Прадстаўнікі кожнага новага пакалення творцаў выпрацоўваюць адрозныя ад папярэднікаў погляды і ўяўленні. Таму «тэксты» і «кантэксты» ў іх таксама розныя, зменлівыя, бы тая рака, у якую немагчыма ўвайсці двойчы, — немагчыма двойчы патрапіць у адзін і той жа гістарычны асяродак і соцыум. Беларускія габелены 1960-х былі падобныя да сатканых з нітак жывапісных палотнаў — пасляваенная эпоха прагнула хараства. Эра суровага стылю 1970-х прыўнесла апафеоз манументальнага габелена, гарманічнага з архітэктурай і эстэтыкай урачыстых інтэр’ераў. У 1980-х пафасу і гучным інтанацыям творчасці супрацьстаяла культура міні-габелена. 1990-я актывізавалі прагу да народных традыцый. 2000-я сінтэзавалі ў прастору сучаснага мастацкага тэкстылю красамоўнасць, а часам і семантыку вобразаў маляванага дывана. 2010-я абумовілі змяшэнне стыляў, відаў і формаў мастацтва.
Урбанізацыйныя працэсы стымулявалі багацце тэхнік і матэрыялаў, адыход ад традыцый насценнай тканіны, перайманне культуры поп-арту, акцыі ды перформансы, усялякія «ізмы»... — гэта той кантэкст, дзе айчынная мастацкая тканіна развіваецца сёння, не губляючы пры гэтым грунт каласальнай культуры традыцый народа, які пераасэнсоўваецца, а ў лепшых узорах культывуецца на ўзроўні канцэптуальнага, філасофскага мыслення суайчынніка. Галоўная адметнасць сучаснага мастацкага тэкстылю ў тым, што ён татальна страціў повязь з ілюстрацыйнасцю. Калі зыходным пунктам лічыць традыцыйную народную посцілку з прастакутнай формай і семантыкай узаемадачыненняў старажытных знакавых сістэм, то любыя зрухі і мадыфікацыі ёсць праявай новых эпох і новых этапаў развіцця мастацтва, новага мыслення і адаптацыі чалавека ў чарговай рэальнасці, а яго творы — артам новага часу. Наборы знакаў і вобразаў, спосабаў і ступеняў валодання мовай архетыпаў, дыяпазонаў тэхнік і матэрыялаў выканання і ёсць шыфрамі кожнага наступнага пакалення аўтараў як пасыл, зварот да гледача, спасцігнуць які таксама дапамагае слова, назва, тэкставыя сэнсы.
«Знакі і шыфры» адначасна і назва, і канцэптуальны дэвіз пятага па ліку Віцебскага біенале тэкстылю творцаў Мінска, Віцебска, Брэста, Полацка, Магілёва, Жодзіна, Браслава і Заслаўя. Гэта тая інтэлектуальная тэрыторыя, у сэнсах і вобразах якой цікава разабрацца. Канцэпцыя выставы выразна ўвасобленая яе куратарамі. Вольга Рэднікіна дэманструе памкненні мастакоў новага часу да найноўшых тыпаў выяўленчага мыслення. Наталля Лісоўская апелюе да знакавых сістэм, эксперыментуе з матэрыяламі і формамі выяўленчай прасторы габелена. Ужо назвы твораў Лісоўскай сведчаць пра зварот да тэмаў архаікі і архетыпаў народнай культуры. Трыпціх з паасобных міні-габеленаў «Шлях», «І камяні пераймаюць нашыя імёны» і «Стары дом» — аб’ект нашай увагі. Ён сфармаваны з шэрагу аднолькавых памераў габеленавых квадратаў, каларыстычна збліжананых