыны, звязаныя з горадам яго сэрца, — удзячнасць, замілаванне, «к тому месту вялікая ласка». Іншы наш суайчыннік, мастак, значна больш вядомы ў свеце, пакінуўшы свой горад сэрца — Віцебск, — ніколі туды не вяртаўся. Але мроя пра яго прысутнічала на большасці яго работ. Невядома, як часта Скарына бываў у Полацку пасля ад’езду, аднак назву яго ён друкаваў у кожнай са сваіх кніг.
«Шлях Скарыны. Кракаў»
На аверсе прадстаўлена адна з гравюр, якімі шчодра праілюстраваны старазапаветныя кнігі Скарыны. На рэверсе — вобраз горада, дзе Скарына спасцігаў пачаткі ўніверсітэцкай адукацыі.
Кракаў, старажытная сталіца Каралеўства Польскага, быў найбліжэйшым да Вялікага Княства Літоўскага ўніверсітэцкім цэнтрам. У 1504—1506 гадах на падрыхтоўчым факультэце кракаўскай alma mater Скарына засвойваў базавыя веды еўрапейскай адукацыі. Важным звяном яе было навучанне граматыцы, рыторыцы, дыялектыцы, што фармавала ўменне свабодна і абгрунтавана выказваць свае думкі. Арыфметыка, геаметрыя, астраномія і музыка таксама ўваходзілі ў курс падрыхтоўчага факультэта. Тэарэтычныя веды падмацоўваліся практыкай семінарскіх дыспутаў, на якіх апаненты набывалі вопыт публічнай абароны сваіх ведаў.
Кракаўскі ўніверсітэт валодаў багатай бібліятэкай, ён даў Скарыне сістэмныя базавыя веды і адкрыў магчымасць пераходу да больш высокіх узроўняў адукацыі.
На аверсе манеты дэманструецца сюжэтная гравюра з пражскага выдання 1517 года, Кнігі Ісуса Сірахава, вядомая ў скарыназнаўстве пад назвай «Дыспут». Над гравюрай уверсе — дзяржаўны герб і назва дзяржавы. Унізе — назва наміналу. Па баках — элементы дэкору з арыгінальных гравюр Скарыны. Год чаканкі (злева) і проба сплаву (справа) закампанаваныя ў скарынаўскі дэкор. Выбар сюжэтнай гравюры невыпадковы. Менавіта ў Кракаўскім універсітэце Францыск Скарына пазнаёміўся з навыкамі і культурай дыскусіі.
На рэверсе — стылізаваная трохчасткавая гатычная брама, за якой у перспектыве адкрываецца від на горад з мноствам камяніц. Уверсе на паўцыркульным картушы, што адначасова з’яўляецца часткай брамы, — надпіс «ШЛЯХ СКАРЫНЫ», ніжэй — назва горада Кракава ў лацінамоўнай перадачы «CRACOVIA». Горад, які адкрываецца за брамай, — фрагмент гравюры з «Кнігі хронік», надрукаванай у Нюрнбергу ў 1493 годзе. Гэтая кніга, плён супрацоўніцтва гуманіста Хартмана Шэдэля (1440—1514) і выдаўца Антона Кобергера (каля 1440—1513), была шырока растыражаванай і добра вядомай нашаму асветніку. Для манеты выбраны фрагмент з назвай горада.
На пярэднім плане паміж гатычнымі калонамі — выява аднаго з варыянтаў скарынаўскага ініцыяла «К». Над ім — стылізаваная каралеўская карона. Адным з сучасных сімвалаў Кракава, апроч старадаўняга герба і выявы цмока, з’яўляецца літара «К», выкананая ў старадаўняй стылістыцы, арыгінал якой з XIV стагоддзя ўпрыгожвае браму кракаўскага кафедральнага касцёла на Вавелі. Таму на манеце ў цэнтры кампазіцыі прадстаўлены ініцыял «К», але са шрыфтоў Скарыны. Ён увенчаны стылізаванай каронай, перанесенай сюды з выявы сапраўднага сімвала як алюзія на сімволіку старадаўняй сталіцы Польскага Каралеўства. Прычым з сямі скарынаўскіх варыянтаў ініцыяла абраны той, што з лілеямі ў рамцы, паколькі гэтая геральдычная кветка асацыюецца з каралеўскім статусам. Па баках літары — фрагменты дэкору, ніжэй злева і справа — знакі з гравюр Скарыны. Пад літарай — назва горада ў беларускай арфаграфіі «КРАКАЎ».
