Нацыянальнае кінамастацтва патрабавала своеасаблівага перазапуску, а значыць, не толькі новага абсталявання і капітальнага абнаўлення кінастудыі, але і новых творчых кадраў. Кінематаграфісты — спецыялісты штучныя, канвеернай зборцы не належаць. У свеце кіно лічыцца вельмі добрым паказчыкам, калі з пяці-дзесяці студэнтаў, што збіраюцца звязаць свой лёс з кінарэжысурай, у прафесіі застаецца адзін-два. Відаць, так атрымалася і ў нас. Некалькі рэжысёрскіх выпускаў з новага факультэта пакуль не парадзілі гучных імёнаў. Маладыя прафесіяналы — выпускнікі БДАМ мінулых гадоў — збольшага яшчэ толькі шукаюць сваё месца ў мастацтве, выпрацоўваюць стыль, падбіраюць тэмы будучых шэдэўраў. Між тым за імі ідзе ўжо новае пакаленне, пра якое і будзе гаворка.
Выпуск-2017 — восем чалавек, рэжысёрская майстэрня Рэнаты Грыцковай і Сяргея Шульгі. Кожны з выпускнікоў заслугоўвае падрабязнага аповеду, і мы абавязкова яшчэ звернемся да іх дэбютных стужак на старонках нашага выдання. Але зараз колькі словаў пра дваіх з гэтай выбітнай васьмёркі.
...ходзім парай
Імёны Нэлы Васілеўскай і Андрэя Кашперскага заўсёды стаяць побач. І ў праграмах паказаў, і ў цітрах іх пакуль кароткаметражных стужак. Маладыя рэжысёры, відавочна, дапамагаюць адно аднаму: падзяка Андрэю Кашперскаму стаіць амаль у кожным фільме Нэлы Васілеўскай, а самую Нэлу пад прозвішчам Агрэніч можна ўбачыць у якасці актрысы ў стужках Андрэя. Ёсць у іх і некалькі сумесных работ, дзе яны значацца сурэжысёрамі і суаўтарамі сцэнарыя. Але галоўнае — менавіта гэтыя двое з усяго курса на сённяшні дзень бліжэй за калег па навучанні падышлі да сутнасці прафесіі «рэжысёр мастацкага кіно».
Шчыра кажучы, талент рэжысёра-«ігравіка» — рэч настолькі няўлоўная, што сказаць дакладна, якой галоўнай якасцю ён адрозніваецца ад людзей іншых творчых прафесій, вельмі цяжка. У выпадку Нэлы і Андрэя гэтую асноўную рысу вылучыць даволі проста: яны жывыя. У сэнсе — іх аўтарскія напрацоўкі выглядаюць свежымі і арыгінальнымі, няхай збольшага базуюцца на прыёмах, назапашаных кінематографам за першае стагоддзе свайго існавання. Галоўнае, што адзначаеш, калі глядзіш вучэбныя стужкі гэтых маладых рэжысёраў, — з кожнай з іх яны набіраюць у майстэрстве, ва ўменні ствараць асаблівую вобразнасць. Часам Кашперскага і Васілеўскую хочацца папракнуць у залішняй гульні ў кінематаграфічныя атракцыёны. Але апошняя цалкам натуральная для тых, хто адносна нядаўна адчуў за сабою моц выказвацца на экране. Зрэшты, большую частку іх работ глядзіш без адчування няёмкасці, частага пры праглядах дэбютных і студэнцкіх фільмаў. У выпадку стужак Кашперскага і Васілеўскай глядач паглыбляецца ў саму гісторыю і не звяртае ўвагі на тое, якім чынам яна перанесена на экран. А гэта відавочны паказчык таленту.
Возьмем для пачатку іх сумесную работу «Музыка ўнутры» (2016). Яна створана па матывах вядомай п’есы Івана Вырыпаева «Танец Дэлі». Тандэм студэнтаў факультэта экранных мастацтваў БДАМ не пабаяўся параўнання з даволі вядомай аўтарскай версіяй экранізацыі гэтага твора. Неверагодна, але студэнцкая кароткаметражка выйшла нават лепш — больш ёміста і эмацыйна распавяла пра сутнасць асноўнага канфлікту гэтага няпростага для пастаноўкі сучаснага драматургічнага твора. Размоўная, вельмі складаная для візуалізацыі дзея ператварылася ў Васілеўскай і Кашперскага ў суцэльны візуальны калейдаскоп-атракцыён, у якім змяшаліся інтэр’еры і экстэр’еры, дзіцячыя забаўкі і вагоны метро, людзі і думкі. Пры гэтым Андрэй і Нэла выбітна сыгралі ролі галоўных герояў.
Яшчэ адна сумесная рэжысёрска-сцэнарная праца сяброў-калег — дзіцячая гісторыя «Акуака» (2016), што прымушае ўзгадаць абсурдысцкія апавяданні Данііла Хармса. У ёй ізноў прысутнічае калейдаскоп самых неверагодных візуальных атракцыёнаў. Васілеўская і Кашперскі напоўніцу карыстаюцца перавагамі кароткага метра — не расцягваюць дзею, як шмат хто з пачаткоўцаў, а імкнуцца запоўніць яго дзесяціхвілінную прастору максімальнай колькасцю мікраэпізодаў. Пры тым што ў стужцы некалькі дзейных асоб, усе ролі Нэла Васілеўская бліскуча выконвае асабіста. Застаецца шчыра радавацца энергічнаму вынаходніцтву, з якім знята гэтая, здавалася б, сціплая па маштабах і бюджэце карціна.