паміж сабой, з ужываннем гладкага ды ворсавага ткацтва і ўвядзеннем у выяўленчую прастору мастацкай вобразнасці натуральных, адшліфаваных стагоддзямі існавання на зямлі невялікіх каменьчыкаў. Прыблізна аднаго памеру ва ўсіх трох кампазіцыях, яны прыўносяць напружаны, падобны да рэха рытм, асаблівую энергетыку праўдзівасці вобразаў і выразны дух даўніны, што пераступае межы твораў і ўздзейнічае на выставачную прастору. Уражанне ўзмацняюць выбудаваныя кожны паасобку сімвалы і прыкметы лабірынта, старога дома і крыжа як вобраза пераходу ад аднаго этапу жыцця да другога, ад жыцця да смерці. Знакавая вобразнасць гэтых работ увасабляе вызначальныя парадыгмы жыцця чалавека як у даўніну, так і цяпер, у нашы часы. Невялікія і, здавалася б, дастаткова сціплыя міні-габелены Наталлі Лісоўскай прэтэндуюць на ролю сакральнага цэнтра ўсёй экспазіцыі. У поліптыху «Пуцявыя нататкі» Вольгі Рэднікінай увасоблена новая ідэя выяўленчай вобразнасці. Тут арганізавана ўзаемадзеянне твора і рамы як яго гарманічнага працягу. Праз выкарыстанне рамы ў якасці міні-ткацкага станка Вольга ўводзіць асацыятыўныя паралелі паміж ходам цягніка, аўтобуса ці машыны, у вокнах якіх краявіды і вобразы мільгацяць, пакідаючы па сабе ідэю руху, і... выцягнутымі па гарызанталі з перахлёстамі на раму каляровымі ніцямі асновы ткацтва, што сімвалізуюць рух як у прасторы, так і ў працэсах ткацкай вытворчасці. Вынікаюць не толькі асацыяцыі, але й яркія паралелі. Ідэя прыцягальная не толькі патэнцыялам абагульнення назапашаных эмоцый. Яна «цяжарная» стварэннем індывідуальнага шыфру ўражанняў ад той або іншай гістарычнай мясціны, яскрава, маляўніча і непаўторна арыгінальна, як і метад паслойнага выканання габелена з інтэрваламі і пустотамі.
І гледачы, і спецыялісты аднагалосна вылучаюць кампазіцыю маладой мастачкі з Мінска Віялеты Някрасавай «Hände hoch!» (2015) манументальнага фармату, з харызматычным зместам. Гэта твор-правакацыя, твор-гульня, выкананы адвольна, з добрым пачуццём гумару і здаровай іроніі. Моладзевае мастацтва прадстаўленае даволі шырока — амаль трэць экспазіцыі. Сярод іх ужо ёсць прызнаныя аўтары. Напрыклад, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вольга Кунац. Яна паказала прасторавую кампазіцыю «Чатыры стыхіі», якую ўганаравалі падчас экспанавання на Уральскім трыенале ДПМ (2016) заахвочвальным прызам.
Яшчэ студэнткай Беларускай акадэміі мастацтваў Хрысціна Высоцкая не толькі не прапускала любой магчымасці выставіцца на рэспубліканскіх і міжнародных праектах, але і заявіла пра сябе як пра грунтоўную і паслядоўную даследчыцу сучаснай культуры мастацкай тканіны. Яе даклад «Прафесійнае мастацкае ткацтва ў экспазіцыі ХV Міжнароднага трыенале тэкстылю ў Лодзі» дадае павагі і цікавасці да аўтара. У Віцебску Хрысціна прадставіла прасторавую кампазіцыю «Пранікненне».