У пабудове вобраза брамы выкарыстаны фрагмент гравюры «ЦАРЬ САЛОМОН СТАВИТ ХРАМ БОГУ ВЪЕРУСАЛИМЕ» з Трэцяй Кнігі Царстваў 1518 г. Гэты вобраз, які трымае ўсю кампазіцыю, узнік з той прычыны, што Кракаўскі ўніверсітэт паслужыў Скарыну нібыта брамай, праз якую ён увайшоў у свет высокай еўрапейскай адукацыі і культуры.
«Шлях Скарыны. Падуя»
На аверсным баку манеты — адна з сюжэтных скарынаўскіх гравюр. На рэверсе, на першым плане — астранамічны інструмент, на другім — панарама Падуі.
Падуя, адзін з універсітэцкіх цэнтраў Венецыянскай Рэспублікі, з’явілася для Скарыны месцам трыумфу: тут у 1512 годзе ён, малады доктар свабодных мастацтваў (філасофіі) і магістр медыцыны, з бляскам абараніў годнасць доктара «ў лекарскіх навуках» — найвышэйшую ступень вучонасці. Працэс абароны звычайна праходзіў у форме вучонага дыспуту, інтэлектуальнага спаборніцтва, дзе прэтэндэнт у адказах апанентам мусіў прыводзіць на памяць масівы цытат з медыцынскіх трактатаў. Медыцына часу, у якім жыў Скарына, апроч ведаў пра чалавечае цела, прадугледжвала веданне астраноміі/астралогіі і батанікі. Падчас сваіх іспытаў, што падрабязна апісаны ў архіўных дакументах, Скарына праявіў сябе выдатна. Падуанскі ўніверсітэт меў найлепшую рэпутацыю ў галіне медыцыны. Таму ступень доктара, абароненая ў Падуі, яшчэ больш узвышала прэстыж вучонага і ўводзіла яго ў кола інтэлектуальнай эліты Еўропы. Скарына цаніў прызнанне сваёй высокай медычнай адукацыі, і гэта знайшло адлюстраванне ў аўтарскіх прадмовах і пасляслоўях выдадзеных ім кніг.
На аверс вынесена мініяцюрная рэпліка гравюры з Кнігі Руфі, на якой выяўлена праца жняцоў. На вялікім полі — высокае жыта з буйнымі каласамі: нялёгкая праца прынесла выдатны плён. Гэтая гравюра ў тэматычным кантэксце манеты мае метафарычны сэнс: дасягненне вяршынь вучонасці — годны плён упартай працы маладога Францыска, адоранага ад прыроды многімі талентамі. У афармленні аверса схема размяшчэння надпісаў і скарынаўскага дэкору — тая ж, што на манеце, прысвечанай Кракаву.
На рэверсным баку ў цэнтры кампазіцыі дамінуе неардынарны аб’ект, які змешчаны на пастамент, — армілярная сфера, інструмент для вызначэння руху зорак і планет. Абапал яе гірлянды з дубовага лісця і знакі з гравюр Скарыны, пад імі надпіс — «ПАДУЯ». Гэты астранамічны інструмент, вядомы з Антычнасці, у перыяд позняга Сярэднявечча і Рэнесансу набыў якасць сімвалу, што ўвасабляў веліч навуковых ведаў. У арыстакратычным і інтэлектуальным асяроддзі XV—XVI стагоддзяў прысутнасць армілі ў сваім доме была знакам добрага тону; уменне карыстацца ёю — абавязковае. Армілярная сфера ёсць і сярод разнастайных прадметаў-сімвалаў на аўтапартрэце Скарыны. Змешчаная на манеце, прысвечанай Падуі, яна сімвалізуе высокі навуковы статус будучага асветніка, які ён атрымаў у гэтым горадзе.
У левай і правай частках кампазіцыі выкарыстаны люстэркава паўтораны фрагмент выявы каменнага будынку са скарынаўскай гравюры. Сіметрычныя часткі камяніцы, выцягнутыя ўверх, нагадваюць каменныя слупы. Аб’яднаныя ўверсе арачным надпісам «ШЛЯХ СКАРЫНЫ», яны становяцца вобразам трыумфальнай аркі, праз якую адкрываецца панарама горада. Назва яго перададзена лацінскім шрыфтам: «РАDUA». Гарадскі краявід — адаптацыя гравюры з «Кнігі хронік» Хартмана Шэдэля і Антона Кобергера. Пры рабоце з гравюрнай ілюстрацыяй узнікла праблема напісання назвы горада. Ва ўсіх айчынных скарыназнаўчых крыніцах у якасці відарысу Падуі адназначна прыводзіцца гэтая гравюра, але аўтэнтычная назва места, набраная лацінскім шрыфтам, характэрная для гэтага тыпу гравюр хронікі Шэдэля, у іх адсутнічае. У розных крыніцах назва горада ў лацінскай арфаграфіі мае некалькі варыянтаў: Padva, Padova, Padoua, Padua, Рatavium. Апроч таго, у хроніцы гэты краявід выступае як ілюстрацыя да некалькіх гарадоў — Марсэля, Метца, старажытнай Нікеі. Аднак надпіс прысутнічае толькі ў тэксце, прысвечаным Падуі, прычым ён вынесены за межы гравюры і займае месца над рамкай. Гэты надпіс, але ўведзены ў выяўленчае поле гравюры, і быў абраны для ілюстрацыі на манеце.