Усе яны родам з дзяцінства
«Акуаку» можна лічыць найбольш «дзіцячай» з усіх работ Кашперскага і Васілеўскай, бо аповед вядзецца ў ёй вуснамі маленькай дзяўчынкі. Зрэшты, свет дзяцінства так ці інакш прысутнічае амаль у кожнай са стужак рэжысёраў. Тое не дзіўна, бо курс Рэнаты Грыцковай, у фільмаграфіі якой некалькі дзіцячых работ, першапачаткова арыентаваўся на кіно для адпаведнай аўдыторыі. Іншая справа, што тэма дзяцінства ў Нэлы і Андрэя, як і ў шматлікіх аўтараў, толькі нагода для выказвання на вельмі сур’ёзныя, «дарослыя» тэмы.
«Заплюшчы вочы» (2013) стала першай стужкай Нэлы Васілеўскай, пасля якой пра гэтую маладую таленавітую аўтарку загаварылі. Падзеі ў фільме паказваюцца таксама з пункту гледжання дзіцяці — пяцігадовай дзяўчынкі. Але на яе вачах разгортваецца сапраўдная драма адзіноты яе маці, што дарэмна шукае каханне ў гэтым жыцці. У 13-хвіліннай рабоце не толькі вельмі добра адлюстраваны вобразны свет дзяцінства, але і ёсць выдатна прапрацаваны другі план, самадастатковы, ён гаворыць сам за сябе. Як і ў карціне «Мой брат» (2016), у якой рэжысёрка аддае даніну павагі свайму захапленню творчасцю Андрэя Таркоўскага — праз што праходзяць амаль усе аўтары-пачаткоўцы ў кіно.
Надзвычай падобная да стужкі «Заплюшчы вочы» драма «Кактус» (2015) Андрэя Кашперскага. У ёй таксама ідзе размова пра свет дзіцяці, у які ўрываюцца дарослыя сямейныя праблемы. Па форме і выкананні гэта, відаць, самы сур’ёзны фільм рэжысёра. Ён пабудаваны на складаным псіхалагізме мужчынскага характару. Апошні раскрываецца тут адразу праз двух герояў — маленькага хлопчыка і яго бацькі, яны жывуць асобна і абодва пачуваюцца самотнымі.
Дзяцінства, дакладней, дзяціннасць — ярка падкрэсленая рыса творчасці і аднаго, і другой рэжысёраў. Там, дзе ў іх няма ў кадры дзіцяці, яны спрабуюць ператварыць у дзіця самога гледача, завабіўшы яго яскравымі жанравымі прыёмамі, або паднімаюць колішнія праблемы сваіх дарослых герояў — як у стужцы Нэлы Васілеўскай «Рэканструкцыя бяссонніцы» (2014), дзе маладая жанчына пакутуе на комплекс віны перад маці. Трэба таксама ўзгадаць і трагічную дакументальную карціну Васілеўскай «Тата» (2016), дзе аўтарка вельмі смела паказвае складаную, але непазбежную трагедыю сыходу на прыкладзе свайго дзядулі.
Антывірус Кашперскага-Васілеўскай
Самае цікавае ў студэнцкіх фільмах Нэлы Васілеўскай і Андрэя Кашперскага тое, што яны не імкнуцца вынаходзіць свой аўтарскі ровар. Іх працы выглядаюць самадастатковымі і натуральнымі нават у ярка падкрэсленых жанравых формах. Нейкім чынам маладыя рэжысёры знайшлі своеасаблівы антывірус супраць «галівудызацыі», якая непазбежна чакае кожнага дэбютанта ў кіно, хто хоча прывабіць увагу не толькі фестывальных адборшчыкаў, але і больш-менш шырокай аўдыторыі.
Аўтары з лёгкасцю гуляюцца з рознымі жанрамі, хутка праходзячы шлях ад парадыйнага хорару («Hasta la vista, baby», 2017, «Не вяртайся», 2013, абодва Кашперскага), да сур’ёзнага трылера («Кнопка», 2014, Андрэй Кашперскі) і моладзевай камедыйнай драмы («Сябры па перапісцы», 2017, Нэла Васілеўская). Рэжысёры ўдала засвоілі галоўныя прыёмы стварэння вобразнасці ў кадры, іх стужкі напоўнены добрымі дыялогамі, але візуальнае ў іх на першым месцы, што і адрознівае сапраўднае кінамастацтва. Прыкладам тут можа быць невялікае шасціхвіліннае практыкаванне на тэму ўнутрыкадравага мантажу «Тут быў Саша» (2016) Андрэя Кашперскага, знятае адным планам, у якім змясцілася, здавалася б, усё, што можа хваляваць сучаснага маладога беларуса, — і каханне, і месца ў дарослым жыцці, і нават становішча беларускай мовы. Ці яго кароткая кінарэпрыза «Пад дажджом», дзе перавага аддаецца невербальным эмоцыям персанажаў.
Працы маладых выпускнікоў якраз і цікавыя сваім падыходам да бягучай рэчаіснасці. Невядома, якімі стануць першыя поўнаметражныя карціны Нэлы Васілеўскай і Андрэя Кашперскага, аднак іх студэнцкія работы дазваляюць нам паглядзець не толькі на ўнутраны свет сваіх стваральнікаў, але й іх вачамі на свой — жывы і цікавы.
Антон Сідарэнка