Сярод адметных твораў маладых мастакоў адзначым сумесную кампазіцыю вучаніц Ірыны Мазюк з Беларускай акадэміі мастацтваў Марыі Разумовіч і Насці Пухоўскай «Шляхі» на тэму экалагічных праблем, дзе на чашы шаляў кладуцца супрацьстаянні з’яваў чыстай прыроды і тэхнагенных працэсаў. Тэма раскрываецца праз паралельна развешаныя белы і чорны ручнікі. Зразумела, чорных ручнікоў у народным побыце не існуе — гэта нонсэнс, сімвал катаклізмаў. Вобразы-парадоксы, вобразы-пратэсты вырашаюцца мовай шокавых інтанацый. Маладыя мастачкі адметна выказваюць негатыўнае стаўленне да знішчэння традыцый. У «Чырвонай спадчыне» Анастасіі Балыш выкананыя з чырвоных нітак архетыпы-знакі беларускага ткацтва і вышыўкі накладзеныя на перакрыжаваныя між сабой (накшталт арнаменту) сатлелыя штыкетнікі былога дзедавага плота. Так і ўяўляю, як уся сям’я мастачкі збірае штыкеціны спісанай на знішчэнне трухі, каб дапамагчы Анастасіі здзейсніць маляўнічую акцыю-рэквіем, акцыю-плач аб знішчэнні першаасноў нацыянальнай культуры: яшчэ жывуць арнаменты народа, папулярызаваныя сёння штампаванымі ўзорамі на вышымайках (вышываць і ткаць марудна, часу не стае, таксама як і разбірацца ў тым, што значаць гэтыя ўзоры, якія таямніцы ў сабе захоўваюць)...
Аднымі кампазіцыямі творцы лямантуюць, у другіх — аповед пра ціхую затоку жыцця, як у чароўным творы нядаўняй выпускніцы Акадэміі мастацтваў, потым загадчыцы кафедры тэкстылю і мадэлявання адзення Веранікі Рассыльнай — міні-габелен «Гняздзечка ўспамінаў». Праца камернымі сродкамі апавядае пра найважнейшыя з’явы ў жыцці чалавека. Але нам работа цікавая выкарыстаннем тэхнікі лямцу, вельмі папулярнай сёння ў асяродках як маладых, так і сталых мастакоў. Напрыклад, твор «Разважанні» выкладчыц Універсітэта культуры і мастацтваў Людмілы Дам’янковай і Наталіі Аджэр, дзе канцэпцыя мадэлюецца праз кантрасты фарматаў і колераў аб’ёмных формаў лямцу, унікальнага сваімі адметнымі магчымасцямі. Сучасны беларускі лямец як мастацкая тэхналогія шматаблічны і раскрывае шырокі патэнцыял для пошукаў новых прыёмаў. Ён цудоўна ўпісаўся ў практыку тэкстыльных пленэраў, дзе мастацтва творыцца за кароткі час, паводле свежых уражанняў і пачуццяў, што параўнальна цяжка для габеленавага ткацтва. Захапленне беларускіх тэкстыльшчыкаў міжнароднымі і айчыннымі пленэрамі стымулявала развіццё прасторавых напрамкаў творчасці. Нельга сказаць, што раней тут не вяліся пошукі і не меліся знаходкі і дасягненні. Прыгадаем, да прыкладу, габелен Галіны Крываблоцкай «Рэквіем. Трасцянец» (1984), які шэрагам дробных і буйнейшых прасторавых габеленавых кампазіцый адарваўся ад сцяны і «рушыў» у выставачную залу, дапаўняючы асноўны насценны габелен аўтаркі. Твор аб’ектыўна можна назваць піянерам з’явы, што цяпер, у сучаснай культуры мастацкай тканіны, адваёўвае сабе прастору, у актыве якой і далейшыя шматлікія кампазіцыі Крываблоцкай — шэраг работ 2013 года «Каардынаты быцця», «Вада, агонь і зямля», «Ра-Радасць-Радуга-Рай», наступныя «Быў месяц май», «Няма слоў». На выставе «Знакі і шыфры» мастачка экспануе прасторавы габелен «Палёт», форма якога спадобленая крылам птушкі.
