На мой погляд, вярнуць першапачатковую назву важна не толькі з настальгічных меркаванняў. Выступленні знакамітых выканаўцаў у залах Маскоўскай, Парыжскай кансерваторыі, Каралеўскай кансерваторыі Бруселя робяцца часткай гісторыі і легендамі сусветнага музычнага мастацтва. Вялікая зала Беларускай кансерваторыі ніколі такой легендай не называлася, хоць на яе сцэне выступалі выбітныя музыканты: Раман Нодэль, Валерый Шацкі, Віктар Роўда...
Кансерваторскія канцэрты на працягу многіх дзесяцігоддзяў былі амаль заўсёды акадэмічнымі, навучальнымі. Студэнты выступалі на сцэне, каб атрымаць адзнаку. Педагогі — каб адпавядаць кваліфікацыйным патрабаванням. Па раніцах прыгожая зала, спраектаваная ў 1958 годзе архітэктарам Раманам Гегартам, выкарыстоўвалася як лекцыйная аўдыторыя, вечарамі ў ёй ладзіліся выступленні, якія і канцэртамі ў поўным сэнсе слова не назавеш. Бо канцэрт — гэта сустрэча выканаўцы са слухачом, акт іх сумеснай творчасці. А слухачоў у зале было вельмі мала. Пераважна сябры, сваякі. Большасць з 266 месцаў хранічна пуставала.
І раптам крэслаў у зале пачало не хапаць. У такой ступені, што сёлета вясной кіраўніцтва вымушана было ўвесці білетную сістэму. Бясплатныя квіткі, на якіх пазначана месца, раздаюць за гадзіну да пачатку. Як правіла, яны вельмі хутка заканчваюцца. Вось і топчацца народ на кансерваторскім ганку з надзеяй на славуты «лішні білецік».
Адкуль такі ажыятаж? Пэўна, не таму, што ў філармонію пускаюць толькі за грошы, а ў кансерваторыю бясплатна. Ці мала бясплатных мерапрыемстваў, якія не карыстаюцца попытам?
Рэальная прычына ў тым, што акадэмічная музыка раптам зрабілася патрэбная людзям. Надакучыў мёртвы мікрафонна-электронны гук, зададзенасць і прадказальнасць, закладзеныя ў стылістыцы эстрады. Захацелася музыкі, далёкай ад нуднай паўсядзённасці. І кансерваторыя са сваімі канцэртамі здолела гэты попыт задаволіць.
Напярэдадні 85-годдзя кансерваторыя наладзіла першы Велікодны фестываль. Кажу «першы», бо напэўна будзе і другі, і трэці, і дзясяты. Мэта — прадэманстраваць усё лепшае, чым ганарыцца сёння музычная адукацыя краіны, а заадно даказаць, што кансерваторскія канцэрты могуць быць не менш (а магчыма, нават і больш) яскравыя, чым традыцыйныя філарманічныя выступы. Для гэтага трэба было прыдумаць цікавыя сцэнары кожнай дзеі, кожны асобны нумар «загарнуць» у прыгожую ўпакоўку...
І гэта ў поўнай меры атрымалася. Такім чынам, ініцыятарка фестывалю — рэктарка Беларускай акадэміі музыкі, доктарка мастацтвазнаўства, прафесарка Кацярына Дулава — можа па праве ганарыцца сваім дзецішчам.
Нечакана яркім апынуўся самы першы канцэрт, «Ад ансамбля да аркестра», у якім выступілі студэнты аркестравага факультэта. У першым аддзяленні прагучаў цэлы россып эфектных духавых ансамбляў. Флейтавых «Німфаў» змянілі бравыя кларнетысты, за імі фаготы, затым чароўны флейтавы дуэт — і на дэсерт пяцёрка саксафаністаў, што не толькі ігралі, але і ліха скакалі і дэкламавалі крычалкі. Парад прыгажосці, віртуознасці, адвагі, радасці і агню.
Можа быць, не ўсе аранжыроўкі ўспрымаліся як аднолькава ўдалыя. Але былі і сапраўдныя знаходкі. Прыкладам, у нас зусім забыліся на творчасць Самуіла Палонскага, густа замяшаную на беларускім яўрэйскім фальклоры. Намаганнямі аранжыроўшчыка Максіма Расохі і вучняў прафесара Уладзіміра Скараходава ўдалося ажывіць «Музычныя карцінкі мінулага Беларусі» і гэткім чынам адрадзіць забытую старонку беларускай музыкі.
Не менш удалым стаўся выступ камернага аркестра Акадэміі пад кіраваннем загадчыка кафедры аркестравага дырыжыравання, дацэнта Пятра Вандзілоўскага. Тут трэба згадаць кампазітара Аляксандра Літвіноўскага (таксама выпускніка кансерваторыі), які сваімі творамі ўпрыгожвае канцэртны рэпертуар гэтага калектыву. Тым часам выконвалася яго новая сюіта ў стараанглійскім стылі — «Consort Lessons». І аркестр выдатна справіўся з вытанчанай партытурай, прадэманстраваўшы ўсе грані майстэрства і добрага густу.
А назаўтра на кансерваторскай сцэне зіхацеў факультэт народных інструментаў. Іх канцэрт пад назвай «Скарбы музычнай спадчыны» быў феерычны — ад першай да апошняй ноты. Сапраўдны цуд учыніў гітарны аркестр пад кіраўніцтвам прафесара Валерыя Жывалеўскага. Хто б мог падумаць, што беларускія песні «Павей, ветрык», «Перапёлка» ды іншыя могуць загучаць, як рычэркары XVI стагоддзя? А ансамбль «Лілея» пасля даўжэзнай «Малдаўскай сюіты» ярка выканаў на цымбалах бугі-вугі.