***
Серыя пачала стварацца ў 2014 годзе, нарадзіўшыся з ідэі, прапанаванай дырэктарам музея Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Навуковая канцэпцыя была падрыхтаваная супрацоўнікам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь з канкрэтнымі выкладамі, падрабязнасцямі, прапановамі і прынцыповымі пазіцыямі; затым, намаганнямі мастака Нацыянальнага банка, канцэпцыя пераўтварылася ў візуальную дакладна распрацаваную мову малюнкаў, якія ў руках таленавітага скульптара атрымалі свае дакладныя пластычныя формы, што, у сваю чаргу, з дапамогай «магічных дзеянняў» спецыялістаў па аксідаванні прывяло да выпуску рэальных манет заяўленай серыі.
Найноўшыя тэхналогіі, якія ўсё больш шырока выкарыстоўваюцца ў сучасным медальерным мастацтве, зрабілі магчымым перадаць эстэтычныя вартасці скарынаўскай графікі максімальна поўна. На некалькіх манетах змешчаны мініяцюрныя рэплікі шматфігурных сюжэтных гравюр Скарыны, што перанесены на манеты з высокай ступенню дакладнасці. Гэтыя рэплікі выклікаюць захапленне і самім выяўленчым творам, і майстэрствам яго ўвасаблення на мініяцюрнай паверхні манеты ў яе мікроннай глыбіні.
Шмат увагі заняла работа з унікальнымі шрыфтамі, распрацаванымі нашым першадрукаром. Давялося самастойна канструяваць дзве літары — «ў» і «я». Апошні шрыфтавы знак прысутнічае ў шэрагу ініцыялаў Скарыны, аднак яго архаічнае аблічча стварыла б праблему ўспрымання для сучасных гледачоў, а літара «ў» у беларускай мове графічна аформілася значна пазней. Абедзве графемы сканструяваны згодна з логікай пабудовы скарынаўскага шрыфту. Выключным для манет гэтай серыі з’явіўся павялічаны памер дыяметра ўнцовых манет без страты вышыні рэльефу. Дыяметр срэбных манет складае 50 мм, а медна-нікелевых 37 мм (супроць стандартных 38,61 мм і 33 мм адпаведна), што адкрыла больш шырокія магчымасці для выяўлення іх эстэтычных якасцей.
Асобным радком неабходна адзначыць майстэрства і намаганні спецыялістаў Літоўскага манетнага двара, перш за ўсе скульптара Гіедрыуса Паўлаўскіса, чыімі стараннямі ўдалося выканаць манеты ў матэрыяле са стапрацэнтнай дакладнасцю. Абраная тэхналогія — аксідаванне (чарненне/старэнне). Выгляд аксідаванай манеты залежыць ад безлічы фактараў, на вынік уплывае вопыт і індывідуальная інтуіцыя майстра.
Віртуозна выкананыя, аксідаваныя манеты валодаюць дадатковым эфектам — мігценнем, візуальнай зменай тона металу за кошт рознасці вугла падзення святла. Апроч таго, гэтая тэхналогія можа стварыць на паверхні своеасаблівую аптычную ілюзію кшталту 3D-эфекту, калі на амаль плоскай паверхні з’яўляецца дзівосная глыбіня планаў, якая «зацягвае» гледача ўнутр нейкай сцэны. Гэты зададзены эфект канчаткова фармуецца якраз на стадыі аксідавання: калі спраектаваная манета ўжо адчаканена, пачынаецца «фінальнае чараўніцтва»...Тэхналогія аксідавання бадай што ручная, у пэўнай ступені непрадказальная, у сувязі з чым кожная манета нясе адбітак унікальнасці. Першакласнае майстэрства, высокая адказнасць спецыялістаў і супрацоўнікаў Літоўскага манетнага двара, а таксама поўнае ўзаемаразуменне з мастаком — аўтарам дызайну дазволілі атрымаць выключную глыбіню і кантраснасць кампазіцыі. Дзякуючы стрыманаму серабрыстаму бляску аксідаванай паверхні манеты гэтай юбілейнай серыі ўспрымаюцца асабліва прывабна і высакародна.
P.S.
Расповед аб новых памятных манетах серыі «Шлях Скарыны» чытайце ў наступных нумарах «Мастацтва».
Ірына Зварыка, Святлана Някрасава