…Сёлета пачула ад сяброўкі, што ў Друі збіраюцца праводзіць мастацкі пленэр «Скарынэр». Я звязалася з арганізатарамі падзеі — пробашчам Друйскай парафіі Сяргеем Сурыновічам ды мастачкай Вольгай Куваевай, якая займалася адборам творцаў-удзельнікаў, — і вось я еду ў Друю! Гэта невялікае (тут жыве каля тысячы чалавек), маляўнічае мястэчка ў Віцебскай вобласці раскінулася ўздоўж берагоў Заходняй Дзвіны і рэчкі Друйкі.
Мастакам пашанцавала пражыць дзевяць дзён у келлях бернардзінскага кляштара ХVІІ стагоддзя пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы. На першым паверсе былі развешаны працы папярэдніх удзельнікаў друйскіх пленэраў: па дамове кожны аўтар пакідае адзін свой твор у якасці аплаты. Асабліва мяне ўразіла карціна Марты Шматавай, на якой яна выявіла Друю ў выглядзе маладой дзяўчыны — сімвалічна і вельмі прыгожа.
А раніцай многія адпраўляліся маляваць ажно а шостай, бо вельмі прыгожае было святло. Праца віравала. Айцец Сяргей вазіў мастакоў па ваколіцах, распавядаў пра гісторыю Друі. На палотнах з’явіліся адметныя рысы гэтага мястэчка: тут і касцёл Найсвяцейшай Тройцы, і царква, і буслінае гняздо на паўразбуранай сцяне, хаткі, кветкі, сажалка ля касцёла, дзе жыве вужака…
Адмысловую экскурсію правёў званар касцёла, прыязджаў да нас таксама гісторык і дзіцячы пісьменнік Юрый Усціновіч, які займаецца рэканструкцыяй старажытнай вопраткі, — ён пазіраваў для мастакоў у вобразе Францішка Скарыны.
Непасрэдна ў касцёле стаяў друкарскі станок, выкананы з дуба, — дакладная копія скарынаўскага, на ім нават можна было зрабіць адбітак гравюры з партрэтам Скарыны. На сцяне віселі старонкі з Бібліі, узятыя ў рамкі, стаяла вялікая драўляная скульптура першадрукара. Усё гэта стварала асаблівую натхняльную атмасферу.
Некалькі ўдзельнікаў пленэру, у тым ліку і я, намагаліся выявіць свой вобраз Скарыны. На мой погляд, самы ўдалы партрэт атрымаўся ў Анастасіі Полазавай, мастачкі з Санкт-Пецярбурга, — ён найбольш падобны да таго вобраза, які мы прывыклі бачыць. Мой Скарына выглядаў не вельмі звыкла — занадта малады і прыгожы, але чаму ж не? Цікавая работа выйшла ў Анастасіі Шылягінай, яна спалучыла графічныя вобразы з біблейскім тэкстам. Валянціна Калеснікава ў сваіх кампазіцыях выкарыстоўвала формы квадрата ды кола, яе твор «Святло існасці» таксама прысвечаны Бібліі.
Сярод жывапісных вылучу працы Кацярыны Говен: яна зрабіла некалькі вельмі жывых і трапных эцюдаў Друі. Улад Пятручык (ён прыязджае на пленэр штогод) прыгожа і дакладна ловіць суадносіны колераў. Асабліва задаўся яму эцюд «Тварам да сонца» — на ім выяўлена скульптура Маці Боскай пры касцёле, якая адбіваецца ў сажалцы. Гэты твор айцец Сяргей адабраў у сваю калекцыю.
Мая суседка па келлі Наталля Жыгамонт рабіла дэкаратыўныя пейзажы акрылам па падрыхтаваным раней фоне. Для яе галоўнымі сродкамі былі кампазіцыя ды эмацыйны зарад працы. Юрый Немагай шчыраваў над нацюрмортамі з рытуальнымі рэчамі з касцёла, вялікую ролю ў якіх адыгрывала полымя свечкі. Мастак з Віцебска Чэслаў Шамшур выконваў работы пастэллю, яго творы нагадваюць мне ранняга Рэрыха. Былі таксама і аб’екты з керамікі — напрыклад, Алена Чэпелева працавала над вобразам святога Лукі, сімвалам якога, як вядома, з’яўляецца бык. Мастак з Санкт-Пецярбурга Аляксей Залезін у сваіх працах выкарыстоўваў літары кірыліцы, раскіданыя па сцяне храма, прамень святла ў форме крыжа падаў на траву, дзе там-сям былі маленькія постаці трусоў, што жылі ва ўнутраным дворыку касцёла. Дарэчы, многія аўтары малявалі гэтых мілых істот, пад канец яны зрабіліся зусім ручнымі.
На закрыцці «Скарынэра» віцебскі біскуп Алег Буткевіч узнагародзіў удзельнікаў дыпломамі, а на заканчэнне асвяціў нашу святочную вячэру. Наступным днём на выніковай выставе можна было ўбачыць усё зробленае падчас пленэру. Маю ўвагу прыцягнулі дзве маленькія карціны выхаванца Друйскага дзіцячага дома Іллі Данілевіча, які ўвесь час працаваў побач з мастакамі. Ён паставіў іх на акне разам з работамі прафесійных творцаў. Нядзіўна, што Ілля марыць стаць мастаком.
І пленэр, і выстава былі сапраўдным святам для ўсяго наваколля. Друя назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і будзе натхняць на плённую працу.
Людміла Кальмаева