Але галоўным упрыгожваннем канцэрта былі салісты. Масцітыя, вядомыя на ўсю Еўропу музыканты — цымбаліст-віртуоз Міхаіл Лявончык (цяпер жыве ў Нямеччыне), баяніст Сяргей Бутар, гітарыст Павел Кухта. І вундэркінды — дзесяцігадовы Назар Лагун, якога амаль не было відаць за агромністым баянам, і сямігадовая цуда-цымбалістка Кацярына Друзік.
Мноства дзяцей выступіла і ў трэцім канцэрце фэсту — «Беларусь фартэпіянная: з верай і надзеяй». Дзіўна, але ў ім наогул не ўдзельнічалі цяперашнія студэнты — толькі былыя і будучыя. Напрыклад, навучэнка Гродзенскага музычнага каледжа Карына Верабей, што ў 2015 годзе выйграла Міжнародны конкурс піяністаў імя Святаслава Рыхтара, а месяц таму — Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў фартэпіяннай музыкі. Пераможцы розных дзіцячых конкурсаў, сярод якіх асаблівае ўражанне зрабілі дзесяцігадовая Соф’я Багданава (з незвычайнай для яе гадоў элегантнасцю дзяўчына выканала «Італьянскую польку» Сяргея Рахманінава) і чатырнаццацігадовы кампазітар і піяніст Мікіта Шастакоў, пераможца тэлевізійнага конкурсу «Талент краіны».
Акрамя дзяцей, выступілі і мэтры — лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Пятроў і прафесар Ігар Алоўнікаў. Апошні ў чарговы раз даказаў, што ён і дагэтуль застаецца вядучым выканаўцам у беларускай фартэпіяннай школе.
І нарэшце заключны канцэрт, які азнаменаваўся мноствам яскравых падзей. Увесь вечар на сцэне блішчэў сімфанічны аркестр Беларускай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Андрэя Іванова, а побач быў яго «малодшы брат» — ансамбль салістаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі на чале са сваім нязменным мастацкім кіраўніком Уладзімірам Перліным.
Змянялі адзін аднаго розныя артысты і жанры. Шаснаццацігадовы лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Хандогій бліскуча выканаў з аркестрам першую частку Другога фартэпіяннага канцэрта Рахманінава. Здаецца, пасля перыяду некаторай «засушанасці» малады артыст уступіў у новы, яркі этап свайго творчага развіцця.
Яшчэ адзін таленавіты музыкант, лаўрэат міжнародных конкурсаў, віяланчэліст Міхаіл Радунскі разам з аркестрам увасобіў віртуозную «Венгерскую рапсодыю» Давіда Попера.
І нарэшце кульмінацыйны момант. Упершыню ў гісторыі былі ўручаны спонсарскія ўзнагароды лепшым студэнтам і педагогам Акадэміі музыкі і гімназіі-каледжа. Імі ўганараваліся піяніст Уладзіслаў Хандогій, віяланчэліст Міхаіл Радунскі і харэограф Сяргей Мікель, з педагогаў — народны артыст СССР, прафесар Валянцін Елізар’еў, заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Перлін і дырыжор Андрэй Іваноў.
Але на гэтым фестываль скончыўся толькі фармальна. Наўздагон яму адбылося выдатнае харавое свята — канцэрт-прэзентацыя Беларускай асацыяцыі дырыжораў хораў пад сімвалічнай назвай «Мы разам!» Акрамя хору Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка, у ім удзельнічала цэлае суквецце самых розных харавых калектываў — дзіцячых і дарослых, акадэмічных і народных, навучальных і самадзейных. І ўсе гэтыя гучанні зліліся ў адзін моцны акорд.
Новы імпульс набыла і оперная студыя. Пашыраецца рэпертуар, на афішы з’яўляюцца назвы, якія ніколі раней не ішлі на беларускай сцэне. У красавіку з велізарным поспехам адбылася пастаноўка «Дзіця і чараўніцтва» Равэля, у апошнія дні мая — «Так робяць усе» Моцарта. Дзіўна, як маладая рэжысёрка Ганна Маторная літаральна з нічога стварае жывую тканіну спектакля. Увесь антураж — два офісныя сталы, два крэслы і тэлефон, а дзейства бурліць і віруе.
Парадавалі і студэнты-вакалісты, што прадэманстравалі (няхай і не ўсе) даволі высокі ўзровень прафесіяналізму. Асаблівае ўражанне зрабіла трэцякурсніца Вольга Маліноўская ў партыі Ф’ёрдыліджы. Годна выступіла чацвёртакурсніца Вольга Гучак і хлопцы-выпускнікі — Аляксей Кісялёў у ролі цынічнага дона Альфонса; нязменна карэктны Андрэй Логвінаў у партыі Гульельма і яркі, імпульсіўны Дзмітрый Шабеця ў ролі Феранда.
Шкада толькі, з-за малых памераў кансерваторскай залы ўся гэтая раскоша апынулася недаступнай для большай часткі публікі. Але веру: у кансерваторыі калі-небудзь з’явяцца вялікая канцэртная зала з добрай акустыкай і вучэбны тэатр з усім неабходным абсталяваннем, а таксама зноў будуць ладзіцца канцэрты ў вялікай зале гімназіі-каледжа. Наша публіка, нашы педагогі і студэнты гэтага вартыя.
Юлія Андрэева