«Абертоны» Алены Обадавай экспанаваныя на шматлікіх персанальных і групавых выставах, арганізуюць і поўняць энергіяй колераў, формаў і гукаў выставачныя залы. Другая работа мастачкі «Гукавыя галюцынацыі» патрапіла на пятае біенале габелену. Яна заняла лесвічны пралёт музея, але ў такой падачы ў нечым страціла экспазіцыйную годнасць. Чаго нельга сказаць пра прасторавую кампазіцыю «З днём нараджэння, Марк Захаравіч» Святланы Баранкоўскай, Таццяны Макляцовай і Аляксандра Гвоздзікава, што раскошна заняла цэлы эркер. З вялікімі нацяжкамі яе можна прылічыць да тэкстыльнай творчасці, як і прадстаўленую ў экспазіцыі працу Таццяны Козік «Выжыць з апаленымі крыламі» з металічных сеткі і прутоў. Пры стварэнні канцэптуальных работ мастакі ўсё часцей аддаляюцца ад самае тканіны, толькі імітуюць ідэю перапляцення валокнаў. Яшчэ адна канцэптуальная кампазіцыя спадарыні Козік на гэтай выставе — «Час і прастора» — увасабляе кардынальна іншыя выяўленчыя актуаліі. Яе вобразная арганізацыя мае ў сваёй структуры дрэва як дамінуючы кампанент і лён у яго атачэнні. Матэрыяльныя складальнікі работы адсылаюць гледача да простых асацыяцый з ткацкім станком і ніцянымі ўтварэннямі. Але самое прыстасаванне, падобнае да ткацкага, праз мастацкі вобраз упадобленае касмічным сферам, дзе лётаюць аб’екты і ў гэты ж час у фантасмагорыі адбываюцца працэсы, здавалася б, элементарнага ткацтва тканіны. Моцныя, яскрава вобразныя метафары характэрныя для Таццяны Козік. Яна пастаянна шукае новыя тэмы і формы.
Класічны беларускі насценны габелен быў прадстаўлены творамі з серыі «Рытмы зямлі» Алы Непачаловіч: кананічнае мастацтва — узорыстае ткацтва, іканапіс або егіпецкі насценны роспіс — за кошт тэхналагічных абмежаванняў заглыбляецца ў сэнсы з’яваў жыцця. Вонкава-дэкаратыўныя, але знакава-канцэптуальныя габелены і тэкстыльныя працы Таццяны Белавусавай-Пятроўскай, Уладзіміра Лісавенкі, Маргарыты Шчамялёвай і Валянціны Бартлавай. Творчасць ураўнаважвае любыя, самыя смелыя і адчайныя эксперыменты калег з формай і матэрыяламі...
Выставу «Знакі і шыфры» ў пэўным сэнсе можна характарызаваць як эталонную, і не толькі таму, што яна пазбаўленая выпадковых, недастаткова прафесійных або другасных прац. Здабытак яе і ў тым, што кожны блок работ як элемент экспазіцыі, у сваю чаргу, таксама з’яўляецца выразным, калектыўным творам мастацтва, на гэты раз — саміх экспазіцыянераў. Аўтарскія аб’екты цікава і адметна скампанаваныя між сабой і ўтвараюць як сэнсавыя, так і тэматычныя канцэпты, сугучныя дэвізу-назве выставы. І тут варта згадаць, як стваралася экспазіцыя.
Адметнасць праекта «Знакі і шыфры» ў адкрытым фармаце: прадстаўляць свае работы маглі не толькі класікі і сфармаваныя аўтары, але і студэнты, і нядаўнія выпускнікі мастацкіх устаноў. Папярэдні адбор быў калегіяльны. У ім бралі ўдзел куратаркі выставы Наталля Лісоўская і Вольга Рэднікіна, а таксама кіраўніцтва Саюза мастакоў. Крытэрый абраны прынцыповы — выстава без слабых, кічавых работ, без візуальных штампаў. У выніку адхілілі блізу чвэрці прапанаваных кампазіцый. Над стварэннем экспазіцыі працавалі Наталля Лісоўская і Святлана Баранкоўская; ад Мінска — Валянціна Бартлава і Галіна Крываблоцкая, Ала Непачаловіч і Вольга Рэднікіна.