Пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання — добрая нагода асэнсаваць, якім чынам гістарычная спадчына можа быць адаптаванай да сённяшняга дня. Усевалад Свентахоўскі — адзін з тых, хто ўжо не адзін год шчыруе над стварэннем нашага нацыянальнага шрыфту на падставе скарынінскіх узораў. Гэтая тэма для Беларусі была актуальнай заўжды, але рэалізаваць яе стала магчымым толькі пры Незалежнасці. У Савецкім Саюзе ўніфікацыя распаўсюджвалася і на эстэтыку: пошук нацыянальнай культурнай тоеснасці і яе прапаганда не ўхваляліся.
Трэба згадаць, што за савецкім часам Беларусь не мела моцнай школы мастацтва каліграфіі і шрыфту. Мы істотна саступалі не толькі прызнаным у свеце карыфеям — немцам, але і нашым прыбалтыйскім суседзям. Так, былі асобныя майстры, але гаварыць пра сістэму, пра школу ніяк не выпадала. І калі сёння мы маем відавочны прагрэс у гэтай галіне, дык трэба з удзячнасцю згадаць прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Паўла Семчанку, які звязаў з літарай свой творчы лёс яшчэ ў 1970-х. Мне як студэнту кафедры прамысловага дызайну давялося прайсці ў яго курс навучання. Скажу шчыра: вучыцца было цяжка. Бо для Семчанкі алфавіт, пісьменства як сістэма былі і, мяркую, застаюцца падабенствам атрыбутаў рэлігійнага культу, чымсьці накшталт скрыжаляў Запавету. І такога ж стаўлення да свайго прадмета ён чакаў, а калі-нікалі і патрабаваў ад іншых. Між тым для студэнтаў, прынамсі для большасці з іх, шрыфты былі проста адной са спецыяльных дысцыплін, якая, канешне ж, не лішняя для дызайнера, але зусім не тая гэта рэч, каб з яе фанацець. Сапраўдных вучняў і паслядоўнікаў, што зрабілі мастацтва шрыфту сваёй прафесіяй і ў нечым пайшлі нават далей за свайго настаўніка, у Паўла Семчанкі няшмат. Усевалад Свентахоўскі — адзін з іх.
Гадоў дваццаць таму Павел Апанасавіч агучыў ідэю стварэння беларускага нацыянальнага шрыфту, Усевалад Свентахоўскі яе паспяхова рэалізуе. Шрыфт — рэч найперш функцыянальная. Але разам з тым ён можа адлюстроўваць і эмацыйны стан канкрэтных асоб, што прычыніліся да яго стварэння, і ментальную сутнасць эпохі, якая яго нарадзіла. І калі ўжо ў свеце існуюць нацыі і нацыянальнае пісьменства, дык мусяць быць і нацыянальныя шрыфты. Так званы стараславянскі шрыфт, нягледзячы на пэўную архаічнасць, з’яўляецца пазнавальнай ва ўсім свеце візітоўкай сённяшняй, мадэрнай Расіі. Антыква мае карані ў капітальным шрыфце Старажытнага Рыма, увасабляе італьянскі Рэнесанс і з’яўляецца адным з вобразных знакаў Італіі сённяшняй і адвечнай. Гатычны шрыфт — эстэтычнае ўвасабленне германскага менталітэту. А хваравітая вытанчанасць шрыфтоў часу сецэсіі вельмі пасуе Аўстрыі пачатку ХХ стагоддзя, ды, зрэшты, і сённяшняму вобразу гэтай краіны.
Даследчыкі мяркуюць, што гуманістычны па сутнасці, эстэтычна выразны, чытэльны шрыфт, аналагічны таму, які Скарына стварыў для Беларусі і ўсяго кірылічнага свету ў ХVI стагоддзі, у Расіі стаў сацыяльна і культурна запатрабаваным толькі ў Пятроўскую эпоху — на 200 гадоў пазней. Гэтая акалічнасць выразна сведчыць пра духоўны суверэнітэт, якім валодала наша краіна ў залатую пару сваёй дзяржаўнасці. А сучасны шрыфт, распрацаваны Свентахоўскім, цалкам адпавядае крытэрыям найноўшай інфармацыйнай прасторы, новым тэхналогіям і эстэтычным патрабаванням камп’ютарнай эпохі. У гэтым нескладана пераканацца, наведаўшы персанальную выставу майстра «Літары і словы Скарыны» у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Дарэчы, падобную выставу, хіба меншага маштабу, Усевалад зладзіў у Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Відавочна, пад знакам Скарыны пройдзе і чарговая выстава шрыфтавога мастацтва «Літарт», у якой Усевалад абавязкова возьме чынны ўдзел.
Пётра Васілеўскі